Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тым, як адбывалася сёньня галасаваньне ў рэгіёнах, назіралі карэспандэнты «Свабоды». Цяпер разам зь імі падсумоўваем вынікі дня.







АДРАСЫ ПАРУШЭНЬНЯЎ: ГОМЕЛЬ, БАБРУЙСК, МАСТЫ, СЛОНІМ...


У мясцовых выбарах удзельнічае 81 кандыдат у дэпутаты ад стваранай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Сустаршыня БХД Павал Севярынец паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што сёньня цягам усяго дня ў розных рэгіёнах фіксаваліся шматлікія парушэньні.

Севярынец: «Дзясяткі выпадкаў, калі ў камісіях не даюць інфармацыю па датэрміновым галасаваньні. Яшчэ дзясяткі выпадкаў, калі назіральнікам перашкаджаюць выконваць свае абавязкі. Гэта фіксуецца паўсюдна — пачынаючы ад Мастоў, дзе не далі прысутнічаць пры апячатваньні скрыняў, і завяршаючы Бабруйскам, дзе на ўчастак № 8 проста не дапусьцілі сябра ўчастковай камісіі БХД».

Апазыцыянэр выкрыў парушэньне і выклікаў міліцыю, а затрымалі яго самога

Севярынец расказаў, што ў Гомелі Кастусь Жукоўскі, кандыдат у дэпутаты па Студэнцкай акрузе № 15 у Гомельскі аблсавет, сутыкнуўся з тым, што старшыня камісіі складала фальшаваны пратакол датэрміновага галасаваньня.

Паколькі на ўчастку ў той час не было нікога, то зьвесткі жанчына прыдумляла з галавы.
Севярынец: «Паколькі на ўчастку ў той час не было нікога, то зьвесткі жанчына прыдумляла з галавы, Жукоўскі выклікаў міліцыю. 5 міліцыянтаў сабралася. Але ў рэшце рэшт вырашылі абвінаваціць Жукоўскага ў парушэньні грамадзкага парадку на выбарчым участку. Чым гэта скончыцца, будзе вядома пазьней. Магчыма, што адбудзецца нават суд».

У Слоніме на Фабрычнай акрузе № 54, дзе балятуецца кандыдат у дэпутаты ад БХД Барыс Кучынскі, на выбарчых участках паздымалі агульныя плякаты. Камісія патлумачыла, што ўся агітацыя забароненая, хаця плякаты — гэта не агітацыя, а выбарчая інфармацыя, якая павінна быць на выбарчым участку.

«Чыноўнікі выконваюць загад давесьці яўку выбарцаў да 88 працэнтаў»

Павал Севярынец перакананы, што выбарчыя камісіі знарок ідуць на парушэньні, бо выконваюць загад улады. А менавіта:

«Папярэдняе апытаньне сацыялягічнай службы пры Лукашэнку высьветліла, што нібыта 88% працэнтаў беларусаў возьмуць удзел у гэтых мясцовых выбарах. Вось гэтая лічба цяпер служыць арыенцірам. Больш за 30% загадалі зрабіць датэрміновага і больш за 50% — у дзень галасаваньня.

Гэта робіцца, у першую чаргу, каб паказаць Захаду, што нібыта беларускі народ дысцыплінаваны і гэта сапраўды „выбар“ большасьці беларусаў. Зразумела, што пры такіх фальсыфікацыях проста ня можа быць размовы пра дэмакратычныя выбары».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Гэта яўная падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў...»

На ўчастку ў сярэдняй школе № 34.
У Горадні сёньня сустрэў двух маладых людзей, якія несьлі скрыню для галасаваньня. Пытаюся, чаму скрыню не суправаджае міліцыянт?

Спадар: «Мы лічым, што няма такой неабходнасьці, каб хадзіў міліцыянт, таму ходзім адны...»

У сярэдняй школе № 34 — тры ўчасткі, і людзі ходзяць у пошуках свайго. Некаторыя ўпершыню тут знаёмяцца з праграмамі кандыдатаў. А вось і тыя, хто ўжо прагаласаваў.

Пытаюся: за каго і за што галасавалі?

«Галасаваць трэба за маладых і пэрспэктыўных»

Спадар: «Галасавалі за маладых, за пэрспэктыўных, каб нешта зрушылася зь месца. А то гады нашы ідуць, а мы топчамся на месцы».

Спадарыня: «Сьветлай будучыні, міру, спакою чакаем, каб нечым нам дапамагалі дэпутаты, а ня толькі на словах. Вось гэтага чакаем».

Карэспандэнт: «А што канкрэтна вам сёньня неабходна?»

Спадарыня: «Паліклініка, дзіцячыя садкі...»

Спадар: «Крамы патрэбныя. Мы вось тут на Кабяка 3-а жывём. Трэба, каб бліжэй былі крамы, дзіцячыя пляцоўкі. Дый з тралейбусамі трэба пытаньне вырашыць, бо на працу цяжка дабірацца».

Сустракаю незалежнага назіральніка, сябру БХК Рамана Юргеля. Чую ад яго нараканьні наконт працы назіральнікаў:

Юргель: «За пяць дзён датэрміновага галасаваньня, на жаль, давераныя асобы кандыдата ад апазыцыі ставяць подпіс у журнале заўваг пад тым, што яны ня маюць заўваг. Але яны прысутнічалі на ўчастках ня болей за 10 хвілінаў, дык няхай бы і дапісвалі ў журнале, што за 10 хвілінаў майго знаходжаньня заўвагаў няма».

У буфэце п’юць гарэлку і піва

У буфэце асартымэнт як ніколі багаты. Выбарцы п’юць піва і гарэлку, сталыя жанчыны купляюць танныя тавары. Пытаюся ў аднае спадарыні — як яна ставіцца да таго, што ў буфэтах прадаюць сьпіртное?

Спадарыня: «У школе ня трэба было б прадаваць, бо тут мой сын вучыцца. Я свайму дзіцяці калі даю грошы, то толькі на нешта смачнае, але не на піва, гарэлку ці цыгарэты...»

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін таксама балятуецца, але як назіральнік і давераная асоба наведаў ужо некалькі выбарчых участкаў. Ён лічыць, што ўлады правялі рэпэтыцыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Істомін: «Я лічу, яны знайшлі новую тэхналёгію, каб выкарыстаць яе падчас прэзыдэнцкай кампаніі — датэрміновае галасаваньне. На прэзыдэнцкіх выбарах лічбы датэрміновага галасаваньня яўна ўзрастуць, таму што людзі маюць мала інфармацыі пра выбары, а таму большы адсотак будзе ўдзельнічаць у выбарах і галасаваць датэрмінова».

«Калі людзі не галасуюць, то іх шукаюць па хатах»

З рознымі парушэньнямі адбываліся выбары і ў рэгіёнах. Кажа Іван Шэга са Слоніма:

Шэга: «У нас актыўна езьдзяць са скрынямі па хатах, а людзі, як высьвятляецца, нікога не выклікалі. Гэта яны так робяць масавасьць выбараў».

Кажа Алег Рамашкевіч зь Вялікай Бераставіцы, сябра БСДП (Грамада):

Рамашкевіч: «Вось нясу скаргу ў камісію. Людзей не ўключаюць у сьпісы для галасаваньня, кажуць, каб ішлі на іншы ўчастак. Мне самі людзі затэлефанавалі. Жанчына і пашпарт з рэгістрацыяй паказала, а ўсё роўна адмовілі».

ВІЦЕБШЧЫНА


Улада выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс

Паводле ацэнкі нашага карэспандэнта, на Віцебшчыне не было вялікай актыўнасьці выбарцаў. І таму чыноўнікі арганізавалі маладзёжныя групы, каб агітаваць людзей, ходзячы па кватэрах.

Валянціна Кудлацкая, старшыня Верхнядзьвінскай раённай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», і сама балятуецца ў райсавет, і выступае даверанай асобай у іншых актывістаў. Яна адзначае, што на ўчастках сёлета нешматлюдна. Паводле ранейшага досьведу спадарыні Кудлацкай, «пік актыўнасьці» на ўчастках бывае ад 11-й раніцы да 2-й дня. Але цяпер людзі распавядаюць, што ставяцца да выбарчага працэсу абыякава, кажа спадарыня Кудлацкая:

«Па камісіях як давераная асоба праехала, а во цяпер сустрэла з маёй вуліцы людзей, дык яна кажуць: „Каб не за цябе, Валянціна Васільеўна, дык і не хадзілі б галасаваць. Не пайшлі б на выбары, і ўсё!“ На нашым участку ўвогуле толькі 10 адсоткаў прагаласавала датэрмінова. Гэта мала, бо ня гналі людзей. І я ведаю, на якіх участках у нас ёсьць шанец выйграць выбары — мае бліжэйшыя вуліцы дык сказалі, што галасуюць толькі за мяне. Але як яно будзе на падліку — хто яго ведае».

Студэнты ўдзельнічалі ў выбарах пад абяцаньне атрымаць адгул

Вялікай актыўнасьці выбарцаў не назіралася і ў абласным цэнтры. Таму, дзеля падстрахоўкі, у некаторых навучальных установах гораду арганізавалі «групы падтрымкі». Пад абяцаньне даць «адгул» некаторых выкладчыкаў ды настаўнікаў выклікалі на працу, каб яны ўзялі ў камісій адрасы тых, хто не прыйшоў на выбары, ды прайшлі па кватэрах выбарцаў, пераконваючы «выканаць свой грамадзянскі абавязак». Ніякага статусу такія пазаштатныя «агітатары» ня маюць — кіраўніцтва навучальных установаў, дзе месьцяцца выбарчыя ўчасткі, проста выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс.

Каардынатарка аргкамітэту стваранай БХД Тацяна Севярынец, якая назірае за выбарамі ў Тэхналягічнай выбарчай акрузе № 9, заўважыла на сваім 47-м участку групу маладзёнаў з БРСМ.

Як высьветлілася, іх запрасілі на выбары, каб раздаваць асобнікі Канстытуцыі 18-гадовым выбарцам — тым, хто сёлета галасуе ўпершыню. Аніякага статусу, які дазваляў бы ім знаходзіцца на выбарчых участках, маладыя людзі ня мелі. Спадарыня Севярынец сказала, што на тых самых умовах зараз запросіць на ўчастак сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў ці яшчэ якой грамадзкай структуры — і яны таксама прыйдуць з падарункамі. У камісіі тут жа адбылася нарада, пасьля чаго групу моладзі выдалілі.

Парушэньні выбарчага заканадаўства паўтараюцца з году ў год

Самае распаўсюджванае парушэньне выбарчага заканадаўства, якое адзначаюць назіральнікі, — гэта дазвол галасаваць ня толькі за сябе, але і за іншых сваякоў. Прычым, калі чальцы камісіі адмаўляюць ахвотным прагаласаваць «калектыўна», нярэдка ўголас кажуць, што вінаватыя ва ўсім назіральнікі —
Калі чальцы камісіі адмаўляюць ахвотным прагаласаваць «калектыўна», нярэдка ўголас кажуць, што вінаватыя ва ўсім назіральнікі.
маўляў, гэта празь іх грамадзяне церпяць нязручнасьці.

Назіральнік Леанід Гаравы з Гарадку лічыць, што камісіі мусілі б выхоўваць у грамадзян павагу да заканадаўства, а не правакаваць грамадзкае незадавальненьне. Спадар Гаравы, давераная асоба старшыні раённай суполкі партыі БНФ Леаніда Аўтухова, зафіксаваў сёньня некалькі парушэньняў на Гагарынскім выбарчым участку № 5 у Гарадку. Частка зь іх тычылася парушэньняў ягоных правоў як назіральніка, а частка — парушэньня выбарчага заканадаўства ўвогуле:

«Старшыня камісіі не дазволіў мне паглядзець працэдуру выдачы бюлетэняў для галасаваньня на даму. Нібыта 94 чалавекі выказалі такое жаданьне. Таксама я напісаў скаргу, што ў 11:21 па-гаспадарску, нічога не пытаючыся, на ўчастак зайшоў кандыдат у райсавет, дырэктар птушкафабрыкі. Але ж ён мае права знаходзіцца на ўчастку толькі падчас падліку галасоў!»

Паводле Леаніда Гаравога, падобныя парушэньні фіксуюцца назіральнікамі ўжо ня першы год. Але ў адказ на скаргі яны атрымліваюць адпіскі, а вінаватых, як правіла, ніхто за парушэньні выбарчага заканадаўства не карае.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У камісіях ня ведаюць выбарчага заканадаўства

Першыя, хто сутыкнуўся сёньня з праблемамі на ўчастках для галасаваньня, былі назіральнікі і давераныя асобы апазыцыйных кандыдатаў на дэпутацтва. Так, Юрыя Стукалава, даверніка кандыдата на дэпутацтва ад стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Сяргея Кагулкіна, наагул сёньня спрабавалі не дапусьціць да назіраньня:

«Старшыня сказаў, што трэба было да сямі вечара зарэгістравацца. Яны Выбарчы кодэкс не да канца ведаюць. Давераная асоба можа ў любы момант прыехаць без папярэдняй рэгістрацыі. Арганізацыя ўчастку такая, што мой стол назіральніка — за сорак мэтраў ад месца галасаваньня. Я нічога ня бачу, ні кабінак, нічога. Толькі людзей бачу».

Пры падліку галасоў да назіральніка прыставілі міліцыянта

Юры Стукалаў назіраў за галасаваньнем на закрытым участку № 37 у шпіталі вэтэранаў вайны. Тут перамог дзейны дэпутат гарсавету Валерый Кірэеў. За яго прагаласавалі 320 выбарцаў. За апазыцыянэра Кагулкіна — восем. Падчас падліку галасоў да назіральніка Стукалава прыставілі міліцыянта.

Назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыс Бухель адзначае, што на ўчастках для галасаваньня няма пратаколаў датэрміновага галасаваньня. Яму даводзілася іх патрабаваць у камісіі:

«Пратаколы зробленыя так, што просты чалавек у іх не разьбярэцца. Без адмысловых падлікаў там не разьбярэсься, што да чаго. На ўсіх участках недзе пад трыццаць працэнтаў ужо людзей прагаласавала. Прыкладна ўва ўсіх аднолькавы працэнт. То бок ім норму сказалі, вось яны пад гэтую норму ўсё і падагналі».

У другой палове дня магілёўская кандыдатка на дэпутацтва ў гарсавет ад незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Марыя Кульманава паведаміла «Свабодзе» пра інцыдэнт на выбарчым участку ў сярэдняй школе № 30 абласнога цэнтру. Спадарыня Кульманава перашкодзіла сьмяцярцы кінуць у урну два бюлетэні.

«Члены камісіі пазвалі сьмяцярку й далі ёй бюлетэні адзначаныя ўжо. Кажуць: ідзі кінь. А я кажу — пакажы, што табе далі. А яна мне: „Я зараз іх кіну“. А я: „Як ты кінеш? Гэта ж парушэньне. Гэта нельга рабіць“. Я іх забрала. Член камісіі Гулецкая патрабуе аддаць іх ёй, бо яе звольняць з працы. Выклікалі міліцыю. Прыехаў старшыня Астроўскай выбарчай акругі Кажамякін і забраў у мяне бюлетэні. Зьбіраюся пісаць скаргу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG