Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Разьбірацца з Бакіевым павінны там, і без Лукашэнкі…"


Курманбэк Бакіеў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску
Курманбэк Бакіеў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску

Прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што ня выдасьць былога прэзыдэнта Бакіева, якога ў Кіргізстане абвінавачваюць у масавай гібелі людзей. Як вы да гэтага ставіцеся?







Спадар: "Трэба выдаць, трэба абавязкова, таму што нарабіў бяды там і ўцёк. Чаму мы павінны цяпер за яго адказваць, браць грэх на сябе?"

Спадар: "Я ня ведаю і не магу адказаць на гэта…"

Спадар: "Я лічу, што яго трэба было аддаць свайму народу і няхай ён зь ім разьбіраецца, бо што мы тут, як кажуць, за іх вырашым? Гэта Лукашэнка яго тут трымае, усяляк дапамагае. Я думаю, што разьбірацца павінны зь ім там, і без Лукашэнкі".

Спадар: "Трэба выдаць яго на расправу, бо там людзі цяжка жывуць, давёў. І ўсіх трэба так, хто зь ім разам пачынаў".

Хлопец: "Ну, а што? Прэзыдэнт наш разумны і правільна зрабіў. Я так думаю…"

Ягоны сябра: "Я ня ведаю нават, але думаю, як ён…"

Спадар: "Калі ён там натварыў спраў, то, безумоўна, трэба аддаваць яго. Але калі там проста неразьбярыха, бунт…"

Карэспандэнт: "А вось вы з таго, што бачыце ў тэлебачаньні, як лічыце — натварыў ён там нечага ці гэта папросту бунт?"

Спадар: "Цяжка вельмі зразумець, бо кожны падае сваю вэрсію. Відаць, што расейцам гэта на руку і яны падтрымліваюць тое, каб яго выдалі".

Спадар: "Трэба на месцы вырашаць, што было, а чаго не было. Калі чалавек жыў у сваёй краіне і народ патрабуе яго да адказнасьці, то ён павінен там і адказваць, прычым па заслугах".

Дзяўчына: "Паедзе ён туды, і што зь ім там зробяць? Нічога. Я думаю, што наш прэзыдэнт дастаткова адукаваны і разумны чалавек і ведае, што трэба рабіць у дадзенай сытуацыі. Калі ён яго не выдае, то няхай і жыве тут, абы было ціха і спакойна".

Ейная сяброўка: "Раз Лукашэнка яго трымае ў нас, значыцца, яму гэта выгадна, бо ня будзе ж ён яго проста так тут трымаць. І відавочна, што нешта яшчэ з Расеяй ён не падзяліў у гэтым пытаньні. Такое цалкам магчыма".

Міхал Карневіч, Горадня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG