Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібійскі студэнт: «У кішэню Кадафі грошы капалі з усіх бакоў, а нас трымалі за нявольнікаў»


Лібійскія грамадзяне, якія вучацца ў Беларусі, з трывогай сочаць за падзеямі на радзіме. Якой будзе краіна, калі яны туды вернуцца, і ці вернуцца ўвогуле — невядома.

У Беларусі працуюць ці вучацца некалькі соцень грамадзянаў Лібіі. У прыватнасьці, яны атрымліваюць адукацыю ў шэрагу сталічных ВНУ — Белдзяржунівэрсытэце, Беларускай акадэміі фізкультуры і спорту, Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце, Беларускай ваеннай акадэміі ды іншых.

Асаблівы акцэнт зроблены на Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Гаворыць начальнік упраўленьня міжнародных сувязяў унівэрсытэту Ганна Цітовіч:

«Будзем так гаварыць: зь Лібіі ў нас навучаюцца дзясяткі, перадусім гэта асьпіранты. Яны ў пераважнай большасьці ў нас усе ня юныя, вучыліся раней, у тым ліку ў Савецкім Саюзе. У пазьнейшыя часы хтосьці атрымліваў адукацыю ва Ўкраіне, у Расеі. Практычна ўсе расейскамоўныя ў тым аб’ёме, які патрабуецца. Асноўная спэцыялізацыя — радыётэхніка, тэлекамунікацыі. Тое, чаго ў іх на радзіме бракуе».

Як пазначана на сайце БДзУІ, першым дыплямаваным спэцыялістам высокага ўзроўню ў ВНУ стаў Муамар Кадафі. Летась ён атрымаў дыплём ганаровага доктара за «значны ўнёсак» у разьвіцьцё адукацыі і навукі, а таксама за ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж ВНУ Беларусі і Лібіі.

Посьпехі ягоных суайчыньнікаў больш сьціплыя. Трэці год навучаецца ў адным зь менскіх ВНУ лібіец Хамід. Вывучае эканоміку, нядрэнна засвоіў расейскую мову, марыць заняць годнае месца на радзіме — спэцыялісты такога профілю там запатрабаваныя. Але дома ў Трыпалі засталіся бацькі, малодшы брат і дзьве сястры, таму гаварыць у адкрытую ўсё, што думае, не адважваецца. Кажа, што рука Кадафі і ягонага атачэньня настолькі магутная, што можа дастаць любога. Пільна сочыць за падзеямі ў Лібіі, і, каб не сваякі, толькі і засталося б, што чакаць фіналу. «Заслужанага» — як недвухсэнсоўна ўдакладняе сам Хамід:

Больш за 40 гадоў людзі маўчалі, трывалі, і раптам прачнуліся. Каму такое спадабаецца?
«Для кіраўніцтва краіны, вядома, сытуацыя была надзвычай спрыяльная. З розных бакоў грошы ў кішэню капалі, яны маглі сабе дазволіць усё што заўгодна. А нас трымалі за нявольнікаў — маўляў, круціцеся як хочаце. Вось якое жыцьцё ў нас насамрэч. Зрэшты, гэта агульная тэндэнцыя для ўсіх, дзе пануюць такія рэжымы. А надзвычай жорсткія паводзіны ў гэтай сытуацыі — толькі ад злосьці, ад бясьсільля. Больш за 40 гадоў людзі маўчалі, трывалі, і раптам прачнуліся. Каму такое спадабаецца? Таму сытуацыя застаецца незразумелай і вельмі складанай. Але проста ня трэба даводзіць людзей да такога стану».

Наладжаны экспарт адукацыі ў Лібію і па спэцыфічных кірунках. Менск і Трыпалі маюць стасункі ў ваеннай галіне, што падчас апошняга візыту Кадафі асабліва падкрэсьліваў Аляксандар Лукашэнка. Праўда, у сьвеце Арабская Джамахірыя мае сумнеўную рэпутацыю «чорнай дзіркі», куды трапляе зброя з усяго сьвету і потым бескантрольна разыходзіцца ня толькі па афрыканскім кантынэнце.

Лібійскае прадстаўніцтва — адно з самых шматлікіх у Ваеннай акадэміі Беларусі, дзе таксама атрымліваюць адпаведныя веды курсанты з Вэнэсуэлы, Віетнаму, Кітаю, іншых стратэгічных саюзьнікаў Беларусі.

Апошнім часам Беларусь спрабуе «прышчапіць» Лібіі і цікавасьць да спорту. Спартоўцы гэтай краіны ня маюць асаблівых посьпехаў на міжнароднай арэне, таму Міністэрства спорту і турызму ўзьняло пытаньне аб прадстаўленьні афрыканскім атлетам спартовых базаў для сумесных трэніровак, а таксама прапанавала скарыстаць паслугі беларускіх спэцыялістаў у якасьці трэнэраў нацыянальных камандаў на кантрактнай аснове. Цяпер, праўда, Лібіі не да спорту.
XS
SM
MD
LG