Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Коммерсант": Афіцыйны Менск не аддае ратыфікацыйныя граматы


Атмасфэра міждзяржаўнага дыялёгу Ўкраіны і Беларусі рэзка пагоршылася. Менск, які ратыфікаваў дамову аб дзяржаўнай мяжы, не аддае ратыфікацыйныя граматы і патрабуе ад Кіева выплаты 130 мільёнаў дзяржаўнага доўгу. Канфлікт зь Беларусьсю ўскладняе збліжэньне Ўкраіны з Эўразьвязам.

Канфлікт паміж Кіевам і Менскам ужо прывёў да зрыву двухбаковых перамоваў на вышэйшым узроўні. У мінулую пятніцу ў Батурыне Чарнігаўскай вобласьці плянавалася сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Беларусі. Абласная дзяржаўтаінспэкцыя нават распаўсюдзіла папярэджаньне пра тое, што дарога ад беларускай мяжы да Батурына будзе перакрыта. Але візыт так і не адбыўся.

Паводле аднаго з дыпляматаў, Менск даў зразумець, што ня мае намеру завяршаць працэдуру ратыфікацыі і ўступленьня ў сілу пагадненьня аб дзяржаўнай мяжы. У такіх умовах сустрэча на вышэйшым узроўні ня мела сэнсу.

Дамова аб дзяржаўнай мяжы была падпісана ў 1997 годзе і ў той жа год ратыфікавана Ўкраінай. Беларусь цягам 13 гадоў блякавала яе ратыфікацыю і патрабавала, каб Кіеў спачатку пагасіў доўг украінскіх гаспадарчых суб'ектаў, які назапасіўся да 1992 году. Кіеў адмаўляўся прызнаваць гэты доўг.

Напрыканцы 2009 году Аляксандар Лукашэнка і Віктар Юшчанка дамовіліся пра вырашэньне праблемы. У абмен на сьпісаньне доўгу Ўкраіна паабяцала прадаваць Беларусі электраэнэргію са зьніжкай для рээкспарту ў Літву. Нацыянальны сход Беларусі ратыфікаваў дакумэнт, і 21 траўня яго падпісаў А.Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG