Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарачая Лібія. (АБНАЎЛЯЕЦЦА)

абноўлена

Лібійскія паўстанцы
Лібійскія паўстанцы
Пяты дзень працягваецца апэрацыя заходніх кааліцыйных сілаў, якія з мандатам ААН спрабуюць абяззброіць Кадафі. Лібійскі лідар не здаецца і працягвае змагацца на два франты -- з уласнай апазыцыяй і са сьветам.


Факты пра Кадафі (біяграфія, кар'ера, сямейны клан)

АПОШНІЯ НАВІНЫ ЗЬ ЛІБІІ (Абнаўляецца)


22 красавіка

Паўстанцы выцясьняюць сілы Кадафі з Місурата

У Лібіі паўстанцы адцясьняюць сілы Муамара Кадафі з цэнтра гораду Місурата – галоўнага апірышча паўстанцаў на захадзе Лібіі.

У часе вулічных баёў паўстанцам удалося атрымаць тактычную перавагу, ліквідаваўшы снайпэрскія пункты на дахах найбольш высокіх будынкаў.

Сёньня ж стала вядома, што амэрыканскі сэнатар Джон Макейн прыбыў у Бенгазі для перамоў з паўстанцамі. Макейн зьяўляецца адным з найбольш рашучых прыхільнікаў амэрыканскага вайсковага ўмяшаньня ў Лібіі.

Няпярэдадні міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс абвясьціў пра выкарыстаньне беспілотных самалётаў для нанясеньня ўдараў па войсках і вайсковых аб'ектах рэжыму Кадафі ў межых апэрацыі сілаў НАТО ў справе абароны мірнага насельніцтва Лібіі.

10 красавіка

Сілы НАТО зьнішчылі 25 танкаў Кадафі

Лібія: танк, зьнішчаны авіяўдарам НАТО
Сілы НАТО, якія ўдзельнічаюць у вайсковай апэрацыі ў Лібіі, зьліквідавалі 25 танкаў, што належаць лібійскаму кіраўніку Муамару Кадафі. У сёньняшнім паведамленьні камандаваньня Паўночнаатлянтычнага альянсу ўдакладняецца, што 11 машынаў было зьнішчана на подступах да гораду Адждабія і 14 – у прымесьцях гораду Місрата, які аблягаюць праўрадавыя сілы.

Адначасова, створаная паўстанцамі Пераходная нацыянальная рада паведамляе, што ў ходзе баёў за Адждабію былі забітыя трое наёмнікаў з Альжыру, якія змагаліся на баку Кадафі. Яшчэ 15 альжырскіх наёмнікаў былі ўзятыя ў палон.

У панядзелак Бэнгазі – дэ-факта сталіцу паўстанцаў – наведае дэлегацыя Афрыканскага Зьвязу для правядзеньня перамоваў зь кіраўніцтвам апазыцыі. Перад гэтым прадстаўнікі Зьвязу сустрэнуцца ў Трыпалі з Муамарам Кадафі. Іх мэта – паспрабаваць наладзіць дыялёг паміж бакамі і дамагчыся спыненьня агню.

8 красавіка

НАТО прызнала адказнасьць за авіяўдар па паўстанцах у Лібіі

Камандаваньне НАТО прызнала сваю адказнасьць за авіяўдар, нанесены па пазыцыях лібійскіх паўстанцаў ў раёне гораду Брэга, аднак адмовілася прыносіць прабачэньні.

Паводле намесьніка камандуючага апэрацыяй НАТО ў Лібіі контр-адмірала Расела Хардынга, прычынай памылкі была «надзвычай дынамічна зьменлівая абстаноўка» на полі вайсковых дзеяньняў.

У выніку авіяўдару па бронетэхніцы паўстанцаў, якія вялі бой з войскамі Муамара Кадафі, загінулі найменш два чалавекі.

Прадстаўнікі лібійскай апазыцыі віталі прапанову Турэччыны аб перамір'і ў Лібіі, аднак падкрэсьлілі, што настойваюць на тым, каб Кадафі і члены яго сям'і пакінулі краіну.

5 красавіка

З Лібіі аднаўляюцца пастаўкі нафты

З Лібіі плчянуецца аднавіць экспартныя пастаўкі нафты пасьля перапынку, які быў выкліканы палітычным крызісам і супрацьстаяньнем паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Кадафі.

У порце Тобрук на паўночным усходзе краіны сёньня павінен прышвартавацца нафтавы танкер пад сьцягам Ліберыі. Пагрузка будзе адбывацца пад кантролем паўстанцаў, якія выступаюць супраць рэжыму Муамара Кадафі.

Пакуль не паведамляецца, хто зафрахтаваў танкер. Мяркуецца, што нафту даставяць у Катар, які разам з Францыяй і Італіяй прызналі ў якасьці легітымнага ўраду Лібіі створаную паўстанцамі Часовую нацыянальную раду.

Афіцыйны Трыпалі заявіў, што гатовы да палітычных рэформаў пры ўмове, што ва ўладзе застанецца Муамар Кадафі.


4 красавіка

Лібія: паўстанцы зноў штурмуюць Брэгу

У Лібіі паўстанцы сёньня паспрабавалі вярнуць сабе пазыцыі ў горадзе Брэга. Як паведамляе з раёну баёў карэспандэнт Бі-бі-сі, сілы паўстанцаў, верагодна, цяпер больш арганізаваныя, чым раней.

Тым часам, намесьнік міністра замежных спраў Лібіі Абдул Аты аль-Абэйдзі, завяршыўшы свой візыт у Грэцыю, накіроўваецца ў Турэччыну. Паведамляецца, што ён правядзе перамовы з МЗС Турэччыны аб магчымасьцях спыненьня агню паміж паўстанцамі і войскамі, вернымі Муамару Кадафі.

Намесьнік міністра МЗС Лібіі прыбыў у Турэччыну

Лібійскі высокапастаўлены дыплямат сёньня прыбывае ў Турэччыну для перамоў аб спыненьні агню ў Лібіі паміж праўрадавымі войскамі і паўстанцамі.

Намесьнік міністра замежных спраў Лібіі Абдэлаці Абейдзі ў нядзелю правёў перамовы ў Афінах з кіраўніком МЗС Грэцыі.

Назіральнікі адзначаюць, што візыт лібійскага дыплямата адбываецца на фоне прызнаньня Італіяй, усьлед за некаторымі іншымі заходнімі краінамі, лібійскай арганізацыі паўстанцаў – Нацыянальнай пераходнай рады.


1 красавіка

Сакрэтныя перамовы пра сыход ?

Паводле інфармацыі брытанскіх смі, пасланцы ўраду Кадафі наведвалі Лёндан, каб абмеркаваць стратэгію адыходу шматгадовага лібійскага лідара. Як паведамляецца, Махамед Ісмаіл, памочнік сына Кадафі – Саіфа аль Іслама, у часе яго нядаўняга візыту праводзіў перамовы з брытанскім урадам. Тым ня менш, брытанскае міністэрства замежных спраў інфармацыю не пацьвердзіла. Раней на гэтым тыдні ў Брытаніі папрасіў палітычнага прытулку міністар замежных спраў Лібіі Муса Куса. Прасочваецца інфармацыя, што іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі рэжыму таксама плянуюць свой адыход за мяжу.

31 сакавіка


Былы кіраўнік МЗС Лібіі не атрымаў судовага імунітэту

Прадстаўнікі брытанскіх уладаў заявілі, што былы міністар замежных спраў Лібіі Муса Куса не атрымаў імунітэту ад судовага перасьледу ні ў Вялікай Брытаніі, ні ў міжнародных прававых інстанцыях.

Муса Куса прыбыў у Лёндан у сераду ўвечары і заявіў, што сыходзіць у адстаўку з пасады міністра замежных спраў Лібіі.


Камандаваньне апэрацыяй у Лібіі перайшло да НАТО

Сёньня камандаваньне вайсковай апэрацыяй ў Лібіі перайшло да НАТО.

Сёньня ж сілы паўстанцаў вярнуліся ў горад Брэга, які напярэдадні яны былі вымушаныя пакінуць пад націскам войскаў, верных Муамару Кадафі.

Тым часам, урадавыя войскі працягваюць наступ у бок гораду Бенгазі – аплоту паўстанцаў.

Лібійская апазыцыя сьцьвярджае, што у паўднёвай частцы гораду Куфра на бок паўстанцаў перайшлі байцы элітнай “Брыгады Хаміса”, якая названая ў гонар сына Кадафі Хаміса. Раней паведамлялася пра яго гібель у выніку бамбаваньня Трыпалі сіламі кааліцыі.

У сераду міністар замежных спраў Лібіі Муса Куса прыбыў у Вялікую Брытанію і заявіў пра сваю адстаўку.


29 сакавіка

Барак Абама: "Калі б мы спрабавалі скінуць Кадафі сілай, наша кааліцыя разьляцелася б"

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сказаў у звароце да народу 28 сакавіка, што мэтай амэрыканскай інтэрвэнцыі ў Лібіі не зьяўляецца зьвяржэньне Муамара Кадафі, а перш за ўсё абарона цывільнага насельніцтва.


Клінтан: апэрацыя аж да сыходу Кадафі

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што міжнародная апэрацыя ў Лібіі будзе працягвацца да таго часу, пакуль Муамар Кадафі не прыме ўмовы ААН і не адвядзе свае войскі. Пра гэта палітык заявіла на лёнданскім саміце, прысьвечаным канфлікту ў Лібіі.


Кадафі зьвярнуўся да ўдзельнікаў Лёнданскай канфэрэнцыі

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі заклікаў удзельнікаў міжнароднай канфэрэнцыі па Лібіі, якая адкрываецца ў Лёндане, спыніць "барбарскія напады" на краіну. Гэтыя напады Кадафі параўнаў з бліцкрыгам гітлераўцаў у Эўропе падчас Другой усясьветнай вайны. Лібійскі кіраўнік заклікаў міжнародную супольнасьць пакінуць Лібію лібійцам.


Лібія: апазыцыя хоча экспартаваць нафту

Міжнароднага эмбарга на пастаўкі нафты зь Лібіі – няма, паведамляе агенцтва Reuters, са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў ААН. Суразмоўца агенцтва патлумачыў, што санкцыі распаўсюджваюцца толькі на нафту, якую пастаўляюць кампаніі, падкантрольныя Муамару Кадафі.



28 сакавіка

Лібія: апазыцыя наступае

Альянс НАТО стаў на чале вайсковай апэрацыі ў Лібіі. Скарыстаўшыся магчымасьцямі, якія ім дае ўсталяваная “беспалётная” зона, лібійскія паўстанцы перайшлі ў контарнаступ на пазыцыі войск, верных Кадафі. Яны ўжо ўзялі пад свой кантроль гарады на ўсходнім ўзьбярэжжы краіны Пок Лануф, Брэг, Агейла і Бен Джавад і вядуць наступ на горад Сірт, дзе нарадзіўся Кадафі.


Для вайны шукаюць стратэгію

Кіраўнік Пэнтагону Робэрт Гэйтс адкрыта прызнаў, што Кадафі не ўяўляў сапраўднай і непасрэднай пагрозы для Злучаных Штатаў, і што Лібія не зьяўляецца краінай першараднай важнасьці для ЗША: "Ня думаю, што яна ўяўляе жыцьцёва важны інтарэс для ЗША. Але інтарэсы там у нас безумоўна ёсьць. Гэта частка рэгіёну, які жыцьцёва важны для Злучаных Штатаў".

Кадафі страціў родны горад

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, паўстанцам удалося захапіць родны горада Муамара Кадафі Сірт, паведамляе Бі-бі-сі.

Раней горад быў атакаваны з паветра сіламі міжнароднай кааліцыі.

Сірт быў адным з найлепш умацаваных аб'ектаў, падкантрольных праўрадавым сілам і мае вялікае стратэгічнае значэньне для наступу паўстанцаў на сталіцу краіны Трыпалі.

НАТО ачоліла апэрацыю ў Лібіі

Італія:авіяцыя ЗША рыхтуецца да бамбаваньня аб'ектаў у Лібіі
Прэсавы сакратар лібійскага ўраду Муса Ібрагім заявіў, што дзеяньні НАТО перавышае мандат ААН на абарону мірных жыхароў.

Паўночнаатлянтычны альянс пераняў камандаваньне над вайсковай апэрацыяй у Лібіі.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка НАТО Ааны Лунджэску, апэрацыя прадугледжвае спыненьне паставак узбраеньняў і наёмнікаў у Лібію. Апэрацыя разьлічаная на 90 дзён, але, пры, неабходнасьці можа быць скарочаная ці падоўжаная.

Дагэтуль кіраваньне авіяналётамі ажыцьцяўлялі ЗША.

Лібія: паўстанцы адваёўваюць усход краіны

Паўстанцы штурмуюць горад Адждабія, 24 сакавіка
У Лібіі паўстанцы ўсталявалі кантроль над усімі асноўнымі нафтавымі тэрміналамі на ўсходзе краіны.

Апанэнты палкоўніка Муамара Кадафі, пры падтрымцы авіяўдараў міжнароднай кааліцыі па ўрадавых войсках, працягваюць наступ на захад.

За апошнія некалькі сутак паўстанцы захапілі гарады Рас-Лануф, Брэга, Бін-Джавад і Адждабія на міжземнаморскім ўзьбярэжжы краіны.


27 сакавіка

У Лёндане ў аўторак пройдзе канфэрэнцыя па Лібіі

Міністры замежных справаў болей як 35 дзяржаваў пацьвердзілі свой намер удзельнічаць у канфэрэнцыі па Лібіі, якая адбудзецца ў Лёндане ў наступны аўторак. Пра гэта паведаміла замежнапалітычнае ведамства Вялікай Брытаніі. Разам зь міністрамі абмяркоўваць сытуацыю ў Лібіі будуць генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун і прадстаўнік Афрыканскага Зьвязу Жан Пінг.

Сярод галоўных пытаньняў парадку дня сустрэчы – ваенная апэрацыя міжнароднай кааліцыі ў Лібіі і абарона цывільнага насельніцтва.

Паўстанцы ўзялі кантроль на горадам Рас-Лянуф

Лібійскія паўстанцы, якія супрацьстаяць сілам Муамара Кадафі, цьвердзяць, што ўсталявалі кантроль над адным з нафтаносных цэнтраў краіны – горадам Рас-Лянуф. Раней стала вядома, што праціўнікі Кадафі практычна без супраціву выбілі ўрадавыя войскі з усходніх портаў Брэга і Ўджала. Тым часам працягваецца аблога і абстрэлы блізкага да сталіцы Трыпалі гораду Місурата – яго па-ранейшаму ўтрымліваюць паўстанцы.

Цягам мінулых сутак францускія зьнішчальнікі з складу міжнароднай кааліцыі зьнішчылі ня меней як пяць лібійскіх баявых самалётаў і два гелікоптэры.

Афіцыйны прадстаўнік лібійскага ўраду Муса Ібрагім заявіў пра многіх загінулых у ходзе канфлікту – як вайсковых, так і цывільных асобаў.

26 сакавіка

Французы зьбілі 5 самалётаў Кадафі

Французскі зьнішчальнік Rafale

Французскія зьнішчальнікі зьбілі за апошнія суткі ў раёне гораду Місраты ў Лібіі па меншай меры пяць лібійскіх самалётаў Galeb і два баявых верталёта Мі-35, паведамляе міністэрства абароны Францыі.

Паводле інфармацыі, разьмешчанай на сайце ведамства, зьнішчаныя лібійскія самалёты і верталёты "рыхтаваліся да правядзеньня апэрацый у рэгіёне".

Як паведаміла сёньня агенцтва Рэйтэр, верныя Муамару Кадафі войскі пад ціскам авіяцыі заходняй кааліцыі спынілі артылерыйскі абстрэл гораду Місраты на паўночным захадзе Лібіі.

Лібійскія паўстанцы захапілі нафтавы порт

Лібійскія паўстанцы захапілі важны нафтавы порт Лібіі горад Марса-эль-Брэга на ўсходзе краіны, паведамляе агенцтва Франс Прэс са спасылкай на паўстанцаў. Яны паведамілі, што "сілы Кадафі адыходзяць на захад".

Сёньня раніцай паўстанцы захапілі стратэгічна важны горад Адждабія ў 160 кілямэтрах на поўдзень ад галоўнага апірышча паўстанцаў – гораду Бэнгазі, які на працягу некалькіх дзён быў арэнай жорсткіх баёў.

Абама пра ход апэрацыі ў Лібіі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ўдзел міжнароднай кааліцыі ва ўзброеным канфлікце ў Лібіі застанецца абмежаваным, і высока ацаніў ход апэрацыі супраць рэжыму Муамара Кадафі.

Выступаючы з традыцыйным суботнім радыёзваротам, Абама заявіў:

"Наша місія мае посьпех. Мы зьліквідавалі лібійскую проціпаветраную абарону. Войскі Кадафі больш не наступаюць. У месцах накшталт Бэнгазі – горадзе, дзе жыве блізу 700 тысяч чалавек, горадзе, да якога Кадафі пагражаў "ня мець літасьці", яго войскі адкінутыя назад. Так што не памыляйцеся на гэты конт, дзякуючы таму, што мы дзейнічалі хутка, была прадухілена гуманітарная катастрофа і захаваныя жыцьці бязьвінных цывільных людзей: мужчын, жанчын, дзяцей".

Зь Лібіі зараз паступаюць паведамленьні аб аднаўленьні паўстанцамі кантролю над горадам Адждабія на ўсходзе краіны.

Раней пазыцыі ўрадавых войскаў там зьведалі авіяўдары сілаў міжнароднай кааліцыі, якая ўжо тыдзень праводзіць баявую апэрацыю, санкцыянаваную Радай Бясьпекі ААН.

Прадстаўнікі рэжыму Кадафі сьцьвярджаюць, што ў выніку дзеяньняў замежных вайскоўцаў загінулі ня менш за 114 лібійцаў, цывільных ці вайсковых – не ўдакладняецца.

Лібійскія паўстанцы вярнулі кантроль над Адждабіяй

Лібійскія паўстанцы зноў ўсталявалі кантроль над горадам Адждабія на ўсходзе краіны. Яны адбілі яго ў праўрадавых войскаў, якія занялі горад на мінулым тыдні. Амэрыканскі віцэ-адмірал Уільям Гортні, кажучы аб выніках баявой апэрацыі міжнароднай кааліцыі, заявіў, што рэжым Муамара Кадафі практычна пазбавіўся сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў традыцыйным штотыднёвым інтэрнэт-і радыёзвароце да нацыі заявіў, што яго краіна ня будзе праводзіць наземную ваенную апэрацыю ў Лібіі. Абама падкрэсьліў, што апэрацыя міжнароднай кааліцыі ў Лібіі праходзіць пасьпяхова і выратавала незьлічоную колькасьць жыцьцяў.


25 сакавіка

Міжнародныя сілы ў Лібіі

НАТО бярэ на сябе камандаваньне апэрацыяй па ўсталяваньні над Лібіяй беспалётнай зоны. Раней кіраўніцтва вайсковымі дзеяньнямі ажыцьцяўлялі ЗША.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн даў зразумець, што кантроль над іншымі аспэктамі апэрацыі застанецца ў руках шырокай міжнароднай кааліцыі.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты накіроўваюць на дапамогу кааліцыі 12 зьнішчальнікаў. Гэта другая арабская краіна, што аказала садзейнічаньне міжнароднай вайсковай апэрацыі. Раней Катар падаў у распараджэньне кааліцыі два зьнішчальнікі і два вайсковых грузавых самалёта.

14 крылатых ракет па Кадафі

У Лібіі працягваюцца баявыя дзеяньні супраць верных Муамару Кадафі сілаў. Паводле паведамленьня амэрыканскага вайсковага камандаваньня ў Афрыцы, за апошнія суткі па іх было выпушчана 14 крылатых ракет.


24 сакавіка

Лібія і межы вайсковага ўмяшаньня

Кожны хоча начапіць ярлык на апэрацыю ў Лібіі. Некаторыя называюць яе гуманітарнай інтэрвэнцыяй, іншыя – імпэрыялізмам. У час, калі бомбы НАТО падаюць на Лібію, амаль кожны дзень прыносіць новы голас асуджэньня ўхваленай ААН інтэрвэнцыі.

Пераклад фрагмэнтаў артыкулу журналіста Свабоды Чарлса Рэкнагла.

Авіяўдары па сілах Муамара Кадафі працягваюцца

Сілы міжнароднай кааліцыі працягваюць наносіць ўдары па вайсковых аб'ектах Лібіі і пазыцыях войскаў, верных Муамару Кадафі.

Учора ўвечары сілы кааліцыі бамбавалі шэраг аб'ектаў у прыгарадах Трыпалі, а таксама бронетэхніку войскаў Кадафі на подступах да гораду Місурату. Як паведаміў тэлеканал Al-Arabiya кааліцыйныя сілы таксама нанесьлі паветраны ўдар па рэзыдэнцыі самога Муамара Кадафі ў Трыпалі.

Нягледзячы на ўдары сілаў кааліцыі, урадавыя войскі ўчора працягвалі наступаць на пазыцыі паўстанцаў у горадзе Місураце.

На перамовах у Брусэлі прадстаўнікі краін НАТО пакуль не змаглі прыйсьці да згоды па пытаньні аб пераходзе камандаваньня апэрацыяй у Лібіі да Паўночнаатлянтычнага саюзу.

Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін яшчэ раз выступіў з рэзкай крытыкай з нагоды дзеяньняў сіл заходняй кааліцыі, якая праводзіць ваенную апэрацыю на тэрыторыі Лібіі.

23 сакавіка

ЗША перадае сваім саюзьнікам кіраваньне апэрацыяй у Лібіі

Барак Абама падчас брыфінгу на борце прэзыдэнцкага самалёта

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паведаміў, што найбліжэйшымі днямі камандаваньне апэрацыямі супраць сілаў лібійскага кіраўніка Муамара Кадафі будзе перададзена саюзьнікам ЗША.

Абама зрабіў гэтую заяву пасьля таго як ён, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі і брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмэран прыйшлі да згоды, што НАТО мусіць адыгрываць “ключавую ролю” у забесьпячэньні рэжыму беспалётнай зоны і ў абароне цывільнага жыхарства ад сілаў Кадафі.

Сёньня, у пяты дзень паветранай апэрацыі, чуліся выбухі ў сталіцы Лібіі Трыпалі, аднак пра цэль удараў пакуль што не было вядома. Гэтая атака адбылася неўзабаве пасьля выступу Кадафі на дзяржаўным тэлеканале, у якім ён заклікаў іншыя мусульманскія краіны “ўзяць удзел у бітве супраць крыжакоў”.

Тым часам працягваюцца сутычкі паміж кадафістамі і апазыцыяй у ваколіцах кантраляваных паўстанцамі гарадоў Місрата і Зінтан, а таксама ў горадзе Яфран на паўднёвы захад ад Трыпалі.

22 сакавіка

Акцыя супраць Кадафі: хто з кім?

У Брусэлі праходзяць напружаныя кансультацыі паміж місіямі НАТА пра фармат кааліцыі па Лібіі. Так сёньня Італія, Люксембург, Нарвэгія запатрабавалі перадачы апэрацыі пад кантроль НАТА. Францыя адкідае гэтую ідэю, бо лічыць, што апэрацыя пад сьцягам НАТА цалкам адверне ад яе арабскі сьвет. Нямеччына працягвае займаць стрымана-чакальную пазыцыю. Турцыя лічыць, што апэрацыя ў Лібіі павінна праходзіць пад кантролем ААН, а не НАТА.

Сёньня ж ніжняя палата гішпанскага парлямэнту прагаласавала за ўдзел арміі краіны ў вайсковай апэрацыі супраць лібійскага лідара Кадафі. Грэцыя дала згоду на выкарыстаньне сваёй паветранай прасторы. Сябра НАТА Румынія заявіла, што падтрымлівае палітычную неабходнасьць адхіленьня Кадафі ад улады, але ня мае магчымасьці ўдзельнічаць у вайсковай апэрацыі.

Кітай сёньня заклікаў неадкладна спыніць “ініцыяваную Злучанымі Штатамі і іх заходнімі саюзьнікамі вайсковы напад на Лібію”. Міністр замежных спраў Японіі выказаў меркаваньне, што Муамару Кадафі трэба спыніць гвалт супраць уласных грамадзянаў і адмовіцца ад ролі лідара Джамахірыі.

ЗША: Ваенныя магчымасьці СПА Кадафі зьменшыліся на 50%

Неназваны прадстаўнік міністэрства абароны ЗША сказаў у інтэрвію Associated Press, што бомбавыя і ракетныя атакі скарацілі магчымасьці СПА Лібіі больш чым на 50 адсоткаў.

Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі сутыкнуліся з крытыкай за інтэнсіўнасьць ваеннай апэрацыі. Далей чытаць ТУТ.

Самалёт ЗША пацярпеў крушэньне ў Лібіі

Амэрыканскі самалёт F-15 Eagle пацярпеў крушэньне ў Лібіі. Прадстаўнік арміі ЗША паведаміў БіБі Сі, што няма падстаў лічыць самалёт зьбітым. Іншыя крыніцы спасылаюцца на тэхнічную праблему. Абломкі самалёта, а таксама пілёта, які катапультаваўся, знайшлі лібійскія паўстанцы. Зараз працягваецца апэрацыя пошуку другога пілёта.


Трыпалі абстрэльвалі трэцюю ноч


Паводле лібійскага ўраду, трэцяя ноч паветраных абстрэлаў кааліцыйных сілаў прынесла больш цывільных ахвяраў. Выбухі і агонь проціпаветраных зэнітных установак былі заўважныя ў прымесьці Трыпалі , дзе разьмяшчаюцца ваенны гарнізон і рэзыдэнцыя Кадафі. Тым часам, паводле БіБіСі , верныя Кадафі сілы праводзяць новыя апэрацыі супраць сіл апазыцыі. Баі адбываюцца на захадзе краіны, вайскоўцы абстрэльваюць гарады Місурата і Зіндан. Урач, які працуе ў Місураце, сьцвярджае, што артабстрэл працягваецца пяці ці шосты дзень запар. У шпіталі не хапае месца для пацыентаў, не прывозяць пітную ваду, у горадзе адключаная электрычнасьць. Паводле зьвестак РС з учора, у Трыпалі працягвае працу беларускае пасольства ў складзе трох дыпляматаў. У Лібіі таксама застаюцца 55 лекараў зь Беларусі.

21 сакавіка


Абама: Кадафі павінен сыйсьці


Сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што афіцыйная пазыцыя Вашынгтона палягае ў тым, што лібійскі лідэр Муамар Кадафі павінен сыйсьці ў адстаўку.

Абама: Разам з партнэрамі Злучаныя Штаты прадпрымаюць ваенныя намаганьні дзеля выкананьня рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН і абароны народа Лібіі. Мы лічым, што ў гэтым рэгіёне ў цэлым павінны паважацца законныя спадзевы народаў і акты гвалту супраць грамадзянскай насельніцтва - не зьяўляюцца адказам на гэтыя спадзяваньні. Гэта наша палітыка – дамагацца сыходу Кадафі. І ў нас ёсьць шырокі набор сродкаў у дадатак да нашых ваенных намаганьняў - для падтрымкі менавіта такой палітыкі.

CNN: Войскі Кадафі губляюць сілы


Войскі лібійскага лідэра Муамара Кадафі пачынаюць губляць сілы ў проціборстве з паўстанцамі, і праціўнікі Кадафі з гэтага часу здольныя ўтрымліваць пазыцыі ў тых раёнах, якія раней мелі намер захапіць ўрадавыя сілы. Аб гэтым з Трыпалі паведамляе амэрыканскі тэлеканал CNN, які спасылаюцца на заяву амэрыканскіх вайскоўцаў.

Некаторыя часткі ўрадавых войскаў ўжо адступілі з занятых перш пазыцый, аднак, па словах амэрыканскіх вайскоўцаў, застаюцца незразумелымі далейшыя пляны войскаў Кадафі.

Сілы кааліцыі ўважліва сочаць за захаваньнем рэжыму спыненьня агню, аб якім ўчора ўвечары абвясьціў лібійскі лідэр. Па словах вайскоўцаў, трэба будзе пераканацца ў тым, што за загадам Кадафі стаяць ня проста словы, а рэальныя справы.


Генэрал: апэрацыя ў Лібіі разьвіваецца пасьпяхова


Апэрацыя міжнародных сілаў у Лібіі разьвіваецца пасьпяхова, –
заявіў амэрыканскі генэрал арміі Картэр Хэм, які ажыцьцяўляе
непасрэднае кіраўніцтва дзеяньнямі войскаў.

Па словах генэрала, авіяўдары прывялі да адступленьня сіл Муамара Кадафі ад горада Бенгазі і фактычнаму ўстанаўленьня над Лібіяй
зоны, свабоднай ад палётаў. Генэрал падкрэсьліў, што мэтай апэрацыі не зьяўляецца зьнішчэньне Кадафі або прамая падтрымка наступу паўстанцаў.

Лібійскія ўлады заяўляюць, што спынілі баявыя апэрацыі ў
рамках абвешчанага імі напярэдадні аднабаковага замірэньня. У Радзе Бясьпекі ААН сёньня пройдуць кансультацыі за зачыненымі дзьвярыма аб сытуацыі ў Лібіі.

Як вы ацэньваеце міжнародную ваенную апэрацыю супраць рэжыму Кадафі? Адказваюць жыхары Берасьця, Віцебска, Гомеля і Горадні


Заходняя прэса: Якая мэта міжнароднай кааліцыі ў Лібіі?


Найважнейшыя ангельскамоўныя газэты адзначаюць хуткія і рашучыя паветраныя ўдары міжнароднай кааліцыі па сілах Муамара Кадафі ў Лібіі 19 і 20 сакавіка, але адначасова ставяць пытаньне пра палітычную мэту гэтага ўмяшаньня, якая пакуль застаецца няяснай.

Пуцін назваў рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН “заганнай”


Прэм’ер-міністар Расейскай Фэдэрацыі Уладзімер Пуцін назваў “заганнай” рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, якая санкцыявала ўсталяваньне над Лібіяй “беспалётнай зоны” і дала падставы для пачатку ваеннай апэрацыі.

Пуцін заявіў, што вайсковая апэрацыя міжнароднай кааліцыі нагадвае яму “сярэднявечныя заклікі да крыжовых паходаў”. Назіральнікі адзначаюць, што такую ж аналёгію зрабіў і Муамар Кадафі, калі камэнтаваў рэзалюцыю.

Пуцін адзначыў, што ў Лібіі няма дэмакратыі, аднак гэта не азначае, што камусьці дазволена ўмешвацца ў унутрыпалітычны канфлікт. Пуцін таксама выказаў крытычныя заўвагі ў бок ЗША адносна “лёгкасьці”, зь якой прымаюцца рашэньні аб прымяненьні сілы ў міжнародных справах.

“Сёньняшнія падзеі ў Лібіі даказваюць, што мы ўсё робім правільна для ўмацаваньня сваёй абароназдольнасьці” – заявіў Уладзімер Пуцін.


Пан Гі Мун ухваліў пазыцыю Лігі арабскіх дзяржаў

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што “рашучыя захады”, накіраваныя супраць рэпрэсіяў ў дачыненьні да мірных жыхароў з боку Муамара Кадафі, сталі магчымыя дзякуючы падтрымцы рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН з боку Лігі арабскіх дзяржаў.

Генэральны сакратар Лігі арабскіх дзяржаў Амір Муса заявіў сёньня, што падтрымлівае рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, якая санкцыявала усталяваньне над Лібіяй “беспалётнай зоны”.

Пра гэта Муса паведаміў пасьля перамоў з Генэральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам ў Каіры. Напярэдадні Муса выказаў занепакоенасьць пачаткам вайсковай апэрацыі ў Лібіі.

Сілы міжнароднай кааліцыі сёньня працягваюць наносіць авіяўдары па аб’ектах супрацьпаветранай абароны Лібіі.

Кадафі заклікаў сваіх прыхільнікаў ісьці мірным маршам на горад Бенгазі, які застаецца галоўным апірышчам апазыцыі.


Кадафі заклікаў ісьці да Бенгазі

Сілы міжнароднай кааліцыі ўначы працягвалі нанясеньне авіяцыйных удараў па аб’ектах лібійскага лідэра Муамара Кадафі.

ЗША заявілі, што над Лібіяй усталяваны і дзейнічае рэжым “беспалётнай зоны”. Злучаныя Штаты адрынулі абвешчаны Кадафі ў пятніцу рэжым спыненьня агню, заявіўшы, што лібійскія ўлады парушылі яго адразу пасьля абвяшчэньня.

Учора ў Трыпалі былі чутныя выбухі, паступіла інфармацыя пра разбурэньні ў рэзыдэнцыі Кадафі. Месцазнаходжаньне Кадафі ў момант атакі на рэзыдэнцыю невядомае.

Амэрыканскі віцэ-адмірал Уільям Гортні заявіў, што мэтай авіяўдараў сам Кадафі ня быў.Адмірал заявіў, што мэта апэрацыі – увядзеньне над Лібіяй “беспалётнай зоны” ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рабы Бясьпекі ААН дзеля таго, каб абараніць грамадзянскае насельніцтва.

Нямецкае агенцтва ДПА са спасылкай на СМІ Лібіі паведаміла, што Кадафі заклікаў сваіх прыхільнікаў да мірнага маршу да гораду Бенгазі, які застаецца галоўным апірышчам апазыцыі.


Брытанскі вайсковы самалёт "Тарнада"

Брытанскія "Тарнада" ня выпусьцілі ракеты

Брытанскія вайсковыя самалёты "Тарнада" вярнуліся з рэйду на Лібію, ня выпусьціўшы ракеты. Прычынай, па словах прадстаўніка Штабу абароны Злучанага Каралеўства генэрал-маёра Джона Лорымэра, стала інфармацыя аб прысутнасьці ў раёне вызначанай мэты грамадзянскіх асобаў.

"У выніку, было прынятае рашэньне не ўжываць зброю. Гэта дэманструе прыхільнасьць Брытаніі абароне мірнага насельніцтва", – заявіў Лорымэр.

Ранейшы налёт на адміністрацыйны будынак, які зьяўляецца часткай рэзыдэнцыі Муамара Кадафі ў Трыпалі, "зьнішчыў яго камандны і кантрольны патэнцыял", – заявіў прадстаўнік міжнародных сілаў.


Лібійская апазыцыя называе колькасьць забітых войскамі Кадафі

Больш за восем тысяч лібійцаў, так ці інакш зьвязаных з апазыцыяй, загінулі ад рук войскаў, ляяльных Муамару Кадафі, заявіў у інтэрвію тэлеканалу "Аль-Джазіра" прадстаўнік Нацыянальнай рады ў Бэнгазі Абдэль Хафіз Года.

У ходзе наступленьня апошніх дзён прыхільнікі Кадафі занялі ўсе гарады, раней узятыя пад кантроль апазыцыяй, за выключэньнем яе галоўнай базы, Бэнгазі. Іх далейшае прасоўваньне было спынена паветранай апэрацыяй заходніх саюзьнікаў.


20 сакавіка

Італія пагражае Лібіі за захоп карабля

Італія гатова зрабіць рашучыя захады для вызваленьня экіпажу італьянскага судна, затрыманага ў суботу ў порце Трыпалі незадоўга перад пачаткам удараў міжнародных сілаў па Лібіі. Аб гэтым заявіў міністар абароны Італіі Ігнацыё Ля Руса.

На судне, якое належыць неапальскай кампаніі, знаходзіцца каманда з 8 італьянцаў, 2 індыйцаў і 1 ўкраінца. Членаў каманды затрымалі ўзброеныя людзі на чале з начальнікам порту ў Трыпалі.

Італія дазволіла выкарыстоўваць 7 сваіх базаў у рамках міжнароднай вайсковай акцыі ў Лібіі.

Кадафі загадаў ад 21-й гадзіны спыніць агонь

Улады Лібіі загадалі ўсім часткам і аддзелам узброеных сілаў спыніць агонь сёньня з 21-й гадзіны мясцовага часу.

Міжнародныя агенцтвы навінаў паведамляюць, што ў лібійскай сталіцы чуецца інтэнсіўная страляніна гарматаў проціпаветранай абароны.

Паведамляецца таксама, што вайсковыя самалёты Францыі праводзяць новыя рэйды на пазыцыі верных Кадафі войскаў.

Старшыня Лігі арабскіх дзяржаваў Амр Муса выступіў з крытыкай дзеяньняў міжнароднай кааліцыі ў Лібіі. Ён заявіў, што Ліга выступала за ўсталяваньне зоны, свабоднай ад палётаў вайсковай авіяцыі – для абароны мірнага насельніцтва, а не для таго, каб агонь вёўся, як ён сказаў, “па цывільных грамадзянах”.

Лібія ня будзе зьбіваць пасажырскія самалёты

Сын лібійскага лідэра Муамара Кадафі Саіф аль-Іслам заявіў, што лібійскія проціпаветраныя сілы ня будуць у адказ на пачатак удараў па Лібіі збіваць пасажырскія самалёты краін Захаду над Міжземным морам. У інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі АВС ён назваў пачатак апэрацыі ў Лібіі “памылкай Захаду і ЗША”.

Сам Муамар Кадафі заявіў, што яго краіна гатова да доўгай вайны.

У выніку ўдараў, нанесеных сіламі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі па Лібіі, быў разбураны шэраг аб’ектаў проціпаветранай абароны. Удары наносіліся таксама па вайсковых базах і бранятэхніцы. Падставай для ўдараў стала рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН аб магчымасьці прымяненьня сілы для стварэньня над Лібіяй беспалётнай зоны і абароны мірнага насельніцтва.

Верныя Кадафі войскі спынілі наступ на горад Бэнгазі. Аднак баі з паўстанцамі ў горадзе Місураце працягваюцца.

Войскі Кадафі занялі Місурату

Войскі, верныя лібійскаму лідэру Муамару Кадафі, у нядзелю занялі цэнтар гораду Місураты, які ўтрымлівалі паўстанцы.

Паведамляецца, што ў штурме ўдзельнічалі танкі. У выніку баёў загінуліня менш за 10 чалавек.

Напярэдадні, пасьля ўдараў францускай авіяцыі па бранятэхніцы, войскі Кадафі спынілі пачаты імі штурм галоўнага цэнтру абароны паўстанцаў – гораду Бэнгазі.

Амэрыканскія і брытанскія баявыя самалёты нанесьлі таксама ўдары па аб’ектах проціпаветранай абароны Лібіі і іншай вайсковай інфраструктуры краіны.

Беспалётная зона над Лібіяй дзейнічае

Кіраўнік амэрыканскага Аб'яднанага камітэту начальнікаў штабоў Майк Малэн заявіў, што ў ходзе апэрацыі ў Лібіі дасягнуты значны прагрэс.

Ён заявіў у тэлевізійным інтэрвію, што забароненая для палётаў зона над тэрыторыяй Лібіі фактычна дзейнічае. Ён таксама адзначыў, што ўдалося спыніць наступ адданых Кадафі войскаў да гораду Бэнгазі на ўсходзе краіны, які зьяўляецца базай паўстанцаў.

Малэн падкрэсьліў, што большасьць авіяўдараў была нанесеная па пазыцыях супрацьпаветранай абароны і што ён ня бачыў паведамленьняў аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва.

Вынікі першых атакаў на войскі Кадафі

Брытанскі вайсковы самалёт Tornado

Улады Лівіі заявілі, што ў выніку ваеннай апэрацыі заходніх краін супраць рэжыму Муамара Кадафі ўжо загінулі 48 грамадзян краіны.

Паводле агенцтва Reuters, які спасылаецца на відавочцаў, пасьля нанясеньня авіяўдараў у сталіцы Лібіі Трыпалі пачалася перастрэлка.

Амэрыканскія і брытанскія караблі выпусьцілі 112 крылатых ракет па больш, чым 20 лібійскіх ваенных аб'ектах на ўзьбярэжжы. Паводле папярэдняй інфармацыі, СПА Лівіі нанесены значны ўрон.

У першыя гадзіны апэрацыі французская авіяцыя нанесла ўдары па некалькіх танках і бронетранспарцёрах войскаў Кадафі.

Апэрацыя пачалася праз некалькі гадзін пасьля завяршэньня ў Парыжы сустрэчы заходніх і арабскіх лідэраў. Яны абмеркавалі шляхі выкананьня рэзалюцыі Савета Бясьпекі ААН, што ўхваляе прыняцьце "ўсіх мераў" для абароны грамадзянскага насельніцтва Лівіі ад войскаў Кадафі.

Кадафі заклікае лібійцаў супраціўляцца

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі заявіў, што ўзброіць грамадзянскае насельніцтва, каб даць адпор, як ён сказаў, "каляніяльным крыжовым паходзе" заходніх дзяржаў.

Па словах Кадафі, трэба адкрыць усе склады і "узброіць масы" ўсімі відамі ўзбраеньня – дзеля абароны "незалежнасьці, адзінства і годнасьці Лібіі".

Кадафі выступіў па нацыянальным тэлебачаньні ў суботу праз некалькі гадзін пасьля пачатку міжнароднай ваеннай апэрацыі супраць лібійскага рэжыму.



19 сакавіка

ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Канада і Італія наносяць удары па цэлях у Лібіі

Апэрацыйны кантроль над вайсковымі дзеяньнямі кааліцыі краінаў супраць Лібіі ажыцьцяўляе рэгіянальнае камандаваньне арміі ЗША ў Афрыцы, паведаміла агенцтва “Ройтэр”.

На брыфінгу ў Пэнтагоне віцэ-адмірал Біл Гортні паведаміў, што ўдары па цэлях у Лібіі наносяць ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Канада і Італія. Паводле Гортні, да апэрацыі маюць далучыцца таксама Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

У ходзе апэрацыі выкарыстоўваюцца вайсковая авіяцыя і крылатыя ракеты. Пад абстрэл ракетамі “Тамагаўк” трапілі аб’екты лібійскай проціпаветранай абароны. Паведамляецца, што ўдары ўжо нанесеныя па аб’ектах у раёне сталіцы Лібіі Трыпалі і гораду Місрата.

Паводле віцэ-адмірала Гортні, авіяўдары – толькі першая фаза ваеннай апэрацыі: па выніках нанесеных удараў правядуць “ацэнку”, пасьля чаго будуць прымацца далейшыя рашэньні.

ЗША нанесьлі ўдар па аб’ектах у Лібіі

Амэрыканскія баявыя караблі нанесьлі першы ракетны ўдар па лібійскіх сухаземных войсках, верных Муамару Кадафі – пра гэта паведаміў амэрыканскі тэлеканал Сі-Эн-Эн, спасылаючыся на высокапастаўленага чыноўніка ў Міністэрстве абароны ЗША. Крылатыя ракеты “Тамагаўк” былі скіраваныя па цэлях у раёне Трыпалі и Місраты, дзе месьцяцца аб’екты лібійскай проціпаветранай абароны.

Раней у выніку ўдару францускай авіяцыі былі зьнішчаныя некалькі танкаў лібійскіх ўрадавых войскаў.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў, што брытанскія вайсковыя самалёты знаходзяцца ў небе над Лібіяй і тым самым далучыліся да міжнароднай апэрацыі супраць рэжыму Кадафі.

Прэм’ер Канады Стывэн Гарпэр паведаміў пра магчымае ўстанаўленьне марской блякады Лібіі.

НАТО пачало апэрацыю над Лібіяй

Вайскова-паветраныя сілы краінаў НАТО пачалі ў суботу апэрацыю для прадухіленьня авіяўдараў войскаў Муамара Кадафі па пазыцыях паўстанцаў у горадзе Бэнгазі і яго навакольлі. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі па заканчэньні сустрэчы лідэраў Эўразьвязу і Лігі арабскіх дзяржаваў у Парыжы.

Сарказі падкрэсьліў, што палкоўнік Кадафі праігнараваў ультыматум, выстаўлены яму міжнароднай супольнасьцю. У сваю чаргу сам Кадафі ў суботу заявіў, што ўсякія вайсковыя дзеяньні Захаду супраць Лібіі будуць разглядацца як наўпроставая агрэсія.

Раней паведамлялася, што францускія вайсковыя самалёты з выведкавай місіяй правялі палёты над тэрыторыяй Лібіі. На вайсковых базах у Італіі прызямліліся дацкія і амэрыканскія вайсковыя самалёты.

У суботу вайскоўцы, верныя лібійскаму кіраўніку Муамару Кадафі, заатакавалі заходнія раёны гораду Бэнгазі. Тысячы людзей пакідаюць горад. Лібійскія ўлады цьвердзяць, што яны дзеяць у рамках самаабароны, і адкідаюць абвінавачаньні ў парушэньні імі рэжыму спыненьня агню.

Кадафі папярэдзіў Захад

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі заявіў, што любыя ваенныя дзеяньні Захаду супраць Лібіі будуць расцэньвацца як агрэсія.

Цытуючы Кадафі, яго прадстаўнік падкрэсьліў, што прэзыдэнт Францыі і прэм'ер-міністар Брытаніі, якія паабяцалі ўдзел войскаў іх краін у апэрацыі супраць Лібіі, "пашкадуюць аб гэтым".

Раней прэсавы сакратар францускага ўраду Франсуа Баруэн выказаў меркаваньне, што паветраныя ўдары па пазыцыях сілаў Кадафі могуць быць нанесеныя неўзабаве.

Урад Лібіі: намі дамоўленасьці не парушаюцца


Лібійскія войскі, верныя Муамару Кадафі, не парушаюць дамоўленасьці аб спыненьні агню ў раёне падкантрольнага паўстанцамі гораду Бэнгазі, заявіў лібійскі ўрадовец.

Раней урад Кадафі абвясьціў, што спыняе ваенную апэрацыю супраць паўстанцаў і будзе прытрымлівацца рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.

Тым часам, як паведамляе карэспандэнт Бі-Бі-Сі зь месца падзеяў, на вуліцах Бэнгазі зьявілася бранятэхніка ўрадавых сілаў. Крыху раней на горад упаў зьбіты вайсковы самалёт.

У Лібіі бамбавалі горад Бэнгазі

У Лібіі трапілі пад бамбаваньне паўднёва-заходнія раёны гораду Бэнгазі – апорнага пункту паўстанцаў. Паводле інфармацыі карэспандэнтаў агенцтва "Франс-прэс", водгульле выбухаў чулася ўсю ноч, былі відаць два слупы дыму. Як паведамляе карэспандэнт Бі-Бі-Сі, над горадам быў зьбіты самалёт.

Лібійскія ўлады і паўстанцы вінавацяць адны адных у парушэньні рэжыму спыненьня агню, абвешчанага ўчора Трыпалі – пасьля прыняцьця Радаю бясьпекі ААН рэзалюцыі з такім патрабаваньнем.

Рэзалюцыя таксама прадугледжвае стварэньне над Лібіяй "беспалётнай зоны" у мэтах абароны цывільнага насельніцтва ад авіяўдараў рэжыму Муамара Кадафі.

Сёньня ў Францыі адбудзецца саміт ЭЗ, Лігі арабскіх дзяржаў і Афрыканскага Зьвязу пры ўдзеле генэральнага сакратара ААН. Размова пойдзе аб магчымым міжнародным ваенным ўмяшаньні ў сытуацыю ў Лібіі.


18 сакавіка

Абама папярэдзіў Кадафі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама папярэдзіў лібійскага лідэра Муамара Кадафі, што у выпадку невыкананьня патрабаваньняў рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН супраць яго пачнуцца вайсковыя дзеяньні.

Абама заявіў, што Кадафі павінен выконваць рэжым спыненьня агню.

Лібійскія паўстанцы назвалі “блефам” заявы ўраду пра спыненьне баявых апэрацый супраць іх.

МЗС Лібіі: “Да рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН ставімся станоўча”

МЗС Лібіі: “Да рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН ставімсястаноўча”

Намесьнік міністра замежных спраў Лібіі Халід Каім заявіў:

“Да рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН мы ставімся пазытыўна. Мы яшчэ раз пацьвярджаем свой намер абараняць цывільнае насельніцтва па ўсёй краіне. Уласна, у гэтым і палягае мэта лібійскага войска і паліцыі – абараняць цывільнае насельніцтва”.

Раней было абвешчана, што ўрад Лібіі вырашыў спыніць усе ваенныя дзеяньні для абароны грамадзянскіх асобаў у адпаведнасьці з рэзалюцыяй ААН.

Урад вырашыў спыніць усе вайсковыя дзеяньні

Міністар замежных справаў Лібіі заявіў, што ўрад вырашыў спыніць усе вайсковыя дзеяньні, каб абараніць цывільнае насельніцтва ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй ААН.

Алмазныя падвескі палкоўніка Кадафі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:07 0:00
Наўпроставы лінк



Лібія: Інтэрвэнцыя ЗША ў бліжэйшыя дні?

17 сакавіка ў Кангрэсе ЗША адбыўся брыфінг за зачыненымі дзьвярыма для ўсіх сэнатараў, на якім некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы і высокіх афіцэраў арміі ЗША гаварылі аб магчымасьці і плянах амэрыканскай вайсковай інтэрвэнцыі ў Лібіі. Далей чытаць тут.

МЗС Беларусі: рэзалюцыя мае на мэце дээскаляцыю канфлікту і абарону мірнага насельніцтва
Класкоўскі: ніякія межы не абароняць дыктатара
Фёдараў: гэта абсалютна правільная мера

Парыж: авіяўдары па Лібіі нанясуць неўзабаве

Паветраныя ўдары па пазыцыях сілаў Муамара Кадафі войскаў будуць нанесеныя ў бліжэйшыя гадзіны, заявіў прэсавы сакратар французскага ўраду Франсуа Баруэн.

Баруэн паведаміў у эфіры радыёстанцыі RTL, што францускія вайскоўцы таксама возьмуць удзел у апэрацыі супраць войска Кадафі.

Раней ААН дазволіла прыняцьце любых захадаў для абароны лібійскага насельніцтва.

Рада бясьпекі ААН прагаласавала за ўвядзеньне ў паветранай прасторы Лібіі вольнай ад палётаў зоны.

У падтрымку дакумэнту выказаліся 10 сяброў Рады, пяць – Бразылія, Індыя, Нямеччына, Расея, Кітай – устрымаліся. Аднак пры гэтым яны ня выкарысталі свайго права вэта як сталыя сябры Рады бясьпекі.

У тэксьце рэзалюцыі аб Лібіі, падрыхтаваным Францыяй і Вялікай Брытаніяй, адзначаецца, што дапускаюцца “ўсе неабходныя захады” для абароны грамадзянаў Лібіі ад удараў авіяцыі Муамара Кадафі.

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Ўільям Гэйг вітаў прыняцьце рэзалюцыі ААН па Лібіі і падкрэсьліў, што яна скіраваная на спыненьне праліцьця крыві ў гэтай краіне:

“Гэтая рэзалюцыя заклікае да неадкладнага спыненьня агню, гвалту, да захадаў, якія перашкодзяць прыбыцьцю ў Лібію наймітаў, да ўвядзеньня больш жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Кадафі. Дакумэнт таксама дае дазвол на стварэньне “беспалётнай зоны” над Лібіяй. Таксама прадугледжана выкарыстаньне ўсіх неабходных захадаў для абароны цывільнага насельніцтва і жылых раёнаў, улучна з Бэнгазі, якім улады пагражаюць у найбліжэйшыя гадзіны і дні”.

Аднак рэзалюцыя не дазваляе адправіць у Лібію замежных наземных войскаў. Нямеччына заявіла, што ня возьме ўдзелу ў вайсковым умяшаньні ў Лібіі, бо лічыць яго занадта рызыкоўным.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўжо заклікаў лідэраў Вялікай Брытаніі і Францыі Дэйвіда Кэмэрана і Нікаля Сарказі абмеркаваць захады для рэалізацыі рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН. У заяве Белага дому гаворыцца, што ўсе тры лідэры лічаць неабходным неадкладнае выкананьне рэзалюцыі і спыненьне гвалту супраць цывільнага насельніцтва з боку рэжыму Муамара Кадафі.

У чацьвер лібійскае камандаваньне папярэдзіла, што ў выпадку замежнага ваеннага ўмяшаньня аддасьць загад атакаваць вайсковыя і грамадзянскія аб’екты ў раёне Міжземнага мора.


17 сакавіка

Лібійскія войскі пагражаюць тэрактамі

Лібійскія войскі пагражаюць, што ў выпадку замежнай інтэрвэнцыі, "увесь цывільны транспарт у Міжземнамор'і – на вадзе і ў паветры – стануць мішэнямі лібійскай адплаты".

Сёньня авіяцыя Кадафі ўпершыню бамбавала горад Бэнгазі - галоўнае апірышча паўстанцаў у краіне. Відавочцы паведамляюць, што да гораду падцягваюцца ўрадавыя танкі.

Рада Бясьпекі ААН абмяркоўвае сёньня магчымасьць увядзеньня ў паветранай прасторы Лібіі зоны, вольнай ад палётаў.


Рада Бясьпекі ААН абмяркоўвае вайсковыя захады

Рада Бясьпекі ААН абмяркоўвае сёньня магчымасьць увядзеньня ў паветранай прасторы Лібіі зоны, вольнай ад палётаў.

Вялікая Брытанія і Францыя дамагаюцца, каб рашэньне было прынятая ўжо сёньня. Прадстаўнікі гэтых краінаў паведамляюць, што галасаваньне па адпаведнай рэзалюцыі мае адбыцца сёньня апоўначы па менскім часе.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Вільям Бёрнс сказаў сёньня ў амэрыканскім Сэнаце, што Вашынгтон падтрымлівае ўсе міжнародныя захады супраць Лібіі, акрамя ўвядзеньня ў краіну наземных войскаў.

Бамбуюць сталіцу паўстанцаў

У Лібіі войскі, верныя Муамару Кадафі ўпершыню бамбавалі горад Бэнгазі, які зьяўляецца галоўным апірышчам апазыцыі.

Паводле лібійскага дзяржаўнага тэлебачаньня, войскі Кадафі знаходзяцца на подступах да Бэнгазі.

Тым часам генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Размусэн заявіў сёньня ў Варшаве, што "ёсьць яшчэ час для вайсковага ўмяшальніцтва ў Лібію". Гэта, аднак, паводле яго слоў, будзе залежаць ад рашэньня ААН адносна ўвядзеньня над Лібіяй зоны, вольнай ад палётаў.

Сёньня Рада бясьпекі ААН правядзе абмеркаваньне па пытаньні ўсталяваньня над Лібіяй "беспалётнай зоны" – каб змусіць рэжым Кадафі адмовіцца ад выкарыстаньня авіяцыі супраць паўстанцаў.

Паўстанцы адбілі атаку войскаў Кадафі

Бой каля гораду Адждабія

Лібійскія паўстанцы сёньня адбілі атаку ўрадавых войскаў на горад Адждабія ў 160 кілямэтрах ад Бенгазі. Трыццаць чалавек загінулі, больш як восемьдзесят – параненыя.

На баку паўстанцаў удзельнічалі танкі, артылерыя і верталёт. Гэта быў першы бой паміж урадавымі войскамі і прафэсійнымі

Рада бясьпекі ААН абмяркуе сытуацыю ў Лібіі

Прадстаўніца ЗША ў ААН Сюзан Райс

Прыхільнікі ўсталяваньня над Лібіяй зоны, вольнай ад палётаў авіяцыі, заклікалі Раду бясьпекі ААН сёньня прагаласаваць па гэтым пытаньні.

Напярэдадні прадстаўніца ЗША ў ААН Сюзан Райс заявіла, што таксама абмяркоўваецца магчымасьць пашырэньня дзеючых міжнародных санкцыяў супраць Лібіі.

Прапановы ўвесьці ў Лібіі вольную ад палётаў зону выказалі Францыя і Вялікая Брытанія, з мэтай прымусіць Муамара Кадафі адмовіцца ад выкарыстаньня вайсковай авіяцыі супраць паўстанцаў.

Расея і Кітай, якія валодаюць правам вета, выказалі сумневы адносна мэтазгоднасьці вайсковага ўмяшаньні ў Лібію.


Войска Кадафі рыхтуецца да штурму Бенгазі

Лібійскае войска заклікала жыхароў гораду Бенгазі пакінуць раёны, дзе разьмешчаныя апорныя пункты паўстанцаў і вайсковыя аб'екты. У заяве, якую перадала тэлекампанія Аль-Лібія сказана, што войска зьбіраецца “ачысьціць горад ад узброеных бандаў”. Сам Муамар Кадафі заявіў у інтэрвію лібійскай тэлевізіі, што баёў у Бенгазі чакаць ня трэба. Тым часам у Нью-Ёрку лібійскі дыплямат Ібрагім Дабашы, які ў апазыцыі да Кадафі, сказаў рэпартэрам, што міжнародная супольнасьць мае 10 гадзінаў для дзеяньняў супраць падразьдзяленьняў Кадафі.

Мапа грамадзянскай вайны


Газэта New York Times у сваім сёньняшнім нумары апублікавала сэрыю мапаў, на якіх адлюстраваная хада баявых дзеяньняў у Лібіі паміж войскамі Кадафі і сіламі паўстанцаў па днях “гарачага месяца” – з 16 лютага па 16 сакавіка.

16 сакавіка


Кадафі нагадаў Сарказі пра доўг


"Няхай Сарказі аддасьць грошы, якія ён узяў у Лібіі для фінансаваньня сваёй перадвыбарчай кампаніі. Гэта мы фінансавалі яго перадвыбарчую кампанію, у нас ёсьць усе доказы, і мы гатовыя іх падаць", – заявіў сёньня ў інтэрвію тэлеканалу Euronews сын кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі Саіф аль-Іслам.

"Першае, што мы запатрабуем ад гэтага клоўна – няхай верне грошы лібійскаму народу. Мы яму дапамаглі, каб ён дапамагаў лібійскаму народу, але ён расчараваў нас. Тады няхай аддае нашы грошы! У нас ёсьць усе доказы – банкаўскія рахункі, дакумэнты, банкаўскія пераводы – і ўсё гэта мы хутка абнародуем", – заявіў адзін зь меркаваных спадкаемцаў Муамара Кадафі.

Францыя стала першай краінай, якая прызнала рэвалюцыйны ўрад у лібійскім горадзе Бэнгазі. Парыж таксама зьяўляецца ініцыятарам увядзеньня зоны, вольнай ад палётаў над Лібіяй

ААН абмяркуе праект рэзалюцыі па Лібіі

Рада бясьпекі ААН павінна разгледзець праект рэзалюцыі аб увядзеньні над Лібіяй паветранай зоны, забароненай для палётаў.

Пакуль чальцы Рады ня могуць прыйсьці да адзінага меркаваньня па гэтым пытаньні, аднак аўтары праекту рэзалюцыі Вялікабрытанія ды Францыя, дамагаюцца прыняцьця рашэньняў, якія б паклалі канец паветраным абстрэлам сілаў палкоўніка Кадафі.

Войскі Кадафі ўзялі горад Аджабію

Лібійская дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што ляяльныя да прэзыдэнта Муамара Кадафі войскі ўзялі горад Аджабія на ўсходзе краіны і рухаюцца ў бок Бенгазі – апірышча паўстанцаў. Сам лібійскі лідэр у выступе перад сваімі прыхільнікамі назваў паўстанцаў пацукамі, сабакамі, двурушнікамі і здраднікамі.

Тым часам у ААН распаўсюджаны тэкст рэзалюцыі Рады бясьпекі аб увядзеньні над Лібіяй зоны, дзе будуць забароненыя палёты авіяцыі Муамара Кадафі. Прадстаўнікі ж краінаў “вялікай васьмёркі” ў Парыжы нават не ўпамянулі пра магчымасьць такой зоны ў выніковым дакумэнце сваёй сустрэчы.

15 сакавіка

Бесьпілётную зону пакідаюць на сумленьне Кадафі

Танкі паўстанцаў накіроўваюцца да франтавой лініі ў Аджэдабіі

Кіраўнікі МЗС краінаў "вялікай васьмёркі" заклікалі лібійскага лідэра Муамара Кадафі спыніць палёты вайсковай авіяцыі над сваёй краінай.

Акрамя гэтага, у камюніке па выніках сустрэчы міністры зьвяртаюцца да Рады бясьпекі ААН з заклікам ўжыць большы ціск на лібійскія ўлады шляхам увядзеньня эканамічных санкцыяў.

У аўторак лібійскія ўлады правялі інтэнсіўнае авіябамбаваньне гораду Аджэдабія – апошні буйны населены пункт на шляху да гораду Бэнгазі на ўсходзе краіны, які зьяўляецца апірышчам паўстанцаў у Лібіі.

WP: Трэба паўстрымаць Кадафі


У сёньняшнім выданьні Washington Post сталы аўтар гэтай газэты Рычард Коэн заклікае адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Барака Абамы да ўмяшаньня ў грамадзянскую вайну ў Лібіі і ўсталяваньня ў гэтай краіне зоны, вольнай ад палётаў авіяцыі Муамара Кадафі.

Далей чытаць ТУТ.

Кадафі "шакаваны здрадай эўрапейскіх сяброў"

Муамар Кадафі

Кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі заявіў, што шакаваны "здрадай" былых сяброў у Эўропе – ў першую чаргу, Сільвіё Бэрлюсконі, прэм'ер-міністра Італіі – галоўнага гандлёвага партнэра Лібіі.

У Інтэрвію, абнародаваным сёньня ў італьянскай газэце Il Giornale, Кадафі рэзка асудзіў патрабаваньне шэрагу заходніх краінў усталяваць над Лібіяй зону, вольную ад палётаў.

Сёньня краіны Вялікай васьмёркі працягнуць на саміце ў Парыжы дыскусію аб увядзеньні названага рэжыму.

Сілы Кадафі, тым часам працягваюць наступ на пазыцыі паўстанцаў на ўсходзе і захадзе краіны. Сёньня праўрадавыя сілы замацаваліся ў горадзе Зувара, на туніскім памежжы.

Краіны G-8 не дамовіліся аб вайсковым умяшаньні

Удзельнікі саміту Вялікай васьмёркі ў Парыжы, 14 сакавіка 2011

Краіны Вялікай васьмёркі ня здолелі дамовіцца адносна магчымага вайсковага ўмяшаньня ў канфлікт у Лібіі, заявіў кіраўнік МЗС Францыі Ален Жупэ па выніках сустрэчы зь міністрамі замежных спраў краінаў "васьмёркі" ў Парыжы.

Францыя і Вялікая Брытанія заклікаюць увесьці забарону на палёты над Лібіяй. Расея, ЗША і іншыя краіны Эўразьвязу не гатовыя падтрымаць гэтую прапанову.

14 сакавіка

Лібія: паўстанцы страцілі чарговы горад

Войскі, якія падтрымліваюць палкоўніка Муамара Кадафі, выбілі паўстанцаў з гораду Зувара, на захадзе Лібіі, паведамляе Бі-бі-сі. Паводле некаторых паведамленьняў, у ходзе бою загінулі чацьвёра паўстанцаў.

Таксама сёньня кіраўніца замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Кэтрын Эштан сустрэлася ў Каіры са сваімі калегамі зь Лігі Арабскіх Дзяржаў. Бакі абмеркавалі збліжэньне пазыцыяў адносна магчымага ўвядзеньня ў паветранай прасторы Лібіі зоны, вольнай ад палётаў.

Прадстаўнікі ЗША і НАТО раней заяўлялі, што такі крок магчымы толькі з санкцыі Рады бясьпекі ААН.


Паўстанцы працягваюць адступаць

Сёньня краіны вялікай васьмёркі абмяркоўваюць магчымасьць абвяшчэньня паветранай прасторы Лібіі зонай, свабоднай ад палётаў. У суботу з гэтай ініцыятывай выступілі краіны Арабскай Лігі.

Тым часам у Лібіі войскі, верныя Муамару Кадафі, працягваюць выцясьняць паўстанцаў з занятых імі гарадоў пры дапамозе масавага авіябамбаваньня і артылерыйскага абстрэлу.

Лібійскае дзяржаўнае тэлебачаньне сьцьвярджае, што ў нядзелю ўрадавыя войскі захапілі горад Марса-эль-Брэга, на ўсходзе краіны, пазбавіўшы апазыцыю ня толькі важнага ў стратэгічным пляне гораду, але і крыніцы паліва.

На захадзе краіны ўрадавыя войскі распачалі наступ на падкантрольны паўстанцам горад Зуара.

Турэччына – супраць вайсковага ўмяшаньня НАТО ў Лібіі

Прэм'ер-міністар Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што лічыць “контрапрадуктыўнай магчымую апэрацыю НАТО ў Лібіі. Наступствы могуць быць надзвычай небясьпечнымі. Вайсковыя мэтады не спрыяюць вырашэньню, а паглыбляюць яе”. Гэтую заяву Эрдаган зрабіў у Стамбуле на канфэрэнцыі з удзелам палітыкаў больш як 20 краінаў сьвету.

Раней прэм’ер-міністар Турэччыны выказаўся супраць увядзеньня якіх заўгодна міжнародных санкцыяў у адносінах да Лібіі, заявіўшы, што яны нашкодзяць ня столькі кіраўніцтву Лібіі, колькі яе народу.

Час дапамагчы лібійскім паўстанцам?

Штораз гучней чуваць галасы, што сьвет не павінен проста назіраць за тым, як рэжым Муамара Кадафі выбівае антыўрадавыя сілы з чарговых гарадоў Лібіі, а дапамагчы паўстанцам.

Малкалм Рыфкінд

У сёньняшнім выданьні The Times былы міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Малкалм Рыфкінд перасьцерагае, што Кадафі можа здушыць супраціў паўстанцаў за два бліжэйшыя тыдні. Паводле Рыфкінда, перамога Кадафі мела б "зьнішчальныя наступствы" як для арабскага сьвету, так і ўсяго Блізкага Ўсходу.

"Дэспаты ў Сірыі, Іране і іншых месцах атрымалі б выразны сыгнал, – піша Рыфкінд. – Адмоўся ад рэформаў, адкажы на пратэсты брутальнай сілай і ты застанесься пры ўладзе. Замест прывітаньня Арабскай вясны сьветам, мы мелі б Будапэшт 1956 году або Прагу 1968 году, куды свабода прыйшла на адно пакаленьне пазьней, або плошчу Цяньаньмэнь 1989 году, дзе кітайцы ўсё яшчэ чакаюць свабоды".

Паводле Рыфкінда, сьвет павінен і можа неадкладна дапамагчы паўстанцам супраць рэжыму Кадафі без наўпроставай ваеннай інтэрвэнцыі. Рыфкінд прапануе чатыры элемэнты такой стратэгіі дапамогі: пастаўкі зброі антыўрадавым сілам; аказаньне міжнароднага ціску на ўрады Чаду, Альжыру і Сірыі, каб яны спынілі высылку наёмнікаў на дапамогу Кадафі; усталяваньне ў Лібіі зоны, вольнай ад палётаў авіяцыі Кадафі; пасланьне яснага сыгналу генэралам Кадафі, што ўсе яны стануць перад Міжнародным судом у Гаазе, калі не парвуць з дыктатарам.

Брытанскі палітык і дыплямат Пэды Эшдаўн, які быў Высокім прадстаўніком па Босьніі і Герцагавіне ў 2002-2006 г.г., таксама заклікае міжнародную супольнасьць да дзеяньняў у справе Лібіі. У сёньняшнім выданьні The Financial Times Эшдаўн перасьцерагае, што далейшая бязьдзейнасьць сьвету адносна Лібіі можа давесьці да разьні цывільнага насельніцтва, падобнай на тую, якая здарылася ў 1990-х у Босьніі.

Паводле Эшдаўна, міжнародная супольнасьць павінна ўвесьці ў Лібіі зону, вольную ад палётаў, і прымусіць рэжым Кадафі датрымлівацца гэткай забароны палётаў.

Турэччына – супраць вайсковага ўмяшаньня НАТО ў Лібіі

Прэм'ер-міністар Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што лічыць “контрапрадуктыўнай магчымую апэрацыю НАТО ў Лібіі. Наступствы могуць быць надзвычай небясьпечнымі. Вайсковыя мэтады не спрыяюць вырашэньню, а паглыбляюць яе”. Гэтую заяву Эрдаган зрабіў у Стамбуле на канфэрэнцыі з удзелам палітыкаў больш як 20 краінаў сьвету.

Раней прэм’ер-міністар Турэччыны выказаўся супраць увядзеньня якіх заўгодна міжнародных санкцыяў у адносінах да Лібіі, заявіўшы, што яны нашкодзяць ня столькі кіраўніцтву Лібіі, колькі яе народу.

Мядзьведзеў забараніў Кадафі і ягонай сям’і ўезд у Расею

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў указ, які забараняе лідэру Лібіі Муамару Кадафі, яго дзецям і бліжэйшаму атачэньню ўезд у Расею, транзыт праз тэрыторыю краіны, а таксама правядзеньне фінансавых апэрацый у Расtі.

Тэкст указу, датаванага 9 сакавіка, разьмешчаны на афіцыйным сайце Крамля.

У сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Расію, 16 чалавек, уключаючы самога Кадафі.

Іншы сьпіс зьмяшчае прозьвішчы асоб, у дачыненьні да якіх уводзіцца забарона на ажыцьцяўленьне фінансавых апэрацый на тэрыторыі Расеі.
У гэтым дакумэнце імёны шасьці чалавек — самога прэзыдэнта Лібіі, яго чатырох сыноў і дачкі.

У Лібіі школьнікам загадваюць глядзець толькі дзяржаўнае тэлебачаньне

Пасьля трохтыднёвага перапынку лібійскія ўлады адчынілі школы ў сталіцы краіны, Трыпалі, і арганізавалі паездкі ў некаторыя зь іх групам замежных журналістаў.

Паводле сёньняшняга выданьня International Herald Tribune, падчас такіх паездак вучні пры настаўніках наогул гавораць журналістам пра сваю любоў да палкоўніка Муамара Кадафі. Але некаторыя з вучняў, калі няма паблізу настаўнікаў, прызнаюцца журналістам, што пераважная большасьць і вучняў, і настаўнікаў настроеныя супраць рэжыму Кадафі, адно што баяцца прызнавацца ў гэтым публічна.

Паводле International Herald Tribune, афіцэры ўрадавых войскаў наведваюць школы ў сталіцы з гутаркамі, у якім кажуць вучням глядзець толькі дзяржаўнае тэлебачаньне і перасьцерагаюць перад такімі тэлеканаламі як Аль-Джазіра і Аль-Арабія.

Змаганьне за душы і розумы маладога пакаленьня мае для рэжыму Кадафі прыярытэтнае значэньне – траціну насельніцтва Лібіі складаюць дзеці і моладзь да 15 гадоў, а 70 адсоткам лібійцаў ня больш чым 35 гадоў.

13 сакавіка

Сілы Кадафі захапілі Брэгу

Паўстанцы абараняюць Брэгу

У Лібіі сёньня адданыя Муамару Кадафі сілы пры падтрымцы авіяцыі адбілі ў паўстанцаў міжземнаморскі порт Брэгу. Пра гэта паведаміла лібійскае дзяржаўнае тэлебачаньне.

Чакаецца, што заўтра ў Парыжы дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан правядзе сустрэчу з прадстаўнікамі лібійскай апазыцыі. Прызначаная на панядзелак і аўторак сустрэча міністраў замежных спраў краін Вялікай васьмёркі будзе таксама прысьвечана Лібіі.

12 сакавіка

У Лібіі забіты апэратар "Аль-Джазіры"

Арабскі спадарожнікавы тэлеканал “Аль-Джазіра” паведаміў, што ў Лібіі забіты яго апэратар Алі Хасан Джабэр. Інцыдэнт адбыўся каля гораду Бенгазі, апірышча паўстанцаў. Даты і падрабязнасьцяў тэлекампанія не ўдакладняе.

Гэта першае паведамленьне пра гібель замежнага журналіста ў Лібіі.

Арабская ліга абмеркавала крызыс у Лібіі

Ліга арабскіх дзяржаваў заклікала Раду бясьпекі ААН стварыць над Лібіяй забароненую для палётаў зону. Пра гэта паведаміла Эгіпецкае дзяжаўнае тэлебачаньне. Таксама Ліга вырашыла адкрыць каналы сувязі з Радай лібійскіх паўстанцаў, якая знаходзіцца ў Бенгазі. Арабская ліга абмеркавала сёньня ў Каіры крызысную сытуацыю ў Лібіі.

Тым часам паступаюць зьвесткі пра посьпехі ўрадавых войскаў. AFP паведамляе, што пасьля баёў яны выціснулі з гораду Рас-Лануф падразьдзяленьні паўстанцаў.

11 сакавіка

Лідэры Эўразьвязу абмеркавалі сытуацыю ў Лібіі

Лідэры Эўрапейскага Зьвязу на сустрэчы ў Брусэлі ў пятніцу разгледзелі сытуацыю ў Лібіі і заявілі, што кіраўнік дзяржавы Муамар Кадафі павінен “безадкладна” адмовіцца ад улады. Старшыня Эўразьвязу Херман Ван Рампэй заявіў, што Кадафі быў "лідэрам, які страляў у свой уласны народ”.

Раней на саміце прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі і прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран заклікалі лідэраў краінаў Эўрапейскага Зьвязу прыняць плян дзеяньняў для дапамогі лібійскім паўстанцам. Удзельнікі саміту пагадзіліся адносна неабходнасьці “прааналізаваць усе магчымасьці” для абароны грамадзянскага насельніцтва ў Лібіі.

Наступ войскаў Кадафі

У Лібіі войскі Муамара Кадафі атрымалі некалькі перамогаў над паўстанцамі. Журналісты ў горадзе Эз-Завія, які разьмешчаны на захадзе ад Трыпалі, пацьвярджаюць заявы лібійскай дзяржаўнай тэлевізіі пра тое, што пасьля некалькіх дзён баёў вайсковым часткам удалося заняць горад. На ўсходзе краіны паўстанцаў выцесьнілі з гораду Рас-Лануф.

Сын Кадафі Саіф аль-Іслам папярэдзіў, што ўрадавыя войскі рухаюцца да Бенгазі, які знаходзіцца пад кантролем праціўнікаў Кадафі.

Лібійскія паўстанцы: вайсковая параза і дыпляматычныя перамогі

Паўстанцы абараняюць Рас Лануф

Сілы лібійскіх паўстанцаў пад ціскам верных Кадафі танкавых і артылерыйскіх войскаў былі вымушаныя адступіць з раёну Рас Лануфу. Сын Муамара Кадафі Сэйф аль-Іслам заявіў, што ўлады гатовыя прымяніць сілу, каб вызваліць ад апазыцыі усходнюю частку краіны. Раней прэзыдэнт Францыі Ніколя Сарказі і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран у сумеснай заяве заклікалі краіны Эўразьвязу прызнаць Нацыянальную раду лібійскай апазыцыі адзіным легітымным кіраўніцтвам краіны. Прэм’ер-міністар Італіі Сільвія Берлусконі адносна прызнаньня Францыяй Нацыянальнай рады лібійскай апазыцыі заявіў, што гэта – “пазыцыя асобнай дзяржавы”. Аднак пры гэтым міністар замежных спраў Італіі паведаміў, што Рым не прызнае Кадафі ў якасьці легітымнага лідэра.

Лібія: дыпляматычныя посьпехі паўстанцаў

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі сустракаецца, з прадстаўнікамі паўстанцкай Нацыянальнай рады Лібіі

Францыя і Вялікая Брытанія заклікалі Эўразьвяз прызнаць Нацыянальную раду лібійскіх паўстанцаў законным прадстаўніком народу гэтай краіны.

Раней Францыя самастойна зрабіла гэты крок і паабяцала даслаць у лібійскі горад Бэнгазі, дзе знаходзіцца Рада, францускага амбасадара.

Адначасова на міністэрскім саміце арабскіх краінаў Пэрсыдзкай затокі ў Эр-Рыядзе была абнародаваная заява аб падтрымцы паўстанцаў і заклік усталяваць над Лібіяй зону, вольную ад палётаў.

Дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан у чацьвер чарговы раз асьцерагла, што ідэя зоны, вольнай ад палётаў над Лібіяй павінна атрымаць шырокую міжнародную падтрымку. Акрамя таго, яна нагадала, што ўсталяваньне згаданага рэжыму, без падтрымкі наземных войскаў, не прынесла жаданых вынікаў у Сэрбіі ці ў Іраку.

Белы дом скрытыкаваў справаздачу аб верагоднай перамозе Кадафі

Белы дом не падзяляе пазыцыі дырэктара нацыянальнай службы выведкі ЗША Джэймса Клапэра, які заявіў, што рэжым Муамара Кадафі, верагодна пераможа паўстанцаў.

Клапэр заявіў учора на слуханьнях у Сэнаце, што ня бачыць прыкметаў таго, што Кадафі зьбіраецца сысьці ў адстаўку і стварыць умовы для ўрэгуляваньня крызісу ў Лібіі. Ён зазначыў, што войскі Кадафі ўзброеныя лепей, чым паўстанцы і, верагодна, перамогуць.

Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Том Донілон скрытыкаваў выказваньні Клапэра, заявіўшы, што міжнародная ізаляцыя рэжыму Кадафі і рашучасьць лібійскага народу зрынуць яго могуць згуляць вырашальную ролю ў вызначэньні пераможцы канфлікту ў Лібіі.


10 сакавіка

Сын Кадафі пагражае ЗША

Улады Лібіі не зьбіраюцца ўступаць у перамовы з паўстанцамі і маюць намер арганізаваць буйнамаштабную ваенную апэрацыю, каб вярнуць пад свой кантроль усходнюю частку краіны. Такую заяву зрабіў сын лібійскага лідэра Муамара Кадафі Саіф аль-Іслам. Ён засьцярог ЗША і НАТО ад умяшальніцтва ў канфлікт і падкрэсьліў, што лібіцы будуць змагацца супраць іх.

Словы сына лібійскага лідэра прагучалі на тле паведамленьняў пра посьпехі прыхільнікаў Муамара Кадафі, пад ударамі якіх паўстанцы былі вымушаныя ў чацьвер пакінуць горад Рас-Лануф.

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Лібіі

Эўрапейскі парлямэнт зьвярнуўся да лідэраў краінаў Эўразьвязу з заклікам пайсьці ўсьлед за Францыяй і прызнаць створаную лібійскімі паўстанцамі Нацыянальную раду адзіным законным прадстаўніком інтарэсаў народаў Лібіі. Адпаведная рэзалюцыя была ўхваленая на паседжаньні дэпутатаў Эўрапарлямэнту ў Страсбуры.

У адказ на рашэньне Францыі лібійскія СМІ перадалі паведамленьні пра намер Трыпалі разарваць дыпляматычныя адносіны з Парыжам.

Лібія: здабыча нафты паменела ўтрая

Кіраўнік лібійскай Нацыянальнай нафтавай карпарацыі Шокры Ганэм сёньня паведаміў журналістам у Трыпалі аб сытуацыі ў нафтавай галіне краіны.

“Здабыча нафты рэзка зьнізілася, цяпер яна складае паўмільёна барэляў у дзень, у тым часе як раней здабывалася больш як паўтара мільёна ў дзень”, – сказаў Ганэм.

Кіраўнік Нацыянальнай нафтавай карпарацыі адзначыў таксама: “Калі пачаліся хваляваньні, для нас, вядома, самым істотным было паклапаціцца пра бясьпеку людзей, якія працуюць на радовішчах у пустэльнях, а таксама пра бясьпеку і рабочы стан абсталяваньня”.

Чырвоны крыж: у Лібіі – вайна

Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа заявіў сёньня, што Лібія знаходзіцца ў стане “грамадзянскай вайны”.

Прэзыдэнт міжнароднага камітэту Чырвонага крыжа Джакаб Келенбэргер заявіў, што змаганьне паміж войскамі Кадафі і антыўрадавымі сіламі ўзмацяняецца.

Тым часам Францыя сёньня заявіла аб прызнаньні створанай паўстанцамі Нацыянальнай рады легітымным прадстаўніком інтарэсаў лібійскага народу. Францыя – першая краіна, якая гэта зрабіла.

Войскі Кадафі захапілі Завію

Сёньня ў Брусэлі пачаліся дзьве нарады аб Лібіі – міністраў замежных спраў краін ЭЗ і міністраў абароны краін НАТО.

Сярод заходніх краін няма згоды ў пытаньні стварэньня над Лібіяй зонай, вольнай ад палётаў. Увядзеньня рэжыму беспалётнай зоны над Лібіяй дамагаюцца паўстанцы, каб спыніць паветраныя абстрэлы гарадоў авіяцыяй Кадафі.

Муамар Кадафі, тым часам, спрабуе весьці перамовы з заходнімі краінамі. У Афінах сёньня прадстаўнік Кадафі сустрэўся з намеьнікам міністра замежных спраў Грэцыі, а раней падобныя сустрэчы былі праведзеныя ў Партугаліі.

Францыя сёньня заявіла аб прызнаньні створанай паўстанцамі Нацыянальнай рады легітымным прадстаўніком інтарэсаў лібійскага народу.

На поўначы Лібіі вайскоўцы Кадафі наблізіліся да ўскраін гораду Рас-Лануф. Іншы горад, эз-Завія, за які баі працягваліся амаль тыдзень, перайшоў пад катроль праўрадавых сіл, паводле інфармацыі сьведкаў з месца падзеяў.

Францыя прызнае прадстаўніцтва лібійскіх паўстанцаў

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі сёньня прызнаў апазыцыйную “Нацыянальную раду”, утвораную апанэнтамі рэжыму Муамара Кадафі ў горадзе Бэнгазі, як легітымнае прадстаўніцтва лібійскага народу.

Прызнаньне Нацыянальнай рады Францыяй разглядаецца як вялікі дыпляматычны посьпех антыўрадавых сілаў у Лібіі, якія вядуць зацятыя баі зь сіламі Муамара Кадафі за гарады вакол сталіцы краіны Трыпалі.

Сарказі заявіў, што Францыя і Нацыянальная рада Лібіі плянуюць наладзіць фармальныя дыпляматычныя адносіны на ўзроўні амбасадараў.

Тым часам сытуацыя на ваенным фронце ў Лібіі застаецца няяснай. Урадавыя лібійскія сілы заявілі, што адбілі з рук паўстанцаў горад Аль-Завія. У сваю чаргу антыўрадавыя сілы цьвердзяць, што ім удалося ўзяць частку гораду назад пад свой кантроль.

Сёньня прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў указ аб захадах для выкананьня рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, дзейнай ад 26 лютага. Указ Мядзьведзева забараніў пастаўкі з Расеі ў Лібію ўсіх відаў зброі, баявых прыпасаў і вайсковай тэхнікі, а таксама забарону на ўсе віды паслуг, зьвязаных з вайсковай дзейнасьцю.

9 сакавіка

Самалёты Кадафі накіраваліся ў розныя краіны

З Каіру паведамляецца, што ў Эгіпце прызямліўся лібійскі самалёт, які выкарыстоўваецца для перавозкі VIP-асобаў. Паводле непацьверджаных дадзеных, самалёт належыць лібійскаму лідэру Муамару Кадафі.

На борце самалёту з Трыпалі быў генэрал-маёр Абдэль Рахман Алі Саід Заўі. Ён ачольвае лібійскае ведамства, якое займаецца пытаньнямі вайсковага забесьпячэньня. Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва АР, Заўі прыбыў з пасланьнем ад лібійскага лідэра Муамара Кадафі.

Раней арабскі тэлеканал “Аль-Джазіра” перадаў, што тры зь пяці самалётаў, якія належаць сям’і Кадафі, накіраваліся ў бок Вены, Афін і Каіру.


Паветраныя атакі сілаў Кадафі ўзмацняюцца


Праўрадавыя войскі ў Лібіі працягваюць напады на пазыцыі праціўнікоў лібійскага лідэра Муамара Кадафі. Але пасьля тыдняў гвалту, ні адзін з бакоў ня мае рашучай перавагі.

Цяжкія баі ў Лібіі працягваюцца і сёньня. Вайскоўцы Кадафі атакуюць стратэгічна важныя гарады, якія кантралююць паўстанцы, на ўсходзе і захадзе ад сталіцы Трыпалі.

У аль-Завіі баі вядуцца пяты дзень. Войскі Кадафі падмацоўваюць наступ танкамі, ракетамі і артылерыяй, а таксама абстрэльваюць горад з паветра.

Паведамляецца, што праўрадавыя войскі абкружылі гэты горад на захадзе ад Трыпалі. Войскі Кадафі пачалі пэрыядычна бамбаваць горад з паветра. "Цяжкія баі", як паведамляецца, наблізіліся да нафтапераапрацоўчага заводу ў ваколіцах аль-Завіі.

Бэн-Джавад кантралююць сілы Кадафі

А на ўсходзе ад Трыпалі ў горадзе Бэн-Джавад, як паведамілі лібійскія ўлады, ізноў кантроль перайшоў да сілаў Кадафі, тым часам як апазыцыйныя войскі цягам апошніх 48 гадзін адступілі.

Праўрадавыя войскі таксама цягам апошніх сутак нанесьлі шэраг авіяудараў па ваколіцах Рас-Лануфу, дзе знаходзіцца сховішча нафты.

Паўстанцы абстрэльваюць авіяцыю Кадафі ў Рас-Лануфе. Апазыцыя паведаміла, што зьбітыя некалькі праўрадавых самалётаў цягам апошніх двух сутак. Але бальшыня бомбаў скідваецца з адлегласьці, недасягальнай для зэнітнай артылерыі паўстанцаў.

Авіяўдары могуць трапіць у газасховішча

Вялікую трывогу выклікаюць паветраныя ўдары ў ваколіцах Рас-Лануфа. Калі ўдар будзе нанесены па вялізарнаму сховішчу газу ў Рас-Лануфе, то гэта прывядзе да другаснага выбуху, які зьнішчыць усё жывое ў радыюсе 15 км.

Лібійскія паўстанцы заклікалі міжнародную супольнасьць як мага хутчэй дамовіцца аб стварэньні над Лібіяй зоны, свабоднай ад палётаў авіяцыі, каб пакласьці канец паветраным абстрэлам гарадоў вайскоўцамі Кадафі.

У той жа час кіраўнік апазыцыйнай Нацыянальнай рады Мустафа Абдэль Джаліль падкрэсьліў, што паўстанцы супраць адпраўкі ў Лібію замежных войскаў.

Сам Кадафі, падчас свайго сёньняшняга выступу з тэлезваротам, падкрэсьліў, што лібійцы "возьмуцца за зброю", калі Захад увядзе рэжым беспалётнай зоны.

Вялікая Брытанія і Францыя зрабілі найбольш рашучыя заявы адносна ўвядзеньня свабоднай ад палётаў зоны над Лібіяй.

Беспалётная зона над Лібіяй

Дзржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што вельмі істотна, каб рашэньне аб рэжэме беспалётнай зоны над Лібіяй грунтавалася на рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН.

Эўрапарлямэнтары сёньня заклікалі лідэраў ЭЗ афіцыйна прызнаць лібійскую апазыцыю і ўвесьці рэжым беспалётнай зоны над Лібіяй.

Раней сёньня ў Страсбуры дэлегацыя лібійскай апазыцыі сустрэлася з вышэйшай кіраўніцай ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі Катрын Эштан, а таксама выступіла ў Эўрапейскім парлямэнце.

Катрын Эштан сказала пасьля гэтай сустрэчы, што ЭЗ павінен падтрымаць эвакуацыю мірных жыхароў Лібіі.

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі ў сваім выступе па дзяржаўным тэлебачаньні абвінаваціў "замежныя элемэнты" у распальваньні беспарадкаў у краіне.

Як паведамляе ВВС, падчас гэтага выступу палкоўнік Кадафі выглядаў упэўнена і дэманстраваў баявы настрой.

За тры тыдні ўзброенага канфлікту ў Лібіі загінулі тысячы чалавек. Дакладных зьвестак пра ахвяры няма.


У Лібіі вядуцца цяжкія баі за гарады

Вайсковыя сілы Муамара Кадафі задзейнічалі танкі, авіяцыю і ракеты для нападаў на гарады, якія кантралююць паўстанцы.

Кадафі абвінавачвае Захад у распальванні беспарадкаў

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі ў сваім выступе па дзяржаўным тэлебачаньні абвінаваціў "замежныя элемэнты" ў распальваньні беспарадкаў у краіне.

Як паведамляе ВВС, падчас гэтага выступу палкоўнік Кадафі выглядаў упэўнена і дэманстраваў баявы настрой на тле працяглых сутыкненьняў паўстанцаў з урадавымі войскамі.

Барак Абама і Дэвід Кэмэран

Вашынгтон і Лёндан абмеркавалі Лібію

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран правялі перамовы адносна сытуацыі ў Лібіі. Лідэры пагадзіліся, што Муамар Кадафі павінен як найхутчэй пакінуць сваю пасаду і ня выключылі ўсталяваньне над Лібіяй зоны, свабоднай ад палётаў. На мінулым тыдні дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан падкрэсьліла, што пытаньне аб любым вайсковым умяшальніцтве ў лібійскія падзеі павінна вырашаць Рада Бясьпекі ААН.

8 сакавіка

У Лібіі працягваюцца баі

У Лібіі ў аўторак працягваліся баі ў раёне гораду Эз-Завія, што знаходзіцца на адлегласьці 50 кілямэтраў ад Трыпалі. Улады Лібіі сьцьвярджаюць, што адбілі горад у паўстанцаў, аднак, паводле паведамленьняў зь месцаў, паўстанцы ўсё яшчэ ўтрымліваюць цэнтральную плошчу. Горад узяты ў блякаду, вядзецца бамбаваньне. Разбураны шматлікія будынкі.

На ўсходзе краіны войскі Муамара Кадафі бамбавалі і абстрэльвалі з ракетаў порт Рас-Лануф. Цяжка параненыя як наменей 26 чалавек. Раней ўлады Лібіі абверглі паведамленьні пра спробы ўступіць у перамовы з антыўрадавымі сіламі.

ЗША і іх саюзьнікі па НАТО не выключаюць магчымасьці выкарыстаньня ваенных захадаў супраць рэжыму Муамара Кадафі.

Арабская Ліга абмяркуе сытуацыю ў Лібіі


Міністры замежных спраў краін Арабскай Лігі правядуць надзвычайную сустрэчу для абмеркаваньня сытуацыі ў Лібіі, дзе працягваюцца напады войскаў Кадафі на гарады, захопленыя паўстанцамі.

Раней сёньня Арганізацыя ісламскай канфэрэнцыі далучылася да заклікаў міжнароднай супольнасьці стварыць над Лібіяй зону, вольную ад палётаў, у адказ на паветраныя абстрэлы вайсковых сілаў Кадафі шэрагу гарадоў краіны.

Вялікая Брытанія і Францыя падрыхтавалі праект рэзалюцыі для Рады бясьпекі ААН аб стварэньні над Лібіяй зоны, вольнай ад палётаў. Расея заявіла, што выступае супраць вайсковай інтэрвэнцыі ў Лібію.


Кадафі заявіў, што не зьбіраўся размаўляць з паўстанцамі

Улады Лібіі сёньня абверглі паведамленьні аб спробах Муамара Кадафі распачаць перамовы з паўстанцамі.

Раней тэлекампанія “Аль-Арабія” перадала, што прадстаўнікі Кадафі спрабавалі прапанаваць умовы перамір’я кіраўніцтву паўстанцаў.

Паведамляецца пра новыя удары авіяцыі Кадафі па горадзе Рас-Лануф, які абараняюць паўстанцы. Дакладных зьвестак аб ахвярах пакуль няма.

ЗША і іх саюзьнікі па НАТО не выключаюць магчымасьці ўжыць вайсковую сілу супраць рэжыму Кадафі. У тым жа часе Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае, што пастаўкі зброі антыўрадавым сілам не рабіліся.

Абама папярэдзіў Кадафі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама папярэдзіў кіраўніцтва Лібіі аб адказансьці за гвалт супраць цывільнага насельніцтва.

Вашынгтон і яго саюзьнікі па НАТО не выключаюць магчымасьці вайсковых захадаў супраць рэжыму Муамара Кадафі.

У тым жа часе Дзярждэпартамэнт ЗША падкрэсьлівае, што пакуль не робіць пастаўкі зброі лібійскм антыўрадавым сілам. НАТО неперарыўна сочыць за Лібіяй пры дапамозе сыстэмаў радыёэлектроннага сачэньня.

Францыя і Вялікая Брытанія паведамілі, што будуць дамагацца адабрэньня Радай бясьпекі ААН пляну стварэньня над Лібіяй зоны, вольнай ад палётаў.

Баі паміж войскамі Кадафі і паўстанцамі на ўзьбярэжжы Лібіі працягваюцца. Дакладных зьвестак аб ахвярах няма, але вядома, што ад пачатку хваляваньня загінулі тысячы чалавек.

Лібія: паўстанцы не прынялі адстаўкі Кадафі

Лібійскі паўстанец: "Мы заб'ем Кадафі"

Кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі прапанаваў апазыцыі абмеркаваць дэталі яго адстаўкі на адмысловай сэсіі парлямэнту, аднак паўстанцы адкінулі гэтую прапанову, паведамляе канал Аль-Джазіра.

Тым часам урадавыя войскі, пры падтрымцы авіяцыі, працягваюць штурм падкантрольнага паўстанцам гораду Рас-Лануф.

Вялікая Брытанія рыхтуе праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН па ўсталяваньні зоны, вольнай ад палётаў над тэрыторыяй Лібіі. Краіны Пэрсыдзкай затокі ўжо заявілі аб гатовасьці падтрымаць гэты крок.

Лібія: баі на ўзьбярэжжы

У Лібіі за мінулыя суткі йшлі баі ўздоўж усяго міжземнаморскага ўзьбярэжжа краіны. Зьвесткі аб посьпехах і стратах антыўрадавых войскаў і сілаў, верных Муамару Кадафі, застаюцца супярэчлівымі. Пры гэтым, розныя крыніцы сыходзяцца на тым, што лік параненых ідзе на сотні.

Паведамляецца, што паўстанцы ўсё яшчэ ўтрымліваюць шэраг важных гарадоў і зьбіраюцца перайсьці ў наступ на Сірт – горад дзе нарадзіўся Муамар Кадафі.

Рыхтуючыся да наступу, паўстанцы, аднак пакінулі без абароны горад Бін Джавад, які перайшоў пад кантроль праўрадавых сіл.

7 сакавіка

Абама: ЗША не выключаюць ваеннай апэрацыі ў Лібіі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі па НАТО, як і раней, не выключаюць правядзеньня ваеннай апэрацыі ў Лібіі, каб спыніць гвалт у гэтай краіне.

Пасьля перамоваў у Белым доме з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Джуліяй Гілард Абама заявіў, што ЗША – на баку лібійскага народу, супраць якога Муамар Кадафі выкарыстоўвае “недапушчальны” гвалт. Абама таксама паведаміў, што будуць выдзеленыя дадатковыя сродкі на гуманітарную дапамогу ўцекачам зь Лібіі.

Раней генэральны сакратар альянсу Андэрс Фог Расмусэн на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі заявіў, што НАТО не зьбіраецца ваеннымі дзеяньнямі ўмешвацца ў сытуацыю ў Лібіі, але як абаронны зьвяз і арганізацыя, што нясе адказнасьць за бясьпеку, НАТО павінна распрацоўваць захады засьцярогі на любыя выпадкі разьвіцьця падзеяў.

Генэральны сакратар НАТО засьцярог Лібію

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі. 7 сакавіка 2011 г.

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн сёньня папярэдзіў, што напады на цывільных грамадзянаў у Лібіі можна прыраўняць да “злачынстваў супраць чалавечнасьці”.

Заява Расмусэна ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі прагучала пасьля патрабаваньня генэральнага сакратара Пан Гі Муна ў часе размовы з міністрам замежных спраў Лібіі Мусой Кусой спыніць “неразборлівыя” напады на цывільных грамадзянаў.

ЗША замарозілі больш лібійскіх грошай, чым чакалі

25 лютага прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў распараджэньне ад замарожаньні фінансавых актываў рэжыму Муамара Кадафі, якія знаходзяцца ў амэрыканскіх банках. Амэрыканскія фінансавыя інспэктары ўстанавілі, што пад гэтыя санкцыі падпадаюць 32 мільярды даляраў – сума значна большая, чым яны спачатку меркавалі.

Місія ААН едзе ў Лібію

ААН накіравала групу сваіх экспэртаў у Лібію для аналізу гуманітарнай сытуацыі, у тым часе як ўзмацніліся баі паміж войскамі Муамара Кадафі і паўстанцамі.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун прызначыў былога міністра замежных спраў Ярданіі Абдэлілу аль-Хатыба сваім спэцыяльным пасланьнікам ў Лібію.

Паведамляецца аб шматлікіх параненых і забітых ў часе баёў за гарады на ўзьбярэжжы краіны.

Войскі, якія падпарадкуюцца Кадафі, пры нападах на гарады, якія кантралююць паўстанцы, ужываюць танкі, артылерыю і гэлікоптары.

Асабліва цяжкія баі былі ў горадзе Місрата, прыкладна ў 200 км на ўсход ад ад сталіцы Трыпалі, дзе ў нядзелю вайскоўцы Кадафі увайшлі ў горад, але праз некалькі гадзінаў былі адбіты паўстанцамі, якія вярнулі сабе кантроль у горадзе.

Паведамляецца жыхары порту Рас-Лануф уцякаюць з гораду, ратуючыся ад нападаў вайскоўцаў Кадафі.

Лібія: паўстанцы страцілі горад

Паўстанцы ў Рас-Лануфе асвойваюць зэнітныя ўстаноўкі перад нападам урадавых сіл

Зь Лібіі паступаюць супярэчлівыя зьвесткі адносна ходу баёў паміж паўстанцамі і сіламі, ляяльнымі Муамару Кадафі.

Інфармацыйныя агенцтвы паведамляюць, што за мінулыя суткі ўрадавыя войскі ўвайшлі ў горад Місрата ў 200 кілямэтрах на ўсход ад Трыпалі, але празь некалькі гадзінаў былі выбітыя адтуль апанэнтамі Кадафі.

Паведамляецца таксама, што войскі Кадафі штурмавалі пазыцыі паўстанцаў паблізу гораду Рас-Лануф – прыблізна ў 700 кілямэтрах на ўсход ад сталіцы.

У нядзелю антыўрадавыя апалчэнцы былі змушаныя пакінуць горад Бін-Джавад.

Лібія: ААН пагражае пакараць за цывільныя ахвяры

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў да спыненьня "безразборных" нападаў на цывільных грамадзян Лібіі, папярэдзіўшы, што ўсе адказныя за такія напады будуць пастаўленыя перад правасудзьдзем.

Заява прагучала ў тэлефоннай размове Пан Гі-Муна зь міністрам замежных спраў Лібіі Мусам Куса пасьля таго, як сілы, верныя Муамару Кадафі, штурмавалі падкантрольныя паўстанцам гарады пры дапамозе авіябамбаваньня і артылерыйскага абстрэлу.

Куса, у сваю чаргу, пагадзіўся зь неабходнасьцю прыбыцьця ў Лібію групы экспэртаў ААН для ацэнкі гуманітарнай сытуацыі.

6 сакавіка


Паўстанцы ў Лібіі ўтрымліваюць пазыцыі

Людзі ідуць за танкам, на якім вайскоўцы Кадафі, якія перайшлі да паўстанцаў, у горадзе Завія, у 50 км на захад ад Трыпалі.

У Лібіі войскі, якія падпарадкуюцца Муамару Кадафі, правялі сёньня шэраг апэрацыяў супраць гарадоў, якія захапілі паўстанцы.

Сёньня ж прыхільнікі Кадафі выйшлі на вуліцы сталіцы Трыпалі і стрэламі ў паветра віталі абвешчаную лібійскімі ўладамі перамогу над паўстанцамі.

Лібійскае дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што войскі Кадафі перамаглі паўстанцаў ва ўсходнім горадзе Бэнгазі.

Тым часам паступілі паведамленьні ад паўстанцаў з гарадоў Завія і Місрата, што яны адбілі атакі вайскаў Кадафі, якіх падтрымлівала артылерыя, танкі і паветраныя сілы. Паўстанцы таксама паведамілі, што адбілі ў войскаў Кадафі горад Бін Джавад непадалёк ад Рас-Лануфа.

Сёньня прэсавы прадстаўнік паўстанцаў Ваніф Боў Ханада абверг заявы ўраду Лібіі, што порт Рас-Лануф больш не кантралююць паўстанцы:

“У заяве ад імя народу Лібіі рэвалюцыйныя сілы пацьверджаюць, што яны па-ранейшаму кантралююць тэрыторыі, якія былі імі вызваленыя і што паведамленьні ў эфіры ад імя Кадафі непраўдзівыя. Самі журналісты на месцах могуць гэта пацьвердзіць”.

Брытанскія дыпляматы не дамовіліся з паўстанцамі ў Лібіі

Вялікая Брытанія паведаміла, што “невялікая група дыпляматаў”, якая знаходзілася ва ўсходнім лібійскім горадзе Бэнгазі пакінула краіну пасьля сутыкненьняў з “цяжкасьцямі”.

Паводле кіраўніка брытанскага зьнешнепалітычнага ведамства, дыпляматы наведвалі Лібію, каб "распачаць кантакты з паўстанцамі".

Прэсавы прадстаўнік нацыянальнай рады паўстанцаў Лібіі Абдуль Хафіз Гокуа заявў, што паўстанцы адмовіліся размаўляць з брытанскай дэлегацыяй, якая прыехала ў Лібію без папярэдняй дамоўленасьці.

Раней паведамлялася, што ў брытанскую дэлегацыю ўваходзілі вайскоўцы брытанскіх спэцыяльных сілаў SAS, якія былі затрыманыя ў Бэнгазі апанэнтамі рэжыму Муамара Кадафі.

Інцыдэнт здарыўся ў тым часе, калі ўзмацніліся баі паміж паўстанцамі і ўрадавымі войскамі.

Лібія: паўстанцы ўтрымліваюць гарады

Лібійскія паўстанцы абстрэльваюць авіяцыю Кадафі каля гораду Бін Джавад, 5 сакавіка 2011 г.

У Лібіі войскі, адданыя Муамару Кадафі, працягваюць наступы на некалькі гарадоў, якія кантралююць паўстанцы.

Баі адбываюцца побач з гарадамі Місрата на захадзе і Рас-Лануф на ўсходзе краіны.

Порт Рас-Лануф па-ранейшаму знаходзіцца ў руках паўстанцаў, аднак ім давялося адступіць з разьмешчанага на ўсходзе ад Рас-Лануфу гораду Бін Джавад.

У баях за Рас-Лануф быў зьбіты гэлікоптар, які абстрэльваў пазыцыі паўстанцаў. Паведамляецца таксама, што паранены адзін францускі журналіст.

Улады ў Трыпалі пераконваюць, што Рас-Лануф і Місрат ўжо перайшлі пад іх кантроль. Прыхільнікі Кадафі ў Трыпалі, дзе сёньня з раніцы былі чутныя стрэлы, правялі мітынг на знак сьвяткаваньня перамогі, аднак паведамленьні з месцаў баёў абвяргаюць цьверджаньні лібійскіх уладаў.


Лібійскія паўстанцы адступілі зь Бін Джаваду

Стратэгічна важны лібійскі порт Рос-Лануф па-ранейшаму знаходзіцца ў руках паўстанцаў, аднак ім давялося адступіць з разьмешчанага на ўсходзе ад Рос-Лануфу гораду Бін Джавад. Паўстанцы паведамляюць, што верныя Кадафі сілы лепш ўзброеныя. Ваяўнікі хаваюцца сярод грамадзянскага насельніцтва і вядуць абстрэл з дахаў.

Стральба на вуліцах Трыпалі

У сталіцы Лібіі Трыпалі сёньня раніцай вялася інтэнсіўная стральба на вуліцах, у тым ліку ў раёнах, прылеглых да рэзыдэнцыі лібійскага кіраўніка Муамара Кадафі.

Улады запэўніваюць, што страляюць адданыя Кадафі салдаты з нагоды перамогі над паўстанцамі ў Рос-Лануфе. Апазыцыя сьцьвярджае, што стратэгічна важны порт Рос-Лануф па-ранейшаму знаходзіцца ў яе руках. Паступаюць паведамленьні аб ракетным а


5 сакавіка

Паўстанцы адбілі штурм Эз-Завіі

У Лібіі ў падкантрольным паўстанцам горадзе Эз-Завія, пасьля дня інтэнсіўных баёў, усталявалася зацішша, паведамляе Бі-бі-сі, са спасылкай на мясцовых жыхароў.

Танкі праўрадавых сілаў, якія абстрэльвалі будынкі ў цэнтры гораду, зь невядомых прычынаў нечакана адступілі.

Паведамляецца, што вялікая колькасьць дамоў былі разбураныя ці спаленыя, загінулі прынамсі 30 чалавек, сярод якіх бальшыня – цывільныя асобы.

Эз-Завія знаходзіцца ў 50 кілямэтрах ад сталіцы Лібіі Трыпалі, якую ўсё яшчэ ўтрымліваюць сілы верныя кіраўніку краіны Муамару Кадафі.

Тым часам паўстанцы на ўсходзе працягваюць наступ у накірунку да сталіцы. Напярэдадні яны ўзялі нафтапрамысловы горад Рас-Лануф.


Лібія: апазыцыя сфармавала Нацыянальную раду

У Лібіі сёньня мае адбыцца першае паседжаньне Нацыянальнай рады, якую сфармавалі апазыцыйныя сілы ў кантраляваным імі горадзе Бенгазі. Раду ачольвае Мустафа Абдэль Джаліль -- былы міністар юстыцыі Лібіі. Ён даўно далучыўся да паўстанцаў. У раду ўваходзяць яшчэ каля 30 сяброў з розных гарадоў краіны. Рада будзе палітычныім органам паўсталых.

Месца, дзе адбудзецца паседжаньне, не паведамляецца з прычыны бясьпекі.


Лібія: баі ў Эз-Завіі


У Лібіі войскі, якія на баку Муамара Кадафі, вядуць танкавы абстрэл жылых раёнаў у горадзе Эз-Завія на запад ад сталіцы Трыпалі. Паведамляецца, што ў горад увайшлі 15 браневікоў і танк.

Урад Кадафі папрасіў ААН прыняць новага прадстаўніка Лібіі ў гэтай аврганізацыі і не прызнаваць дыляматычных паўнамоцтваў былога пасланца Лібіі ў ААН і ягонага намесьніка, якія абвясьцілі аб сваёй салідарнасьці з паўстанцамі. Таксама ўрад Кадафі зьвярнуўся ў Раду бясьпекі ААН з просьбай прыпыніць санкцыі сцупраць Лібіі, што былі ўведзеныя на мінулым тыдні.


У Лібіі заблякаваны інтэрнэт


У Лібіі цалкам блякаваны доступ да інтэрнэту. Пра гэта паведамілі, сярод іншых, супрацоўнікі базаванай у ЗША кампаніі Arbor Networks, якая займаецца пытаньнямі выкарыстаньня інтэрнэту, і прадстаўнікі Google, якія паведамілі, што іх сайт недаступны на тэрыторыі Лібіі ад чацьвярга.

У краіне працягваюцца жорсткія баі паміж войскамі, што на баку Муамара Кадафі, і сіламі апазыцыі. Паўстанцы адрынулі паведамленьні, што вайскоўцы выцесьнілі іх з гораду Эз-Завія. Паведамляецца пра шматлікія ахвяры. У Бенгазі, які ўтрымлівае апазыцыя, ахвярамі некалькіх выбухаў на складах са зброяй сталі ня меней за 17 чалавек.

4 сакавіка

Лібія: 50 ахвяраў у выніку баёў за Эз-Завію

У Лібіі вядуцца баявыя дзеяньні за горад Эз-Завія на захадзе ад сталіцы Трыпалі.

Паводле агенцтва “Reuters”, колькасьць загіблых дасягнула 50. Паведамляецца, што ў ліку ахвяраў адзін зь лідэраў пастанцаў.

Дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што горад ужо кантралююць праўрадавыя сілы, але паўстанцы заявілі, што па-ранейшаму ўтрымліваюць Эз-Завію.

Баі таксама адбываюцца ў партовым горадзе Рас-Лануф на ўсходзе краіны.

Сёньня сілы бясьпекі ўжылі сьлезацечны газ і адкрылі агонь па пратэстоўцах у сталіцы Трыпалі, калі пасьля пятнічных малітваў людзі выйшлі на дэманстрацыі з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта Кадафі.

Інтэрпол сёньня выдаў “гэтак званае папярэджаньне аб небясьпецы”, якую ўяўляюць Кадафі і ягонае бліжэйшае атачэньне. Міжнародны крымінальны суд расьследуе абвінавачаньне Кадафі ў злачынствах супраць чалавечнасьці.

Пратэсты ў Трыпалі – разагнаныя

Сілы бясьпекі разагналі сёньня праціўнікаў лібійскага лідэра Муамара Кадафі, якія сабраліся ў сталіцы Лібіі, Трыпалі, дамагаючыся яго адстаўкі.

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля пятнічных малітваў у адным з раёнаў Трыпалі, дамагаючыся яго адстаўкі.

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля пятнічных малітваў з раёнаў Трыпалі, выкрыкваючы антыўрадавыя лёзунгі.

Сілы бясьпекі спачатку разагналі пратэстоўцаў сьлезацечным газам, а калі тыя сабраліся ізноў – адкрылі па іх агонь.

Тым часам ААН паведамляе, што ўзброеныя людзі перашкаджаюць пераходу ўцекачоў зь Лібіі ў Туніс. У чацьвер лібійска-туніскую мяжу перасеклі 2 тысячы чалавек, замест 10-15 тысяч у папярэднія дні.

Лібія: пратэсты ў сталіцы

Лібія: валянтэры ў чарзе на запіс у паўстанцкае войска

У сталіцы Лібіі Трыпалі сотні апанэнтаў Муамара Кадафі выйшлі на вуліцы, патрабуючы адстаўкі лібійскага кіраўніка.

Паведамляецца, што сілы бясьпекі ўжываюць супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ.

На мінулым тыдні апазыцыйныя выступы ў Трыпалі былі расстраляныя.

На ўсходзе Лібіі працягваюцца сутыкненьні паміж войскамі, вернымі Кадафі, і паўстанцамі. Паведамляецца, што праўрадавыя сілы ізноў бамбілі пазыцыі праціўнікаў Кадафі.

Эгіпет: прэм'ер выйшаў да пратэстоўцаў па "легалізацыю"

Новапрызначаны прэм'ер Эгіпту Есам Шараф, выступіў сёньня на масавым мітынгу ў Каіры.

Зьвяртаючыся да дэманстрантаў на плошчы Тагрыр, Шараф заявіў, што зробіць усё магчымае, каб "выканаць іхныя патрабаваньні". Паводле прэм'ера, ён прыйшоў на плошчу атрымаць легітымнасьць.

Масавыя пратэсты ў Каіры і іншых месцах Эгіпту ў лютым прывялі да адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака. Дэманстрацыі, аднак, не спыніліся. Іх удзельнікі дамагаюцца ад вайсковай улады вызваленьня палітвязьняў і скасаваньня рэжыму надзвычайнага становішча.

Напярэдадні Найвышэйшая вайсковая рада адправіла ў адстаўку папярэдняга прэм'ера Ахмэда Шафіка, прызначанага яшчэ Мубаракам. Есам Шараф, які заняў ягоную пасаду, раней быў міністрам транспарту.

Брытанія затрымала карабель зь лібійскімі грашыма

Судна зь лібійскай валютай агульнай сумай каля 160 мільёнаў даляраў затрыманае брытанскімі ўладамі ў порце Гарвіч на ўсходзе Англіі, паведамляе Бі-бі-сі.

Прадстаўнік брытанскага МЗС патлумачыў затрыманьне тым, што валюта, якая знаходзілася на яго борце, падпадае пад санкцыі ААН.

Кіраўнік Лёнданскай школы эканомікі сышоў з-за Кадафі

Кантакты з рэжымам Муамара Кадафі давялі да адстаўкі дырэктара элітнай і рэспэктабэльнай Лёнданскай школы эканомікі (ЛШЭ) Гаўэрда Дэйвіса.

Трыпалі: ўрад рыхтуецца здушаць пратэсты

Ляяльны Кадафі вайсковец ля блёкпосту ў Трыпалі

Сілы бясьпекі, верныя лібійскаму лідэру Муамару Кадафі ўсталявалі на вуліцах сталіцы краіны Трыпалі блёкпасты, каб прадухіліць заплянаваныя на сёньня выступы апазыцыі.

Апанэнты Кадафі заклікаюць да пратэстаў пасьля пятнічнай малітвы. На гэты момант вуліцы пустыя. У мінулую пятніцу пратэстоўцаў атакавалі ўзброеныя прыхільнікі дзейнага кіраўніка краіны.

Замежным журналістам сёньня забараняецца пакідаць гатэль, заблякаваны інтэрнэт.

Сёньня ўрадавая авіяцыя нанесла новыя ўдары па нафтапрамысловым горадзе Брэга і суседнім мястэчку Адждабіях на ўсходзе краіны. Прыхільнікі Кадафі неаднаразова бамбавалі Брэгу і спрабавалі ўзяць горад штурмам, але паўстанцы, пры падтрымцы вайскоўцаў, што перайшли на іх бок, працягваюць утрымліваць пазыцыі.

Паўстанцы ў Лібіі адмовіліся весьці перамовы з Кадафі

Лібійскія паўстанцы, якія змагаюцца з Муамарам Кадафі, адмовіліся весьці зь ім перамовы.

Лібійская нацыянальная рада, створаная ў горадзе Бенгазі апазыцыяй, назвала адстаўку Кадафі як умову ўрэгуляваньня крызісу. Раней паступала інфармацыя, што парадстаўнік Кадафі спрабаваў наладзіць кантакты з апазыцыяй.

Абама разглядае ўсе варыянты дзеяньняў адносна Лібіі

Муамар Кадафі і Барак Абама ў часе саміту "вялікай васьмёркі" , ліпень 2009 г.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ён працягвае разглядаць усе варыянты дзеяньняў адносна Лібіі, у тым ліку і вайсковыя дзеяньні.

Абама заявіў у чацьвер у Вашынгтоне, што падтрымлівае патрабаваньні лібійскай апазыцыі аб адстаўцы Муамара Кадафі. Абама даў зразумець, што не выключае ўсталяваньня над Лібіяй “зоны, свабоднай ад палётаў” – каб перашкодзіць ваенна-паветраным сілам Кадафі бамбаваць паўстанцаў. Аднак Абама падкрэсьліў, што у цяперашні час асноўныя намаганьні ЗША сканцэнтраваныя на дапамозе ўцекачам і прадухіленьні гуманітарнага крызісу.

3 сакавіка

Абама заявіў, што Кадафі страціў легетымнасьць

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сёньня заявіў, што лідэр Лібіі Муамар Кадафі ня мае законнага права заставацца на сваёй пасадзе і павінен сысьці ў адстаўку.

Абама заявіў гэта ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме.

“Мы будзем працягваць паўтараць: гвалт павінен быць спынены, Муамар Кадафі страціў сваё законнае права на прэзыдэнцтва і павінен сысьці. Тыя, хто чынілі гвалт супраць лібійскага народу, павінны адказаць за гэта. Спадзяваньні лібійцаў на дэмакратыю, свабоду і годнасьць павінны быць задаволе

Санкцыі супраць Кадафі каштуюць Расеі 4 мільярды

Страты Расеі ад міжнароднай забароны на пастаўкі зброі ў Лібію складуць 4 мільярды даляраў. З такой заявай выступіў сёньня ачольнік дзяржаўнага канцэрну "Ростехнологии" Сяргей Чэмезаў.

Арабскі сьвет зьяўляецца найбуйнейшым пакупніком расейскай зброі пасьля Кітаю ды Індыі.

Суд у Гаазе назваў падазраваных ў справе Лібіі

Міжнародны крымінальны суд заявіў, што правядзе расьсьледаваньне адносна дачыненьня кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, яго сыноў і найбліжэйшага атачэньня адносна злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Генэральны пракурор суду ў Гаазе Луіс Марэна-Акампа заявіў, што пасьля 15 лютага сілавыя структуры падначальныя Кадафі атакавалі мірных дэманстрантаў у шэрагу гарадоў краіны.

Заява суду прагучала на фоне бамбардаваньня авіяцыяй Кадафі падкантрольных паўстанцам гарадоў на ўсходзе краіны.

Ці будзе Захад ваяваць у Лібіі?

У Лібіі працягваюцца баі паміж сіламі Муамара Кадафі і паўстанцамі. Амэрыканскія вайскоўцы гавораць аб цяжкасьцях гіпатэтычнага ваеннага ўмяшальніцтва. Міжнародны крымінальны суд у Гаазе рыхтуе абвінавачваньні супраць прадстаўнікоў лібійскага рэжыму.


Авіяцыя Кадафі бамбардуе паўстанцаў

Лівійскія вайсковыя самалёты ўчынілі бамбардзіроўку гораду Брэга, на ўсходзе краіны, паведамляе Бі-бі-сі.

Паводле заявы прадстаўніка паўстанцаў, што кантралююць горад, удары былі нанесеныя па лётнішчы і нафтавым тэрмінале.

Напярэдадні паўстанцам удалося адбіць наступ войскаў, якія падтрымліваюць Муамара Кадафі.

Лібія трымае ў палоне галяндзкіх салдатаў

Улады ў Лібіі ўтрымліваюць у палоне трох галяндзкіх вайскоўцаў, паведаміла сёньня міністэрства абароны Галяндыі. У мінулую нядзелю верталёт з вайскоўцамі прызямліўся непадалёку ад гораду Сірт, каб вывезьці адтуль двух галяндзкіх працаўнікоў.

Пасьля пасадкі вайскоўцаў іх акружылі ўзброеныя людзі, ляяльныя прэзыдэнту краіны Муамару Кадафі.

Працаўнікоў, якія таксама былі затрыманыя, пазьней адпусьцілі.

Галяндзкія ўлады вядуць перамовы зь лібійцамі і спадзяюцца на хутчэйшае вызваленьне сваіх грамадзян.

Суд у Гаазе назаве падазраваных ваенных злачынцаў у Лібіі

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Луіс Марэна-Акампа абвесьціць сёньня сьпіс асобаў, у дачыненьні да якіх будзе праводзіцца расьсьледаваньне ў сувязі з ваеннымі злачынствамі ў Лібіі.

Трыбунал ужо зьвярнуўся да Рады бясьпекі ААН з запытам аб расьсьледаваньні празьмернага ўжываньня сілы ўладамі супраць пратэстоўцаў.

У Лібіі працягваюцца сутыкненьні праўрадавых сілаў з паўстанцамі.

2 сакавіка

Кадафі абяцае кожнай сям'і 400 даляраў у месяц

Лібійскія ўлады абяцаюць кожнай сям'і ў краіне штомесячную выплату памерам 500 дынараў (каля 400 даляраў) у якасьці фінансавай падтрымкі.

Адпаведнае паведамленьне, пазначанае "тэрмінова" зьявілася на дзяржаўным тэлебачаньні Лібіі, паведамляе Бі-бі-сі.


ЗША "далёкія" ад нападу на Лібію

Увядзеньне рэжыму "зоны, вольнай ад палётаў" над тэрыторыяй Лібіі патрабуе папярэдняга нападу на гэтую краіну з мэтай зьнішчэньня лібійскіх сыстэмаў супрацьпаветранай абароны. Пра гэта заявіў кіраўнік Пэнтагону Робэрт Гэйтс на слуханьнях у кангрэсе ЗША, паведамляе Бі-бі-сі.

Раней Вялікая Брытанія назвала недапушчальным, тое, што праўрадавыя сілы ў Лібіі забіваюць паўстанцаў пры дапамозе баявой авіяцыі і заклікала да ўвядзеньня "зоны, вольнай ад палётаў" у паветранай прасторы гэтай краіны.

Дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан заявіла сёньня ў кангрэсе, што ЗША знаходзяцца яшчэ далёка ад таго моманту, калі трэба вырашаць аб усталяваньні "зоны, вольнай ад палётаў".

Кадафі страціў чарговы горад

Сілы, верныя рэжыму Муамара Кадафі, былі сёньня выбітыя з гораду Брэг на поўначы краіны, дзе знаходзіцца буйны порт і нафтаперапрацоўчы завод.

Сам лібійскі лідэр выступіў сёньня перад сваімі прыхільнікамі ў Трыпалі. Кадафі назваў перабольшаньнем зьвесткі аб тысячах ахвяраў сутыкненьняў яго войскаў з апазыцыяй і заявіў, што будзе змагацца да "апошняга мужчыны і жанчыны". Пазьней у часе прамовы Кадафі наогул адпрэчыў існаваньне апазыцыйных выступаў у краіне.

Краіны Захаду нарошчваюць ціск на лібійскі рэжым. Паведамляецца, што група караблёў ЗША прайшла праз Суэцкі канал і накіравалася да берагоў Лібіі.

Гааскі суд распачынае справу па Лібіі

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачынае афіцыйнае расьсьледаваньне ў сувязі з магчымымі злачынствамі супраць чалавечнасьці ў Лібіі. Прадстаўнікі суду заяўляюць, што імёны тых, на каго распаўсюдзіцца расьсьледаваньне, будуць агучаныя ў чацьвер.

Заява суду была зробленая ўсьлед за паведамленьнямі аб тым, што ўрад Лібіі выкарыстаў ваенную сілу для барацьбы з дэманстрантамі.

Кадафі выступіў у Трыпалі

Лібійскі лідэр Муамар Кадафі, выступаючы сёньня ў Трыпалі перад сваімі прыхільнікамі, абвінаваціў “Аль-Кайду” у арганізацыі беспарадкаў у краіне, а замежныя СМІ – у падбухторваньні да іх.

Сын Кадафі Сайф аль-Іслам раней заявіў, што на працягу двух дзён войскі, ляяльныя рэжыму, павінны аднавіць кантроль над большай часткай тэрыторыі Лібіі.

Тым часам паступаюць супярэчлівыя паведамленьні аб баях паміж сіламі прыхільнікаў і праціўнікаў Кадафі на ўсходзе краіны, у прыватнасці аб тым, у чыіх руках цяпер знаходзіцца горад Брэг, дзе месьціцца буйны порт і нафтаперапрацоўчы завод.

Войскі Кадафі занялі лібійскі горад Брэг

З Лібіі паступаюць паведамленьні аб наступе ўрадавых сіл на пазыцыі паўстанцаў на ўсходзе краіны. Войскі, ляяльныя Муамару Кадафі, занялі горад Брэг, дзе месьціцца адзін з найбуйнейшых у краіне нафтаперапрацоўчых заводаў. Як паведамляе ВВС, пры гэтым па Брэгу наносіліся ўдары з паветра. Бамбавалі і суседні горад Адждамбія, які знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў.

Тым часам павялічваецца колькасьць уцекачоў з гэтай краіны, Дзесяткі тысяч людзей знаходзяцца ля памежных пераходау з Тунісам. Паводле ацэнак ААН, цяперашняя сытуацыя можа прывесьці да гуманітарнай катастрофе.

Краіны Захаду заяўляюць, што маюць намер аказваць ціск на рэжым Кадафі да таго часу, пакуль лібійскі лідэр не адмовіцца ад улады. Да берагоў Лібіі накіроўваюцца некалькі амэрыканскіх ваенных караблёў.

ЗША накіравалі марскіх пяхотнікаў ў раён Лібіі

Злучаныя Штаты Амэрыкі накіравалі два вайсковыя караблі і 400 марскіх пяхотнікаў ў раён Лібі, паведаміў міністар абароны ЗША Робэрт Гэйтс. Ён адзначыў, што ЗША ў адказ на гвалт у Лібіі і агульную нестабільнасьць у рэгіёне рыхтуюць на разгляд прэзыдэнта Барака Абамы розныя "варыянты дзеяньняў".

Аднак высокія прадстаўнікі Пэнтагону заявілі, што ваеннае ўмяшаньне ў сытуацыю ў гэтай краіне, дзе нарастае грамадзянская вайна, малаверагоднае.

Тым часам сябры ААН прагаласавалі за прыпыненьне сяброўства Лібіі ў Радзе па правах чалавека. У адпаведнай рэзалюцыі рэжым Кадафі абвінавачваецца ў маштабных і сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека.

Канада накіроўвае да берагоў Лібіі вайсковы карабель

Канада накіроўвае да берагоў Лібіі патрульны карабель з верталётам і камандай з больш чым 200 вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар краіны Стывен Харпэр.

Па яго словах. Карабель будзе дапамагаць эвакуяваць замежнікаў з Лібіі.

Міністар абароны Канады Піцер Макей ня выключыў, што карабель будзе выкарыстоўвацца для рэалізацыі магчымых вайсковых санкцый супраць Лібіі.

Заходнія краіны разглядаюць магчымасьць інтэрвэнцыі ў Лібію

Заходнія краіны разглядаюць магчымасьць вайсковай апэрацыі супраць лібійскага лідэра Муамара Кадафі з мэтай абароны цывільнага насельніцтва ад нападу з боку ўрадавых сілаў.

Міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс пацьвердзіў, што некалькі амэрыканскіх вайсковых караблёў рухаюцца ў бок Лібіі, аднак пры гэтым заўважыў, што ніякага пагадненьня аб вайсковай інтэрвэнцыі краіны НАТО пакуль не дасягнулі. Адміністрацыя Абамы таксама не аддавала падобных загадаў.

Прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран ня выключыў прымяненьня вайсковай сілы супраць Кадафі.

Расея і Францыя заявілі, што вайсковая апэрацыя магчымая толькі пра наяўнасьці мандату Рады Бясьпекі ААН.

Членства Лібіі ў Радзе ААН па правах чалавека прыпыненае

Генэральная Асамблея ААН прыпыніла членства Лібіі ў Радзе ААН па правах чалавека.

Адпаведная рэзалюцыя была прынятая ў аўторак і выкліканая жорсткім падаўленьнем выступаў праціўнікаў рэжыму Муамара Кадафі.

Генэральная Асамблея ААН таксама выказала занепакоенасьць становішчам правоў чалавека ў Лібіі.

1 сакавіка

Паўстанцы адбілі контрнаступ

У Лібіі войскі, верныя Муамару Кадафі, ня здолелі захапіць горад Эз-Завія, заняты раней апазыцыяй, сьцьвярджаюць відавочцы падзеяў.

Паведамляецца, што праўрадавыя сілы, пры падтрымцы бронетэхнікі, штурмавалі горад шэсьць гадзін, але былі адбітыя.

Эз-Завія, які знаходзіцца за 50 кілямэтраў на захад ад Трыпалі - найбольш набліжаны да сталіцы горад, падкантрольны паўстанцам.

Пан Гі Мун заявіў, што Кадафі страціў легітымнасьць

Пан Гі Мун заявіў, што Кадафі страціў легітымнасьць
Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун асудзіў лібійскага лідэра Муамара Кадафі за разьвязваньне вайны супраць свайго народа.

Кіраўнік ААН сказаў, што пасьля таго, што адбылося ў Лібіі, Кадафі страціў усялякую легітымнасьць.

Раней у панядзелак Пан Гі Мун сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам і ўхваліў цьвёрдую пазыцыю Вашынгтону ў адносінах да крызісу на Блізкім Усходзе.

28 лютага

Кадафі: Мой народ любіць мяне!

Лідэр Лібіі Муамар Кадафі сказаў у інтэрвію тэлеканалу ABC, а таксама брытанскай карапарацыі BBC і выданьню "The Times", што “яго любяць увесь ягоны народ” і заявіў, што ніякіх пратэстаў у Трыпалі няма.

Кадафі сказаў, што яго народ гатовы памерці, каб абараніць яго. “Ніякіх дэманстрацыяў увогуле на вуліцах няма”, -- заявіў Кадафі.

Тым часам, апазыцыйныя сілы цяпер кантралююць вялікія тэрыторыі на ўсходзе Лібіі і праваабронцы заяўляюць, што тысячы чалавек загінулі у часе разгону акцыяў пратэсту.

Уцекачы зь Лібіі

Паводле дадзеных ААН, ахопленую хваляваньнямі Лібію цягам мінулага тыдню пакінулі больш як 100 тысяч чалавек.

Паводле каардынатара міжнароднай праграмы па дапамозе ў надзвычайных сытуацыях Валеры Эймас, дзесяткі тысяч чалавек зь Лібіі ўцяклі ў Туніс і Эгіпет, яшчэ тысяча – у Нігэр.

Міжнародны крымінальны суд, які абвясьціў аб пачатку папярэдняга расьследваньня магчымых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Лібіі, мае дадзеныя аб больш як 2000 ахвяраў у часе сутыкненьняў дэманстрантаў з сіламі бясьпекі.

Прадстаўнік Стакгольмскага міжнароднага інстытуту праблем міру SIPRI Х’ю Грыфітс, спасылаючыся на крыніцы ў авіяцыйных колах, паведаміў пра рэйс вялікагрузнага самалёта зь Беларусі ў Лібію.

Клінтан: для Кадафі час сыходу

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што цяпер час для лібійскага лідэра Муамара Кадафі сысьці неадкладна, без далейшага гвалту і затрымкі.

Клінтан сказала гэта ў часе выступу на паседжаньні ў Жэнэве ў Радзе бясьпекі ААН.

Раней кіраўнік ведамства ААН у правах чалавека Наві Пілэй заклікала міжнародную супольнасьць спрыяць рэформам у краінах Блізкага Ўсходу.

Пілэй папярэдзіла пра магчымасьць зьяўленьня новых пагрозаў у рэгіёне, улучна з масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Пілэй заявіла сябрам Рады, у якую ўваходзяць прадстаўнікі 47 краінаў, што трэба захоўваць пільнасьць датычна Лібіі, бо існуе небясьпека працягу рэпрэсіяў адносна цывільных грамадзянаў сіламі, якія адданыя лібійскаму лідэру Муамару Кадафі.

Урад Эўрапейскага зьвязу ўхваліў пакет санкцыяў супраць лібійскага лідэра Муамара Кадафі і ягонай сям'і. Уводзіцца эмбарга на продаж зброі і спэцыяльных сродкаў у Лібію, а таксама забарона на ўезд у Эўразьвяз Кадафі і асобаў зь ягонага атачэньня.

Сёньня ў Гаазе вышэйшая прадстаўніца Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Катрын Эштан сказала:

“Мы спрабуем адрэагаваць неадкладна на крызіс і прадухіліць грамадзянскую вайну, якой мы засьцерагаемся. І таксама мы плянуем захады адносна магчымага наплыву ўцекачоў у суседнія і эўрапейскія краіны”.

Туніс, Эгіпет, Лібія: хто наступны? На гэтае пытаньне закліканы адказаць "індэкс рэвалюцыі" блогера Алена Мэціча. У сваім блогу ён публікуе сьпіс краін, у якіх, на яго думку, найбольш верагодныя рэвалюцыйныя выступленьні.

Самалёт Кадафі лятаў у Менск?

Ізраільская газэта Haaretz у сваім іўрытамоўным выданьні паведамляе пра палёт самалёта зь Лібіі ў Беларусь.

Паводле выданьня, адзін з самалётаў, які належыць Муамару Кадафі, у мінулую сераду выляцеў зь Лібіі, прызямліўся ў Менску, а потым вярнуўся ў Трыпалі. Міністар транспарту Лібану паведаміў, што самалёт прасіў пасадку ў Бэйруце, але яму было адмоўлена, паколькі экіпаж адмовіўся паведаміць, хто знаходзіўся на борце.

Малтыйскі інтэрнэт-партал MaltaToday таксама паведамляе, што самалёт Dassault Falcon 5A-DCN, які належыць Кадафі, зрабіў рэйс у Менск.

Перамяшчэньне самалёта адсочвалі так званыя плэйнспотэры, добраахвотныя «шпіёны» за палётамі авіяляйнэраў. Па дадзеных назіральнікаў, борт вылецеў з Трыпалі ў пятніцу і вярнуўся ў нядзелю ў 12:30, вылецеўшы з Менска ў 9:30 (CET).

Плэйнспотэры зафіксавалі перамовы пілётаў самалёта Кадафі з мальтыйскімі і вугорскімі авіядыспэтчарамі.

Невядома, ці ідзе размова пра адзін і той жа самалёт, таксама невядома, хто знаходзіўся на борце.

Паводле Haaretz у Менск магла накіравацца сямья Кадафі. Іншыя крыніцы кажуць, што ў Беларусь прылятаў прадстаўнік лібійскага кіраўніка, а таксама што ў Менск даставілі груз золата.

Сьвет рыхтуецца да сыходу палкоўніка Кадафі пасьля ягонага 41-гадовага кіраваньня краінай.

Гааскі суд пачынае расьсьледаваньне магчымых злачынстваў у Лібіі


Міжнародны крымінальны суд сёньня аб'явіў аб пачатку папярэдняга расьсьледаваньня магчымых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў часе масавых непарадкаў у Лібіі.

Галоўны пракурор Міжнароднага суду Луіс Марэна-Акампа паведаміў, што суд валодае інфармацыяй пра шматлікія злачынствы супраць цывільнага насельніцтва, зробленыя лібійскімі ўладамі. Пракурор падкрэсьліў, што павінна быць правераная верагоднасьць гэтых сьведчаньняў, пасьля чаго будзе вырашанае пытаньне аб адкрыцьці крымінальнай справы.

Ідуць баі паміж войскамі Кадафі і сіламі апазыцыі

На поўначы Лібіі ля гораду Эз-Завія ідуць баі паміж войскамі, адданымі рэжыму Муамара Кадафі, і сіламі апазыцыі. Паведамляецца, што войскі Кадафі акружылі горад і рыхтуюцца да штурму. Прадстаўнік паўстанцаў, пад кантроль якіх перайшлі ўсходнія раёны Лібіі, заявіў, што сілы апазыцыі гатовы дапамагчы паўстанцам на захадзе краіны, у тым ліку і ў сталіцы Трыпалі, у асобных раёнах якой будуюцца барыкады.

Муамар Кадафі адрынуў заклікі ўсясьветнай супольнасьці пайсьці ў адстаўку. Ён абвінавачвае ў арганізацыі масавых непарадкаў у Лібіі "Аль-Кайду" і замежныя дзяржавы.

У Жэнэве сёньня адбудзецца сустрэча кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў ЗША, дзяржаваў Эўразьвязу і краінаў Блізкага Ўсходу. Будуць абмяркоўвацца наступныя дзеяньні ўсясьветнай супольнасьці ў зьвязку з сытуацыяй у Лібіі.

27 лютага

Лібія: паўстанцы захапілі чарговы горад

Лібійскія паўстанцы занялі горад Эз-Завія на захадзе краіны, які знаходзіцца ў 50 кілямэтрах ад сталіцы краіны Трыпалі.

Яшчэ сёньня раніцай лібійскія ўлады запрасілі ў горад журналістаў, каб прадэманстраваць, што горад знаходзіцца пад кантролем праўрадавых сілаў.

Аднак па прыбыцьці рэпарцёры ўбачылі, што горад ужо заняты ўзброенымі апазыцыянэрамі, якія ўзводзілі ў ім барыкады і ўсталёўвалі свой сьцяг.

Праўрадавыя сілы пакуль кантралююць ваколіцы Эз-Завіі, паведамляе Бі-бі-сі.

Кадафі пазбавіўся статусу недатыкальнасьці ў Вялікабрытаніі

Брытанскі ўрад адмяніў статус дыпляматычнай недатыкальнасьці ў Вялікабрытаніі для лівійскага лідэра Муамара Кадафі і яго сыноў.

Пра гэта сёньня заявіў міністар замежных спраў Уільям Хэйг, які заклікаў Кадафі скласьці паўнамоцтвы.

"Вядома, для палкоўніка Кадафі прыйшоў час сысьці", – заявіў Хэйг у інтэрвію Бі-бі-сі.

Ствараецца часовы ўрад Лібіі

Былы міністар юстыцыі Лібіі Мустафа Абдэль Джаліль, які пакінуў сваю пасаду пасьля пачатку народных выступаў супраць рэжыму Муамара Кадафі, абвясьціў аб фармаваньні часовага ўраду краіны.

Абдэль Джаліль знаходзіцца ў горадзе Бэнгазі, які кантралююць паўстанцы. З заклікам да краін Захаду падтрымаць яго намаганьні зьвярнуўся пасол Лібіі ў ЗША, які таксама перайшоў на бок праціўнікаў Кадафі. Пакуль незразумела, аднак, наколькі шырокай падтрымкай сярод самой лібійскай апазыцыі карыстаецца экс-міністар.

26 лютага

Абама: Кадафі павінен сысьці "неадкладна"

Кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі павінен сысьці "неадкладна". З такой заявай выступіў сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў часе размовы з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, паведамляе прэсавая служба Белага дому.

"Калі адзіным спосабам для лідэра ўтрымацца пры ўладзе застаецца масавае ўжываньне гвалту супраць свайго народу, то ён страціў права кіраваць і абавязаны сысьці", – цытуе словы амэрыканскага прэзыдэнта заява Белага дому.

Паведамляецца таксама, што Абама і Мэркель пагадзіліся, што ўрад Кадафі павінен панесьці адказнасьць за ахвяры забурэньняў.

Улады Лібіі абяцаюць здушыць паўстаньне

У Лібіі праўрадавыя сілы страцілі кантроль над буйнымі гарадамі на ўсходзе і захадзе краіны, але ў сталіцы краіны Трыпалі пратэсты жорстка здушаюцца. Паводле некаторых ацэнак у Лібіі дзейнічаюць каля дзесяці тысяч замежных наёмнікаў.

"Іх усіх пазабівалі – цэлую сям'ю. Нават у машынах хуткай дапамогі сядзяць чарнаскурыя наёмнікі і яны страляюць ва ўсіх", – распавядае адзін зь відавочцаў падзеяў жыхар сталіцы Алі.

Тым ня менш, на ўскрайках Трыпалі знаходзяцца сотні паўстанцаў, многія зь іх – узброеныя, паведамляе тэлеканал Euronews.

Напярэдадні сын кіраўніка Лібіі Саіф Аль-Іслам Кадафі заявіў спэцыяльна запрошаным заходнім журналістам, што перамога ўладаў відавочная, і паўстаньне будзе канчаткова здушанае сёньня.

25 лютага

ААН накіруе ў Лібію дэлегацыю

Рада ААН па правох чалавека прыняла рашэньне накіраваць у Лібію дэлегацыю для расьсьледаваньня парушэньня правоў чалавека і рэкамэндавала часова прыпыніць членства Трыпалі ў Радзе.

Паводле абнародаваных раней зьвестак падчас масавых антыўрадавых пратэстаў у Лібіі загінулі ці былі параненыя тысячы мірных жыхароў.

Пазьней сёньня сытуацыю ў Лібіі мае абмеркаваць Рада бясьпекі ААН.

Францыя і Вялікая Брытанія падрыхтавалі праект рэзалюцыі, які ўключае эмбарга на пастаўкі ў Лібію ўзбраеньняў, забарону на паездкі за мяжу для Кадафі і яго атачэньня, замарожваньне іх замежных банкаўскіх актываў а таксама аб перадачы справы аб рэпрэсіях супраць грамадзянскага насельніцтва Лібіі ў Міжнародны крымінальны суд.

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Кадафі

Эўразьвяз прыняў рашэньне ўвесьці эмбарга на пастаўкі зброі ў Лібію, а таксама візавыя санкцыі адносна ключавых прадстаўнікоў рэжыму М. Кадафі. Ім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краін Зьвязу, іх фінансавыя актывы будуць замарожаныя.

Пра гэта паведаміла брытанская Daily Telegraph са спасылкай на МЗС Нямеччыны. Рашэньне ўступіць у сілу на наступным тыдні пасьля фармальнай ухвалы.


ААН занепакоеная сытуацыяй у Лібіі

Кіраўнік ведамства ААН у правах чалавека Наві Пілэй заявіла, што карныя захады, якія ўжывае рэжым Кадафі супраць пратэстоўцаў у Лібіі, выклікаюць трывогу. На адмысловым паседжаньні Рады ААН у правах чалавек ў Жэнэве Пілэй паведаміла, што ў часе падаўленьня антыўрадавых дэманстрацыяў рэжымам Кадафі, былі забітыя і параненыя тысячы цывільных жыхароў. Раней ЗША заклікалі выключыць Лібію з Рады ААН у правах чалавека.

Сёньня на ініцыятыву генэральнага сакратара НАТО Андэрса Фог Расмусэна адбудзецца паседжаньне Рады НАТО на ўзроўні паслоў, на якім будзе разглядацца сытуацыя ў Лібіі. Таксама сёньня Рада бясьпекі ААН мае намер абмеркаваць магчымае ўвядзеньне санкцыяў супраць уладаў Лібіі.

Лібія: Паўстанцы бяруцца за сталіцу

У Трыпалі, сталіцы Лібіі, апанэнты лібійскага лідэра Муамара Кадафі сёньня плянуюць правесьці масавы марш пратэсту супраць дыктатара. Паўстанцы, якія кантралююць усходнія рэгіёны краіны, падцягваюць свае сілы ў бок сталіцы, якая знаходзіцца ў руках сілаў, ляяльных Кадафі.


Лібія: чакаецца "марш мільёнаў"

У сталіцы Лібіі сёньня чакаецца правядзеньне "маршу мільёнаў" супраць лібійскага лідэра Муамара Кадафі. Паведамляецца, што антыўрадавыя сілы, якія кантралююць усходнія рэгіёны краіны, накіроўваюцца ў бок лібійскай сталіцы Трыпалі, якая знаходзіцца ў руках сілаў, што падтрымліваюць Кадафі.

Сёньня Рада Бясьпекі ААН мае абмеркаваць магчымае ўвядзеньне санкцыяў супраць уладаў Лібіі.

Лібіі пагражае выключэньне з Рады ААН па правах чалавека

ЗША будуць дамагацца выключэньня Лібіі з Рады ААН па правах чалавека.

Чакаецца, што ў панядзелак у паседжэньні Рады ў Жэнэве возьме удзел дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.

Напярэдадні прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША заявіў, што рэжым Муамара Кадафі груба парушае правы грамадзян Лібіі, ужываючы сілу супраць масавых народных пратэстаў.

ЗША і Францыя выступілі з супольнай заявай аб Лібіі

У тым часе як у Лібіі працягваюцца сутыкненьні сілаў бясьпекі з пратэстоўцамі, прэзыдэнт ЗША Барак Абама па тэлефоне абмяркаваў з лідэрамі Францыі, Вялікай Брытаніі і Італіі сытуацыю на поўначы Афрыкі.

У супольнай заяве пасьля гэтай размовы Абама і прэзыдэнт Францыі Ніколя Сарказі запатрабавалі спыніць “бесперапынныя жорсткія і крывавыя рэпрэсіі” супраць пратэстоўцаў у Лібіі.

24 лютага

Дэмаршы супраць Кадафі ў сьвеце

Улады ЗША заяўляюць, што падтрымліваюць выключэньне Лібіі з Рады ААН па правох чалавека.

Прадстаўнікі ЗША падкрэсьліваюць, што лівійскі ўрад парушыў правы лівійцаў, спрабуючы здушыць выступы супраць лідэра краіны Муамара Кадафі.

Тым часам у будынку Рады Эўразьвязу выява Кадафі была зьнятая са сьцяны, на якой зьмешчаныя фотаздымкі кіраўнікоў Эўразьвязу зь лідэрамі замежных краінаў.

У Іраку горад Сулейманія на поўначы краіны, які меў вуліцу, названую ў гонар Кадафі, зьмяніў яе назву на папярэднюю.

З сотні беларусаў Лібію пакінулі каля дзесятка

Грамадзяне Беларусі, напярэдадні эвакуаваныя зь Лібіі самалётам расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацый (МНС), вяртаюцца дадому. Пра гэта паведамілі ў беларускай амбасадзе ў Маскве. Вяртанцы — перадусім сямейнікі супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Беларусі ў Лібіі.

Вэстэрвэле заклікаў падтрымаць мірных дэманстрантаў у Лібіі

Міністар замежных спраў Нямечыны Гіда Вэстэрвэле заклікаў падтрымаць мірных дэманстрантаў ў Лібіі і дамагацца спыненьня гвалту ў краіне.

Нямецкі міністар выступіў сёньня ў Каіры на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з Генэральным сакратаром Лігі Арабскіх дзяржаў Амрам Мусой.

У прыватнасьці, Вэстэрвэле сказаў: «Мы павінны ўсе разам выказаць салідарнасьць і падтрымку ўдзельнікам мірных пратэстаў. Гэта таксама значыць, што ў выпадку, калі гвалт ня спыніцца, нам трэба будзе абмеркаваць санкцыі і канкрэтныя дзеяньні».

Аль-Каіда падтрымала паўстаньне супраць Кадафі

Адгалінаваньне Аль-Каіды ў Паўночнай Афрыцы заклікала мусульманаў падтрымаць паўстаньне супраць лідэра Лібіі Муамара Кадафі. У заяве, зьмешчанай у Інтэрнэце, гаворыцца, што Аль-Каіда будзе падтрымліваць паўстаньне ўсімі сродкамі, аднак падрабязнасьці не раскрываюцца.

Міністар замежных спраў Італіі выключыў магчымасьць ракетнага ўдару рэжымам Кадафі

Міністар замежных спраў Італіі Франка Фраціні ў эксклюзіўным інтэрвію італьянскаму інтэрнэт-выданьню Affaritaliani выключыў магчымасьць нанясеньня ракетнага ўдару па Італіі рэжымам Муамара Кадафі.

Пры гэтым ён, аднак, заявіў, што Італія гатовая да такога сцэнару.

У Лібійскай правінцыі працягваюцца сутычкі сілаў бясьпекі з пратэстоўцамі

Сілы бясьпекі, верныя Муамару Кадафі, сёньня атакавалі ўзброеныя аддзелы антыўрадавых сіл у Місраце, трэцім паводле велічыні горадзе Лібіі за 200 кілямэтраў на ўсход ад сталіцы Трыпалі.

Паведамляецца, што сутычкі адбыліся каля лётнішча на ўскраіне гораду, аднак цэнтар застаецца ў руках апазыцыі.

Паводле іншых паведамленьняў паўстанцы ўсталявалі кантроль над горадам Зуара за 120 кілямэтраў на захад ад Трыпалі.

Верныя Кадафі сілы таксама атакавалі апазыцыянэраў у горадзе Завія на захада ад Трыпалі.

Апазыцыйныя сілы ўжо кантралююць значныя тэрыторыі на ўсходзе Лібіі. Сёньня яны абвясьцілі, што пойдуць маршам на Трыпалі, каб зрынуць Кадафі.

МЗС Беларусі: Хто пажадаў выехаць зь Лібіі, выехалі. З астатнімі працуем

Каля дзесяці грамадзян Беларусі, эвакуаваных учора зь Лібіі самалётам расейскага Міністэрства надзвычайных сытуацый (МНС), прыбылі на радзіму. Бальшыня — дзеці і сваякі беларускіх дыпляматаў, якія працуюць у Трыпалі.

Каддафі працягвае страчваць кантроль над тэрыторыяй Лібіі

У Лібіі памяншаецца тэрыторыя, якая знаходзіцца пад кантролем Муамара Кадафі – па меры таго, як апазыцыя аб'ядноўваецца.

Сталіца Трыпалі знаходзіцца ў руках Кадафі, ў прадмесьцях дыслякуюцца танкі.

Антыўрадавыя сілы ўсталявалі кантроль над горадам Заўра за 120 кілямэтраў на захад ад Трыпалі. У руках паўстанцаў знаходзяцца і ўсходнія рэгіёны краіны.

Тым часам шмат якія замежнікі імкнуцца пакінуць Лібію. ЗША. Кітай, эўрапейскія краіны паслалі самалёты, каб дапамагчы сваім грамадзянам выехаць адтуль.

Абама заклікаў спыніць гвалт у Лібіі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў па тэлебачаньні з заклікам спыніць гвалт у Лібіі.

Абама падкрэсьліў, што ўрад павінен адказаць за пастаянныя парушэньні правоў чалавека ў краіне. Абама даручыў сваёй адміністрацыі разгледзіць “усе магчымыя захады”, якія могуць быць ужытыя ў дачыненьні да уладаў Лібіі.

Тым часам лібійскі лідэр Муамар Кадафі працягвае змагацца за ўладу у краіне.

Сталіца Трыпалі застаецца пад кантролем яго вайсковых сілаў. Паведамляецца, што на вуліцы Трыпалі выходзіць небясьпечна, паколькі вайскоўцы страляюць наўсьлеп па мінаках.

Тым часам сын Кадафі Сайф-аль-Іслам заявіў у тэлевыступе, што сытуацыя ў краіне нармалізуецца. “Парты, лётнішчы і школы адкрытыя, -- сказаў сын Кадафі. – Праблематычная сытуацыя толькі на ўсходзе”.

Усходнія рэгіёны краіны кантралююцца антыўрадавымі сіламі.

Лібію пакідаюць дзесяткі тысяч замежнікаў

Турэцкія грамадзяне вярнуліся зь Лібіі

Працягваецца эвакуацыя замежных грамадзянаў зь Лібіі.

Турэччына паведаміла, што праводзіць найбуйнейшую ў сваёй гісторыі масавую эвакуацыю – у Лібіі знаходзяцца каля 25 тысяч турэцкіх грамадзянаў.

Эўразьвяз арганізаваў вываз зь Лібіі прыкладна 10 тысяч чалавек.

Захады па эвакуацыі сваіх грамадзянаў зрабілі таксама ЗША, Расея, Кітай, Індыя, Чарнагорыя, іншыя краіны.



23 лютага

Лібія: пілёты адмаўляюцца бамбаваць пратэстоўцаў

У Лібіі самалёт вайскова-паветраных сілаў краіны разьбіўся непадалёку ад гораду Бэнгазі, які знаходзіцца пад кантролем апазыцыі. Лётчыкі катапультаваліся.

Паводле агенцтва Ройтэр пілёты атрымалі каманду нанесьці авіяўдар па Бэнгазі, але не захацелі гэтага рабіць, адмыслова разьбіўшы самалёт.

На гэты момант апазыцыя кантралюе ўсходнія раёны краіны ўлучна з буйнымі гарадамі Бэнгазі і Тубрук. Салдаты мясцовых гарнізонаў перайшлі на бок апанэнтаў ураду.

Сталіца краіны Трыпалі знаходзіцца пад кантролем Муамара Кадафі, які раней заявіў, што не пакіне краіны і гатовы да пакутніцкай сьмерці.

Паведамляецца, што прыхільнікі Кадафі адкрываюць агонь наўсьлеп па мінаках, змушаючы іх заставацца дома.

Дыпляматы просяць абараніць лібійцаў

Пасольства Лібіі ў Аўстрыі асудзіла “празьмерныя гвалтоўныя дзеяньні” рэжыму Муамара Кадафі ў адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў. Супрацоўнікі пасольства выказалі спачуваньні родным і блізкім ахвяраў сутыкненьняў, а таксама заклікалі міжнародную супольнасьць зрабіць захады для абароны мірных жыхароў Лібіі.

Паводле найнавейшых паведамленьняў, папаўдні ў Трыпалі была чуваць страляніна. Прыхільнікі Муамара Кадафі, адгукнуўшыся на ўчорашні заклік кіраўніка краіны, сабраліся на мітынг.

Акцыі пратэсту з патрабаваньнямі адстаўкі Муамара Кадафі доўжацца ў Лібіі з 15 лютага. Кадафі стаіць на чале дзяржавы ўжо 42 гады.

Пілёты адмаўляюцца бамбаваць пратэстоўцаў

У Лібіі самалёт вайскова-паветраных сілаў Лібіі разьбіўся непадалёку ад гораду Бэнгазі, які знаходзіцца пад кантролем апазыцыі. Лётчыкі катапультаваліся.

Паводле агенцтва Ройтэр пілёты атрымалі каманду нанесьці авіяўдар па Бэнгазі, але не захацелі гэтага рабіць, адмыслова разьбіўшы самалёт.

На гэты момант апазыцыя кантралюе ўсходнія раёны краіны ўлучна з буйнымі гарадамі Бэнгазі і Тобрук. Салдаты мясцовых гарнізонаў перайшлі на бок апанэнтаў ураду.

Сталіца краіны Трыпалі знаходзіцца пад кантролем прыхільнікаў кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, які раней заявіў, што памрэ мучанікам на радзіме.

Паведамляецца, што прыхільнікі Кадафі адкрываюць агонь наўсьлеп па мінаках, змушаючы іх заставацца дома.

Паводле Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека колькасьць ахвяраў забурэньняў у Лібіі налічвае прынамсі 640 чалавек. Зь іх амаль трыста загінулі ў Трыпалі і 230 – у Бэнгазі.

Дыпляматы просяць абараніць лібійцаў

Пасольства Лібіі ў Аўстрыі асудзіла “празьмерныя гвалтоўныя дзеяньні” рэжыму Муамара Кадафі ў адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў. Супрацоўнікі пасольства выказалі спачуваньні родным і блізкім ахвяраў сутыкненьняў, а таксама заклікалі міжнародную супольнасьць зрабіць захады для абароны мірных жыхароў Лібіі.

Пры здушэньні лібійскімі ўладамі масавых пратэстаў у краіне, паводле розных зьвестак, загінулі ад 300 да 600 чалавек.

Напярэдадні Рада бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне сілы супраць дэманстрантаў і заклікала ўлады краіны выканаць законныя патрабаваньні ўдзельнікаў пратэстаў.

Паводле найнавейшых паведамленьняў, папаўдні ў Трыпалі была чуваць страляніна. Прыхільнікі Муамара Кадафі, адгукнуўшыся на ўчорашні заклік кіраўніка краіны, сабраліся на мітынг.

Акцыі пратэсту з патрабаваньнямі адстаўкі Муамара Кадафі доўжацца ў Лібіі з 15 лютага. Кадафі стаіць на чале дзяржавы ўжо 42 гады.

Беларусы ўцякаюць зь Лібіі на расейскіх самалётах

Беларуская амбасада ў Лібіі пачала эвакуацыю грамадзян Беларусі. Сёньня ў Маскву з Трыпалі дастаўленыя каля 10 чалавек.


Лібійскі студэнт: «У кішэню Кадафі грошы капалі з усіх бакоў, а нас трымалі за нявольнікаў»

Лібійскія грамадзяне, якія вучацца ў Беларусі, з трывогай сочаць за падзеямі на радзіме. Якой будзе краіна, калі яны туды вернуцца, і ці вернуцца ўвогуле — невядома.

Амбасада Беларусі ў Лібіі адказала на пытаньні Свабоды

Беларуская амбасада ў Трыпалі працуе ў штатным рэжыме. Найперш яна займаецца эвакуацыяй і дапамогай грамадзянам Беларусі. Пра гэта паведамілі карэспандэнту "Свабоды" ў амбасадзе.

Страляніна ў Трыпалі

Паводле паведамленьняў, папаўдні ў Трыпалі была чуваць страляніна. Прыхільнікі Муамара Кадафі, адгукнуўшыся на ўчорашні заклік кіраўніка краіны, сабраліся на мітынг.

Пасольства Лібіі ў Аўстрыі асудзіла “празьмерныя гвалтоўныя дзеяньні” рэжыму Муамара Кадафі ў адносінах да ўдзельнікаў пратэстаў. Супрацоўнікі пасольства выказалі спачуваньні родным і блізкім ахвяраў сутыкненьняў, а таксама заклікалі міжнародную супольнасьць зрабіць захады для абароны мірных жыхароў Лібіі.

Сарказі заклікаў да санкцыяў супраць Лібіі

Сарказі і Кадафі ў Трыпалі, 2007

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі заклікаў сёньня Эўразьвяз прыняць санкцыі супраць Лібіі і прыпыніць эканамічныя дачыненьні з гэтай краінаю.

Міністар замежных справаў Італіі Франка Фратыні ў сваю чаргу выказаў асьцярогу, што ў выніку забурэньняў у Лібіі блізка трохсот тысяч людзей могуць эміграваць у эўрапейскія краіны.

Пры здушэньні лібійскімі ўладамі масавых пратэстаў у краіне, паводле розных зьвестак, загінулі ад 300 да 600 чалавек.

Напярэдадні Рада бясьпекі ААН асудзіла выкарыстаньне сілы супраць дэманстрантаў і заклікала ўлады краіны выканаць законныя патрабаваньні ўдзельнікаў пратэстаў.

Фратыні: Кадафі страціў кантроль над Кірэнаікай

Кіраўнік Лібіі Муамар Кадафі страціў кантроль над правінцыяй Кірэнаіка на ўсходзе краіны – пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Італіі Франка Фратыні, спасылаючыся на італьянскае пасольства ў Трыпалі. Паводле Фратыні, за час здушэньня акцыяў пратэсту ў Лібіі загінулі каля тысячы людзей.

Пачалася эвакуацыя грамадзянаў Беларусі зь Лібіі


Каля 20 грамадзян Беларусі будуць эвакуаваныя ў Маскву зь Лібіі самалётам МНС Расеі. Пра гэта паведаміла "Свабодзе" намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Марыя Ваньшына.

Чаканьне эвакуацыі на лётнішчы ў Трыпалі

Яна сказала, што ў Трыпалі а 9-й гадзіне пачалася пасадка на самалёт МНС Расеі. У Маскве беларускіх грамадзянаў сустрэнуць прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Расеі.

Сярод эвакуаваных члены сем'яў беларускіх дыпляматаў, а таксама іншыя грамадзяне Беларусі, якія знаходзіліся ў Лібіі.

Супрацоўнікі беларускай амбасады ў Лібіі застаюцца ў Трыпалі на сваіх працоўных месцах.

У МЗС пакуль не ўдакладнілі колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца на гэты момант у Лібіі.

Дыпляматычны разрыў Пэру зь Лібіяй


Пэру спыніла дыпляматычныя дачыненьні зь Лібіяй. Пра гэта заявіў прэзыдэнт краіны Алян Гарсія.

Прэзыдэнт Пэру дадаў, што аднаўленьне дачыненьняў можна чакаць толькі тады, калі “спыніцца гвалт супраць народу Лібіі”.

Раней кіраўнік Лігі арабскіх краінаў Амр Муса заявіў, што дэлегацыі Лібіі ня змогуць браць удзелу ў працы Лігі, пакуль улады краіны не адрэагуюць на патрабаваньні міжнароднай супольнасьці.

Усход Лібіі – пад кантролем апазыцыі. Міністар унутраных справаў падаў у адстаўку і падтрымаў пратэст

Тубрук, Усходняя Лібія. Вайскоўцы перайшлі на бок удзельнікаў пратэстаў

Усходняя частка Лібіі знаходзіцца пад кантролем сілаў апазыцыі. У краіне не спыняюцца хваляваньні. Паводле розных зьвестак, у выніку дзеяньняў уладаў, якія ўжываюць вайсковую сілу супраць дэманстрантаў, загінулі ад 300 да 600 чалавек.

Міністар унутраных справаў Лібіі Абдэль Фатах Юнэс аль-Абідзі абвясьціў аб сваёй адстаўцы і заклікаў войска перайсьці на бок удзельнікаў пратэстаў. Лібійскія дыпляматы ААН і іншых краінах заяўляюць аб сваім разрыве з рэжымам і заклікаюць да міжнароднага умяшаньня.

Рада бясьпекі ААН асудзіла гвалт супраць дэманстрантаў і заклікала неадкладна спыніць праліцьцё крыві ў краіне.

Працягваецца эвакуацыя замежных грамадзянаў зь Лібіі.

Лідэры Кубы і Нікарагуа падтрымалі Кадафі

Куба і Нікарагуа выступілі ў падтрымку лібійскага лідэра Муамара Кадафі.

У аўторак былы кубінскі прэзыдэнт Фідэль Кастра заявіў, што Вашынгтон напэўна плянуе ўвядзеньне ў Лібію войскаў НАТО дзеля рэалізацыі сваіх зьвязаных з нафтай інтарэсаў.

Прэзыдэнт Нікарагуа Даніэль Артэга заявіў, што размаўляў з Кадафі па тэлефоне. Паводле Артэгі, “палкоўнік вядзе надзвычай цяжкую бітву, але нават пры гэтых абставінах адкрыты да дыялёгу і спрабуе захаваць адзінства нацыі”.

Антыўрадавыя пратэсты ў Лібіі. Аматарскае відэа:

Антыўрадавыя выступы ў Лібіі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:20 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG