Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына беларуска-ўкраінскага дыпляматычнага скандалу?


Беларусь адмаўляецца выдаваць Украіне ратыфікацыйныя граматы да дамовы аб мяжы. Чаму зрываюцца дамоўленасьці, дасягнутыя паміж Лукашэнкам і Юшчанкам? Ці стаяць за гэтым скандалам палітычныя праблемы? Якія пэрспэктывы вырашэньня супярэчнасьцяў?


Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і журналіст Юрый Сьвірко з Кіева.

Андрэй Фёдараў
Юрый Сьвірко
Валер Карбалевіч

Чаму зрываюцца дамоўленасьці?


Валер Карбалевіч: «У беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях здарыўся скандал. Праблема, якая існуе ўжо каля 20 гадоў, зноў азмрочыла адносіны паміж суседнімі дзяржавамі. Шмат гадоў Беларусь патрабуе вярнуць доўг, адмаўляючыся ратыфікаваць дамову аб мяжы. У лістападзе мінулага году падчас візыту Лукашэнкі ў Кіеў здавалася, што гэтая шматгадовая праблема вырашана. Нібыта Ўкраіна пагадзілася кампэнсаваць беларускія фінансавыя прэтэнзіі за кошт паставак таннай электраэнэргіі. Беларусь ратыфікавала дамову аб мяжы, падпісаную ў 1997 годзе. Але вось на фінішы здарыўся скандал. Сарвалася сустрэча Лукашэнкі і Януковіча 28 траўня ў Чарнігаўскай вобласьці. У чым прычына скандалу?»

Андрэй Фёдараў: «Тут шмат чаго невядома, бакі не абнародуюць падрабязнасьці. Існуе шмат супярэчлівай інфармацыі пра тое, ці сапраўды плянавалася сустрэча ў Чарнігаўскай вобласьці.

Незразумела, навошта ўкраінскаму кіраўніцтву зацягваць гэты працэс, бо шмат гадоў Кіеў марыў пра ратыфікацыю дамовы аб мяжы зь Беларусьсю і дэмаркацыю мяжы.

Зь іншага боку, не зусім зразумелыя паводзіны і беларускага боку. Наколькі можна меркаваць, аб зьмяненьні сумы доўгу гаворка не ідзе, пытаньне толькі ў тэрмінах выплаты доўгу. Навошта з-за некалькіх месяцаў уздымаць такі скандал?»

Юрый Сьвірко: «Неверагоднай выглядае вэрсія, што Лукашэнка і Януковіч мусілі абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі ў Батурыне Чарнігаўскай вобласьці. Гэта ня справа кіраўнікоў дзяржаваў».

Прычына ў зьмене ўлады ва Ўкраіне


Сьвірко: «Галоўная праблема — у зьмене прэзыдэнта ва Ўкраіне. Дамоўленасьці паміж Лукашэнкам і Юшчанкам былі кулюарнымі. Не было ніякага дакумэнту пра тое, што дамова аб мяжы будзе ратыфікавана Беларусьсю ў абмен на ўкраінскія грошы.

Тады галоўным рухавіком вырашэньня гэтага спрэчнага пытаньня быў міністар замежных спраў Украіны Парашэнка. А ён меў свой карысьлівы інтарэс. Справа ў тым, што Парашэнка — уласьнік кандытарскай карпарацыі „Рашэн“, якая гандлюе карамэлькамі зь Беларусьсю. Тады Менск зрабіў захады, каб абмежаваць продаж украінскай карамэлі ў Беларусі. І Парашэнка быў вельмі зацікаўлены, каб палепшыць беларуска-ўкраінскія дачыненьні.

Цяпер ва Ўкраіне ва ўладзе іншыя людзі, новы прэзыдэнт, міністар замежных спраў. У іх няма асабістай зацікаўленасьці ў разьвязваньні гэтай праблемы.

І апошні момант. Доўгі час для Ўкраіны пытаньне беларуска-ўкраінскай мяжы было ў пэўным сэнсе татэмным. Бо Украіна зьбіралася ўступаць у НАТО. А ў Паўночнаатлянтычным альянсе існуе правіла, што краіна, якая далучаецца да блёку, не павінна мець праблемаў на мяжы з суседзямі. Таму Кіеў быў моцна зацікаўлены ў ратыфікацыі дамовы аб мяжы зь Беларусьсю.
Праблема ратыфікацыі дамовы аб мяжы зь Беларусьсю ва ўкраінскай сталіцы нікога не хвалюе.


Цяпер пытаньне аб уступленьні Ўкраіны ў НАТО не стаіць на парадку дня замежнай палітыкі Кіева. Таму праблема ратыфікацыі дамовы аб мяжы зь Беларусьсю ва ўкраінскай сталіцы нікога не хвалюе».

Фёдараў: «Але Ўкраіна вядзе перамовы з ЭЗ аб бязьвізавым рэжыме. І вось для гэтага ратыфікацыя дамовы аб мяжы зь Беларусьсю патрэбная».

Ці стаяць за гэтым скандалам палітычныя праблемы?


Карбалевіч: «Магчыма, за гэтымі чыста эканамічнымі чыньнікамі стаяць палітычныя супярэчнасьці. Вось Лукашэнка вельмі цёпла ўзгадвае былога прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанку, і на кантрасьце зь ім адносіны зь цяперашнім прэзыдэнтам Януковічам выглядаюць халаднейшымі. Ці так гэта?

Фёдараў: «Сапраўды, прэзыдэнт Януковіч палепшыў дачыненьні Ўкраіны з Расеяй. А ў Беларусі адносіны з РФ цяпер дрэнныя. Для Лукашэнкі было б лепш, каб расейска-ўкраінскія адносіны былі складанымі. Тады з Кіевам можна было б пра нешта дамовіцца, напрыклад, пра агульную транзытную палітыку і інш. Але я ня бачу, якім чынам Беларусь можа паўплываць на расейска-ўкраінскія адносіны вось такім дэмаршам».

Сьвірко: «5 траўня 1998 году я сам чуў, як Лукашэнка казаў: пакуль Украіна не аддасьць даўгі, ніякай ратыфікацыі дамовы аб мяжы ня будзе. Думаю, і цяпер ён проста хоча атрымаць грошы. Канкурэнцыі паміж Лукашэнкам і Януковічам у змаганьні за любоў Масквы я ня бачу».

Пэрспэктывы вырашэньня канфлікту


Карбалевіч: «Якія пэрспэктывы вырашэньня канфлікту? Вось зьявілася інфармацыя, што Ўкраіна можа падвысіць цану на транзыт вэнэсуэльскай нафты па ўкраінскай тэрыторыі. Ці будуць бакі абменьвацца ўколамі, шантажаваць адзін другога, — або шукаць кампраміс?»

Фёдараў: «Калі Ўкраіна ня хоча плаціць гэты доўг, то праблема можа цягнуцца яшчэ доўга. У пляне вырашэньня супярэчнасьцяў я ня бачу сэнсу падвышаць цану на транзыт вэнэсуэльскай нафты па ўкраінскай тэрыторыі».

Сьвірко: «Думаю, рана ці позна праблема будзе вырашаная. Калі яна цягнецца 20 гадоў, чаму б яшчэ не пачакаць 10 гадоў? Хачу нагадаць, што Ўкраіна ніколі не прызнавала існаваньня дзяржаўнага доўгу. Кіеў лічыць, што ў 1992 годзе ўкраінскія заводы завінаваціліся беларускім пэўныя грошы. Але цяпер гэтых заводаў ужо няма.
Кіеў лічыць, што ў 1992 годзе ўкраінскія заводы завінаваціліся беларускім пэўныя грошы. Але цяпер гэтых заводаў ужо няма.


Гэты канфлікт ніяк не зьвязаны з вэнэсуэльскай нафтай. Хутчэй пытаньне аб ратыфікацыі зьвязвалася з транзытам украінскай электраэнэргіі ў краіны Балтыі празь беларускую тэрыторыю. Увогуле, для Ўкраіны гэтае пытаньне цяпер няважнае. А бязьвізавы рэжым Украіны з ЭЗ — гэта пакуль таксама мары».

Чаму дробязь азмрочвае дачыненьні?


Карбалевіч: «Дарэчы, сума, якая азмрочвае дачыненьні двух блізкіх народаў і дзяржаваў, невялікая. Гучыць лічба ў 130 мільёнаў даляраў. Чаму гэтая праблема ніяк ня можа вырашыцца? У палітыкаў не хапае палітычнай волі?»

Фёдараў: «Існуе вялікі недавер паміж кіраўніцтвам Беларусі і Ўкраіны. Здаецца, Лукашэнка зь Юшчанкам знайшлі паразуменьне, але цяпер сытуацыя вярнулася на свае колы».

Сьвірко: «Гэтым тыднем я чуў у кіеўскіх палітычных кулюарах такую вэрсію. Летась Юшчанку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў патрэбен быў посьпех у замежнай палітыцы. І дамоўленасьць зь Беларусьсю аб вырашэньні старой праблемы выглядала як посьпех.

А цяпер каманда Януковіча хоча паказаць, што ніякага посьпеху, перамогі Юшчанкі не было. Таму трэба дамаўляцца адпачатку і, можа, нешта яшчэ вытаргаваць. Думаю, усё ж да канца году абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбудзецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG