Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў са штогадовай справаздачай пра аб сытуацыі з рэлігійнымі свабодамі ў сьвеце.


У разьдзеле пра Беларусь згадваюцца шматлікія парушэньні правоў вернікаў, адзначаюцца таксама і станоўчыя моманты.

Дзярждэпартамэнт ЗША мяркуе, што ўрад Беларусі абмяжоўвае дэкляраваныя Канстытуцыяй правы беларускіх вернікаў. Гэта выяўляецца ў адмове ў рэгістрацыі альбо ў невяртаньні маёмасьці рэлігійным абшчынам, а таксама ў перасьледзе пастыраў і місіянэраў. Некаторых зь іх, паводле Дзярждэпартамэнту, высылалі з краіны, некаторым адмаўлялі ў візе.

Таксама ў справаздачы сьцьвярджаецца, што ў 2007—2008 гадах мелі месца “выпадкі грамадзкага гвалту і дыскрымінацыі на рэлігійнай глебе, уключна з шматлікімі фактамі падпалу і вандалізму ў дачыненьні да рэлігійных аб’ектаў і могілак”.

А што думаюць пра становішча з рэлігійнымі свабодамі ў краіне самі беларускія вернікі?

Сяргей Луканін ёсьць юрыстам царквы “Новае жыцьцё”, якая ўжо шмат гадоў ня можа зарэгістравацца, бо ня мае дазволу на свой будынак. Сяргей Луканін адзначае, што працягваецца штучны падзел цэркваў на “традыцыйныя” і “нетрадыцыйныя”, “добрыя” і “сэкты”. На думку верніка, гэта супярэчыць праву на свабоду веравызнаньня.

“З розных гарадоў і вёсак нашай краіны прыходзяць зьвесткі, што ўлады забараняюць праводзіць ці то богаслужэньні, ці то сьвяты. Гэта тычыцца ня толькі пратэстантаў, але і праваслаўных ды каталікоў, асабліва нетрадыцыйных. На жаль, рэлігійнай свабоды пакуль што няма”.

Дзярждэпартамэнт ЗША адзначыў “пашырэньне дзяржаўнага кантролю” над рэлігійнымі абшчынамі й стварэньне штучных цяжкасьцяў для тых, хто нядаўна пачаў сваю дзейнасьць. У прыватнасьці пра крышнаітаў сказана: “Урад працягваў перасьлед крышнаітаў за распаўсюд рэлігійнай літаратуры”. Сябра абшчыны крышнаітаў Сяргей Малахоўскі нагадаў, што пасьля прыняцьця ў 2002 годзе закону аб свабодзе веравызнаньняў абшчына ня можа перарэгістравацца, але цяпер зьявіўся спадзеў на лепшае:

“Нібыта гарвыканкам гатовы даць добрае заключэньне пра наш статут, і гэтае пытаньне пра перарэгістрацыю можа вырашыцца станоўча. Такім чынам, нават пры гэтым законе ад 2002-га году станоўчыя вынікі ўсё ж ёсьць”.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту згадваецца, што ў 2008 годзе ўлады Беларусі пакаралі штрафамі вернікаў, якія сабралі тысячы подпісаў пад зваротам за зьмены ў згаданы закон 2002 году. Прапанаваныя зьмены нават не былі разгледжаныя, адзначаецца ў дакумэнце.

Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч сёлета быў аштрафаваны за асьвячэньне крыжа на месцы забойства савецкімі партызанамі простых грамадзянаў. Айцец Леанід кажа, што палітыка ў Беларусі дагэтуль брутальна ўмешваецца ў рэлігійныя справы:

“Прычына, вядома, у антыбеларускай ролі нашага ўраду. Калі б ён быў свой, беларускі, то дбаў бы, каб была беларуская незалежная дзяржава і незалежная праваслаўная царква. А то ўсё ідзе ў рэчышчы ўсходняй палітыкі, імпэрскай палітыкі”.

У справаздачы адзначаецца, што няма зьвестак пра зьняволеных паводле рэлігійнай прыкметы, а таксама прыводзяцца некаторыя іншыя станоўчыя факты. У прыватнасьці, адзначаецца роля мясцовых органаў Гомлі ў гісторыі з перазахаваньнем рэштак юдэяў, знойдзеных на старых габрэйскіх могілках. Пры гэтым у справаздачы Дзярждэпартамэнту пералічана болей за 10 фактаў праяў антысэмітызму і адзначана актывізацыя нэанацыстаў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG