Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Андрэя Кіма

  • Міхаіл Раманоускі

З Тацянай Кім мы сустрэліся адразу пасьля яе спатканьня з сынам, палітвязьнем Андрэем Кімам, у турме на Валадарцы...


Незадоўга да гэтага ён знаходзіўся ў турэмным шпіталі з нагоды абвастрэньня хваробы вачэй. І, натуральна, што размова з маці пачалася з пытаньня пра фізычны і маральны стан маладога чалавека, які дваццаць два гады быў атулены мацярынскай апекай і ласкай, і раптам нечакана апынуўся ў жорсткіх умовах турмы.

Вочы падлячылі, цяпер, здаецца, усё добра. І ўвогуле, кажа маці, Андрэй не губляе прысутнасьці духу:

“Ён добра трымаецца. Я яму за гэта вельмі ўдзячная. Ён увесь час мяне падтрымлівае. Я спрабую падтрымаць яго, а ён мяне. І я заўсёды пакідаю яго такой натхнёнай, што ўсё, дзякуй Богу, добра. Але настае вечар, і пачынаецца ўсё зноў... Калі ў многіх жанчынаў жыцьцё вымяраецца да нараджэньня дзіця і пасьля нараджэньня. дык у мяне цяпер можна сказаць – да затрыманьня Андрэя было адно жыцьцё, а цяпер іншае...”

Калі Андрэй быў на волі, Тацяна з працы заўсёды сьпяшалася дадому, каб прыгатаваць ежу любімаму і адзінаму сыну, навесьці ўтульнасьць у кватэры, дзе яны зь ім дружна жылі. Цяпер – наадварот. Яна як мага раней выпраўляецца з дому, каб занесьці перадачу ў турму, выпрасіць у турэмнага начальства спатканьня з сынам, або сустрэцца зь ягонымі сябрамі, маладымі апазыцыянэрамі ці іхнымі бацькамі. І кожны раз ля сьценаў Валадаркі яна ўспамінае той шчасьлівы дзень, калі Андрэй зьявіўся на сьвет у радзільным доме практычна насупраць гэтай жа турмы...

Маці і сын Кімы – выдатны прыклад чалавечага, духоўнага паразуменьня. Тацяна цалкам падтрымлівае сына ў ягоным выбары змаганьня. Вырак сыну – паўтара году турмы за гвалт да работніка міліцыі –для жанчыны стаў шокам:

“На самым пачатку, калі я спрабавала зьвярнуцца па дапамогу да нашых уладаў у асобе пракуратуры, дык мне ж ніхто не дапамог. Наадварот, мне ўсе казалі, што мой сын злачынца, што ён павінен сядзець. Я была ў такім стане, калі я нібыта не магла жыць. Былі такія дурацкія думкі спаліць сябе, каб зьвярнулі ўвагу, што мой сын не злачынца. Я гэта добра ведала”.

Першымі жанчыну ў бядзе выслухалі ў амбасадзе ЗША, дыпляматычных прадстаўніцтвах іншых заходніх краінаў. Яна вельмі ўдзячная ім за падтрымку. Не пакінулі яе адну і сябры Андрэя, бацькі ягоных сяброў. І зь ёю быў Бог:

“Я была ў стане такой разгубленасьці і жаху, што проста адны малітвы мяне не змаглі б уратаваць. Але Гасподзь зрабіў так, што побач са мной апынуліся людзі, якія мне дапамаглі. Дагэтуль я зь імі кантактую, сябрую. Я ім вельмі ўдзячная. Я ганаруся імі, асабліва моладзьдзю. Памятаеце “працэс чатырнаццаці?” Я ўбачыла, што ў нас столькі моладзі харошай. Яны сумленныя, яны моцныя і сьмелыя. І заўважце, што ўсе нашы дзеці ў апазыцыі – прыгожыя”.

Дык чаго так не хапае гэтым маладым людзям, што яны кідаюцца ў змаганьне, сьвядома ідуць у турмы? Як лічыць маці?

“Напэўна, праўды... Праўды, свабоды. Разумееце, людзі нашага пакаленьня не былі дрэннымі, але, я так лічу, мы ў аснове сваёй былі ханжы. І былі ў ружовых акулярах. Я лічу, што мы былі абыякавымі”.

У часе нашай размовы Тацяна ўвесь час акцэнтавала глыбокую веру ў Бога Андрэя. Адкуль такая рэлігійнасьць у яго, іхняй сям’і?

Тацяна Кім нарадзілася ва Ўзбэкістане ў сям’і карэйца-перасяленца і расейскай жанчыны. Бацькі былі перакананыя атэісты. Да асэнсаванай веры ў Бога Тацяна прыйшла ў сталым узросьце і разам з сынам, які ў Менску ў музычнай школе № 17 сьпяваў у хоры клясычныя і духоўныя творы. Маці і сын Кімы аднолькава добра пачуваюць сябе і ў праваслаўных, і пратэстанцкіх храмах.

“Андрэй увесь час мне кажа: мама, у Бібліі вельмі часта ідзе такое блаславеньне Боскае: ня бойцеся!.. Канешне, вера ў Бога зрабіла яго такім”.

І маці таксама. Менавіта яна, напалову карэянка, напалову расейка, паслала сына вучыцца ў Менскую беларускую гімназію № 4, затым ужо ён сам паступіў вучыцца ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Парадокс: у будынку любімага ліцэю яго асудзілі (там знаходзіцца цяпер Цэнтральны раённы суд Менску). На гістарычным факультэце БДУ не давучыўся... Бацька Андрэя – беларус. І ў жылах Андрэя цячэ карэйская, расейская, беларуская кроў. Сябе ён называе беларусам.

Тацяна вядзе перапіску з сынам, мела зь ім спатканьні. Якое яе адчуваньне – ці не азлобіўся Андрэй у турме?

“Ні ў якім выпадку. Ён мне казаў, мама, я лічу, што і судзьдзя Ільіна, і пракурор ня вераць у маю вінаватасьць. Ён ня тое, што іх апраўдвае, але кажа, што трэба кожнаму даць магчымасьць пакаяцца. І ён думаў, што я азлобілася. Я кажу: я ні ў якім выпадку не азлобілася. Канешне, лёгка быць добранькім, так? Але што вырабляе наша сыстэма? Нашых дзяцей б’юць, б’юць фізычна, б’юць маральна. Я іх і не апраўдваю, але ў мяне няма злосьці. У мяне толькі боль. Калі я ўбачыла Зьмітра Дашкевіча, як ён выйшаў пасьля пятнаццаці сутак (мы яго сустракалі ля Акрэсьціна), мне проста хацелася крычаць і плакаць... Ён выйшаў пасьля 15 сутак яшчэ ўвесь у пабоях. Як можна было так зьбіць дзіцятка? За што?”

А.Мілінкевіч і Т.Кім на працэсе зь С.Парсюкевічам, 23 красавіка 2008 г.
Тацяна кажа, што пад уплывам сына яна таксама многае перагледзела ў сваім разуменьні жыцьця ўвогуле, і праблемаў сучаснай Беларусі. Але ніяк ня можа зьмірыцца з хлусьнёй і цынізмам. Тройчы яе сына судзілі за брудную лаянку і выкрыкваньне антыдзяржаўных лёзунгаў. Яе сын не ўжывае нецэнзурных словаў. А лёзунг “Жыве Беларусь” яна лічыць патрыятычным:

“Як увогуле словы “Жыве Беларусь!” могуць быць антыдзяржаўным лёзунгам?! Для мяне як карэянкі. Калі б крычалі “Жыве Карэя!” я была б шчасьлівай. І ў любой краіне людзі былі б шчасьлівыя. А тут ён – антыдзяржаўны... Гэта як нерэальны сьвет. Мне здаецца, што самі судзьдзі гэта разумеюць. Толькі ілжэсьведкі гэтыя, мне здаецца, нічога не разумеюць”.

На разьвітаньне я даў паслухаць Тацяне званок адной са слухачак Радыё Свабода:

“Праз ваша радыё зьвяртаюся да маці Андрэя Кім і іншых мацярок палітвязьняў. Ганарыцеся сваімі сынамі. Гэта – сапраўдныя беларусы, якія моцныя духам, усё пераадолеюць, што выпала на іхны лёс. Дзякуй вам за такіх сыноў. Гэта – наша будучыня і надзея”.

Тацяна Кім: “Дзякуй вялікі. Цяпер я сапраўды ганаруся сынам. Стала ганарыцца сваім дзіцем, што ён менавіта з тымі маладымі людзьмі, якія былі на лаве падсудных, а ня з тымі, каторыя іх саджалі ў турмы. Я ганаруся. Ганаруся і люблю ўсю нашу апазыцыйную моладзь. І свайго сына асабліва”.

Андрэй Кім – актывіст моладзевага і хрысьціянскага руху – нарадзіўся 26 лютага 1986 году ў Менску. Скончыў Менскую нацыянальную беларускую гімназію № 4. Вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа і на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Тройчы асуджаўся паводле Адміністрацыйнага кодэксу, як правіла, за дробнае хуліганства і нецэнзурную лаянку. Першы раз – у часе ўдзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандра Казуліна ў 2006 годзе (12 сутак арышту). Другі раз – у 2007 годзе пасьля затрыманьня ў часе сьвяткаваньня “Хэлаўіну” (7 сутак арышту). Трэці раз – у студзені 2008 году пасьля мітынгу прадпрымальнікаў (10 сутак арышту і штраф памерам 1 мільён 50 тысяч рублёў). Неўзабаве пасьля гэтага яму было прад'яўлена абвінавачваньне паводле артыкулу 364 КК РБ («гвалт, альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі»). 22 красавіка 2008 году Андрэй Кім асуджаны на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму.
XS
SM
MD
LG