Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Каралеўскай крыніцы, на Архірэйскі падворак


Царква сьвятога Мікалая

Царква сьвятога Мікалая

Самы новы праваслаўны храм Горадні — царква сьвятога Мікалая або Сьвятанікольская. Пры канцы мінулага году ў ёй адбылося першае набажэнства, але царква яшчэ не гатовая.

Яна знаходзіцца ў месцы, якое гарадзенцы называюць «архірэйскім падворкам» — гэта палацавы комплекс канца ХVІІІ стагодзьдзя. Ён належаў праваслаўнай царкве, тут была рэзыдэнцыя япіскапа яшчэ ў пасьляваенныя гады, затым савецкая ўлада высяліла царкоўнікаў. Цяпер будынкі вярнулі япархіі. Палац звонку адрэстаўраваны, на франтоне зьявіўся крыж на ўзор крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Архірэйскі палац

Праваслаўны архірэйскі падворак стаіць на пагорку, пад якім працякаюць ручай і рачулка Гараднічанка. А ў Гараднічанку трапляе вада з Каралеўскай крыніцы, якая вядомая з ХV стагодзьдзя. Якраз на пагорку над крыніцай стаяла калісьці Сьвятамікалаеўская праваслаўная царква, яна пазначана на пляне гораду 1560 году. А цяпер тут будзе таксама царква сьвятога Мікалая. І вось што пра гэта сказаў уладыка Арцемі, япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі, калі на царкву ўзьнялі купал і крыж:

«Мы робім закладку храма ў гонар сьвяціцеля, цудатворцы Мікалая, цяпер менавіта пачынаецца яго будаўніцтва — Сьвятанікольскай царквы пры кансысторыі духоўнай, пры епархіяльнай управе. Мы заклалі камень з выявай крыжа Гасподняга, асьвечаны ялеем, а таксама заклалі ампулу з граматай».

Япіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (справа)

Паглядзець на новую царкву сёньня прыйшлі два старыя гарадзенцы. Я папрасіў іх распавесьці — чаму яны прыйшлі ў гэтае месца, тым больш што, як выявілася, яны самі каталікі і наведваюць касьцёл.

Старыя гарадзенцы спадары Мікалай і Данііл на фоне архірэйскага падворку
Спадар Данііл: «Я тут калісьці, калі быў мэдінстытут, рабіў рамонт гэтага будынка. Цяпер усё аддалі царкве. Я сам, прабачце, каталік, але цікаўлюся гісторыяй гораду пастаянна, бо мая прафэсія — будаўнік. Я хаджу ў царкву і, у асноўным, у касьцёл. Рэч у тым, што ў мяне маці праваслаўная. Я не дзялю рэлігіі. Бог — ён адзін. Мне 70 гадоў, а завуць Данііл».

Спадар Мікалай: «Так, я мясцовы жыхар, нарадзіўся тут. Калі іду па горадзе, гляджу на дамы старыя гэтыя: ёсьць шыльдачка — значыцца, ён ужо гістарычная каштоўнасьць. Мне 82 гады, а завуць Мікалай Анісімавіч. Я каталік».

Новы гарадзенскі храм сьвятога Мікалая выглядае незвычайна — усярэдзіне палацавага флігеля ўзьнесены вышэй невялікі дах з купалам. Гэтым ён нагадвае хутчэй капліцу. Трэба сказаць, што і палац, і два флігелі захаваліся, але ўлады вырашылі разбурыць адзін зь іх, спаслаўшыся на кепскі стан падмуркаў і сьценаў. Пратэсты грамадзкасьці плёну не далі. Цяпер той флігель адбудавалі з блёкаў і накрылі дахоўкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG