Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень "дзякуй"


Меркаваньне Натальлі Васілевіч.

11 студзеня - Міжнародны дзень "дзякуй".

Слова "дзякуй" – адно зь першых, здавалася б, ня вельмі функцыянальных словаў, якому бацькі вучаць сваіх дзяцей. Яшчэ і называюць гэтае слова "чароўным", настойваючы "а што трэба сказаць?". "Дзякуй" – гэта не толькі слова ветлівасьці, не проста элемэнт этыкету, у якасьці якога мы паўтараем "дзякуй" не аднойчы за дзень. Сказаць "дзякуй" за нешта сапраўды істотнае нашмат цяжэй, бо гэта пераносіць чалавека ў звышнатуральнае вымярэньне. Падзякаваць – гэта значыць прыняць ад іншага нешта; прыняць – гэта значыць, паставіць сябе ніжэй за іншага чалавека, у нечым, нават прынізіць сябе. Сказаць "дзякуй", гэта тое самае, што сказаць "прабач", слова, якое таксама мы можам казаць па сто разоў на дні: "Прабачце, Вы б не маглі прабіць квіток?" – "Дзякуй". Штодзённыя дыялёгі, звычайныя нормы ветлівасьці; але калі даходзіць да істотнага, словы гэтыя стаяць у горле, і патрэбныя высілкі, каб іх прамовіць, нават калі ўнутры сэрца поўніцца ўдзячнасьцю ці раскаяньнем.

Падзяка, удзячнасьць – для хрысьціянаў гэта цэнтар усяго багаслоўя і богаслужэньня. Асноўнае таемства з самай хрысьціянскай старажытнасьці называецца "эўхарыстыяй", "прынясеньнем падзякі", "даваньнем добрага" ці "добрым дарам", калі літаральна. У Царкве няма нічога вышэйшага за пакаяньне і эўхарыстыю: "прабач", "дзякуй".

Расейскае слова "Спасибо", мяркуецца, паходзіць ад пажаданьня збаўленьня – "Спаси Бог!" Цяпер у асяродку расейскамоўнага царкоўнага народу модна казаць "Спаси Господи", наколькі я ведаю, у традыцыйных пратэстанцкіх беларускіх асяродках – сярод баптыстаў і пяцідзесятнікаў, не прынята казаць "Спасибо", але яны кажуць "Благодарю". Сярод жа беларускамоўных – пачаткоўцаў дый нават са стажам – часта распаўсюджаная граматычная калька: "дзякую Вас" часам кажуць яны, па аналёгіі ставячы назоўнік ці займеньнік у родным склоне, замест слушнага беларускага "дзякую Вам", у давальным. А што наконт роду? Слова "дзякуй" у беларускай мове ўжываюць у мужчынскім родзе, але шырока распаўсюджана сярод носьбітаў мовы казаць "вялікае дзякуй", што, відаць, таксама паходзіць з калькі з мовы расейскай "большое спасибо" ў ніякім родзе. Што тычыцца этымалёгіі нашага слова "дзякуй", то яно сугучнае з большасьцю аналягічных словаў у навакольных народаў, і нават сягае да thanks-danke (год таму у жж блогеры абмяркоўвалі гэтае пытаньне).

11 студзеня – Міжнародны дзень "дзякуй", але ён не настолькі вядомы як амэрыканскі "Дзень падзякі" і наўрад стане такім самым культавым. Але вучыцца казаць "дзякуй", а таксама рабіць добрае, падзякі не чакаючы, мы можам кожны дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG