Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З нагоды Раства Хрыстовага паводле старога стылю да вернікаў з калядным архіпастырскім пасланьнем зьвярнуўся кіраўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў Логін.






ДАСТОЙНАМУ СЬВЯТАРСТВУ Й ВЕРНІКАМ
БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ


“Новая радасьць стала, што йшчэ не бывала,
Над Бэтлеяй зорка ясна на ўвесь сьвет зазьзяла...”
(Беларуская калядка)


Хрыстос родзіцца! Яго слаўце!

У часе сьвяткаваньня гэтае найбольшае падзеі ў жыцьці чалавецтва каляднікі абвяшчаюць пра Вялікае сьвята суцяшэньня, любові, надзеі на лепшую будучыню.

Штогод Праваслаўная Царква сьвяткуе Каляды – цуда прыходу Сына Божага, аднаго з трох асобаў Прасьвятое Тройцы, на Зямлю дзеля звальненьня людзей ад граху і сьмерці, дзеля вечнага нашага жыцьця.

Гэты прыход доўгачаканага Мэсіі паяднаў людзей з Богам, даў ім сьвятло на шляху да праўды, магчымасьць усім мець збаўленьне, дасягнуць духоўнае дасканаласьці і пазнаць ісьціну. “Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет выратаваны быў празь Яго” (Ян. 3:17).

Мы, хрысьціяне, носячы імя Хрыста, павінны выконваць запаветы Божыя з любоўю да блізкіх, паказываючы гэта штодзённымі справамі.

Сардэчна віншую ўсіх беларусаў на Радзіме й на чужыне: у Амерыцы, Канадзе, Эўропе, Аўстраліі й іншых краях сьвету, якія любяць сваю Бацькаўшчыну, захоўваюць сваю веру і клапоцяцца аб Беларускай дзяржаве.

Памолімся ўсе разам, каб радасьць калядная напоўніла нашыя сэрцы!
Няхай Бэтлеемская Зорка асьвятляе шлях да дабра і справядлівасьці, любові і веры!

Няхай у Новым 2010-м годзе з намі будзе Ласка Госпада Нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца й супольнасьць Сьвятога Духа! Амін.

З малітваю,

+ Сьвятаслаў


Япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі

Каляды 2009/2010 г.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG