Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская літаратура Нобэля пакуль не атрымала»


Ці можна крытыкаваць першага ў гісторыі незалежнай Беларусі Нобэлеўскага ляўрэата? Як беларускае грамадзтва і сацыяльныя сеткі адрэагавалі на Нобэлеўскую прамову Сьвятланы Алексіевіч? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць каардынатар «Лятучага ўнівэрсытэту» Тацяна Вадалажская і шэф-рэдактар часопіса «Архэ» Алесь Пашкевіч.

Цыганкоў: Калі Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію 8 кастрычніка, тады рэакцыя большасьці беларусаў была пераважна станоўчай. Людзі, якія нават не падзялялі палітычныя ці творчыя падыходы Алексіевіч, захапляліся тым, што грамадзянін Беларусі ўпершыню атрымаў Нобэля. Цяпер жа водгукі на нобэлеўскую прамову ўжо былі не настолькі адназначнымі. Напрыклад, удзельнік нашай перадачы Алесь Пашкевіч напісаў у Фэйсбуку: «Што ж, лекцыя сама па сабе добрая. Але, вядома, гэта прамова не беларускай пісьменьніцы». Алесь, вы настойваеце на сваіх словах?

«Алексіевіч засьведчыла, што ў беларускую літаратуру сама яна не імкнецца, ёй больш камфортна ў рускай»

Пашкевіч: Сьвятлана Алексіевіч — асоба ў літаратуры не адназначная, адносна яе прыналежнасьці менавіта да беларускай літаратуры вядуцца даўнія спрэчкі цэлымі гадамі. Для таго, каб судзіць, зьяўляецца яна беларускай літаратаркай ці расейскай — для гэтага, на маю думку, патрэбна было цьвёрдае слова самой Алексіевіч. І найлепшым момантам для гэтага была Нобэлеўская лекцыя.

Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

Я чакаў, што нешта такое, магчыма, прагучыць. Але, на жаль, не дачакаўся. І мне здаецца, гэтым Алексіевіч засьведчыла, што менавіта ў беларускую літаратуру сама яна ня так і імкнецца, што ёй больш камфортна ў літаратуры рускай.

Цыганкоў: Аднак, з пункту гледжаньня інтарэсаў Беларусі як дзяржавы больш важна, магчыма, грамадзянства Алексіевіч. Яна грамадзянка Беларусі, называе Беларусь сваёй радзімай. Магчыма, яе літаратурная прыналежнасьць у дадзеным выпадку адступае на другі плян?

Пашкевіч: З гэтым я згодны, гэтыя паняткі трэба адрозьніваць. Алексіевіч — грамадзянка Беларусі, жыла тут амаль усё жыцьцё, знаёмая з нашымі рэаліямі. Нельга адмяняць усяго таго пазытыўнага, што нясе гэтая прэмія для Беларусі. І зусім ня гэта я хацеў сказаць. Але пытаньне ў тым, ці атрымала Нобэлеўскую прэмію беларуская літаратура — зусім не адназначнае. Мне здаецца, беларуская літаратура пакуль гэтую прэмію не атрымала.

«Мне асабіста падалося важным ў лекцыі Сьвятланы тое, што яна была абсалютна шчырая»

Цыганкоў: Тацяна, вы стварылі ў Фэйсбуку групу «Сьвяткуем Нобэля разам», куды ўжо ўваходзіць 2,5 тысячы чалавек. Ці правільна я разумею, што ў большасьці рэакцыя беларусаў у сацыяльных сетках была якраз не крытычнай, а пазытыўнай і захопленай?

Вадалажская: Мне здаецца, так. Увогуле сам факт гэтага ўзнагароджаньня даволі пазытыўна ўспрымаецца. Той нэгатыў, які ёсьць, звычайна зьвязаны з пошукамі адказаў на рыгарыстычныя пытаньні — беларуская літаратура ці не, на якой мове сказала. А не на жаданьні пачуць, што яна казала.

Тацяна Вадалажская
Тацяна Вадалажская

Гэтая лекцыя павінна была быць пачутай і зразуметай. Ня трэба было ў ёй шукаць адказы на тыя пытаньні, на якія Алексіевіч не давала адказы.

Цыганкоў: Нобэлеўская лекцыя — такая рэч, якую трэба асэнсоўваць, аналізаваць, дыскутаваць. Але ў тых самых сацыяльных сетках гучыць такі матыў, што ня трэба нічога камэнтаваць, трэба проста радавацца. Як можна радавацца з нагоды лекцыі?

Вадалажская: Я таксама лічу, што лекцыя — гэта перш за ўсё нагода для роздуму. І для пачуцьцяў, бо гэта яшчэ і рэч высокаэмацыйная. Ня трэба ніякай забароны на крытыку. Але пакуль я ў асноўным чую крытыку наконт таго, што штосьці было не сказана. Тое, што казала Алексіевіч — ня так і шмат разьбіраецца.

Цыганкоў: То бок, людзі хочуць ад публічнага вядомага чалавека чуць тое, што ім бы хацелася? Не зьвяртаючы асаблівай увагі на яе асобу і творчасьць?

Вадалажская: Так. Таксама ў нас ёсьць такая рыса, што вядомаму чалавеку мы пачынаем прыпісваць усе ідэалістычныя рысы, каб ён адпавядаў усім нашым чаканьням. Мне асабіста падалося важным ў лекцыі Сьвятланы тое, што яна была абсалютна шчырая. Яна была такая, як заўсёды, яна не падманула нікога, хто больш-менш сачыў за яе творчасьцю.

Цыганкоў: Калі казаць пра зьмест лекцыі Алексіевіч, ці спадабалася вам тое, што яна складалася на 70-80 працэнтаў з таго, што людзі ўжо маглі прачытаць раней у яе творах?

Пашкевіч: Я не вазьму на сябе сьмеласьць крытыкаваць Нобэлеўскага ляўрэата за тое, як яна пабудавала сваю лекцыю. Яна сапраўды сказала тое, пра што пісала ў сваіх творах. Яна, магчыма, хацела данесьці зьмест сваіх твораў да шырокай сусьветнай аўдыторыі.

Зьмест яе выступу амаль ні ў каго не выклікаў нейкіх пярэчаньняў. Бо гэта супадала з тымі поглядамі, якіх трымаецца большасьць з нас — антыкамуністычныя, крытычна настроеныя да таго, што адбывалася ў СССР.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Алесь, а вы не адчулі сябе нейкім ледзь не ізгоем у нашым асяродзьдзі — у той час, калі ўсе захапляюцца Алексіевіч, знаходзяцца нейкія ненармальныя, якія яе крытыкуюць за нешта?

Пашкевіч: Найбольш каштоўнае дасягненьне таго, што зьнікла эпоха «чырвонага чалавека» якраз у тым, што няма агульнай усталяванай думкі. Я выказваю сваю ўласную думку, і яе абараняю і аргумэнтую. Не магу сказаць, што я знаходжуся ў нейкай адзіноце. Ёсьць шмат людзей, якія трымаюцца нават больш радыкальнай думкі, і кідаюць камяні ў Алексіевіч як у творца і чалавека. Я супраць іх таксама выступаю. Я толькі выказваю шкадаваньне з той нагоды, што Алексіевіч не пазначыла сябе ў якасьці беларускай пісьменьніцы. Усё астатняе я шаную і паважаю ў яе творчасьці.

І гэта тычыцца ня толькі чырвонага чалавека, а ў прынцыпе шляху чалавека да сябе, да свабоды

Цыганкоў: Зараз у сацыяльных сетках зьяўляецца нават прапанова сустрэць час уручэньня Алексіевіч Нобэля фэервэркам. Тацяна, ці падтрымае ваша суполка гэтую прапанову? І як бы вы далі гістарычную ацэнку першай Нобэлеўскай прэміі для грамадзяніна Беларусі?

Вадалажская: Мы прапануем сустракацца ў розных месцах і адзначаць гэта такім чынам, якія самі людзі палічаць неабходным.

Мне таксама, можа, хацелася б, каб Сьвятлана больш увагі надала Беларусі. Але я ня буду гэтага чакаць, бо мне найперш цікава, што яна скажа. Без ідэалізацыі, без абавязковага захапленьня. Бо мне здаецца, што ў лекцыі і шматлікіх інтэрвію Алексіевіч падымае пытаньні, якія мы не заўважаем ці спрабуем апусьціць. Напрыклад, пытаньне ідэнтычнасьці. Тое, як Сьвятлана рознымі словамі абазначала сябе, свае вытокі — гэта вельмі важна.

Наконт самой падзеі — мне падаецца, вельмі важна, што сёньня экзыстэнцыяльныя пытаньні ставіла на ўвесь сьвет наша суайчыньніца. І гэта тычыцца ня толькі чырвонага чалавека, а ў прынцыпе шляху чалавека да сябе, да свабоды. І хаця Алексіевіч не аднесла сябе наўпрост да беларускай літаратуры — але менавіта Алеся Адамовіча яна пазначыла як свайго настаўніка.

Гэта нагода для павагі да саміх сябе, да разуменьня сябе. Я думаю, пэўная хваля эмоцыяў сыйдзе, і мы спакойна і станоўча будзем да гэтага ставіцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG