Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пастара Ганчарэнку аштрафавалі на 1 750 000 рублёў


Суд аштрафаваў пастара царквы “Новае жыцьцё” нібыта за парушэньне правілаў збору подпісаў грамадзянаў.


Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў пастара царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку на мільён семсот тысяч рублёў — нібыта за парушэньне правілаў збору подпісаў грамадзянаў і за невыкананьне прадпісаньня пракурора.

Вячаслаў Ганчарэнка ў судзе тлумачыў, што грамадзяне ў Менску і ў рэгіёнах добраахвотна ставілі подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны суд за тое, каб былі ўнесеныя зьмены ў закон аб рэлігіі і ў Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Пад зваротам падпісаліся ня толькі вернікі пратэстанцкіх суполак, але й іншыя грамадзяне. Усяго было сабрана больш за 50 000 подпісаў. 22 красавіка Паўла Севярынца, які быў сярод тых, хто адносіў сабраныя подпісы ў Канстытуцыйны суд, пакаралі штрафам на 40 базавых велічыняў (гэта 1 мільён 400 тысяч рублёў).

Цяпер чарга дайшла да пастара Вячаслава Ганчарэнкі. Суд палічыў, што подпісы зьбіраліся з парушэньнямі дзейнага заканадаўства. Судзьдзя Ўладзімер Аўдзеенка пытаўся, ці былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы. Спасылкі абвінавачанага на тое, што гэта ня выбары і патрабаваньні выбарчага заканадаўства тут не павінны дзейнічаць, на судзьдзю не паўплывалі. Пастара пакаралі штрафам на адзін мільён 400 тысяч рублёў.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка так пракамэнтаваў гэты прысуд:

“Гэта вялікая сума. Усё гэта — комплекс ціску на нашу царкву з-за таго, што мы ігнаруем іх рашэньні і лічым іх незаконнымі. Мы свой будынак усё роўна нікому не аддамо. Будзем змагацца да перамогі”.

Адразу пасьля абвяшчэньня пастановы судзьдзя пачаў разглядаць яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол. Гэтым разам – за невыкананьне пракурорскага распараджэньня. Яго накіравалі вернікам царквы пасьля таго, як тыя забаранілі ўваход у свой будынак прадстаўнікам энэрганагляду, пажарным ды прадстаўнікам камунальных службаў.

Нагадаем: у 2006 годзе вернікі трымалі галадоўку ў будынку царквы, патрабуючы, каб гарадзкія ўлады вярнулі вернікам зямельны надзел, не адбіралі ў іх храм і далі магчымасьць ладзіць набажэнствы.

Гаворыць Вячаслаў Ганчарэнка:

“Мы верым, што будынак застанецца за намі. Мы туды ўклалі вялікія грошы і ўкладаем. Будынак належыць нам”.

За невыкананьне пракурорскага распараджэньня пастара аштрафавалі яшчэ на 350 000 рублёў.

Вернік пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” Віталь Антончыкаў прыйшоў у суд разам зь некалькімі іншымі вернікамі на знак салідарнасьці са сваім пастарам.

“Мы занепакоеныя тым, што адбываецца вакол царквы “Новае жыцьцё” і асабіста пастара Вячаслава. Гэты ціск ня мае ніякага сэнсу. Пачынаючы ад 2004 году то ў нас пракуратура, то мы павінны бараніць свой будынак — не пускаем то адны, то іншыя службы... Папросту арганізаваны ціск на нашу царкву з боку ўладаў”.

Позву ў суд накіравалі і юрысту царквы “Новае жыцьцё” Сяргею Луканіну. Яго справу будуць разглядаць на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG