Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такія пісьменьнікі, як Алексіевіч, ствараюць для нас новую мову», — прэзыдэнт Швэдзкага ПЭН-цэнтру


Ула Лашму (Ola Larsmo)
Ула Лашму (Ola Larsmo)

Ула Лашму, кіраўнік Швэдзкага ПЭН-цэнтра — арганізацыі, якая тройчы вылучала кандыдатуру Сьвятланы Алексіевіч на Нобэлеўскую прэмію, якую яна ўрэшце атрымала — патлумачыў гэты выбар у інтэрвію Свабодзе.

— Спадар Ула, скажыце, чым, на вашую думку, адметная творчасьць Сьвятланы Алексіевіч, так што ПЭН-цэнтар і Швэдзкая акадэмія спынілі свой выбар на ёй?

— Я думаю, справа якраз у літаратурнай якасьці. Яна надзвычай добрая пісьменьніца. Як вы бачыце, яе кнігі ня проста пра беларускія ці расейскія праблемы. Яны пра Другую усясьветную вайну, катастрофу ў Чарнобылі. Але яна паказвае нам, што людзі паўсюль вельмі падобныя. І яна стварае повязі паміж мной, людзьмі ў Расеі, у Беларусі. Я магу іх зразумець, я адчуваю іхную жалобу, іхныя праблемы. Гэта захапляльна і выразна. Нобэлеўская прэмія — гэта ўсё ж прэмія для найлепшага пісьменьніка. Яе даюць менавіта за гэта.

— Ці паўплывае наданьне Нобэлеўскай прэміі на грамадзкае жыцьцё, палітыку ў нашай частцы сьвету?

— У Швэдзкай акадэміі можна прасачыць пэўную тэндэнцыю ў тым, якога кшталту літаратуру абіраюць для ганараваньня прэміяй. Вы можаце заўважыць, што гэтыя пісьменьнікі ствараюць тое, што называецца «літаратурай сьведкаў». Сьвятлана Алексіевіч кажа, што літаратура мусіць знайсьці свой шлях, бо зьмяняецца сьвет, зьмяняецца грамадзтва. Я думаю, што яна — адна з тых пісьменьнікаў, якія ствараюць новы кшталт літаратуры, уплыў якога сягае нашмат далей толькі за літаратуру. Мы можам вярнуцца ў 20-я гады XX стагодзьдзя і згадаць, як Джэймс Джойс і Томас Стэрнз Эліёт ізноў вынайшлі літаратуру, пра якую можна сказаць, што яна больш за літаратуру. Праз 20-30 год мы бачым, што яны вынайшлі новую мову для нас усіх. І пісьменьнікі, пра якіх мы згадалі (уганараваныя Нобэлеўскай прэміяй — РС) таксама ствараюць новую мову для нас усіх.

— Вы ведаеце, што ў Беларусі ідзе дыскусія, ці Сьвятлана беларуская пісьменьніца, ці расейская? Ці важна гэта ў сучасным сьвеце, на вашую думку?

— Калі шчыра, я ня думаю, што гэта важна. ПЭН-цэнтар заўжды кажа, што ў літаратуры няма межаў. Гэта наш першы прынцып. Добрая літаратура, найлепшая літаратура належыць усім. Я думаю, трэба быць толькі ўдзячным тым людзям, якія ствараюць такія кнігі і высільваюцца, каб зрабіць за нас такую цяжкую працу. Вядома, хочацца ганарыцца тым, што гэтая кніга напісаная той ці іншай мовай, але яна належыць усім. Добрая літаратура належыць кожнаму.

Сьвятлана Алексіевіч прыйшла на сустрэчу ў Швэдзкі ПЭН-цэнтар 8 сьнежня. Падзякавала за тое, што арганізацыя падтрымала яе ў вылучэньні на Нобэля і адказала на пытаньні.

«Жыцьцё настолькі хуткае, што адзінай праўдзівай крыніцай інфармацыі робіцца сьведка», — гэтак распавяла Сьвятлана Алексіевіч пра свой творчы мэтад.

Літаратары, якіх вылучае пісьменьніцкая арганізацыя, атрымліваюць Нобэля рэгулярна. Адна зь нядаўніх — Эліс Манро. Пасьля сустрэчы са Сьвятланай швэдзкія літаратары абіралі свайго новага вылучэнца. Аўтарытэтныя сябры ПЭН-цэнтру напісалі абгрунтаваньне ў падтрымку свайго намінанта. Сярод 4 кандыдатураў абралі адну. І гэта жанчына.

Паводле статуту, высоўваць кандыдатаў на нобэлеўскую прэмію па літаратуры могуць сябры Швэдзкай акадэміі ці падобных ёй установаў, прафэсары літаратуры і лінгвістыкі з навучальных установаў, самі ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па літаратуры і старшыні нацыянальных прафэсійных пісьменьніцкіх саюзаў. Далей Нобэлеўскі камітэт па літаратуры адбірае заяўкі, пасьля чаго Швэдзкая акадэмія абірае ляўрэата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG