Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ў люстры Дня Волі і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты


Дзень Волі і рэакцыя ўлада. Мясцовыя выбары: беспрэцэдэнтная рэгістрацыя кандыдатаў ад апазыцыі. Чаму ў Беларусі працягваюць выконваць сьмяротныя прысуды? Гэтыя і іншыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Свабода Аляксандар Лукашук, У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк.





Лукашук: На гэтым тыдні ў сталіцы і ў іншых гарадах Беларусі прайшоў Дзень Волі – традыцыйная акцыя апазыцыі, прысьвечаная гадавіне стварэньня БНР. Як і ў мінулыя гады, улады дазволілі самую акцыю, пагадзіліся з месцам збору ўдзельнікаў – ля будынку Акадэміі навук, але адмовіліся зацьвердзіць сцэнар арганізатараў – марш у цэнтар гораду і па звычцы адправілі маніфэстантаў у традыцыйным накірунку, на Бангалор. Арганізатары адмовіліся ісьці туды.

Удзельнікі маніфэстацыі ў колькасьці прыблізна 2000 чалавек сабраліся каля Акадэміі навук, там адбыўся імправізаваны мітынг, які доўжыўся поўгадзіны, пасьля таго ўдзельнікі акцыі пачалі пакрысе разыходзіцца.

Дзень Волі прайшоў без сур’ёзных эксцэсаў, што ўяўляе сабой кантраст з нядаўнімі брутальнымі дзеяньнямі ўладаў супраць Саюзу палякаў і незалежных журналістаў.

Чаму? Апазыцыя паводзіла сябе нагэтулькі рахмана? Улада вырашыла, што ня трэба перагінаць кій з ужываньнем гвалту?

Дракахруст: Быў ужыты сцэнар, які таксама мае доўгую гісторыю – прэвэнтыўныя затрыманьні. Яны адбываліся па ўсей краіне і напярэдадні акцыі і ў дзень яе правядзеньня. Міліцыя сканфіскавала гукаўзмацняльную апаратуру, хаця напярэдадні намесьнік начальніка менскай міліцыі абяцаў, што перашкодаў ужываньню гэтай апаратуры чыніцца ня будзе. Да таго ж падчас самой акцыі начальнік Менскай міліцыі Леанід Фармагей зьвярнуўся да ўдзельнікаў акцыі з папярэджаньнем, што ў Менск прыехалі нейкія замежнікі, каб учыніць паўтарэньне выбуху 3 ліпеня 2008 году. Была такая інфармацыя ў сапраўднасьці, ці гэта было формай запалохваньня, але вялікага ўражаньня на маніфэстантаў гэтая страшылка не зрабіла. Маніфэстанты і сапраўды паводзілі сябе надзвычай спакойна. Магчыма, улады вырашылі, што дэманстрацыі яе “круцізны” на паляках і журналістах хопіць, і можна зрабіць перапынак.

Лукашук: Ужо з году ў год акцыі на Дзень Волі былі самымі шматлюднымі, яны былі своеасаблівай дэманстрацыяй, смотрам вулічнай сілы апазыцыі. Наступнае 25 сакавіка надыдзе ў любым выпадку пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. І вось сёлетняя акцыя – 2000 удзельнікаў. Якое значэньне мае такая дэманстрацыя?

Максімюк: Тое, што на дэманстрацыі на Дзень Волі зьявілася прыблізна столькі ж людзей, што і год ці два назад, — гэта значыць, няшмат — можна тлумачыць дваяка. Па-першае, вычарпаў сябе фармат гэтай акцыі, з году ў год падобны. У нечым гэтая акцыя стала нецікавай для людзей, які ведаюць, што такое Акт 25 Сакавіка і чаму яго трэба адзначаць. Па-другое, за арганізацыю акцыі ўзялася, так сказаць, новая зьмена лідэраў апазыцыі. Як падаецца, яны яшчэ адчуваюць сябе вельмі няўпэўнена ў ролі кіраўнікоў вулічных акцый. А таму, у іх пакуль няма ні нейкіх новых прапановаў, як зрабіць гэтае сьвяткаваньне больш прывабным для сваіх прыхільнікаў, ні патрэбнага ў такіх захадах пэўнага элемэнту імправізацыі, які быў бы ў змозе памяшаць сцэнар поўнага кантролю над маніфэстацыяй з боку ўладаў.

А калі казаць пра значэньне такой акцыі ўвогуле, у даўжэйшай пэрспэктыве, дык па-сутнасьці яно такое ж, якое было і пяць, дзесяць ці пятнаццаць гадоў таму – захаваць у грамадзкай сьвядомасьці памяць пра тое, што беларусы ў сваёй краіне заслугоўваюць лепшага палітычнага і эканамічнага лёсу, чым цяпер.



Лукашук: Кампанія мясцовых выбараў выйшла на фінішную прамую, на гэтым тыдні завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў і пачалася агітацыйная кампанія. Ужо праз 3 тыдні пачнецца датэрміновае галасаваньне, праз месяц – асноўны дзень выбараў.

Але зараз – да рэгістрацыі. Этапы фармаваньня выбарчых камісіяў прынесьлі апазыцыі расчараваньне, у прыватнасьці, толькі 10% яе вылучэнцаў сталі сябрамі ўчастковых камісіяў і іх колькасьць склала менш адсотку сябраў гэтых камісіяў. Юры, а якія вынікі рэгістрацыі кандыдатаў, ці шмат апазыцыйных кандыдатаў было зарэгістравана?

Дракахруст: Калі каротка – рэгістравалі вельмі лібэральна. Калі, як вы сказалі, з апазыцыйных вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі ўключылі толькі 10%, то з кандыдатамі прапорцыя была адваротная – зарэгістравалі 90% апазыцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Была вылучана 290 кандыдатаў – сябраў зарэгістраваных апазыцыйных партыяў, яшчэ 255 кандыдатаў шляхам збору подпісаў вылучылі БХД і рух “За Свабоду”. Дык вось з гэтых 545 апазыцыйных кандыдатаў было зарэгістравана 400, г.з. 73%. Яны складаюць паўтара адсоткі ад усіх зарэгістраваных кандыдатаў.

Забаўная дэталь – Аб’яднаная грамадзянская партыя на мінулым тыдні абвясьціла аб спыненьні ўдзелу ў кампаніі. Дык улады зарэгістравалі 77 кандыдатаў ад АГП, каб паставіць у няўтульнае становішча кіраўнікоў партыі.

Лукашук: Вось тэму пазыцыі АГП і стаўленьня да ўдзеле ў выбарах я і хацеў бы працягнуць. На мінулым тыдні адбыўся зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўніком АГП на безальтэрнатыўнай аснове быў пераабраны Анатоль Лябедзька. Але так выглядае, што галоўным рашэньне зьезда была заява аб тым, што партыя спыняе свой далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ байкатавала гэтыя выбары ад пачатку, яе лідэр Зянон Пазьняк тлумачыў матывы гэтага рашэньня ў нашай мінулай перадачы. Цяпер да прыхільнікаў байкоту далучылася адна з найбольш уплывовых партый краіны. Але варта адзначыць, што іншыя апазыцыйныя сілы пачын АГП не падтрымалі, нават яе партнэры па Аб’яднаных дэмакратычных сілах – партыя “Справядлівы сьвет” заявіла пра працяг удзелу ў выбарах, Партыя БНФ на сваім Сойме таксама заклікала партыйных кандыдатаў не здымаць свае кандыдатуры.

У нашай перадачы “Экспэртыза Свабоды” адбылася дыскусія паміж старшынямі АГП і Партыі БНФ Анатолем Лябедзькам і Аляксеем Янукевічам. Лябедька патлумачыў рашэньне партыі аб выхадзе з кампаніі наступным чынам :


Анатоль Лябедзька: «Гэта наша рэакцыя на практыку прызначэньня дэпутатаў усіх узроўняў, на нежаданьне дапускаць апазыцыю да кантролю за падлікам галасоў.

Трэба класьці на шалі і выбіраць, што для нас больш важнае: 20-30 дэпутатаў ад апазыцыі ў мясцовых саветах, прычым прызначаных уладай, ці дэмарш, які прымусіць міжнародную супольнасьць і беларускія ўлады яшчэ раз вярнуцца да перагляду правілаў правядзеньня выбарчых кампаній. Бо наперадзе прэзыдэнцкія выбары.

Калі б уся апазыцыя зьнялася з выбараў, то гэта быў бы моцны крок. На гэта прарэагавала б кожная краіна і міжнародная арганізацыя. І яны б падымалі гэтае пытаньне на перамовах зь беларускімі ўладамі. І калі мы прафукаем час, то пасьля прэзыдэнцкіх выбараў можа наступіць легітымізацыя Лукашэнкі з боку Эўропы. Хто гатовы несьці за гэта адказнасьць?»

«Драбнее беларуская апазыцыя. Можа, гэта аўра мясцовай кампаніі, але мы спусьціліся на ўзровень страхі і плота. Матываваны кандыдат у дэпутаты будзе прыстасоўвацца да сытуацыі, а не прыстасоўваць сытуацыю да сябе. Ён будзе прыстасоўвацца да людзей, гаварыць, як адбудаваць дарогу, зрабіць пераход і інш. Ня будзе ніякага палітычнага мэсыджу.

І Лукашэнка скажа падчас прэзыдэнцкай кампаніі: не разумею апазыцыю, паўгода таму яна ўдзельнічала ў выбарах, іх усё задавальняла, а цяпер патрабуюць другія правілы выбараў».

Раней было ж некалькі дзясяткаў дэпутатаў ад апазыцыі ў мясцовых саветах. І што? І на што гэта ўплывала? Імкнуцца стаць прызначаным дэпутатам — гэта значыць замацаваць гэтую сыстэму прызначэньня, а ня выбараў.

Вось падчас мясцовых выбараў уключылі ва ўчастковыя камісіі каля сотні прадстаўнікоў апазыцыі. А падчас прэзыдэнцкіх выбараў уключаць дзьве сотні. І міжнародныя назіральнікі скажуць: глядзіце, выбары ўдвая больш дэмакратычныя. І Сарказі накіруе Лукашэнку вітальную тэлеграму. Мы гэтага хочам?»


Аляксей Янукевіч: Я ня згодны з пазыцыяй сп. Лябедзькі. Хоць ужо цяпер мы маем дастаткова фактаў, каб сьцьвярджаць, што выбары недэмакратычныя, але вага мясцовых выбараў у пляне дэмакратызацыі выбарчага працэсу малая. І наша пазыцыя ня будзе ўплываць на гэта зь дзьвюх прычынаў.

Па-першае, апазыцыя супольна выстаўляе ня больш як адну тысячу кандыдатаў у дэпутаты. А ўсяго ў мясцовых саветах – некалькі дзясяткаў тысяч дэпутацкіх месцаў. Таму, нават калі ўся апазыцыя адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах, гэта ня моцна паўплывае на сытуацыю. Вось калі на выбарах у Палату прадстаўнікоў апазыцыянэры зьняліся б з усіх 110 акругаў, тады гэта моцны крок.

Па-другое, адмова ўдзельнічаць у выбарах не паўплывае на пазыцыю міжнароднай супольнасьці і беларускіх уладаў у пытаньні дэмакратызацыі выбараў.

Нашы прыярытэты — гэта дамагчыся таго, каб нашы сябры сталі дэпутатамі. Нават калі іх будзе і няшмат, у тых месцах, дзе зьявяцца нашы дэпутаты, зьявіцца калясальная магчымасьць узмацняць наш уплыў.

І такі важны момант, як матывацыя кандыдатаў. Калі кандыдат ведае, што ён будзе здымацца, то ён ня будзе рабіць моцную кампанію. Значыць, камунікацыя з насельніцтвам будзе слабая.


«Апазыцыя не драбнее, а апускаецца з аблокаў, дзе яна сядзела 15 гадоў, на зямлю, да праблемаў, якія хвалююць людзей. Пазыцыя сп. Лябедзькі — гэта апрыёры пазыцыя дысыдэнтаў. Для іх вядзецца, ці будзе той дрэнны стан, у якім знаходзіцца апазыцыя, выглядаць законна ці незаконна. Не вядзецца пра шляхі да перамогі.

А для нас ключавым зьяўляецца тое, што турбуе людзей. Для большасьці людзей пытаньне, як лічаць галасы, абсалютна неістотна. Іх цікавяць уласныя бытавыя пытаньні. Калі мы будзем адлюстроўваць іх штодзённыя праблемы, яны будуць гатовыя нас падтрымаць. Таму падстройваньне пад людзей — гэта вельмі важная опцыя, якая зьяўляецца ў беларускай апазыцыі, у Партыі БНФ. Гэта наш адзіны шанец памяняць сытуацыю. Калі наш дэпутат, напрыклад, у Горках пабудуе мост, то мясцовыя жыхары будуць яго падтрымоўваць».

«Перад апазыцыяй стаяла і стаіць дылема: казаць людзям, што няма выбараў, у краіне няма дэмакратыі, прыгнятаецца свабода слова, альбо прапанаваць альтэрнатыву ў вырашэньні іх жыцьцёвых інтарэсаў.

Што тычыцца ролі ЭЗ у дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства Беларусі. У Эўропы бракуе палітычнай волі. І гэтай волі мы ім не дадамо тым, што здымемся з выбараў. Але нават пры наяўнасьці ў ЭЗ такой волі Эўразьвяз ня мае інструмэнтаў, каб ціснуць на Лукашэнку».

Лукашук: Спадар Лябедзька прапануе іншым партыям пасьля рэгістрацыі кандыдатаў пачаць кансультацыі наконт супольнага спыненьня ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Паводле яго менавіта супольны выхад з кампаніі ўсёй апазыцыі будзе моцным крокам, які падштурхне Эўропу, Захад да дзеяньняў. Ян, як вы мяркуеце, ці пагодзяцца іншыя партыі на такі крок? Ці падштурхнуць іх да гэтага вынікі рэгістрацыі?

Максімюк: Канчатковых вынікаў рэгістрацыі пакуль няма, але збольшага відаць, што ўлады ня надта шчыравалі, каб не дапусьціць апазыцыйных кандыдатаў да выбараў. Гэта ўсё ж аргумэнт за тэзісам, што ў шэрагах апазыцыі ня будзе згоды наконт байкоту. Я ўжо неаднойчы тут гаварыў, што маладыя апазыцыйныя кандыдаты, якія хочуць заявіць пра сябе ў палітычна-грамадзкім жыцьці і, скажам, калісьці ўзяць на сябе ролю Лябедзькі і Вячоркі, наўрад ці паслухаюць заклікаў да байкоту. Безнадзейная гэта барацьба на выбарах ці не — яна дае пэўны кантакт з выбаршчыкам і пэўны палітычны досьвед.

Лукашук: Цяперашні байкот, абвешчаны АГП – ня першы ў найноўшай гісторыі Беларусі. Юры, Ян – ізноў пытаньне пра ягоную эфэктыўнасьць. Вы чулі аргумэнты і спадара Лябедзькі, і спадара Янукевіча, чые вам падаюцца больш пераканаўчымі?

Дракахруст: Мне асабіста бліжэй пазыцыя спадара Янукевіча. Як бачым, спадар Лябедзька ня ў змозе пераканаць ня толькі іншыя партыі, а нават сваіх партыйных кандыдатаў, якія ў большасьці працягваюць кампанію. Дык тады што ж азначае няўдзел партыі ў выбарах? Гэта як? Ну і самы адрасат гэтага кроку – ізноў Захад, які нешта там успрыме націсьне на Лукашэнку і чагосьці ад яго даможацца. Ізноў спадзеў маніпуляваць Брусэлем, які столькі разоў прыводзіў адно да расчараваньня. Нарэшце, мне ня надта зразумелы матыў. Два гады таму ў маёй перадачы “Праскі акцэнт” той жа спадар Лябедзька ў спрэчцы з Андрэем Саньнікавым вельмі палымяна і пераканаўча адстойваў неабходнасьць удзелу ў выбарах. А чым тагачасная сытуацыя адрозьнівалася ад цяперашняй? Людзей апазыцыі ў выбарчых камісіях мала. А калі было шмат? Дарэчы, на выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ў 1990 годзе наагул не было, калі абралі дэпутатамі і Лябедзьку, і Пазьняка, і многіх іншых. І ў 2008 годзе мала было. Але ж тады ўдзельнічалі. А чаму зараз не ўдзельнічаць?

Максімюк: Мяне да пазыцыі спадара Янукевіча асабліва хіліць ягоны аргумэнт, як ён цяпер бачыць галоўную дылему апазыцыйнай палітыкі ў Беларусі — працягваць казаць людзям, што ў Беларусі няма дэмакратыі і свабоды, ці прапанаваць ім альтэрнатыўныя шляхі вырашэньня некаторых бытавых пытаньняў, якія сапраўды цікавяць звычайнага беларуса. Першая тактыка не дала чаканых вынікаў. Ці дасьць другая — не гарантавана. Але яна, як падаецца, бліжэй чаканьняў звычайнага выбаршчыка.



Лукашук: Беларуская дзяржава працягвае забіваць людзей. На гэтым тыдні стала вядома пра выкананьне двух сьмяротных прысудаў – Андрэю Жуку і Васілю Юзэпчуку. Юзэпчук быў прысуджаны да пакараньня сьмерцю 29 чэрвеня 2009 году за забойства шасьці жанчын сталага веку. Андрэй Жук быў прысуджаны да расстрэлу 22 ліпеня 2009 году за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны ў лютым 2009 году.

У справе ёсьць важны працэдурны бок.

Абодва вязьні абскардзілі свае прысуды, але апэляцыі былі адхіленыя. Абодва падалі прашэньні аб памілаваньні, аднак, паводле інфармацыі, атрыманай ад "Міжнароднай амністыі", адмоўнае рашэньне прэзыдэнта было паведамлена зьняволеным за хвіліну да іх расстрэлу.


У кастрычніку 2009 году Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў выпадкі абодвух вязьняў і заклікаў беларускі ўрад не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды да разгляду ў Камітэце. Аднак гэты заклік, як бачым, быў праігнараваны.

Але куды больш важны бок прынцыповы, ідэйны. Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Эўропе, якая працягвае практыкаваць юрыдычна ўзаконенае забойства. У іншых эўрапейскіх краінах гэтае пакараньне ці наагул выключанае з крымінальнага кодэксу ці, як у Расеі, дзейнічае мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў.

Выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі выклікала рэзкую рэакцыю міжнародных праваабарончых арганізацый, такіх як “Міжнародная амністыя”, а таксама Рады Эўропы.

У адмысловай заяве кіраўніцтва Рады Эўропы гаворыцца: «Сьмяротнае пакараньне – барбарскае і прыніжальнае, менавіта таму яно была адменена Радай Эўропы згодна з пратаколам № 6 Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека. Урад Беларусі – адзіны ў Эўропе, які працягвае караць сьмерцю. Нядаўняе выкананьне сьмяротных прысудаў, калі зьвесткі пра гэта пацьвердзяцца, будзе азначаць сур’ёзны рэгрэс у нашых імкненьнях наблізіць Беларусь да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.


Рада Эўропы гатовая дапамагчы Беларусі пакласьці канец яе самаізаляцыі ў Эўропе, але ў справе каштоўнасьцяў правоў чалавека і дэмакратыі шлях магчымы толькі адзін. Таму мы заклікаем неадкладна спыніць ужываньне сьмяротнага пакараньня» — гаворыцца ў заяве.

Ян, як Вы мяркуеце, якія палітычныя наступствы будуць мець сёлетнія сакавіцкія расстрэлы?

Максімюк: Наступствы будуць значнымі. Я нагадаю, што ў чэрвені летась Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заявіла аб магчымасьці вяртаньня Беларусі статусу адмыслова запрошанай краіны ў Радзе пры ўмове выкананьня шэрагу патрабаваньняў, галоўнае зь якіх – спыніць выкананьне сьмяротных прысудаў. І вось адказ.

Лукашук: Так, гэта адказ. Але чаму ён менавіта такі? Гэта ж здаецца ня тое пытаньне, якое наўпрост тычыцца захаваньня ўлады. Тым больш, што беларуская ўлада ў гэтым пытаньні бывае больш чым гнуткай – дастаткова прыгадаць леташнюю справу забойцаў пухавіцкага падпальшчыка, якія былі памілаваныя прэзыдэнтам. Там была такая міласьць, а тут такі сьпех. Юры, як Вы мяркуеце, у чым тут справа?

Дракахруст: Гэта цікавае пытаньне. Тым больш, што справы, па якіх былі выкананыя прысуды, пазбаўленыя нейкай палітычнай подбіўкі ў прамым сэнсе. Размова ідзе пра людзей, якія з карысьлівых меркаваньняў жорстка забілі некалькіх чалавек. Але мяркую, што для ўлады права караць сьмерцю – гэта такі сымбаль моцы, сымбаль таго, што яна валодае ня толькі свабодай сваіх падданых, але і іх жыцьцямі. Ёсьць у гэтым, хутчэй за ўсё, і папулістычны момант – за захаваньне сьмяротнага пакараньня ўсё ж большасьць беларусаў, паводле афіцыйных сацыёлягаў пераважная, паводле незалежных – адносная. Тым больш, што ў выпадках жахлівых, зьверскіх злачынстваў эмоцыі вельмі многіх людзей крыкам крычаць: “Кара – сьмерць”. І ў гэтай сытуацыі калі ўлада чыніць гэтую сьмерць, гэта ўспрымаецца як справядлівасьць. І ўлада з гатоўнасьцю дае людзям гэтае ўяўленьне.

Лукашук: На гэтым тыдні трое праваабаронцаў – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ірына Тоўсьцік – зладзілі пікет каля адміністрацыі прэзыдэнта, пратэстуючы супраць выкананьня сьмяротных прысудаў. Хутка яны былі затрыманыя. Аднак пакараньне ім было вынесенае надзвычай мяккае – па 18 тысяч рублёў. У 2010 годзе ў сьвеце была 141 краіна, якая скасавала сьмяротнае пакараньне ў законе ці на практыцы, і 51 краіна, якая працягвала яго ўжываць. Ян, а чаму Эўропа так настойвае на скасаваньні сьмяротнага пакараньня? Вось у заяве Рады Эўропы яно характарызуецца, як “барбарскае і прыніжальнае”, але яно даволі шырока ўжываецца ня толькі такімі краінамі, як Кітай, Іран і Саудаўская Арабія, але і Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Гэта такая ўжо барбарская краіна?

Максімюк: Перш як паспрабую адказаць вам на гэтае пытаньне, я зацытую адно выказваньне мінака на вуліцы ў Менску з апытаньня БелаПАН пра тое, як людзі адносяцца да сьмяротнага пакараньня. Той чалавек сказаў: “Адношуся адмоўна. Ня трэба караць сьмерцю. Няхай людзі самі апамятаюцца. Але вось калі цяжкое злачынства, трэба сьмяротнае пакараньне”. Дык вось так парадаксальна, рызыкну сказаць, думае большасьць людзей на сьвеце. Але хопіць, што ў тэлевізары вам раскажуць пра якое-небудзь зьверскае забойства, або пра жорсткі гвалт над няпоўнагадовай асобай ці малым дзіцём, і вы забываеце пра ўсе разумныя аргумэнты, заціскаеце кулакі і крычыце – сьмерць вырадку! Як мне здаецца, у краінах, дзе скасавалі кару сьмерці, гэтае рашэньне заўсёды прымала палітычная эліта, якая не баялася страціць папулярнасьць сярод электарату. І такая эліта цярпліва старалася фармаваць грамадзкую думку ў бок таго, каб сьмяротнае пакараньне скасаваць. У Беларусі ўвогуле няма палітычнай эліты, ня кажучы ўжо пра эліту, якая ведала б, што такое эўрапейскія гуманістычныя каштоўнасьці і навошта яны.

Лукашук: Юры, беларускія ўлады даволі даўно кажуць пра магчымасьць па меншай меры ўвядзеньня мараторыя на выкананьне сьмяротных прысудаў, як гэта зроблена, напрыклад, у Расеі. А ці ёсьць нейкія канкрэтныя крокі ў гэтым накірунку?

Дракахруст: У 2004 годзе з’явілася заключэньне Канстытуцыйнага суду 2004, што ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і нават скасаваць яго можа прэзыдэнт ці парлямэнт, (рэфэрэндум 1996 году па гэтым пытаньні быў насамрэч кансультацыйным), гэта і ўвядзеньне ў Крымінальны кодэкс пажыцьцёвага зьняволеньня як альтэрнатывы сьмяротнаму пакараньню, гэта зьмены ў Крымінальны кодэкс, унесеныя ў 2006 годзе, якія ўказваюць на часовы характар сьмяротнага пакараньня. У нацыянальным сходзе створана група па вывучэньні праблемы сьмяротнага пакараньня. Гэта такія дробненькія, але крокі, да па меншай меры мараторыя на сьмяротныя пакараньні.

Тут таксама варта адзначыць і істотная скарачэньне выкананых прысудаў. Калі напачатку 90-х гэта былі дзесяткі расстраляных штогод, то апошнія два гады былі пакараныя сьмерцю па два чалавекі.

Лукашук: Ян, а які стан грамадзкай думкі ў Беларусі па гэтым пытаньні? І як беларуская прапорцыя прыхільнікаў і праціўнікаў сьмяротнага пакараньня адрозьніваецца ад такой прапорцыі ў іншых краінах?

Максімюк: Паводле апытаньняў незалежных сацыялягічных цэнтраў за захаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі зараз выступае хаця і адносная, але большасьць насельніцтва. Паводле апытаньня, праведзенага сёлета лябараторыяй НОВАК, за скасаваньне сьмяротнага пакараньня выступаюць 39%, супраць – 48%. Чэрвеньскае 2009 году апытаньне НІСЭПД дала падобныя лічбы: за скасаваньне сьмяротнага пакараньня – 42% рэспандэнтаў, супраць – тыя ж 48%.

Паводле апытаньня, якое правёў нядаўна Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта за захаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выступаюць 80% апытаных.

У розных краінах сьвету існуе рознае стаўленьне да сьмяротнага пакараньня. Часам адказы залежаць ад фармулёўкі пытаньняў. Напрыклад паводле леташняга апытаньня, праведзенага ў ЗША на замову CNN на пытаньне, як лепш караць за забойства – сьмяротным пакараньнем ці пажыцьцёвым зьняволеньнем без права памілаваньня – 53% аддалі перавагу сьмяротнаму пакараньню, 46% – пажыцьцёваму зьняволеньню. У Расеі ў нядаўнім апытаньні 18% выказаліся за скасаваньне сьмяротнага пакараньня, 29% аддалі перавагу цяперашняму стану, калі дзейнічае мараторый на выкананьне сьмяротных прысудаў, і 44% выказаліся за аднаўленьне ўжываньня сьмяротнага пакараньня.

У Польшчы ў апытаньні ў 2007 годзе за аднаўленьне сьмяротнага пакараньня выказаліся 46%, супраць 52%. Падчас апытаньня, праведзенага ў Чэхіі летась амаль дзьве траціны (62%) апытаных выказаліся за аднаўленьне сьмяротнага пакараньня. Скасаваньне сьмяротнага пакараньня карыстаецца падтрымкай у некаторых краінах “старой” Эўропы. Паводле апытаньня, праведзенага ў 2006 годзе, супраць аднаўленьня сьмяротнага пакараньня выступаюць 62% немцаў, 64% італьянцаў і 64% гішпанцаў.

XS
SM
MD
LG