Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Сяргея Парсюкевіча


Палітвязьня Сяргея Парсюкевіча на волі чакаюць жонка, сын і маці.


23 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў старшыню Рады прадпрымальнікаў Смаленскага рынку Віцебску Сяргея Парсюкевіча на 2,5 года зьняволеньня. Апроч таго, ён мусіць выплаціць міліцыянту Аляксандру Дулубу 1 мільён рублёў кампэнсацыі: паводле сьледзтва, у турме на Акрэсьціна Парсюкевіч нібыта зьбіў ахоўніка. Сябры і калегі асуджанага перакананыя: сапраўднай прычынай расправы стаў актыўны ўдзел Парсюкевіча ў прадпрымальніцкіх акцыях на пачатку году.

14 траўня Сяргею Парсюкевічу споўніўся 41 год. У гэты дзень наш карэспандэнт зьвязаўся зь сям’ёй, паплечнікамі і сябрамі палітвязьня.

У дзень народзінаў Сяргея Парсюкевіча ягоная жонка Натальля ня здолела павіншаваць мужа. На той момант яго ўжо перавялі ў адну з самых жорсткіх паводле ўмоваў утрыманьня турму ў Жодзіне, куды на сустрэчу трапіць ня так проста. Трэба прайсьці вялікае мноства інстанцый, усе яны ў Менску, а Парсюкевічы з 13-гадовым сынам жывуць у Віцебску. Там Натальля прывязаная да графіку працы дзяржаўнага прадпрыемства. А дома — да працы, якой раней займаўся Сяргей:

“Усё, што рабіў ён, цяпер раблю я. Уся мужчынская справа, якую ён выконваў у нашай гаспадарцы, цяпер на мне. І на Дзянісу, натуральна. Дзяніс на лецішчы ўсю фізычную працу намагаецца рабіць. Вядома, якая яму, як падлетку, пад сілу...”

Сяргей Парсюкевіч нарадзіўся 14 траўня 1967 году ў Віцебску. Закончыў матэматычную клясу 31-й сярэдняй школы, паступіў у Ленінградзкую ваенную акадэмію імя Мажайскага на факультэт ваенна-касьмічных войскаў. Бацькі былі супраць такога выбару адзінага сына. Асабліва што да бацькі, які на той час кіраваў у Віцебску буйным станкарамонтным прадпрыемствам, быў паважаным чалавекам у асяродку гаспадарнікаў і мог істотна дапамагчы Сяргею з прафэсійным выбарам. Але сын аказаўся непахісны.

...Бацька Сяргея не дажыў да часу, калі ягоны сын апынуўся за кратамі. З гэтай сямейнай бядой зараз жывуць маці, якая ўсё жыцьцё адпрацавала ў радзільным доме фэльчаркай-акушэркаю, а таксама жонка Натальля і сын.

Байканур — Віцебск: канец касьмічнай адысэі

Крымінальную будучыню Парсюкевічу ня мог бы спрагназаваць нават самы сьмелы фантаст. Пасьля заканчэньня акадэміі Сяргей Парсюкевіч атрымаў разьмеркаваньне на знакаміты касмадром Байканур. Адрас вайсковай прапіскі — гарадок Ленінскі, пляцоўка № 10. Там ён знаёміцца з будучай жонкай Натальляй, чые бацькі працавалі ў вайсковых частках Байканура. Вясельле згулялі ў 1990 годзе. Кар’ера складалася надзвычай пасьпяхова, даслужыўся да капітана. Але непрагназавана разваліўся Саюз, пачаўся падзел маёмасьці паміж новымі краінамі. Да таго ж, пачало падводзіць здароўе, бо за службу зарабіў астму — дало сябе знаць тое, што меў справу з ракетным палівам.

Сын Сяргея Парсюкевіча Дзяніс
За пару гадоў безгаспадарнасьці, калі на тэрыторыю вайсковай часткі засялілі мясцовых казахаў, уся колісь бездакорная інфраструктура развалілася. У Сяргея якраз сканчаўся кантракт, і сям’я вырашыла зьяжджаць у Беларусь. У 1994-м Натальля паехала ў Віцебск нараджаць сына Дзяніса. А праз год надышоў канец і службе капітана ваенна-касьмічных войскаў Сяргея Парсюкевіча. Дарэчы, у Віцебску Сяргей хутка стаў мясцовай знакамітасьцю, і напярэдадні Дня касманаўтыкі віцебскія газэты часта друкавалі зь ім інтэрвію на тэмы беларускіх пэрспэктываў у космасе.

У Віцебску Парсюкевічы набылі кватэру — балазе грошай на Байкануры зарабілі; чымсьці дапамаглі бацькі. У той двухпакаёўцы яны жывуць і да сёньняшняга дня.

Неўзабаве Сяргей уладкаваўся ў міліцыю. Была прапанова працаваць у КДБ, але адмовіўся. Служыў у экспэртным аддзеле Кастрычніцкага РУУС Віцебску, за старанную працу быў уганараваны, ягонае фота было на Дошцы гонару ўпраўленьня ўнутраных справаў Віцебскай вобласьці. Потым перавялі ў Чыгуначны РУУС на пасаду начальніка экспэртна-крыміналістычнага аддзелу. Але ўсё больш непакоіла астма. Да 2003 году назапасілася значная выслуга, якая давала льготы на бясплатныя лекі — на Байкануры год ішоў за паўтара. Сяргей вырашае звольніцца паводле стану здароўя.

Аднак чымсьці трэба было займацца, а з працай у горадзе — праблемы. У 2003-м зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. Пачаў працаваць, дапамагала жонка. Усё складалася ўдала. Увогуле, як кажуць ягоныя знаёмыя, гэты чалавек з шэрагу тых, хто працы не баіцца і ў каго задуманае, як правіла, рэалізоўвалася. Таму для ўсіх вялікай нечаканасьцю стала тое, што старанны і законапаслухмяны Парсюкевіч раптам стаў крымінальнікам.

Уладзімер, таварыш Сяргея Парсюкевіча па службе на Байкануры, лічыць, што вытокі сёньняшніх падзеяў вакол Парсюкевіча бяруць пачатак у 1990-х. Каб не развал арміі, яны да сёньня заставаліся б у казахстанскіх стэпах. Але тое, што адбылося цяпер — сплянаваная акцыя:

“Ну, гэта проста ні ў якія рамкі ня лезе. Ён сам працаваў у міліцыі, цудоўна ведае ўсе законы. І які сэнс усім гэтым было займацца, цудоўна ведаючы, якія могуць быць наступствы? Таму лічу гэта чыстай вады правакацыяй, ня больш за тое. Ён заўсёды быў законапаслухмяны грамадзянін, ніколі за ім ніякіх прыводаў ня значылася, тым больш колькі гадоў адпрацаваўшы ў міліцыі. Таму ад той навіны быў проста шокавы стан. Да гэтага часу ніхто ня можа ад гэтага адыйсьці. Ня толькі я, шмат хто яго ведае, шмат сяброў у Расеі, з кім служылі, мы перапісваемся, і ўсе ў шоку.

Я ў ім упэўнены на ўсе 150%. Мы зь ім поплеч адслужылі пяць гадоў, жылі ў адным інтэрнаце, яшчэ калі былі нежанатыя. Былі розныя сытуацыі, а мы ж займаліся пускам ракет, гэта ж сур’ёзная справа. Таму Сяргея я магу характарызаваць як надзейнага, прыстойнага і сумленнага чалавека”.

2006: год радыкальных пераменаў

У судзе: Натальля Парсюкевіч і адвакат Вера Страмкоўская
Годам кардынальных зьменаў у жыцьці Сяргея Парсюкевіча стаў 2006-ты, год прэзыдэнцкіх выбараў. Ён стаў актывістам каманды кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Дагэтуль да палітыкі ставіўся спакойна. Але ўрэшце ягоныя погляды перасталі супадаць з афіцыйнымі. Якраз тады ён адседзеў першыя свае палітычныя суткі — статус назіральніка за выбарамі ад штабу Мілінкевіча выліўся ў 5 сутак адміністратыўнага арышту. 19 сакавіка да скрыні галасаваньня яго прывёў міліцыянт.

Пасьля выбараў пачаліся непрыемнасьці ў бізнэсе. У 2007-м, як крыху аціхлі палітычныя жарсьці, пачаў змагацца за правы індывідуальных прадпрымальнікаў на Смаленскім рынку. Калі ў кагосьці адбіралі тавар, арганізоўваў акцыі пратэсту. Тавар пад напорам вярталі. З гэтага пачаліся сур’ёзныя сутычкі з дырэктарам рынку. Мінулым летам пад небясьпекай забароны гандлю апынуўся і сам.

Новай прычынай незадавальненьня стаў указ Аляксандра Лукашэнкі № 760, якім прадпрымальнікам істотна абмяжоўвалася поле дзейнасьці. Хоць, як кажа Сяргеева жонка Натальля Парсюкевіч, іхнай сям’і той указ асабліва ня тычыўся:

“Разумееце, у яго быў няспынны стан барацьбы. Як жанчына і маці сямейства, я яму спрабавала давесьці: цябе гэты ўказ не кране. У нас быў толькі адзін наняты прадавец, і, у прынцыпе, мы маглі безь яго абысьціся. Мы проста бралі чалавека працаваць, таму што Сяргей ня можа доўга стаяць на марозе, бо ў яго астма. Толькі з-за гэтага. У нас быў толькі адзін-адзіны пункт на Смаленскім рынку. І ён проста змагаўся супраць існуючай несправядлівасьці.

Я яму казала: ты нічога ня траціш. А ён адказвае: я так не магу, яны, кажа, не разумеюць (меў на ўвазе прадпрымальнікаў), што іх чакае. І тым ня меней ён з адным пунктам не працуе, яго пазбавілі ўсяго, а прадпрымальнікі да гэтага дня стаяць і працуюць. Але, як той казаў, сваю галаву іншаму не прыкруціш. У кожнага свая галава на плячах”.

Лякальныя хваляваньні супраць прэзыдэнцкага ўказу паступова перарасьлі ў агульнанацыянальныя. Кульмінацыяй сталі выступы прадпрымальнікаў 10 і 21 студзеня ў Менску, калі былі зьбітыя і асуджаныя дзясяткі ўдзельнікаў мітынгаў. Сяргей Парсюкевіч быў актыўным удзельнікам усіх акцый як у абласным цэнтры, так і ў Менску. Хоць жонка была нязгодная, ставіў яе перад фактам, што ўжо ў дарозе на сталіцу. Апошні прыезд у Менск стаў дарогай у адзін канец...

Парсюкевіч быў затрыманы 4 сакавіка ў будынку пракуратуры Маскоўскага раёну, куды прыйшоў даць паказаньні па заведзенай супраць яго крымінальнай справе — гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Парсюкевіч нібыта зьбіў міліцыянта Дулуба, адбываючы адміністратыўны арышт за падзеі 10 студзеня ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Сам Парсюкевіч сьцьвярджае, што 21 студзеня яго жорстка зьбіў ахоўнік ізалятара. Аднак пазьней, каб пазьбегчы абвінавачаньняў у перавышэньні паўнамоцтваў, Дулуб пасьпяшаўся заявіць, што гэта яго пабіў арыштант.

Сябра Рады прадпрымальнікаў Смаленскага рынку Віцебску Генадзь Хвалько кажа, што выстаўляць Парсюкевіча баевіком, які зьбівае турэмную ахову, абсурдна:

“Сяргей, як вы ведаеце, былы супрацоўнік праваахоўных органаў. Таму ён сам разумее, якія могуць быць наступствы ў той ці іншай сытуацыі. Калі казаць наконт “рэзкасьці”, то ён непрымірымы да той сытуацыі, якая існуе. Той несправядлівасьці, якая ёсьць у адносінах да прадпрымальнікаў і ўвогуле ўсяго беларускага народу. А каб учыніць нейкія дзеяньні, як напад на ахоўніка, то я перакананы, што такога не магло быць у прынцыпе. Таму што чалавек адэкватны, ён кантралюе сытуацыю і як былы “опэр” ведае, чым гэта можа скончыцца.

Адназначна, што ён не хацеў сядзець, бо хацеў змагацца і знаходзіцца побач з прадпрымальнікамі і працягваць барацьбу ў гэтай сфэры. Наколькі ў яго гэта атрымлівалася, меркаваць, вядома, людзям. І ня толькі я, але і вялізная колькасьць прадпрымальнікаў скажуць, што гэта быў Лідэр зь вялікай літары. Ён і застаецца ім. Усе, вядома, перажываюць за яго ў гэтай сытуацыі, але гэта быў і ёсьць Чалавек зь вялікай літары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG