Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Артура Фінькевіча


Мы працягваем цыкль “Адзін дзень палітвязьня”расповедам пра палітычнага зьняволенага Артура Фінькевіча.


9 сьнежня 2007 году мог стаць днём Волі для Артура Фінькевіча пасьля двух гадоў “хіміі”. Аднак ня стаў. Праз 11 дзён суд Кастрычніцкага раёну Магілёву асудзіў яго на паўтары гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Натальля Крашкіна прызнала актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” вінаватым у парушэньні артыкулу крымінальнага кодэксу “Ухіленьне ад адбываньня пакараньня”. Цяпер Артур Фінькевіч чакае разгляду касацыйнай скаргі ў магілёўскай сьледчай турме №4.


“Я была проста шакаваная, што судзьдзя дазволіла працягнуць працэс...”

Але вернемся да дня суду над Артурам Фінькевіча. Падтрымаць Артура прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек – моладзевыя актывісты, палітыкі і грамадзкія дзеячы Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, бацька Зьмітра Дашкевіча Вячаслаў.

“Ганьба, ганьба, ганьба...” – гэтак адрэагавалі на вырак паплечнікі Артура Фінькевіча, якія знаходзіліся ў судовай залі.
А.Фінькевіч падчас судовага працэсу

Дзяржаўная абвінаваўца Цеплакова і судзьдзя Крашкіна ад нечаканасьці больш за хвіліну стаялі ў разгубленасьці, а потым хуценька сышлі з судовай залі.

Шмат дзяўчат плакалі.

Магілёўская моладзевая актывістка і Артурава сяброўка Тацяна Буланава памятае дзень суду па хвілінах:

“Я помню ўсё – тое, як судзьдзя на ўсё рэагавала, як Артуру кепска было, які ў яго твар быў чужы і адсутны. Ён, відаць, сам не разумеў, што адбываецца. Дужа кепска сябе адчуваў. Я была проста шакаваная, што судзьдзя дазволіла працягнуць працэс... Мне запомніліся Куськоў ды Ламаза. Яны сядзелі і зьдзекліва ўсьміхаліся. І тады я зразумела, як усё дрэнна”.

Тое, што Артуру стала кепска, заўважыла судзьдзя Натальля Крашкіна. Яна загадала выклікаць лекараў, а пасьля мэдычнага агляду заявіла, што стан здароўя падсуднага дазваляе працягваць працэс. Начальнік спэцкамэндатуры спадар Аляксандар Ламаза і ягоны намесьнік Сяргей Кускоў былі на працэсе асноўнымі сьведкамі абвінавачваньня. Разглядалі справу на беларускай мове. На патпрабаваньне Артура ў суд выклікалі перакладчыка.

У залі суду былі чуваць воклічы з вуліцы “Свабоду Дашекевічу!”, “Жыве Беларусь!” Каля будынку суду стаялі каля трыццаці актывістаў з плякатамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Тацяна Буланава лічыць што за час зьняволеньня Артур зьмяніўся:

“Калі на яго ня ціснулі, ён быў вясёлым маладым чалавекам. Стараўся не журыцца ніколі. На пачатку ён браў ад жыцьця ўсё, што магчыма. А пры канцы кэдэбэшнікі ды іншыя на яго дужа ціснулі, і гэта было відаць”.

Тацяна Буланава кажа, што на яе паўплывалі узаеміны з Артурам.

“Проста ў маім жыцьця зьявіўся дужа добры малады чалавек вось і ўсё. Ён дужа чульлівы, ён заўжды дапаможа, заўжды выслухае. Ведаеце, ён абаяльны такі”.

Дарэчы, да зьняволеньня ў Фінькевіча быў заўзятарам менскага футбольнага клюбу «Тарпэда-СКА».


“Нават уявіць сабе не магла, што вырак будзе такім жорсткім”


Моладзевая актывістка Людвіся Атакулава пазнаёмілася з Артурам у траўні 2006 году, акурат перад судом, які адправіў яго на “хімію”. Пасябравала ж, калі ён ужо адбываў пакараньне.

Дзень 20 сьнежня Людвіся запомніла на ўсё жыцьцё. У гэты дзень ёй споўнілася дзевятнаццаць гадоў. Людвіся была ў судовай залі адзінай, хто ўсьміхаўся:

“Усьміхалася я таму, што да апошняга моманту была ўпэўнена, што з судовай залі мы выйдзем усе разам. Нават уявіць сабе не магла, што вырак будзе такім жорсткім. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб наш сябра як мага хутчэй задыхаў вольным паветрам”.

Перад самым судом Людвіся атрымалі ліст ад Артура. Ён пісаў:

“Што ня можа чалавек, тое можа Бог. І гэтая ягоная вера дапамагае і натхняе, калі падаецца, што прасьвету не відаць і нічога зьняць немагчыма”. Дзіўна, але я ніколі ў ім ня бачыла нянавісьці нават да тых людзей, якія зрабілі ягоныя лепшыя маладыя гады пеклам”.

5 лістападу 2007 году Людвіся разам з Артуравай маці Ірынай наведала нявольніка ў сьледчым ізалятары. Яна згадвае:

“Ён жартаваў, нават маці зьдзівілася, што мы рагаталі. Вельмі парадавала, што ён ня падае духам. Ён аптыміст па натуры. Ён заўжды кажа, што ўсё будзе добра”.


“Ён патрэбны ня толькі сям’і і маладафронтаўцам”

Моладзевая актывістка Наста Палажанка сябруе з Артурам тры гады і гэтым сяброўствам ганарыцца. На судзе Артур уразіў Насту.

“Нягледзячы на кепскі стан здароўя ён трымаўся надзвычай мужна. Ягоныя вочы былі напоўненыя верай й надзеяй. Хаця ён разумеў, што гэты працэс нельга назваць судом. Хутчэй тэатральным, якім кіруе толькі адзін чалавек”.

Наста зазначае, што верай у будучыню прасякнутыя Артуравы лісты:

“Яны добрыя й вясёлыя. Ён у сваіх лістах хутчэй мяне падтрымлівае, чым наракае на свой лёс. Ён піша чыста й шчыра... Немагчыма схаваць усьмешкі”.

Наста перакананая, што моладзь даб’ецца найхутчэйшага вызваленьня Артура:
Кампанія салідарнасьці з А.Фінькевічам у Менску

“Ён патрэбны ня толькі сям’і і маладафронтаўцам. Ён патрэбны Беларусі. Гэта вельмі мужны малады, непахісны хлопец здольны будаваць перамены”.


”Я не хачу быць на такой свабодзе”

Маці Артура Марыя Фінькекевіч сустрэлася з ім пасьля суду. Яна перакананая, што ў яе сына хопіць моцы духу, каб вытрымаць турэмнае зьняволеньне.

“Ён трымаецца ўпэўнена. Не затузаны. У параўнаньні з тым, якім ён быў на судзе, ён няблага й выглядае”.

Марыя Фінькевіч згадвае, як пасьля першага суду ў 2006 годзе ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў доўга вырашалі, у якім горадзе маладафронтаўцу адбываць пакараньне. Гэты час Артуру прапаноўвалі скарыстаць, каб зьехаць вучыцца або папросту ўцячы з краіны, але ён адмовіўся.

Марыя Фінькевіч: “Ён тады доўга думаў і сказаў: “Я ўсё абдумаў і не хачу быць адзін. Я не хачу быць на такой свабодзе. Я хачу дзейнічаць, хачу займацца сваёй справай”. У гэтым бачыць сваё жыцьцё”.

Артур Фінькевіч нарадзіўся ў Менску 8 лютага 1985 году. Скончыў менскую вучэльню №38. Потым паступіў у Інстытут парлямэнтарызму й прадпрымальніцтва. Але правучыўся толькі два гады, сышоўшы ўлетку 2005 году. Ён ня здаў своечасова сэсію, паколькі адбываў адміністрацыйнае пакараньне ў турме на Акрэсьціна. Перад арыштам хлопец марыў паступіць у Віленскі ўнівэрсытэт на беларускую філялёгію.

У “Маладым фронце” ад 2001 году. Ад 2002 да 2004 -- кіраўнік рэгіянальнага аддзелу моладзевай арганізацыі. 8 сьнежня 2005 году напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі Артура Фінькевіча затрымалі. Міліцыянты сьцьвярджалі, што ён зрабіў графіці “Мы хочам новага!” і “Достал!”.

Да суду тры месяцы Артура Фінькевіча утрымлівалі ў сьледчым ізалятары на Валадарцы. 10 траўня 2006 году Першамайскі суд Менску прысудзіў Артуру Фінькевічу два гады зьняволеньня на гэтак званай “хіміі” за графіці палітычнага зьместу. Судзьдзя Вікторыя Зайцава прызнала актывіста вінаватым у злосным хуліганстве.

Ад 29 чэрвеня 2006 году да 26 кастрычніка 2007 году Артур Фінькевіч адбываў пакараньне ў Магілёўскай спэцкамэндатуры №43. 26 кастрычніка 2007 году на яго завялі крымінальную справу й перавялі ў Магілёўскую сьледчую турму №4.

20 сьнежня 2007 году Кастрычніцкі суд Магілёва пакараў палітвязьня Артура Фінькевіча на паўтары гады няволі ў калёніях агульнага рэжыму. Цяпер Артур Фінькевіч чакае разгляду касацыйнай скаргі ў магілёўскай сьледчай турме №4.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG