Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Юрыя Хадыкі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар Юры Хадыка – адзін зь першых актывістаў дэмакратычнага руху, хто мог надоўга трапіць за краты як адзін зь першых беларускіх палітвязьняў.

Вынікам “Чарнобыльскага шляху” 1996 году сталі дзьве сотні пацярпелых з боку дэманстрантаў і спэцназаўцаў, перакуленыя міліцэйскія машыны. Адным з заяўнікаў шэсьця выступаў Юры Хадыка, за што і быў узяты пад варту.

Пад націскам міжнароднай супольнасьці тэрмін зьняволеньня доўжыўся менш за месяц – у абарону вязьня выступілі грамадзкія дзеячы па ўсім сьвеце, уключна з прэзыдэнтамі і нобэлеўскімі ляўрэатамі. Юры Хадыка зь іншым затрыманым палітыкам Вячаславам Сіўчыкам на знак пратэсту супраць рэпрэсій вытрымалі амаль месяцовую галадоўку.

23 чэрвеня Юрыю Хадыку спаўняецца 70 гадоў.

Заяву ў Менгарвыканкам аб правядзеньні «Чарнобыльскага шляху-96» падалі намесьнік старшыні Беларускага Народнага фронту Юры Хадыка і дэпутат яшчэ не разагнанага Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка. З гарадзкімі ўладамі ўзгаднілі маршрут, і нічога не абяцала праблемаў. Паколькі віцэ-сьпікеру Карпенку было не па рангу весьці перамовы з міліцыяй, Хадыка зь міліцэйскай машыны праз мэгафон заклікаў людзей захоўваць парадак. А калі выйшаў да народа, то людзкі паток імкліва сышоўся з двух бакоў, і Хадыка аказаўся далёка ад галавы калёны. Калі ўрэшце праціснуўся наперад, то ўжо ляжалі перакуленыя міліцэйскія машыны. Як перакананы спадар Хадыка, прычынай сутычак сталі неадэкватныя дзеяньні міліцыянтаў, якія атрымалі загад перагарадзіць дарогу. Калі “каса найшла на камень”, міліцыянты і удзельнікі шэсьця ўжо білі адзін аднаго без разбору, дзясяткі чалавек трапілі ў шпіталі.

“Чарнобыльскі шлях” – візытоўка апазыцыйных шэсьцяў



У грамадзкім транспарце – з плякатам “Свабоду Хадыку!”

На наступны дзень пачаліся затрыманьні заяўнікаў і актыўных удзельнікаў акцыі. Хадыку абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і зьмясьцілі ў ізалятар гарадзкога аддзяленьня міліцыі на вуліцы Дабрамысьленскай, дзе ён абвясьціў першую ў гісторыі незалежнай Беларусі галадоўку пратэсту.

Першыя суткі сядзеў у адзіночцы, потым пераводзілі у розныя камэры – на дваіх, на чатырох. Але грамадзкасьць распачала кампанію з патрабаваньнем зьмяніць меру ўтрыманьня і вызваліць вязьняў. Асаблівую актыўнасьць выявіла Валянціна Кірылаўна – жонка Юры Віктаравіча. Нават у грамадзкім транспарце яна езьдзіла з плякатам “Свабоду Хадыку!”

З ізалятару Хадыку адвезьлі на прафіляктычную размову ў пракуратуру. Пасьля гутаркі кіраўніцтва ўстановы не знайшло падставаў да зьмены ўмоваў утрыманьня. Адтуль перавезьлі ў ізалятар на вуліцы на Валадарскага.

“Палітычнага” тэрмінова павялі да начальніка турмы, які, паводле Юрыя Віктаравіча, нагадаў яму дабрадушнага паліцэйскага з францускага фільма:

«Дык вось, звадзілі да начальніка турмы. Сустракае – гэткі паўнаваты, чырвонашчокі, дабрадушны чалавек. І раптам – начальнік турмы. Падобна, што гэта быў Алег Алкаеў. Ён адразу пацікавіўся: Юры Віктаравіч, дык вы галадаеце? І ён мне пачаў скардзіцца: тут і так дрэнна кормяць, бо мая ўстанова, маўляў, разьлічана на 3 тысячы чалавек, а сядзіць 4,5 тысячы. Дык мне адвялося яго яшчэ суцяшаць... Бо я яшчэ ад затрыманьня абвясьціў галадоўку і ён мяне спрабаваў адгаварыць. Калі гэта не ўдалося, то мяне перавялі ў агульную камэру. Праўда, яўна льготную – яна была разьлічана толькі на 6 чалавек і ніколі не было больш. І менавіта там я прасядзеў ад 2 да 21 траўня 1996 году. Урэшце, выпусьцілі ў выніку даволі шырокай хвалі грамадзкага пратэсту, у тым ліку міжнародных арганізацый і лідэраў».

Як узгадвае спадар Хадыка, у свой час ён выпадкова пазнаёміўся з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Сустрэліся на рыскім узмор’і, абодва былі з жонкамі. Пазнаёміліся, паразмаўлялі. Ельцын паабяцаў дапамагаць усталяваньню дэмакратыі ў Беларусі. І калі Хадыка трапіў за краты, жонка Юры Віктаравіча, Валянціна Кірылаўна, здолела яму затэлефанаваць. Апроч таго, маскоўскія навукоўцы выходзілі на лідэра партыі “Яблоко” Рыгора Яўлінскага, той таксама зьвяртаўся да Ельцына. Лісты ў падтрымку доктара навук Хадыкі даслалі два нобэлеўскія ляўрэаты з Польшчы.

Сустрэча з народам – праз некалькі дзён пасьля месяцовай галадоўкі 1996 году



Перад вызваленьнем, расказвае Юры Хадыка, у ягонай камэры зьявіўся супрацоўнік КДБ з прапановай напісаць ліст з прызнаньнем сваёй віны, то бок, пакаяцца. Калі палітык адмовіўся, выпусьцілі без усялякіх дадатковых умоваў. Пагражала ж затрыманаму ад 2 да 6 гадоў зьняволеньня, паколькі супрацьстаяньне дэманстрантаў зь міліцыяй мела беспрэцэдэнтныя наступствы – больш за 200 чалавек, у тым ліку зь міліцыянтамі, зьвярнуліся па мэдычную дапамогу. Былі перакуленыя і пашкоджаныя машыны міліцыі.

Філёзаф і гуманіст ад палітыкі

Адной з прычынаў перамогі адносна малой крывёй, на думку суразмоўцы, было тое, што Аляксандар Лукашэнка ў 1996 годзе яшчэ ня быў такім усемагутным. “Гэта цяпер, калі дзяржаўная рэпрэсіўная машына працуе ўжо з паўабароту, пратэсты апазыцыі ня маюць вялікага плёну. А ў сярэдзіне 1990-х воля народа была яшчэ магутнай зброяй”, – кажа Юры Хадыка.

Паплечнікі Юры Хадыкі кажуць, што ён прынёс у палітыку своеасаблівы гуманістычны і філязофскі складнік, чым не дазволіў дэмакратычнаму руху скаціцца ў палітыканства. Такога гледзішча ў прыватнасьці трымаецца намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Ён у першую чаргу далучыўся да адраджэнцкага руху. Як культурнік, як той, хто ствараў Музэй старажытнага беларускага мастацтва. Натуральна, увайшоўшы ў знаёмства, сяброўства зь людзьмі перакананымі, нацыянальнымі адраджэнцамі, пытаньне палітыкі ім непазьбежна і аб’ектыўна зьвязвалася.

Калі ствараўся аргкамітэт Народнага фронту, галоўную ролю пры фармаваньні гэтага камітэту адыгрывала група Пазьняка, то, натуральна, Хадыка там быў. Таму што яшчэ да ўтварэньня Народнага фронту ён у гэтай нефармальнай групе гадоў 10 зь імі працаваў. І ўвайшоўшы ў палітыку, у прынцыпе ўнёс у яе вось гэты гуманістычны, культурніцкі, філязофскі чыньнік. Ён заўсёды стрымліваў магчымасьць фронту скаціцца ў палітыканства. Аналізуючы дзейнасьць у першую чаргу з пазыцый філязофскіх, этычных, а ня чыста “рэал-палітык”. Ён хутчэй не палітык, а змагар за свабоду. Ёсьць розьніца. Хоць у нашай сытуацыі гэта зьвязана”.

З вайсковай арбіты – у гісторыю мастацтва

Гэта быў ці ня першы прыклад, калі аблашчаны ўвагай уладаў навуковец стаў на іншы бок барыкадаў, мэтанакіравана змагаючыся за дэмакратычныя пераўтварэньні ў новай сувэрэннай Беларусі. Сам Юры Віктаравіч заяўляе, што да вялікай палітыкі прыйшоў нетрадыцыйным шляхам – праз мастацтва.

З 1965 году фізік-навуковец Юры Хадыка стаў працаваць па закрытай тэматыцы, выконваючы ў Інстытуце фізыкі Акадэміі навук замову ваенных. Браў удзел у каапэрацыі па стварэньні сыстэмы раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе, якія пазьней сталі называць “касьмічнымі войнамі”. Калектыў стаў галаўной арганізацыяй у тэорыі разьлікаў аптычных характарыстык ракетаў, караблёў, самалётаў. Двойчы адмаўляўся ад пераходу на сталую працу ў Маскву. Як кажа спадар Хадыка, вузкая група спэцыялістаў стала “курыцай, якая несла залатыя яйкі”. У такім статусе шмат што дазвалялася, і Юры Віктаравіч сытуацыяй скарыстаўся напоўніцу.

Ад 1969 году ўдзельнічае ў грамадзкай кампаніі ў вывучэньні і захаваньні помнікаў старажытнага мастацтва, культуры. Духоўным натхняльнікам у гэтай справе стала гісторык мастацтва Элеанора Вецер. Годам раней выйшла пастанова Савету міністраў СССР аб выданьні “Зводу помнікаў гісторыі і культуры народаў СССР”, уключна з 7 тамамі па Беларусі. І высьветлілася, што ў Беларусі няма ніводнага спэцыяліста па старажытнаму і сакральнаму мастацтву, хоць праз 6 гадоў трэба ўжо было выдаваць энцыкляпэдыю.

А тут добраахвотнікі на чале з Хадыкам знайшліся самі. Улетку 1970-га паехалі ў першую экспэдыцыю. Сабралі вялікую колькасьць мастацкіх твораў – больш за 60 іконаў, скульптураў, фрагмэнтаў дэкаратыўнай разьбы. Галоўным рарытэтам стаў звон 1584 году аднаго з магнацкіх радоў Войнаў на Беларусі. У гэтых экспэдыцыях прыйшло сапраўднае разуменьне беларускай гісторыі, якую за савецкім часам намагаліся папросту выкрасьліць.

У 1979 годзе, пасьля шматлікіх арганізацыйных перашкодаў у Акадэміі навук, быў адкрыты музэй Старажытнабеларускай культуры. Сам Хадыка лічыць гэта найвялікшым сваім дасягненьнем, якія пераўзыходзяць нават працу ў галіне фізыкі. Прапаноўвалі абараніць дысэртацыю па мастацтвазнаўству, аднак ужо быў прафэсарам і доктарам у фізыцы і адмовіўся, пра што зараз шкадуе.

Паказальна, што ніводзін кіраўнік БССР і сучаснай Беларусі ад 1979 году ў музэі ня быў. Ён і да сёньня – напаўпадпольная ўстанова ў рангу ведамаснага музэю Акадэміі навук.

Першыя ўрокі вялікай палітыкі

У часе гістарычных экскурсаў у глыбіню тысячагодзьдзяў адбыліся першыя знаёмствы з асобамі, якія істотна паўплывалі на разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў краіне. Паколькі Хадыка валодаў статусам недатыкальнасьці, то зь сярэдзіны 1970-х шмат якія вядомыя дзеячы Адраджэньня прыходзілі да яго з лістамі ў ЦК КПСС у абарону беларускай мовы, беларускіх помнікаў. Доктар навук Хадыка падпісваўся, што надавала вагі лісту. У гэты ж час адбыліся першыя кантактаваньні зь Зянонам Пазьняком і Міхасём Ткачовым.

Міхась Ткачоў, Юры Хадыка, Зянон Пазьняк – фотакаляж Уладзімера Кармілкіна



Вольнага паветра дадала перабудова. Летам 1988 году ў акадэмічную партарганізацыю зьвярнуліся прадстаўнікі нефармальных моладзевых арганізацый. Хадыку даручылі зь імі паразмаўляць. Маладыя людзі яму спадабаліся. І калі зьявіліся крытычныя артыкулы пра “пену на хвалі перабудовы”, Хадыка на партканфэрэнцыі выступіў з пратэстам і заклікам асудзіць такога кшталту публікацыі. На што старшынствуючы сказаў: калі Хадыку так хочацца, то няхай сходзіць на шэсьце ў Курапаты.

30 кастрычніка 1988 года – дэбют пасьпяховага навукоўца Юры Хадыкі на палітычнай арэне. У той дзень адразу ж трапіў на капот міліцэйскага аўтамабіля, калі разам зь іншымі кінуўся абараняць мастака Міколу Купаву, якога міліцыянты выхапілі з натоўпу. А ўжо на наступны дзень уратаваны Купава патэлефанаваў і запытаўся: а ты запісаўся ў Народны фронт?

Хадыка: “Я запытваю – а хто там? Пазьняк, адказвае. Але Пазьняка я ведаў і ў адрозьненьне ад іншых ня быў у вялікім ад яго захапленьні. Ён дадаў, што таксама Быкаў. І кажу: вось калі Быкаў, то і я запішуся. Тут жа павесіў на інстытуцкай дошцы аб’яваў ліст з заклікам запісвацца ў групу падтрымкі БНФ і паставіў сваё прозьвішча першым. Да канца дня было ўжо больш за 40 прозьвішчаў.

У тыя дні ўпершыню запрасілі выступіць з канцэртам Сяржука Сокалава-Воюша. Ад таго часу гэта мой любімы бард: спакойна слухаць сэрыю аб паўстаньні Каліноўскага было немагчыма. А дзесьці празь месяц Пазьняк прапанаваў далучыцца да аргкамітэта ўтварэньня БНФ, тады я падтрымаў Пазьняка ў спрэчцы за лідэрства з Васілём Якавенкам. На І зьезьдзе разам з Ткачовым (ён тады яшчэ быў у Горадні) я быў абраны намесьнікам старшыні. То бок, намесьнікамі сталі два прафэсары, што было ў нейкім сэнсе сымбалічна”.

Мітынг у лютым 1990 году, пасьля якога Хадыка выйшаў з партыі



Сыход у лягер БНФ спарадзіў яшчэ адзін важны крок – пасьля аднаго зь мітынгаў у канцы лютага 1990-га, вырашыў завязаць з партыйным мінулым. Напісаў заяву, прыклаў партбілет і аднёс сакратару парткаму. Выйшаў з партыі напачатку 1990-га, яшчэ да развалу Саюзу.

23 чэрвеня аднаму з вэтэранаў адраджэнцкага руху споўніцца 70 гадоў. Узрост, які вымагае пэўных падсумаваньняў. Аднак Юры Хадыка па-ранейшаму ў вялікай палітыцы. І час для напісаньня мэмуараў – яшчэ наперадзе.

Юры Хадыка нарадзіўся ў Менску 23 чэрвеня 1938 году. Першыя гады жыцьця правёў у Беластоку, дзе працаваў бацька. З залатым мэдалём скончыў Чыгуначную школу №60 ў Менску. Скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у інстытуце фізыкі АН Беларусі. У 1975 узначаліў сэкцыю ў камісіі АН СССР ў распрацоўцы прагнозу разьвіцьця оптыка-электронных сродкаў выведкі на 15 гадоў. У 1979 годзе адкрыў у Акадэміі навук Музэй старабеларускай культуры. Быў намесьнікам старшыні Беларускага народнага фронту, сябрам назіральнай рады Беларускага Хэльсынскага камітэту. Аўтар каля 150 навуковых працаў па фізыцы і каля 200 навукова-тэхнічных справаздачаў, а таксама каля 30 публікацый па гісторыі беларускага мастацтва. Адзін з актывістаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) грамады. Жанаты, мае двух сыноў і трох унукаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG