Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што скажа пра Беларусь Сьвятлана Алексіевіч у сваёй «банкетнай прамове»?


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

10 сьнежня ў сталіцы Швэцыі Стакгольме беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч атрымае Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры з рук швэдзкага караля Карла Густава ХVI. Тым часам у сталіцы Нарвэгіі Осла адбудзецца ўганараваньне Нобэлеўскай прэміяй міру квартэта нацыянальнага дыялёгу Тунісу.

Нобэлеўская прэмія — гэта ганаровы дыплём, залаты мэдаль вагою 175 грамаў і з выявай Нобэля і дакумэнт, што пацьвярджае грашовую частку прэміі (сёлета гэта каля 970 тысяч даляраў).

Урачыстая цырымонія ўзнагароджаньня строга рэглямэнтаваная. Асноўны дакумэнт, які рэгулюе правілы ўручэньня прэміі, — статут Нобэлеўскага камітэту. Стакгольм. Уручэньне Нобэлеўскіх прэмій па фізыцы, хіміі, мэдыцыне, эканоміцы, літаратуры.

Узнагароджаньне адбудзецца ў Стакгольмскай канцэртнай залі, пачатак у 18:30 паводле беларускага часу. Спачатку выступіць старшыня Нобэлеўскага камітэту Касі Кулман Файв, а потым кароль Швэцыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму ляўрэату адмысловы мэдаль з выявай Альфрэда Нобэля і дыплём.

Ляўрэаты мусяць трымацца строгага дрэс-коду: для мужчын: чорны фрак, белая камізэлька, манішка, белы гальштук-мятлік, запанкі, шаўковыя шкарпэткі. Для жанчын абавязковых умоваў менш — доўгая вечаровая сукенка да падлогі любога колеру. Вядома, што Сьвятлана Алексіевіч будзе ў складаным строі сьветла-бэзавага колеру.

А 21:00 паводле беларускага часу — банкет у Блакітнай залі Стакгольмскай ратушы. У залю па лесьвіцы кароль Швэцыі будзе весьці менавіта Сьвятлану Алексіевіч (калі няма жанчыны-ляўрэаткі, па традыцыі кароль вядзе жонку ляўрэата Нобэлю па фізыцы). На банкет запрошана 88 ганаровых гасьцей — сёлетнія ляўрэаты, ляўрэаты мінулых гадоў, выбітныя навукоўцы, міністры, дыпляматы, каралеўская сям’я — Карл Густаў XVI, каралева Сыльвія, прынцэса Сафія... На афіцыйным сайце Нобэлеўскага камітэту ўжо пазначаны і парадак рассаджваньня ганаровых гасьцей.

Першы тост на банкеце традыцыйна за каралеўскую сям’ю, другі — за Нобэля. Чакаюцца і кароткія банкетныя прамовы кожнага зь сёлетніх ляўрэатаў (па 2 хвіліны). «У банкетнай прамове будзе пра Беларусь», сказала пісьменьніца журналістам напярэдадні, 9 сьнежня, адказваючы на папрокі крытыкаў яе Нобэлеўскай лекцыі.

Усяго на банкеце за сьвяточнымі сталамі будзе прыкладна 1300 запрошаных, бальшыня аплачвае банкет самастойна (кошт каля 270 эўра). Але на банкеце заўсёды прысутнічаюць і студэнты швэдзкіх ВНУ, якія могуць выйграць «шчасьлівы квіток» у адмысловай лятэрэі. Ужо расьпісаныя месцы за сьвяточнымі сталамі — у Сьвятланы нумар 60, яна будзе сядзець паміж цяперашнім рыксмаршалам прафэсарам Свантэ Ліндквістам і колішнім выканаўчым дырэктарам фонду Нобэля Мікаэлем Сульманам, непадалёк ад прынцэсы.

Мэню кожны год мяняецца і да пачатку банкету трымаецца ў строгай таямніцы. Гатуюць лепшыя швэдзкія кухары. Але ў мэню абавязкова павінны быць уключаныя стравы скандынаўскай кухні з ласосем, морапрадуктамі і дзічынай.

Нобэлеўскі банкет — ня проста вячэра, а цэлы рытуал, дзе ўсё разьлічана да хвіліны. Да прыкладу, страву трэба адначасова падаць 1300 гасьцям за 2 хвіліны. Адмысловы посуд, абрусы, кветкі...

На заканчэньне абавязкова падаецца дэсэрт — марозіва, упрыгожанае літарай N, што нагадвае карону. На падачу марозіва даецца больш, чым на прамову — 3 хвіліны.

На сайце Нобэлеўскага камітэту прыведзены ўсе мэню банкетаў, пачынаючы з 1901 году ўключна з 2014-м. А ў швэдаў і турыстаў ёсьць магчымасьць пакаштаваць стравы, што падавалі на Нобэлеўскіх банкетах у розныя гады — у стакгольмскай рэстарацыі Stadshuskällaren, якая знаходзіцца ў самой ратушы.

Пасьля банкету ў Залатой зале адбудзецца баль. Пачатак а 00:15. І на першы танец па традыцыі кароль Швэцыі запрашае жанчыну-ляўрэатку. То бок, Сьвятлана Алексіевіч будзе танцаваць з каралём.

У інтэрвію Радыё Свабода тыдзень таму яна прызналася: «Там ёсьць такі адзін складаны момант, калі кароль бярэ кагосьці і танцуе. Танцы для мяне — самае складанае. Там будзе баль, але ня думаю, што такі, як раней у каралеўскіх палацах. Будзе кароль, забытыя сымбалі — гэта цікава...»

Пасьля афіцыйнай імпрэзы сьвята ў Ратушы працягваецца. Nobel Night Cap — гэта вечарынка, якая арганізоўваецца студэнтамі. Студэнты, афіцыянты, арганізатары банкета гуляюць да раніцы.

Осла, Нарвэгія — узнагароджаньне Нобэлеўскай прэміяй міру

10 сьнежня ў сталіцы Нарвэгіі ў гарадзкой ратушы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру. Сёлета прэміяй уганараваны Квартэт нацыянальнага дыялёгу Тунісу за дэмакратызацыю краіны пасьля рэвалюцыі 2011 году — чатыры ключавыя арганізацыі грамадзянскай супольнасьці — Туніскі ўсеагульны прафэсійны саюз (UGTT), Туніская канфэдэрацыя прамысловасьці, гандлю і рамёстваў (UTICA), Туніская ліга правоў чалавека (LTDH) і Туніская палата адвакатаў.

Уручаць прэмію будзе старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Карын Сісіле Кульман Фівэ ў прысутнасьці караля Нарвэгіі Харальда V. Урачыстасьці ў Осла пачнуцца а 13-й гадзіне.

Увечары ў Гранд-атэлі Осла адбудзецца банкет, на які запрошана каля 250 чалавек, так што ён больш сьціплы, чым у Стакгольме.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG