Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён, якія зьмянілі Ўкраіну


Мы папрасілі Ірэну Халупу, дырэктара Ўкраінскай службы Радыё Свабода, распавесьці пра самыя істотныя зьмены, якія наступілі ва Ўкраіне на працягу першых 100 дзён прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. Спадарыня Халупа сфармулявала свой адказ ў форме 10 пунктаў:


1. "Не" сяброўству ў НАТО, "так" палітыцы недалучэньня. Януковіч і яго міністар замежных справаў Кастантын Грышчанка адначасова заявілі, што сяброўства ў НАТО ўжо не зьяўляецца палітычнай мэтай для Украіны. Гэта паклала рэзкі канец палітычнай мэце, якой дабіваўся ня толькі Юшчанка, але і Леанід Кучма, які зрабіў эўраатлянтычную інтэграцыю прыярытэтам для краіны яшчэ ў 1996 годзе. Украінскі парлямэнт на гэтым тыдні зацьвердзіў у першым чытаньні законапраект, які замацоўвае новы статус Украіны як краіны з руху недалучэньня.

2. Зьмена Канстытуцыі без належнай прававой працэдуры. Украінская Канстытуцыя раней прадугледжвала, што ўрадавая кааліцыя ствараецца з партый і блёкаў. Партыя рэгіёнаў Януковіча — з дапамогай больш чым дзясятка дэпутатаў ад Блёку Юліі Цімашэнкі і "Нашай Украіны" Юшчанкі — прынялі закон, які дазваляе фармаваць кааліцыю з паасобных дэпутатаў. На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, ці такую зьмену зацьвердзіць Канстытуцыйны Суд, адзін дэпутат Партыі рэгіёнаў адказаў: "Мы дамовіліся з Канстытуцыйным судом". Суд адхіліў засьцярогі апазыцыі да новага закону, кажучы, што ён не парушае Канстытуцыі.

3. Чарнаморскі флёт Расеі застаецца ў Севастопалі яшчэ 30 гадоў. Арэнда базы флёту ў гэтым крымскім порце павінна была скончыцца ў 2017 годзе, і Юшчанка даў зразумець, што яна ня будзе прадоўжаная. Януковіч падпісаў новую дамову, якая запэўнівае расейскаму флёту побыт на ўкраінскай тэрыторыі прынамсі да 2042 году.

4. Голад 1932-33 гадоў ня быў генацыдам. Украінскі Галадамор, арганізаваны Крамлём голад, які каштаваў украінцам каля 10 мільёнаў жыцьцяў у 1932-33 гадах, ня быў генацыдам — заявіў Януковіч перад Радай Эўропы. Замест гэтага, ён назваў яго "агульнай трагедыяй", якая закранае ўсё насельніцтва Савецкага Саюзу. Прызнаньне Галадамору генацыдам было нарожным каменем прэзыдэнцтва Юшчанкі; украінскі парлямэнт прыняў закон аб гэтым у лістападзе 2006 году. Міністар адукацыі Дзьмітры Табачнік заклікаў перапісаць падручнікі гісторыі Ўкраіны, каб выдаліць усе згадкі пра "Галадамор" як генацыд.

5. Адмена заплянаваных выбараў. Мясцовыя выбары, якія меліся адбыцца 30 траўня 2010 году, былі адкладзеныя, такім чынамбылі парушаныя тэрміны выбараў, якія вызначаюцца канстытуцыяй і дзейным заканадаўствам.



6. Расейская мова ўзмацняецца. Хоць Януковіч сказаў, што ўкраінская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай мовай, расейская становіцца дэ-факта дзяржаўнай мовай і мовай адміністрацыі. Новы прэм'ер-міністар краіны Мікалай Азараў — этнічны расеец, які ня ведае ўкраінскай мовы. Выкарыстоўваючы пакручастую інтэрпрэтацыю віты тлумачэньня эўрапейскай дамовы аб ахове рэгіянальных і меншасных моваў, новы ўрад узмацніў становішча расейскай мовы. Парлямэнт Крыму таксама прыняў закон аб выдачы пашпартоў на паўвостраве на расейскай мове. (Паводле апошняга перапісу ва Ўкраіне ў 2001 годзе, 67 працэнтаў насельніцтва лічыць украінскую сваёй роднай мовай, а 32 працэнты — расейскую).

7. Ануляваньне нацыянальнага ўшанаваньня. Раман Шухевіч быў украінскім палітычным і вайсковым лідэрам, камандзірам Украінскай паўстанцкай арміі. Сьцяпан Бандэра быў адным зь лідэраў украінскага нацыянальнага руху ў Заходняй Украіне, ён ачольваў Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў. Абодвух палітыкаў савецкая прапаганда ачарніла як ворагаў дзяржавы і буржуазных нацыяналістаў. Але Юшчанка рэабілітаваў іх, надаючы ім прэзыдэнцкім указам пасьмяротна статус Героя Украіны. Стаўшы прэзыдэнтам, Януковіч ануляваў гэтыя ўшанаваньні.

8. Агентам расейскай ФСБ дазволілі вярнуцца ў Крым. Дзякуючы намаганьням ўкраінскай службы бясьпекі і Юшчанкі, супрацоўнікі ФСБ на службе ў Чарнаморскім флёце былі выдаленыя з украінскай тэрыторыі. Януковіч дазволіў ім вярнуцца.

9. Эканоміка Ўкраіны пераарыентоўваецца з Захаду на Ўсход. Януковіч паабяцаў больш інвэстыцый з Расеі і гатовы пагадзіцца на аб'яднаньне расейскага газавага гіганту "Газпром" з украінскім "Нафтагазам". Авіяцыйная прамысловасьць Украіны, яе ядзерны сэктар і іншыя стратэгічныя прадпрыемствы таксама могуць быць перанятыя расейскімі кампаніямі і бізнэсмэнамі. У апошнім часе намаганьні самага багатага чалавека Ўкраіны, дэпутата ад Партыі рэгіёнаў і прыхільніка Януковіча, Рыната Ахметава набыць сталеліцейныя завод у Запарожжы былі адхіленыя на карысьць расейскай кампаніі. Ягоны дэпазіт памерам 50 мільёнаў даляраў вярнулі без усялякіх тлумачэньняў, і завод быў адразу прададзены расейскай карпарацыі. Ахметаў падаў скаргу ў суд у Лёндане.

10. Больш Вялікага Брата, больш міліцыйнай жорсткасьці. Кіраўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны заклікаюць дэканаў і рэктараў падпісаць ліст у падтрымку новага міністра адукацыі. Дэманстрацыі і акцыі пратэсту разганяюцца, людзі зьбіваюцца і арыштоўваюцца. Зачысткі часам праводзяцца міліцыяй, а часам звычайнымі бандытамі, як у нядаўнім выпадку ў Харкаве, дзе эколягаў, якія мірна пратэставалі супраць пабудовы магістралі, акружылі, зьбілі і ўзялі пад варту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG