Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 сьнежня беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч атрымае Нобэлеўскую прэмію па літаратуры «за ейную поліфанічную творчасьць — помнік пакутам і мужнасьці ў наш час».

Выданьне «Літаратурная Беларусь» заглыбілася ў архіў «Саюзу беларускіх пісьменьнікаў», каб даведацца пра пачатак творчай дарогі будучай набэліянткі. Піша на сайце Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Ціхан Чарнякевіч.

Асабовая справа сябры Саюза пісьменьнікаў БССР і СССР Алексіевіч Сьвятланы Аляксандраўны налічвае некалькі дзясяткаў дакумэнтаў...

Дакумэнты ў справе згрупаваныя крыху непасьлядоўна. Найбольшую цікавасьць для дасьледчыкаў біяграфіі Алексіевіч складуць, бадай, не шматлікія (і напісаныя пад капірку) характарыстыкі для замежных паездак 1980-х гадоў і не анкетныя дадзеныя зь іх, а найбольш раньнія тэксты, зьвязаныя з уступленьнем Сьвятланы Аляксандраўны ў пісьменьніцкую арганізацыю ў 1983 годзе.

Першым месцам працы Сьвятланы Алексіевіч была сярэдняя школа-інтэрнат і сямігадовая школа ў Балажэвічах Мазырскага раёну, дзе будучая пісьменьніца пачала працаваць адпаведна выхавацелькай і настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы адразу пасьля атрыманьня сярэдняй адукацыі ў 1965 годзе. Праз год 18-гадовую Алексіевіч бяруць літсупрацоўнікам у нараўлянскую раёнку «Прыпяцкая праўда»: на журфак БДУ яна паступала, маючы ўжо, хоць невялікі, але стаж працы карэспандэнтам. Пасьля заканчэньня журфаку ў 1972 годзе Алексіевіч накіроўваецца ў раённую газэту «Маяк камунізму», ужо на заходні бок Палесься — у горад Бяроза. А праз год працы загадчыкам аддзела пісьмаў яе запрашаюць у рэспубліканскую «Сельскую газэту», дзе яна чатыры гады працуе ў тым жа, традыцыйным для савецкай рэдакцыйнай сыстэмы і нязвыклым для цяперашняй беларускай, аддзеле пісьмаў — праўда, не загадчыкам, а літсупрацоўнікам. Журналісцкая кар’ера Алексіевіч у афіцыйных выданьнях выйшла на новы ўзровень у 1976 годзе, калі яе запрасілі ў тоўсты літаратурны часопіс «Нёман» у аддзел нарысу і публіцыстыкі. З пасады загадчыка гэтага аддзелу яна і перайшла на творчую працу ў 1984-м і больш да рэдакцыйнай цякучкі не вярталася.

Першай публікацыяй у біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменьнікі» пазначаны артыкул у «Сельскай газэце» ад 25 лістапада 1970-га. Аднак асабовая справа з архіву ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» захоўвае бібліяграфічную даведку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што дэбютам Сьвятланы Алексіевіч быў верш у Петрыкаўскай раённай газэце «За новыя рубяжы», надрукаваны 5 сьнежня 1966 году, калі пісьменьніцы было 18 гадоў...

З 1970 году, г.зн. за два гады да заканчэньня ўнівэрсытэту, Сьвятлана Алексіевіч пачынае публікаваць свае нарысы, якія стануць ейным асноўным жанрам на бліжэйшыя 10 гадоў.

Разам з тым, яна нямала часу аддае літаратурнай крытыцы: у 1971-1976 гг. на старонках «Сельскай газэты» і «Знамени юности» Сьвятлана Алексіевіч аналізуе новыя кнігі і творы Юркі Голуба, Вольгі Іпатавай, Валянціны Коўтун, Петруся Макаля, Ніны Мацяш, Алеся Разанава, Ніны Шкляравай (усяго за гэтыя гады апублікавана 12 рэцэнзій), заўважаючы і падтрымліваючы мадэрнісцкія пошукі ў паэзіі раўналеткаў, а таксама адсочвае жаночую тэму ў паэзіі і прозе (у гэтым сэнсе вельмі паказальны ейны аналіз аповесьці Вольгі Іпатавай «Прадыслава» (1972)).

Да ўступленьня ў Саюз пісьменьнікаў Алексіевіч падыходзіць з цэлым шэрагам апублікаваных нарысаў у цэнтральных беларускіх выданьнях. Акрамя таго, у аб’яднаньні «Летапіс» на «Беларусьфільме» пастаўлены дзьвюхгадзінны цыкл дакумэнтальных фільмаў «У вайны не жаночае аблічча». Фрагмэнт будучай кнігі ў сакавіку 1983-га надрукаваны ў часопісе «Маладосьць» пад назвай «Калі жанчыны ваявалі...».

Зрэшты, апрача яўных дасягненьняў і дастаткова ўдалай для журналісткі «з глыбі Палесься» кар’еры, да 1983 года Святлана Алексіевіч зарабляе сабе статус «нядобранадзейнай». Першая ейная кніга «Я зьехаў зь вёскі», зьвярстаная для публікацыі ў часопісах «Нёман» і «Новый мир», трапляе ў цэнтар партыйнага скандалу. Тэкст так і не зьяўляецца ў друку «дзякуючы» Савелію Паўлаву, тагачаснаму загадчыку аддзелу прапаганды ЦК КПБ і Ўладзімеру Сеўруку з ЦК КПСС. Сеўрук даўно вядзе вайну супраць Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, а Сьвятлана Алексіевіч зьяўляецца па сутнасьці наступніцай Алеся Адамовіча. Нават назва кнігі «Я зьехаў зь вёскі» відавочна перагукаецца з рэпартажам і ў той жа час фотаальбомам Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесьніка (апошні якраз і выступае тут у ролі фатографа) «Я з вогненнай вёскі...», створанай суаўтарамі напачатку 1970-х. Нездарма і першы па часе зьяўленьня ў асабовай справе дакумэнт — рэкамэндацыя Алеся Адамовіча, дадзеная Сьвятлане Алексіевіч (бяскніжнай аўтарцы, якая знаходзіцца «на алоўку» ў загадчыка аддзелу ЦК):

Усе „слагаемые“ мастака, грамадзяніна, пісьменьніка надзейна заяўлены, праявіліся, а таму я з поўнай адказнасьцю і ўпэўненасьцю, што не памыляюся, рэкамэндую Сьвятлану Алексіевіч у наш Саюз пісьменьнікаў.

«Рэкамендацыя

Я ўжо пісаў і гаварыў, выступаючы, і не адзін раз — пра тое, якой ацэнкі, высокай і ўдзячнай, заслугоўвае ўсё, што ўжо зроблена Сьвятланай Алексіевіч як літаратарам, пісьменьнікам. Яе кніга ўспамінаў „Калі жанчыны ваявалі“ (разьдзелы друкаваліся ўжо, але я знаёміўся з поўным тэкстам) ставіць Сьвятлану Алексіевіч (а заўтра гэта стане відавочна) у шэраг найбольш сур’ёзных „ваенных“ аўтараў. І гэта нягледзячы на тое, што аўтар належыць да маладога, да пасьляваеннага пакаленьня.

Яе другая праца ў тым жа жанры „магнітафоннай дакумэнталістыкі“ — аб праблемах міграцыі вясковай моладзі — засьведчыла грамадзянскую мужнасьць, сталасьць, прынцыповасьць аўтара. Таксама як і яе нарысы, што друкаваліся ў газэтах і часопісах.

А яе проза (друкавалася ў „Полымі“) засьведчыла, што аўтар добры, яркі стыліст.

Адным словам, усе „слагаемые“ мастака, грамадзяніна, пісьменьніка надзейна заяўлены, праявіліся, а таму я з поўнай адказнасьцю і ўпэўненасьцю, што не памыляюся, рэкамэндую Сьвятлану Алексіевіч у наш Саюз пісьменьнікаў.

12.9.1982. Алесь Адамовіч».

Да наступнай рэкамэндацыі справа дойдзе толькі праз паўгады. Адамовіч сваім блаславеньнем як бы распачынае кампанію за прыняцьце Алексіевіч у Саюз пісьменьнікаў. Другой паводле храналёгіі ў асабовай справе ідзе «Выпіска з пратаколу пасяджэньня камісіі па нарысу і публіцыстыцы СП БССР ад 28 лютага 1983 г.»:

ПАСТАНАВІЛІ: Аднагалосна рэкамэндаваць Алексіевіч Сьвятлану Аляксандраўну камісіі да прыёму ў члены Саюза пісьменьнікаў СССР.

«Прысутнічала 15 членаў СП БССР, сярод іх 10 членаў камісіі.

СЛУХАЛІ: Абмеркаваньне творчасьці Сьвятланы Алексіевіч. Перад абмеркаваньнем былі прагледжаны тры кінафільмы цыклю „У вайны не жаночае аблічча“, створаныя па сцэнарах С. Алексіевіч і В. Дашука на кінастудыі „Беларусьфільм“, і тэлефільму „Бацькоўскі дом“, створанага па сцэнары С. Алексіевіч на Беларускай студыі тэлебачаньня.

А. Адамовіч сказаў, што ўсё, што мы чыталі, напісанае ёй у пэрыядычным друку, як і прагледжаныя намі фільмы, выяўляюць у С. Алексіевіч вельмі зайздросную для публіцыста рысу — апантанасьць сучаснасьцю.

Я. Брыль прыгадвае нарыс пра цётку Стэфу, напісаны з адметнай псыхалягічнай глыбінёй. Яе запісы ўдзельніц вайны сьведчаць пра сапраўднае служэньне справе літаратуры. Гэтым адным можна апраўдаць рэкамэндацыю яе ў Саюз.

А. Капусьцін, Э. Ялугін адзначалі надзвычайную патрабавальнасьць С. Алексіевіч да сябе ўжо на першай стадыі, пры зборы матэрыялаў пра аб’ект дасьледаваньня. Імкнецца адкрываць новае ў характарах сучасьнікаў. У альманаху „Сучаснік-80“ выйшла цэлая нізка партрэтаў-мініятур пад назвай „Бабы“, зробленых па ўсіх правілах мастацтва слова.

А. Лысенка і В. Палтаран адзначылі яе сьмелыя выхады на жыцьцё, моцны маральна-этычны стрыжань, які зьбірае асобныя факты ў самабытны публіцыстычны вобраз. Творчасьць С. Алексіевіч ня новы паварот публіцыстыкі, а новы позірк наперад у яе разьвіцьці, грунтуючыся на абуджэньні чалавечага сумленьня.

У. Юрэвіч перасьцерагае С. Алексіевіч, каб у кіношным і тэлевізійным віры не разбурылася яе пісьменьніцкае „я“, сфармаванае даволі выразна ў публікацыях цыклаў „Бабы“ і „У вайны не жаночае аблічча“.

Усе выступаючыя рэкамэндавалі С. Алексіевіч для прыёму ў Саюз пісьменьнікаў.

ПАСТАНАВІЛІ: Аднагалосна рэкамэндаваць Алексіевіч Сьвятлану Аляксандраўну камісіі да прыёму ў члены Саюза пісьменьнікаў СССР.

Выпіска верная. Сакратар камісіі па нарысу і публіцыстыцы В. Якавенка».

Пасьля рэкамэндацыі камісіі па нарысу і публіцыстыцы справа набывае заканамерны ход: зьбіраюцца рэкамэндацыі, іх для падачы дакумэнтаў павінна быць тры. Сябрамі Саюза пісьменьнікаў, якія падтрымаюць будучага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, будуць Янка Брыль і Ігнат Дуброўскі:

«Рэкамэндацыя

Сьвятлану Алексіевіч, як літаратара, я ведаю па нарысах з цыкла «Бабы», «Як Кацярына ў горад езьдзіла», па рабоце, апублікаванай у «Маладосьці» пад назвай «Калі і жанчыны ваявалі», па сцэнарыях дакумэнтальных кінафільмаў «У вайны не жаночы твар» і тэлефільма «Бацькоўскі дом».

Яна ўмее бачыць у жыцьці галоўнае, умее расказаць пра гэта патрэбным словам; яна ўмее слухаць народ і належным чынам перадаваць тое, што ён расказвае пра перажытае.

Літаратар С. Алексіевіч таленавіты, удумлівы, шчыра адданы справе. Яна ўмее бачыць у жыцьці галоўнае, умее расказаць пра гэта патрэбным словам; яна ўмее слухаць народ і належным чынам перадаваць тое, што ён расказвае пра перажытае. Нарысы яе, якія з поўным правам могуць лічыцца апавяданьнямі, чытаюцца цікава, у іх уздымаюцца жыцьцёва важныя пытаньні, мова прозы яе сакавітая, шматфарбная, людзі не прыдуманыя, — яна іх добра ведае і шчыра любіць, і цяплом гэтай любові, сьвятлом гэтай шчырасьці насычана ўсё, з чым аўтар ідзе да свайго чытача. Тое самае можна сказаць пра выдатную працу С. Алексіевіч «Калі жанчыны ваявалі». Гэтую кнігу — расказы многіх жанчын, удзельніц вайны, знойдзеных у розных кутках нашай Савецкай краіны, — можна без перабольшаньня назваць своеасаблівым подзьвігам маладой пісьменьніцы, якая адна зрабіла тое, чаго хапіла б цэламу творчаму калектыву.

Добрага слова заслугоўвае праца Алексіевіч у кіно і тэледраматургіі.

Я ахвотна рэкамэндую Сьвятлану Аляксандраўну ў члены Саюза пісьменьнікаў СССР.

6.ІІІ.1983 г. Янка Брыль, членскі білет № 12024.

Рэкамэндацыя

Ужо некалькі гадоў Сьвятлана Алексіевіч выступае ў друку з апавяданьнямі і нарысамі. У літаратуру яна прыйшла са сваёй тэмай. Пра жанчын удзельніц Вялікай Айчыннай вайны ў мастацкай літаратуры сказана ня мала. Сьвятлана Алексіевіч у нарысах «Калі і жанчыны ваявалі» знайшла яшчэ адзін, новы аспэкт гэтай тэмы, паказала яшчэ адну грань мінулай вайны. Яна пазнаёміла чытача з жанчынамі-салдатамі, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў бітвах, са зброяй у руках абаранялі Радзіму, выконвалі і іншыя нялёгкія работы на полі бою. Яна сустракалася і гутарыла больш як 500 жанчынамі-франтавікамі і па-майстэрску перадала іх расказы аб цяжкасьцях, жахах і пакутах, якія перажывалі ў акопах жанчыны нароўні з мужчынамі і разам з тым праяўлялі ня меншую стойкасьць, храбрасьць, адвагу і гераізм, чым мужчыны.

Сьвятлана Алексіевіч выступае таксама з апавяданьнямі і нарысамі на тэмы з жыцьця вясковых жанчын. У апавяданьнях «Бабы», «Як Кацярына ў горад ездзіла», «Ваш стары таварыш» і іншых яна паказала высокае майстэрства стварэньня мастацкіх вобразаў радавых працавічак вёскі, жанчын-камуністаў.

Пасьпяхова выступіла Алексіевіч і ў кінадраматургіі. Па яе сцэнарыю створаны шматсэрыйны тэлевізійны фільм «У вайны не жаночае аблічча». Фільм ухвальна сустрэлі гледачы, а сцэнарый атрымаў высокую ацэнку ў друку.

Пра творчасьць Сьвятланы Алексіевіч можна сказаць многае, але дастаткова адзначыць, што крытыка ў ацэнцы твораў маладых пісьменьнікаў рэдка каму ўдзяляла столькі ўвагі, колькі творчасьці Алексіевіч. Кожная яе публікацыя адзначалася ў друку і заўсёды з высокай ацэнкай.

Сьвятлана Алексіевіч даволі выразна вызначылася як пісьменьнік, выявіла выдатныя здольнасьці ў стварэньні мастацкіх вобразаў, асабліва добра валодае дыялёгам і маналёгам, умела скарыстоўвае мастацкую дэталь.

Тое, што пасьпела стварыць Сьвятлана Алексіевіч, зьяўляецца дастатковай асновай для прыняцьця яе ў члены Саюза пісьменьнікаў СССР.

Тое, што пасьпела стварыць Сьвятлана Алексіевіч, зьяўляецца дастатковай асновай для прыняцьця яе ў члены Саюза пісьменьнікаў СССР з поўнай упэўненасьцю, што яна прынясе ў нашу літаратуру шмат новага і значнага.

28.ІІІ.1983 г.

Ігнат Дуброўскі (Ігнат Цімафеевіч Чарняўскі),

член Саюза пісьменьнікаў СССР з 1951 г., білет № 12279«.

Зьяўляецца ў справе і аўтабіяграфія пісьменьніцы. Яна будзе відавочна цікавая дасьледчыкам біяграфіі Алексіевіч, бо пралівае сьвятло на раньнія гады жыцьця на Гомельшчыне, распавядае пра сям’ю. Дакумэнт напісаны на рускай мове, аднак у анкетных дадзеных аўтарка далей будзе пасьлядоўна запаўняць графу нацыянальнасьць як «беларуска», а мовамі, на якіх піша, пазначаць «беларускую і рускую».

Нягледзячы на аднагалосную ўхвалу камісіі СП БССР па нарысе і публіцыстыцы, а таксама на станоўчыя рэкамэндацыі вядомых беларускіх літаратараў, Алексіевіч падсьцерагае непрыняцьце прыёмнай камісіі СП БССР. «Выпіска з пратаколу пасяджэньня прыёмнай камісіі ад 24 лістапада 1983 г.», што праўда, мае зусім мірны характар і зьмяшчае толькі станоўчыя ацэнкі творчасьці будучай набэліянткі:

«Слухалі: Заяву Сьвятланы Алексіевіч аб прыёме яе ў члены СП СССР.

Выступілі: В. Палтаран, В. Казько, В. Вітка.

Пра Сьвятлану Алексіевіч шмат што гаварылася, шмат што хочацца паўтарыць. Жыва адчувае слова, умее выстаяць, мае на чым трымацца. Нарысы яе важаць больш, чым некаторыя раманы.

У яе нарысах адчуваецца дыханьне рамантыкі радыёстанцыі „Юнацтва“. А запісы Алексіевіч даюць пра вайну больш, чым некаторыя трохтомныя эпапеі.

„Жанчына на вайне“ — унікальная кніга. Гэта подзьвіг у імя гісторыі і літаратуры.

У Алексіевіч выдатная публіцыстыка і мастацкая проза.

Пастанавілі (14 — за, 6 — супраць): Згодна вынікам галасаваьння адмовіць Святлане Алексіевіч у прыёме яе ў члены СП СССР.

Пастанавілі (14 — за, 6 — супраць): Згодна вынікам галасаваьння адмовіць Святлане Алексіевіч у прыёме яе ў члены СП СССР.

Сакратар прыёмнай камісіі Я. Міклашэўскі»

Пасьля адмовы прыёмнай камісіі, хоць прычыны і канкрэтныя прэтэнзіі да Алексіевіч у дакумэнтах, на жаль, не адлюстраваліся, Адамовіч, Брыль і цяпер ужо Быкаў выносяць кандыдатуру на галасаваньне ў прэзыдыюм СП БССР. Той меў права прымаць сяброў без уліку меркаваньня прыёмнай камісіі, але рабіў гэта толькі ў выключных выпадках. Відавочна, гэта быў якраз такі выпадак, ды яшчэ і рызыкоўны, што разумелі некаторыя сябры прэзыдыюма і стараліся, як, напрыклад, Генадзь Бураўкін, выставіць Святлану Алексіевіч у больш «прававерным» сьвятле, чым яна, мабыць, сама б хацела. Нельга не зьдзівіцца, наколькі празорліва выступаюць пісьменьнікі пры абмеркаваньні кандыдатуры Алексіевіч, адзначаючы безумоўную навізну яе пісьма і вяшчуючы ёй слаўную будучыню. Пра гэта сьведчыць «Выпіска з пратакола № 6 пасяджэньня прэзыдыюма СП БССР ад 20 декабря (так у тэксце — Ц.Ч.) 1983 г.»:

«Усяго членаў прэзыдыюму — 27 чал. Прысутнічала — 22 чал.

СЛУХАЛІ: В. Быкаў. Чаму сёньня не разглядаецца справа аб прыёме ў члены СП БССР Сьвятланы Алексіевіч, якая сваімі творчымі дасягненьнямі вартая быць прынятай у нашу пісьменьніцкую арганізацыю.

Гілевіч Н.С. На прыёмнай камісіі Сьвятлана Алексіевіч не дабрала два галасы і камісія раіла разгледзець яе заяву на прэзыдыюме.

А. Адамовіч. На камісіі, ведаю, усе добра выступалі, давалі высокую ацэнку творчасьці Сьвятланы Алексіевіч. Сьвятлана Алексіевіч —літаратар самага высокага клясу.

Рэкамэндую разгледзець яе заяву на гэтым пасяджэньні.

А. Васілевіч. Сьвятлане Алексіевіч я не давала рэкамэндацыі для паступленьня ў члены Саюза пісьменьнікаў, яна яе ў мяне і не прасіла. Але тое, што зрабіла С. Алексіевіч у такі напружаны час, безумоўна, — яе творы заслугоўваюць увагі. У Ляйпцыгу адкрыўся фэстываль антываенных фільмаў і яе фільм «У вайны не жаночы твар» атрымаў сярэбранага голуба. Сьвятлану Алексіевіч трэба сёньня прымаць у Саюз пісьменьнікаў.

Я. Брыль. Я даваў рэкамэндацыю Сьвятлане Алексіевіч і горача яе падтрымліваю. Ведаю яе, як літаратара па нарысах з цыклю «Бабы», «Як Кацярына ў горад ездзіла», па сцэнарыях дакумэнтальных фільмаў «У вайны не жаночы твар» і тэлефільма «Бацькоўскі дом». У другім нумары часопіса «Октябрь» дадзена высокая ацэнка яе творчасьці. Фільм атрымаў сярэбранага голуба, і рэжысёр гэтага фільма вылучаны на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі БССР.

Я лічу, што С. Алексіевіч варта быць прынятай у члены СП.

Прыйдзе час, калі Сьвятлану Алексіевіч назавуць публіцыстам-падзьвіжнікам і справядліва ўзьнікне пытаньне — чаму не прынялі яе ў Саюз пісьменьнікаў.

Н. Пашкевіч. Прыйдзе час, калі Сьвятлану Алексіевіч назавуць публіцыстам-падзьвіжнікам і справядліва ўзьнікне пытаньне — чаму не прынялі яе ў Саюз пісьменьнікаў. Фільм «У вайны не жаночы твар» атрымаў сярэбранага голуба на міжнародным фэстывалі, рэжысёр якога вылучаны на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі БССР. Мы не памылімся, калі сёньня прымем С. Алексіевіч у члены нашай пісьменьніцкай арганізацыі.

П. Панчанка. Я таксама рэкамэндую прыняць Сьвятлану Алексіевіч у члены Саюза пісьменьнікаў.

В. Вітка. Я грунтоўна выступаў пра творчыя здабыткі Сьвятланы Алексіевіч на пасяджэньні прыёмнай камісіі. Галоўнае гэта тое, што С. Алексіевіч зрабіла грамадзянскі подзьвіг, яна ўнесла новае асьвятленьне жанчын на вайне, якія прайшлі праз вогненнае пекла. Гэта прагучала не толькі ў нас, на Беларусі, але і на ўвесь сьвет. Гэта сапраўдная публіцыстыка. Гэта талент! А яе цыкл апавяданьняў «Бабы», простыя жанчыны, на долю якіх выпалі страшэнныя пакуты ў час вайны. Цяпер яна зьбірае матэрыялы аб цяжкім лёсе дзяцей — дзіцячая памяць пра вайну, а як вядома, памяць цэпкая. Гэтую кнігу, я веру, яна падніме таксама. Кніга такая вельмі патрэбна.

Як чалавек, Сьвятлана Алексіевіч, вельмі сьціплая, добразычлівая, як пісьменьніца — таленавітая.

Я. Брыль. Робячы вялікую справу, Сьвятлана Алексіевіч часта траціць уласныя грошы. Нядрэнна было б ёй фінансава дапамагчы.

Г. Бураўкін. Я добра знаёмы з творчасьцю Святланы Алексіевіч. Яе працы на высокім пісьменьніцкім узроўні.

С. Алексіевіч узьняла таксама цікавую праблему аб міграцыі сельскай моладзі. Яна глыбока вывучыла гэты матэрыял.

Цяпер яна працуе над новым цыклем: пра дзеда Талаша, Канстанціна Заслонава. Першую перадачу мы ўжо зрабілі.

Рэкамэндую прыняць С. Алексіевіч у члены СП БССР.

У. Калесьнік. Ведаю, што прыёмная камісія вынесла рашэньне разгледзець пытаньне аб прыёме С. Алексіевіч у члены СП БССР на прэзыдыюме. Таму гэта трэба зрабіць сёньня. Яна вельмі таленавіты аўтар, праўдзівы, з гуманістычнай чуласьцю.

Н. Гілевіч. Бясспрэчна, Сьвятлана Алексіевіч мае ўсе падставы быць прынятай у члены Саюза пісьменьнікаў.

ПАСТАНАВІЛІ: Уключыць кандыдатуру Сьвятланы Алексіевіч у сьпіс для тайнага галасаваньня.

СЛУХАЛІ: Вынікі тайнага галасаваньня.

ПАСТАНАВІЛІ: Згодна вынікам тайнага галасаваньня лічыць прынятым у члены Саюза пісьменьнікаў БССР

АЛЕКСІЕВІЧ Сьвятлану Аляксандраўну

(за — 20, супраць — 2).

Сакратар Праўленьня СП БССР Л. Гаўрылкін».

Такім чынам, як сьведчаць дакумэнты з архіву СБП, перад выхадам на самастойную творчую дарогу будучая ляўрэатка Нобэля атрымала падтрымку выдатных беларускіх літаратараў: Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Васіля Віткі. Яны пераадолелі супраціўленьне бюракратычнай машыны, для якой ужо ў 1983 годзе Сьвятлана Алексіевіч бачылася «нядобранадзейнай», бо займела праблемы ад чыноўніка ЦК. Статус сябра Саюза пісьменьнікаў і яго набыцьцё на той час выступала пэўнай «ахоўнай граматай»: можна было займацца творчай працай, не баючыся абвінавачваньняў у дармаедзтве — зьяве, што дзіўным чынам вярнулася з андропаўскіх часоў у 2015 год.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG