Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тактычная група «Беларусь» прызнала Парфянкова і Лобава франтавікамі


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Ўкраіне на баку ўкраінскіх уладаў, заявілі, што іх «землякі, якія былі заўважаныя як удзельнікі правапарушэньня, — франтавікі, якія на справе давялі сваю ахвярнасьць у барацьбе за Ўкраіну».

Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую «Тактычная група Беларусь» распаўсюдзіла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Добраахвотнікі адзначылі, што пагромы офісаў у Кіеве, зладжаныя Добраахвотніцкім корпусам «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў», сталі непрыемным здарэньнем:

«Падзеі 20 лютага ў Кіеве сталі для нас, сябраў „Тактычнай групы Беларусь“, непрыемным здарэньнем. У той час, калі частка беларусаў аддавала пашану Героям нябеснай сотні, былі і тыя, што не змаглі стрымаць сваіх эмоцыяў».

Пры гэтым «Тактычная група Беларусь» падкрэсьлівае:

«Нашыя землякі, якія былі заўважаныя як удзельнікі правапарушэньня, — франтавікі, якія на справе давялі сваю ахвярнасьць у барацьбе за Ўкраіну. Мы ведаем, што любы чалавек пасьля вяртаньня з фронту пэўны час бачыць сьвет і падзеі ў чорна-белых колерах. „Тактычная група Беларусь“ адчувае сябе адказнай за кожнага земляка, які бароніць незалежнасьць Украіны на фронце».

У канцы заявы добраахвотнікі зьвярнуліся да ўладаў і праваахоўных органаў Украіны з просьбай ўлічыць усе абставіны і быць абʼектыўнымі ў разглядзе падзеяў 20 лютага ў Кіеве.

Сёньня ў Кіеве пройдзе суд, які вызначыць меру стрыманьня для беларуса Васіля Парфянкова, байца Добраахвотніцкага корпусу «Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў», які быў затрыманы пасьля таго, як браў удзел у пагроме офіса Рыната Ахмэтава, офісу расейскага «Альфа-банку» і офісу «Сбербанка России».

Васілю Парфянкову інкрымінуюць «хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў», яму пагражае да чатырох гадоў зьняволеньня.

Паводле фатаздымкаў, якія распаўсюджаныя ў сацыяльных сетках, у пагромах браў удзел яшчэ адзін беларус — сустаршыня «Маладога фронту» Эдуард Лобаў. Пра яго затрыманьне не паведамляецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG