Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Беларусі ў Лібіі адказала на пытаньні Свабоды


У чаканьні эвакуацыі на лётнішчы ў Трыпалі

У чаканьні эвакуацыі на лётнішчы ў Трыпалі

Беларуская амбасада ў Трыпалі працуе ў штатным рэжыме. Найперш яна займаецца эвакуацыяй і дапамогай грамадзянам Беларусі. Пра гэта паведамілі карэспандэнту "Свабоды" ў амбасадзе.

Каля 20 грамадзянаў Беларусі будуць эвакуаваныя ў Расею на самалёце расейскага МНС. На пытаньне, чаму пачалася эвакуацыя і чаму спачатку ў Маскву, а не адразу ў Беларусь, дарадца беларускай амбасады ў Лібіі Рыгор Грамыка адказаў:

Грамыка: Вы ж бачыце па навінах сытуацыю. Першае, амбасада працуе ў штатным рэжыме. Працуем з нашымі грамадзянамі. Усім, хто зьвяртаецца ў амбасаду, аказваецца поўнае спрыяньне. Я толькі што вярнуўся з аэрапорту, частка грамадзянаў Беларусі ўжо зьехала. А чаму не адразу ў Беларусь — бо нам ласкава паспрыялі нашы расейскія калегі. Што да дапамогі нашым грамадзянам, то тут абсалютнае спрыяньне аказвае амбасада.

РС: Колькі грамадзянаў Беларусі яшчэ застаецца ў Лібіі?

Грамыка: Грамадзяне Беларусі, вядома, застаюцца. Ёсьць і жанчыны, якія замужам за лібійскімі грамадзянамі. Некаторыя грамадзяне проста адмовіліся выяжджаць. У прынцыпе, на гэты момант сытуацыя даволі спакойная, стабільная — прынамсі ў Трыпалі. Мы гатовыя паспрыяць усім, хто зьвернецца ў амбасаду. На гэты момант усе, хто хацеў атрымаць дапамогу ад беларускай амбасады, яе атрымалі.

РС: Вы кажаце, што сытуацыя спакойная, але вядома, што загінулі каля 300 дэманстрантаў...

Грамыка: Я кажу, на гэты момант. Канкрэтна на гэты момант сытуацыя ў Трыпалі спакойная. Цяпер няма стрэлаў. У Трыпалі цяпер сытуацыя спакойная. Я не кажу пра Бэнгазі, пра іншыя рэгіёны краіны.

РС: А чаму цяпер небясьпечна знаходзіцца ў Лібіі?

Грамыка: Вы паглядзіце навіны, і там усё зразумела. Вы ведаеце, якая сытуацыя ў Паўночнай Афрыцы. Таму пытаньні пэўныя ёсьць. Але што тычыцца задачы, пастаўленай цэнтрам, кіраўніцтвам краіны, амбасада выконвае іх у поўным аб'ёме.

РС: Ці ізаляваныя беларускія дыпляматы, ці маюць яны кантакты зь лібійскім кіраўніцтвам?

Грамыка: Паўтаруся, што ў нас цяпер задача не падтрымліваць кантакты з кім-небудзь, апроч беларускіх грамадзянаў. Мы гэтыя задачы выконваем у поўным аб'ёме.

РС: Ці можаце вы даць ацэнку таму, што ў Лібіі расстрэльваюць дэманстрантаў?

Грамыка: Ацэнку вы можаце атрымаць у прэс-службе МЗС. Усе камэнтары і інфармацыя ў поўным аб'ёме была перададзеныя ў МЗС. Таму дадатковую інфармацыю атрымлівайце там.

Узначальвае амбасаду Рэспублікі Беларусь у Вялікай Сацыялістычнай Народнай Арабскай Джамагірыі Анатоль Сьцепусь.

Даведацца пра сваіх блізкіх і знаёмых, якія цяпер знаходзяцца ў Лібіі, можна па тэлефоне + (218 21) 361 63 16.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG