Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня рыма- і грэка-каталікі, пратэстанты, а таксама праваслаўныя, якія прытрымліваюцца грыгарыянскага календара, сьвяткуюць Божае Нараджэньне. Як адзначаюць гэты дзень беларускія палітыкі?






Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што кожныя Каляды ён абавязкова сустракае ў бацькоў:

Яраслаў Раманчук
“З 1983 году, калі я паехаў у Менск вучыцца, не было ніводнага сьвята за межамі нашага дому. Гэта ж такая сьвятая традыцыя адзначаць Каляды толькі ў сям’і. Гэта — касьцёл уначы, малітва, сёньня зь першай зоркай — вігілія, аплатак. Вельмі добрыя ўспаміны і атмасфэра сьвята, пачатак новых мараў”.

Што будзе на сьвяточным стале ў Яраслава Раманчука?

“Гэта будзе 12 страў. Стол накрываецца сенам, ставяцца сьвечкі. Гэта такая традыцыя, зьвязаная з нараджэньнем Езуса Хрыста. У першы дзень нельга есьці мяса. Тры апошнія дні я мяса ня ем. А мяса і алькаголь — для тых, хто п’е — пачынаецца з 25-га, калі ўжо нараджэньне адбылося. Вось такія традыцыі, якія мы і захоўваем”.

Станіслаў Багданкевіч
Прафэсар Станіслаў Багданкевіч кажа, што ўвечары яго сям’я абавязкова сядзе за стол. Традыцыі, паводле прафэсара, ідуць ад бацькі, які нарадзіўся ў Валожынскім раёне, у вёсцы Семярнікі.

Накрываць стол будзе жонка прафэсара — Вольга. Яна, праўда, праваслаўная, але ўзялася забясьпечыць вячэру ўсім неабходным, кажа спадар Багданкевіч:

“У мяне малодшы сын — каталік, ахрышчаны ў касьцёле. Старэйшыя сыны — таксама каталікі. Увесь мой род каталіцкі — ад пачатку да канца, то ў гэтым пытаньні ў нас дыктатура. Я сам, праўда, некалькі савецкі вернік. Але такія сьвяты мы адзначаем”.

Юры Хадыка
Сябра сойму БНФ Юрась Хадыка паводле веравызнаньня — уніят. У размове са “Свабодай” ён кажа, што ў чацьвер вечарам ён зьезьдзіў на службу на вуліцу Арджанікідзэ, дзе ёсьць невялічкая грэка-каталіцкая царква. Пасьля вярнуўся дахаты, дзе жонка ўжо накрыла стол. А галоўнае сьвяткаваньне — 25-га сьнежня, кажа прафэсар Хадыка:

“Там у нас і зьбярэцца сямейнае кола”.

Юрась Губарэвіч
Намесьнік кіраўніка руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч — праваслаўны, яго жонка таксама. Але яны таксама сядаюць за сьвяточны стол:

“Сьвята гэтае мы традыцыйна адзначаем. Можа, не ў такой ступені, як праваслаўныя Каляды. Але гэта добрая нагода, каб сабрацца ўсёй сям’ёю, разам з бацькамі, пагаварыць пра свае сямейныя справы. І адзначыць гэты дзень у сямейным коле”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG