Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Калядныя “служэньні па вёсках” — з “Новым жыцьцём”


Сёньня, калі ўжо зьнятыя сьвяточныя строі, распрэжаныя рознакаляровыя навагоднія вазкі, зробленыя сямейныя здымкі з каляднымі анёламі — я адчуў патрэбу спыніцца-азірнуцца. Найлепш — у Храме. Я абраў пратэстанцкую царкву “Новае жыцьцё”. Натуральна, ня толькі з-за назвы. РС цягам году расказвала пра самаахвярнае змаганьне вернікаў за храмавы будынак. Ён быў 7 год таму на іх грошы ды іх рукамі перароблены з калгаснага кароўніка. Цягам мінулага году ладзіліся і “служэньні па вёсках” Меншчыны — вернікі мяркуюць займацца гэтым і надалей.

У сталічным раёне Малінаўка мяне сустрэў пастар і адначасова біскуп Аб’яднаньня абшчын поўнага Эвангельля Беларусі Вячаслаў Ганчарэнка. Праехалі на машыне некалькі кілямэтраў — ня так даўно царква адносілася да Менскага раёну.

Царква “Новае жыцьцё”


Ганчарэнка: “Вельмі прыемна, што Радыё Свабода ў нас сёньня ў гасьцях. Лепшае сьвята, якое могуць адзначаць хрысьціяне, — Раство Ісуса Хрыста. Калі мы толькі ўвайшлі ў гэты кароўнік, дык паслалі тут саломы, прывезьлі з заапарку асла, зь вёскі авечкі, козы. Было шмат падарункаў дзецям…”

Унутраную моц у яго глыбока пасаджаных іранічных вачах убачыў ужо ў часе размовы. Напачатку ж хударлявага, проста апранутага, маладжавага чалавека прыняў за кіроўцу. Зрэшты, гэта адна з цывільных прафэсій пастара Вячаслава. У свае 38 ён быў мулярам, электрамантэрам, геадэзістам. А ягоны пратэстанцкі радавод налічвае ўжо пяць пакаленьняў. Мае дзьве дачкі. Скончыў тэалягічны каледж ды ўнівэрсытэт Орала Робэртса ў Кіеве. Аўтар кнігі “Ты будзеш жыць вечна”. Усярэдзіне храму на невялікім пастамэнце фасфарэсцыруе крыж, стаяць бубны для рок-гурту. У прасторнай залі можа сабрацца да паўтары тысячы чалавек. Пастар Вячаслаў знаёміць са сваімі паплечнікамі, братамі і сёстрамі па веры. 41-гадовая Марыя Сідарэнка -гісторык, цяпер кіраўнік інфармацыйнай службы “Новага жыцьця”. 39-гадовая Іна Давыдовіч — філёляг, рэдактар сайту ў інтэрнэце. 54-гадовая флярыст-дызайнэр Вольга Крышнёва вядзе служэньні, у тым ліку з бамжамі. Найбольш публічна вядомы, юрыст Сяргей Луканін, і ў царкве працуе па прафэсіі. Дарэчы, сярэдні ўзрост тысячы вернікаў — 35. Пачынаем з тэмы, найбольш роднаснай назову нашай праграмы.

Карэспандэнт: “Хачу зьвярнуцца да вас як да сваіх калегаў. Вы ладзіце акцыю, пра якую раскажаце публічна ўпершыню. Яна мае назоў „Служэньні па вёсках“. Вы аб’ехалі 12…”

Ганчарэнка: : “Большасьць вандровак узьнікае раптоўна. Узьняліся ў адзін дзень некалькі людзей паглядзець, як жывуць людзі, аказаць дапамогу…”

Сяргей Луканін

Луканін: “Мы праехалі камандай, каб запаліць у іх сэрцах агонь Эвангельля. Да мяне далучыліся 10 чалавек. Мы адчулі, што народ цягнецца да духоўнасьці. Прыходзяць рознага ўзросту людзі. Спыняемся, пачынаем хадзіць па хатах і запрашаць людзей на малітву „за вас і вашу зямлю“. Калі жадаеце разам, зьбірайцеся каля клюбу ці крамы. Зьбіралася ад 5 да 30 чалавек. Знаёмімся і молімся за іх асабістыя патрэбы. Узьнікаюць вельмі эмацыйныя сустрэчы! Адна бабулька падышла, сказала — „я ніколі ня чула, каб хто так гаварыў…“ У другой вёсцы падышоў п’яны задзіра. Паспрабаваў нам перашкаджаць, лаяўся мацюкамі. Мы памаліліся за яго, ён супакоіўся. Прывёў сам да сябе дахаты, зь вялікай цяжкасьцю прамовіў усьлед словы пакаяньня. Пачаў частаваць яблыкамі, вочы запаліліся. Вялікая радасьць у сэрцы, што мы з Госпадам зьяўляемся ўдзельнікамі ў гэтым служэньні…”

Семярэнка: “У мяне ёсьць вернікі, што працуюць на вёсцы зь дзецьмі з малазабясьпечаных сем’яў. Дзеці атрымліваюць прадуктовыя пасылкі раз на месяц, фармуем гурты для гульняў…”

Карэспандэнт: “Перад запісам вы сказалі, што лепш публічна не называць тыя вёскі, у якіх вандруеце…”

Луканін: “Ну так. Улады, заканадаўства нам супрацьстаяць у любых дабрачынных памкненьнях па-за царквой. Гэта і служэньне дзецям у інтэрнатах. Ці забараняюць здымаць клюбы, хоць тыя гадамі стаяць пустыя. Ці міліцыя зрывае мерапрыемствы, выводзіць сьвятароў…”

Тры гады цягнуліся суды паміж “Новым жыцьцём” ды Менскім гарвыканкамам, які спрабаваў адабраць у вернікаў права карыстаньня набытай зямлёй і будынкам царквы. Маўляў, як яны чулі ад міліцыянтаў, “ня блізкі да ўлады ваш бог”. Гвалтоўны выкуп памяшканьня мэрыяй прымусіў 5 кастрычніка 200 сяброў абшчыны абвясьціць “пост-галадоўку”, якая доўжылася 23 дні. Зараз справа “замарожаная”. Але тыя часы і зараз нібы стаяць перад вачыма суразмоўцаў.

Луканін: “Улада забараніла дактарам з паліклінікі паблізу, каб дапамаглі, калі пасьля двух тыдняў галадоўкі некаторым вернікам стала кепска. Выкліка?лі „хуткую дапамогу“ — не адразу сталі езьдзіць. Але раптам прыехаў рэанімабіль, хоць яго не выклікалі. Зь яго выйшлі апранутыя ў белыя халаты хлопцы з кароткімі прычоскамі. Паспрабавалі ўвайсьці ў будынак, але гэтую атаку адбілі таксама — „у вас ня бачна, але паверх сьвецяцца пагоны!“ (сьмех). Я быў кіраўніком групы парадку і заўважыў знаёмага мне палкоўніка МУС Навуменку. Я запрасіў яго ў царкву, жартаваў, але было відавочна, што плянаваўся захоп нашага будынку. Адчувалі непасрэдную пагрозу асабіста для нас…”

Карэспандэнт: “Вэртыкальшчыкі не разумеюць, які піяр вам яны стварылі…”

Ганчарэнка: “Так. Была вялікая грамадзкая і міжнародная падтрымка. З 40 краін дасылалі лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, стаялі ля беларускіх амбасадаў — мы былі зьдзіўленыя, як хрысьціяне адчуваюць адзін аднаго…”

* * *

Ізноў вяртаемся да тэмы “служэньня па вёсках”. З тымі ж суразмоўцамі — пастарам Вячаславам Ганчарэнкам, Марыяй Семярэнкай, Інай Давыдовіч, Вольгай Крышнёвай ды Сяргеем Луканіным. Узгадваю, як у часе мінулагодняй вандроўкі непадалёк ад вёскі Новыя Дзітрыкі, што на Лідчыне, давялося, як пішуць клясыкі, апусьціцца на самае “чалавечае дно”. Спачатку не паверыў, што тут жывуць людзі. Павалены хлеў. Перакошаныя шыбіны бяз шкла. Трэснуты падмурак. 59-гадовая бамжаватага выгляду жанчына кажа, што 5 гадоў як прыехала зь Літвы з 39-гадовым сынам. Голас Любові Станюс дрыжыць.

Станюс: “Сын хворы — цыроз печані, не ўстае. Сьвятла няма — нам адрэзалі за 5 гадоў. На лямпе жывем. А як бедны чалавек, ніякай дапамогі — а каму гэта трэба? Жыўнасьці не трымаем, во сабаку нядаўна прывялі. Раней каровы даіла, вартавала. Сын пасьвіў, гной качаў. Сядзім на бульбе, во бурак, капусту вырасьцілі каля хаты, фасоля. Во кажуць усе — п’яніцы, п’яніцы. А на тых п’яніцах уся фэрма стаяла! Ніхто не зьвяртае цяпер увагі…”

У гаману ўключаюцца вернікі “Новага жыцьця”. Пытаньне да спадарыні Крышнёвай, якая займаецца вясковымі бамжамі.

Вольга Крышнёва

Карэспандэнт: “Вольга, ці вартыя такія людзі міласэрнасьці?”

Крышнёва: “Я сама была ў бязвыхаднай сытуацыі — сыну пагражала калёнія, мужу — турма. Я дзень і ноч крычала Госпаду — „прывядзі мяне ў царкву!“ І мае дзеці мяне прывялі ў „Новае жыцьцё“. І вашы героі заслугоўваюць увагі, спачуваньня…”

Іна Давыдовіч


Давыдовіч: “Тых, да каго мы едзем у вёскі, уражвае, што нехта зьвярнуў на іх увагу, неабыякавы да іх лёсу. І любоў, якая ідзе ад нас, зьмякчае іх сэрцы. Часьцяком сэрцы чарсьцьвеюць ад бедаў, праблемаў, што перажываў, галечы. І ніхто не пытаецца — „а як ты думаеш жыць далей?!“ І Вольга Крышнёва, і тыя, хто зь ёй езьдзіць, выконваюць ролю масткоў…”

Карэспандэнт: “Сталкераў”, як казаў кінарэжысэр Андрэй Таркоўскі…“

Давыдовіч: “Так, праваднікоў Божай любові…”

Кляшнёва: “Калі прыходзім на сустрэчы з „нашымі“ бамжамі, у асноўным мужчынамі — канечне, ім хочацца „падагрэцца“, бо й холадна. Прынясем заўжды гарачы абед, пачынаем гаварыць пра іх патрэбы. Кажам, што заўжды ёсьць Надзея. Жанчыны абдымаюцца, цалуюцца з намі. Просім наступным разам прыйсьці ня выпіўшы. Даем апрануцца. І — натхняем…”

Пратэстантызм на землях ВКЛ зьявіўся яшчэ ў сярэдзіне 16 стагодзьдзя. Зямля пад першы храм эвангелістаў была выдзелена ў Слуцку. Канцлер Мікалай Радзівіл Чорны, адзін з найбагацейшых магнатаў, заснаваў пратэстанцкія цэрквы на Берасьцейшчыне. У XX стагодзьдзі Антон Луцкевіч ды Лука Дзекуць-Малей пераклалі тэксты Новага запавету і Псальмаў на беларускую мову. Цяпер у краіне дзейнічае 985 пратэстанцкіх прыходаў і 5 духоўных вучэльняў. Тым ня менш мае суразмоўцы, як вы чулі, свабоду веравызнаньня лічаць недастатковай. У мінулым годзе вернікі актыўна бралі ўдзел у грамадзкай акцыі “50 тысяч” з патрабаваньнямі зьмены рэлігійнага заканадаўства.

Віктар Ганчарэнка


Ганчарэнка: “Бязь зьмены законаў цяжка будзе нечага дасягнуць. У месцах паломніцтва, культавых будынках ня можам, калі трэба, вольна зьбірацца. Дазволу не даюць! Пастарская рада прыняла рашэньне сабраць 50 тысяч подпісаў, падаць у Канстытуцыйны суд, каб ён ініцыяваў зьмяненьне рэлігійнага заканадаўства…”

Луканін: “Цягам кампаніі не заяўлялі афіцыйна, што зьбіраемся карыстацца канстытуцыйным правам у становішчы, калі ў краіне людзі баяцца сказаць свабоднае слова. Але мы задачу выканалі, подпісы былі перададзены ў суд, адміністрацыю, парлямэнт. Адзіная рэакцыя — кіраўнікі акцыі заплацілі вялікія штрафы: Вячаслаў Ганчарэнка, Павал Севярынец і Сяргей Луканін”.

Карэспандэнт: “Сяргей, Вы ў „няновым“ жыцьці пасьпяхова займаліся бізнэсам…”

Луканін: “Я быў дырэктарам і ўладальнікам юрыдычнай фірмы 13 гадоў, працаваў у абласной калегіі адвакатаў. У Бібліі напісана, што грошы — гэта ня дрэнна, а „вялікая спакуса“. Я таксама папаўся на гэтым. Мая сям’я пачала разбурацца, усё менш бываў дома. Я не лічыў, што калі падманваю жонку — раблю грэх. Да мяне прыйшоў чалавек, які распавёў, што прысутнасьць Бога зрабіла ў яе жыцьці. Мая жонка год малілася — „Гасподзь, вярні мне мужа“. Я прызнаў, што грэшны, праз тры дні адчуваў сябе іншым. Сэнсам стаў пошук волі Божай менавіта для майго жыцьця. Я адчуў, што трэба рабіць, каб мы ізноў сталі адной сям’ёй. Адчуў новае каханьне да сваёй жонкі, быццам ажаніліся тыдзень таму. Гэта было цудоўна! Я кінуў бізнэс. Прыйшоў да пастара і сказаў, што хачу служыць у царкве…”

Карэспандэнт: “У „пратаколах аб намеры“ на вашым сайце…”

Давыдовіч: “www.newlife.by — адрас…”

Карэспандэнт: “…заўважыў фразу, што „Новае жыцьцё“ скіравана на „даступнасьць да людзей, любоў да Беларусі“. Якое мейсца ў вашай духоўнай герархіі займаюць гэтыя каштоўнасьці?”

Ганчарэнка: “Мы — патрыёты сваёй краіны. На жаль, пакуль усе не перайшлі на мову. Гэта наша прынцыповая пазыцыя. Чуем, што ў іншых цэрквах мараць выехаць за мяжу, у Амэрыку. Мы катэгарычна супраць. Хочам убачыць вялікія перамены, Цуд Божы гэтай краіны…”

Карэспандэнт: “На вашым сайце ёсьць “Прароцтвы пра Беларусь”, адно зь іх пад назвай “Апошнія будуць першымі…”

Марыя Семярэнка


Семярэнка: “Як патлумачыць сьвецкім людзям, што такое прароцтва? Чалавек напаўняецца Духам Сьвятым, атрымлівае Слова, якое вызваляе. У Бібліі вы можаце ўбачыць прароцтвы Ераміі, Ісайі. Яны гаварылі пра будучыя падзеі ў Ізраілі. Гэтак жа Лестар Самрэл, эвангеліст сусьветнага маштабу, нават ня ведаючы нашу краіну, паказаў на карце, што „ёсьць краіна паміж Польшчай і Расеяй, дзе эканамічная, палітычная цемра, але ў пэўны момант Бог дасьць сваю міласьць і з краіны падымуцца тысячы прапаведнікаў, місіянэраў“. Ён казаў, што надыдзе час, Беларусь адновіцца і ў ёй будзе палітычны, эканамічны цуд. І — духоўнае абуджэньне…”

Карэспандэнт: “Якога новага жыцьця чакаеце ў 2009-м?”

Спадарства: “Мы чакаем, што дабро пераможа, што Гасподзь будзе пасярод усяго, што адбываецца. Будзем са сваімі людзьмі рухаць праекты… Я думаю, гэта будзе час перамен. Акурат Бог тварыў свае цуды ў цяжкія часы… У нас ёсьць добрае шчыраваньне для тых, хто баіцца крызы — “сейце, рабіце добрыя справы, дарыце цяпло і ўсьмешку — і перажывяце…”


XS
SM
MD
LG