Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стасункі ўлады і царквы: усе засталіся пры сваім


Сёлета ўлады Беларусі пад ціскам міжнароднай супольнасьці вызвалілі з турмаў некалькі вядомых палітычных вязьняў, дазволілі прадаваць у дзяржаўных кіёсках і вярнулі ў падпісныя каталёгі незалежныя газэты “Наша Ніва” і “Народная воля”. Адначасна Дзярждэпартамэнт ЗША ў штогадовай справаздачы пра становішча рэлігійнай свабоды ў сьвеце заявіў, што ў Беларусі парушаюцца правы вернікаў і рэлігійных канфэсіяў. Ці зьмяняюцца да лепшага дачыненьні ўладаў і царквы ў Беларусі?


Больш за тры месяцы вернікі розных каталіцкіх парафіяў трымаюць пост за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў у Менску. Пост стаўся працягам штодзённых вулічных малітваў на прыступках касьцёла, якія доўжацца амаль чатыры гады, кажа адна з актывістак Івона Мацукевіч:

“Да таго, што ў нас ужо было — малітва, малітва — зараз і гэты пост. Хтосьці ня можа прыходзіць да нас і маліцца каля касьцёла. Таму будзе падтрымліваць нас пастом, і такіх у нас больш за 70 чалавек на сёньня. Прыходзіў да нас кіраўнік аддзелу ў справе рэлігіяў. Ён не зразумеў, што гэта некаторыя дні на тыдзень. Ён думаў, што мы тут селі з плякатамі, з расьцяжкамі. Ну, і агітаваў нас: маўляў, вернуць вам касьцёл, але бяда ў тым, што тут побач праваслаўны храм, і на праваслаўных вернікаў гэта будзе ўплываць ня так, як трэба. Мы кажам: гэта ж іхняя праблема, ня мы ж у іх храм увайшлі, а яны ў наш. Сьвятадухаў сабор — гэта ж наш касьцёл Сьвятой Ганны”.

Пасьля таго як стала вядома, што Менгарвыканкам плянуе перадаць будынкі сьвятыняў інвэстарам для пераабсталяваньня ў гатэльна-забаўляльны комплекс, вернікі сабралі больш за 30 тысяч подпісаў да кіраўніка краіны. Зьвярталіся яны і ў розныя іншыя інстанцыі, аднак станоўчага адказу так і не атрымалі. Вайсковая камэндатура і пракуратура вызвалілі будынак кляштару, але ў касьцёле па-ранейшаму месьцяцца Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, а таксама Архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі. Аднак гэта не адзіная праблема, якая існуе ў каталіцкім касьцёле ў Беларусі сёньня, паведамляе мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

“Касьцёл знаходзіцца ў вельмі цяжкай сытуацыі. 30% парафій ня маюць месца, дзе яны могуць цэлебраваць сьвятую імшу. Не заўсёды лёгка таксама атрымаць рэгістрацыю і яшчэ цяжэй — атрымаць дазвол на пабудову касьцёла, атрымаць нейкі пляц. Мне часамі гэта не заўсёды зразумела. Далей — вельмі цяжкая сытуацыя пэрсанальная. Сёньня ў нас працуе каля сотні сьвятароў: 2/3 зь іх — гэта грамадзяне Беларусі, і 1/3, альбо 30%, — замежнікі. І мне цяжка зразумець, што нам сёньня не дазваляюць, каб прыехалі сьвятары з-за мяжы. Я добра разумею і падзяляю клопат дзяржавы пра тое, каб былі мясцовыя сьвятары. Аднак гэта працэс. І не вінаваты каталіцкі касьцёл у тым, што калі цягам 70 гадоў тут, на гэтай зямлі, не было сэмінарыі, то скуль могуць узяцца гэтыя сьвятары вельмі хутка?”

Нічога не зьмянілася ў адносінах дзяржаўнай улады і праваслаўнай царквы ў Беларусі, паведаміў праваслаўны бацюшка, які пажадаў не называць свайго імя:

“Падзеяў, якія б сьведчылі, што нешта зьмянілася ў лепшы бок — такіх падзеяў няма. Праваслаўная царква была ў больш-менш зразумелых стасунках зь дзяржавай, так яно і застаецца. Так у нас прынята, у праваслаўнай царкве, што сама царква, яна сама шукае цесных стасункаў зь дзяржавай, няважна зь якой. І не таму, што яна такая ўжо прыхільніца рэжыму Лукашэнкі, што ён царкве гэтак падабаецца. Будзе іншая ўлада — яна будзе шукаць стасункаў зь іншай уладай. Проста такая традыцыя ў царкве. Так што ўсё застаецца, як было. Сказаць, што горш — ня скажаш, і сказаць, што лепш — таксама ня скажаш. Усе засталіся пры сваім”.

Менская рэлігійная суполка Міжнароднай грамады сьвядомасьці Крышны цягам некалькіх гадоў спрабавала прайсьці перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з новай рэдакцыяй закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. Зрабіць гэта ўдалося толькі сёлета, кажа сябра рады Сяргей Малахоўскі:

“Калі меркаваць, што адбылася перарэгістрацыя менскай абшчыны, то можна было б сказаць, што нейкія крокі ў бок лібэралізацыі ў гэтай галіне зробленыя. Але можна вельмі добра пабачыць, што ўсё ж насамрэч адбываецца ў дзяржаве, калі зайсьці ў краму, дзе прадаюцца нашыя беларускія падручнікі рэлігіязнаўства. Там вучоныя і настаўнікі ацэньваюць рух сьвядомасьці Крышны, афіцыйна зарэгістраваны рэлігійны накірунак. Там гучыць адназначна — рэлігійная, таталітарная, дэструктыўная сэкта. Гэтаму будуць навучацца маладыя людзі, зь якіх выходзяць спэцыялісты і дзяржаўныя дзеячы. Словам, я бачу, што падрыхтоўваецца глеба да таго, каб тут не было шматканфэсійнасьці, а была якаясьці адзіная дзяржаўная лінія”.

Восем год доўжыцца канфлікт вернікаў царквы “Новае жыцьцё” і ўладаў Менску. Гарадзкая адміністрацыя дазволіла пратэстантам набыць будынак былога кароўніка, а калі той быў пераабсталяваны, забараніла яго выкарыстоўваць у рэлігійных мэтах. Вернікі безвынікова прайшлі ўсе юрыдычныя шляхі вырашэньня праблемы, у тым ліку суды. Больш за 200 чалавек 23 дні трымалі ў храме пост-галадоўку. Пасьля двухгадовага перапынку зараз судовы працэс адноўлены. Але галоўная праблема дачыненьняў улады і царквы палягае глыбей, кажа юрыст “Новага жыцьця” Сяргей Луканін:

“Галоўнае, што не зьмяняецца, — гэта не зьмяняецца заканадаўства, якое робіць немагчымым вызнаваць сваю веру. Гэта тое, супраць чаго мы сабралі 50 тысяч подпісаў. Што тычыцца нашай царквы, то адносна будынку нашай царквы судзьдзёй Вышэйшага гаспадарчага суду дагэтуль рашэньне не прынятае. І справа ня толькі ў царкве “Новае жыцьцё”, хоць многія бачаць нашую справу як лякмусавую паперу адносінаў улады і царквы. Калі нешта пачне зьмяняцца, то павінна пачацца са зьменаў заканадаўства ў рэлігійнай сфэры. Мы думаем ня толькі пра сябе, свае правы і сваю маёмасьць. Мы думаем таксама, каб свабода прыйшла ў рэлігійную сфэру, каб яна належала ўсім хрысьціянскім цэрквам у нашай краіне”.

У аргкамітэце па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, якая была запачаткаваная яшчэ ў 20-х гадох мінулага стагодзьдзя, таксама ня бачаць грунтоўных зрухаў да паляпшэньня адносінаў дзяржавы і царквы. Гаворыць адзін зь лідэраў аргкамітэту Павал Севярынец:

“Адзіная прыкмета таго, што нешта можа зьмяніцца, — гэта тое, што чарговы раз пастаўлена на парадак дня пытаньне царквы “Новае жыцьцё”. Магчыма, паказваючы Захаду, што вось і з рэлігійнымі грамадамі мы знаходзім паразуменьне. Але суд увесь час адкладаюць, відавочна выкарыстоўваючы ў якасьці разьменнай манэты ў торгу з Захадам. Яны ведаюць, што ў “дарожнай мапе” перамоваў паміж Эўразьвязам і рэжымам ёсьць пытаньне закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” і ягоных зьменаў. Ёсьць пытаньне рэгістрацыі “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”. Таму, я думаю, гэта будзе прадметам торгу. Пакуль ніякіх рэальных крокаў няма. Мы, пачынаючы ад пачатку наступнага году, калі будзем разгортваць пытаньне рэгістрацыі партыі, — мы пастараемся зрабіць гэтае пытаньне адным з асноўных на парадку дня перамоваў”.
XS
SM
MD
LG