Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пратэстантаў грошы за сходы патрабуюць даўно


Улады Магілёва запатрабавалі ад мясцовых католікаў грошай за арганізацыю хроснага ходу, каб аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды мэдыкаў. Пратэстанты сутыкаюццца з падобнымі патрабаваньнямі даўно.



“Нашая царква сутыкалася з падобнай сытуацыяй. Раней, калі ў нас не было ўласнага будынку, мы арандавалі памяшканьне, прыкладам, у Галоўнай гаспадарчай управе адміністрацыі прэзыдэнта”,-- гаворыць юрыст Царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін.

“Ад нас патрабавалі, каб у залі для набажэнстваў прысутнічалі прадстаўнікі “хуткай дапамогі”, міліцыі і пажарнікі. Калі мы не сталі плаціць за гэтыя паслугі, нам адмовілі ў арэндзе”,-- дадаў спадар Луканін.

Юрыст дадаў: “Калі ў 2006 годзе мы праводзілі мітынг на плошчы Бангалор, нам давялося заплаціць вялікія грошы і за пажарнікаў, і за міліцыю, і за спажываную электраэнэргію. Гэта былі вельмі вялікія грошы”.

Сяргей Луканін перакананы, што “закон аб мітынгах і масавых мерапрыемствах вельмі рэакцыйны, яго трэба зьмяніць”.

“Гэты закон улады выкарыстоўваюць толькі тады, калі трэба разабрацца зь нейкімі ўстановамі, якія ім не падабаюцца. Для нас гэта відавочна”. – заявіў С.Луканін. “Паводле аднаго з пунктаў закону, дазваляецца праводзіць мерапрыемствы ў тых месцах, якія для гэтага прадугледжаныя. Але калі сьвяты піва праводзяцца ў спартовых комплексах, цяжка прасачыць нейкую лёгіку. Якім чынам спартовы комплекс прадугледжаны для сьвята піва?”

XS
SM
MD
LG