Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да стаенкі вы сьпяшыце, каб убачыць дзіўны цуд”


Cтаенка ў Гомельскім касьцёле Нараджэньня Маці Божай.Сястра Паўліна ля яе.
Cтаенка ў Гомельскім касьцёле Нараджэньня Маці Божай.Сястра Паўліна ля яе.

У касьцёлах Беларусі працягваюцца калядныя ўрачыстасьці. Цалкам яны зоймуць яшчэ пяць дзён — да самага Новага году.

Пра асаблівасьці каляднага аздабленьня храмаў паведамляюць карэспандэнты Свабоды.

ГОРАДНЯ


«Калядную стаенку рабілі ўсе парафіяне»


У Гарадзенскім фарным касьцёле вернікаў цешаць ня толькі калядныя ясьлі (альбо, як іх інакш называюць, — шопка ці стаенка), а і адноўлены алтар Падрабязнасьці ў паведамленьні Міхала Карневіча.

Сёньня ў гарадзенскім фарным касьцёле гучыць калядная музыка. Атмасфэра ўрачыстая.

Бэтлеемская стаенка
Традыцыйная стаенка бярэ свой пачатак з 1223 году, калі сьвяты Францішак збудаваў у Грэччыё (Італія) першую стаенку. У ёй месьціліся алтар з выяваю Дзіцяткі Езуса і постаці ўсіх тых, хто, згодна з эвангельскім апісаньнем, быў сьведкам нараджэньня Езуса. Сьвяты Францішак хацеў такім чынам ажывіць урачыстасьць Божага Нараджэньня. Гэты звычай вельмі хутка распаўсюдзіўся ў Касьцёле й захаваўся да сёньняшняга дня.

Людзі самага рознага ўзросту прыходзяць да стаенкі і моляцца. Спадар Алёйзы, які прыслугоўвае ў касьцёле, распавядае мне, што стаенку, як зазвычай, рабілі амаль усе парафіяне.

Спадар
: «Уся парафія: і дзеці, і моладзь, усе стараліся, хто як мог. Вось гэтыя фігуркі драўляныя — яшчэ з таго часу, як касьцёл быў збудаваны. А вось тыя фігуркі вялікія — з гіпсу. Качачкі вось — гэта людзі, якія выяжджалі за мяжу, то прывозілі і ахвяравалі касьцёлу. Восьліка таксама прывезьлі, ў бачыце, ён у нас працуе, цягае дровы...»

Спадар Алёйзы распавядае, што ў касьцёле напярэдадні Калядаў зьявілася яшчэ адна прыемная навіна: аднавілі алтар, які быў пашкоджаны пажарам некалькі гадоў таму.

Спадар: «Сам тон алтара ўжо пафарбаваны, але яго трэба яшчэ падвесьці пад мармур, таму мы пакуль яго не адзанавешваем. Ужо калі ўсё зробіцца, то потым адзанавесім. Бачыце, глёрыя там ужо пазалочаная, хмаркі, анёлы — усё зроблена. Думаю, што яшчэ з паўгода трэба патрываць».

ВІЦЕБШЧЫНА


Пастаўскі краявід ня горшы за бэтлеемскі


Віцебскі касьцёл Сьвятой Барбары. Аплікацыя «Божае нараджэньне».
На Віцебшчыне лялечныя інсталяцыі, што ставяць у касьцёлах да Божага нараджэньня, называюць або «батлейкамі», або, на польскі манер, «шопкамі».

У пастаўскім касьцёле Сьвятога Антонія сёлета батлейка была незвычайнай, распавядае Людміла Сіманёнак:

«Пастаўскі касьцёл да сьвята Божага Нараджэньня, як заўжды, рыхтавалі ксяндзы, законныя сёстры і вернікі ўсіх узростаў. Самая яркая кропка ў касьцёле, безумоўна, — бэтлеемская зорка, якая зьзяе над батлейкай. На заднім пляне фон батлейкі — намаляваныя пастаўскія касьцёл і царква. Раней там быў бэтлеемскі краявід, а вось цяпер намалявалі такую краязнаўчую карцінку — менавіта пастаўскі краявід».

У астатнім батлейка традыцыйная, і лялечныя пэрсанажы ў ёй звыклыя. Іх пералічвае ксёндз Мікалай, сьвятар касьцёла Сьвятога Юды Тадэвуша, які месьціцца ў вёсцы Лучай, таксама на Пастаўшчыне:

Чатыры дні шчыравалі над стаенкай, каб яна была сьвяточнай і прыгожай.
«Ставяцца фігуркі, якія прадстаўляюць нараджэньне Пана Езуса. Стаенка ставіцца, у ясьлі кладзецца дзіцятка-Езус, ставяць фігуры Дзевы Марыі, Юзафа, пастушкі, жывёлы каля хлява. І тры мудрацы ставім — на „тры каралі“, 6-га студзеня. Чатыры дні рабілі гэта ўсё, каб было прыгожа. І для сябе, каб было сьвяточна, і турысты да нас прыяжджаюць. Ад нас недалёка санаторыі на Нарачы, дык вось і сёньня былі два аўтобусы турыстаў».

Ксёндз Мікалай кажа, што турысты ахвотна ахвяруюць на касьцёл, — гэта помнік архітэктуры 18-га стагодзьдзя, і цяпер шмат робіцца для таго, каб добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю. На Божае Нараджэньне ксёндз Мікалай прывёз і незвычайную скрынку для ахвяраваньняў: з выявай анёла наверсе, які сьпявае калядку, калі нехта пакладзе грошы.

Анёл сьпявае «калядкі» ў лучайскім касьцёле.
Загадчыца літаратурнай часткі віцебскага тэатру «Лялька» Вікторыя Дашкевіч нагадвае, што традыцыя касьцёльных інсталяцый мае гістарычныя карані:

«Гэтыя лялечныя кампазыцыі касьцёльныя зьявіліся яшчэ ў сярэднявечнай Італіі. Там гэта быў адмысловы кшталт лялечнага тэатру. І вось калі з глыбіні стагоддзяў гэта дайшло да нас, значыцца, гэта насамрэч патрэбна людзям. У нас духоўнае выхаваньне доўгі час было ў занядбаньні, і гэтыя кампазыцыі насамрэч ствараюць асаблівую атмасфэру сьвята».

Сакральная таямніца сьвяточнай батлейкі сапраўды вабіць, таму каля ясьляў зь дзіцяткам Езусам часьцяком спыняюцца й задумваюцца ня толькі дзеці, але й дарослыя.

ГОМЕЛЬ


«Ля стаенкі ў касьцёле прашу ў Бога дабра»


Гомельскі касьцёл Нараджэньня Маці Божай
У гомельскім касьцёле Нараджэньня Маці Божай у гэтыя калядныя дні сьвеціцца ня толькі калядная ялінка, але й стаенка, у якой, паводле пісаньня, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Мініятурную стаенку вернікі зрабілі з круглых драўляных брускоў. Майстры выразалі з дрэва калыску зь немаўляткам, а таксама фігуркі Дзевы Марыі, Юзафа. Стаенка ўсланая сенам. Да яе прыходзяць вернікі, каб папрасіць у Бога самае запаветнае й жаданае.

Апавядае спадарыня Кацярына:

«Вось мы зараз стаім, размаўляем. Я прашу для свайго дзіцяці здароўя, бо ў мяне ляжачае дзіця. Больш нічога не прашу. Чаму ляжыць дзіця — хто яго ведае? Таму прашу прабачэньня за свае грахі — за тое, што, можа, і не зрабіла, можа, проста падумала».

Сталейшага веку верніца Ганна паведаміла пра сваё запаветнае жаданьне:

«Каб дзецям было добра й унукам. Каб жыцьцё нармальным было, каб здароўе было. Ня грошай жа прасіць — гэта грэшна».

Спадарыня Алена апавяла, што да Пана Бога зьвяртаецца з малітваю пра дабрыню людзкую:

«Каб кожны быў крыху дабрэйшы на гэтай зямлі. Каб у кожнага было здароўе. І каб узаемаадносіны паміж сабой былі добрымі, бо зараз больш злосьці, чымсьці дабра».

Даведка «Свабоды»
Прамову падчас малітвы «Анёл Панскі», што прагучала ў нядзелю 13 сьнежня 2009 года ў Апостальскай сталіцы, сьвяты айцец Бэнэдыкт XVI прысьвяціў сэнсу стаенкі, у якой нарадзіўся Збаўца. Па словах Пантыфіка, сьціплая стаенка — школа жыцьця, дзе можна пазнаць таямніцы сапраўднай радасьці. Таксама, згодна з хрысьціянскай традыцыяй, у трэцюю Нядзелю Адвэнту папа дабраславіў фігуркі Дзіцяткі Езуса, прынесеныя на плошчу Сьвятога Пятра рымскімі дзецьмі.

Святы айцец адзначыў, што Касьцёл, рыхтуючы вернікаў да сьвятаў Божага Нараджэньня, дапамагае адкрыць глыбінны сэнс і хрысьціянскую радасьць, якая адрозьніваецца ад радасьцяў гэтага сьвету. Пантыфік таксама падзякаваў дзецям за прынесеныя фігуркі Дзіцяткі Езуса і выказаў радасьць з прычыны таго, што ў сёньняшніх хрысьціянскіх сем’ях захаваўся звычай ладзіць стаенкі на Божае Нараджэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG