Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт: 12 загінулі, 204 пацярпелі. Онлайн-рэпартаж

абноўлена

21:48 Падазраваных у справе аб тэракце пакуль няма, працэсуальна затрыманых – таксама. Пра гэта паведаміў у эфіры ОНТ у праграме «Адкрыты фармат» намесьнік генпракурора, кіраўнік апэратыўнай сьледчай групы Андрэй Швед, -- перадае БелаПАН.

Першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Алег Пякарскі заявіў, што органы ўнутраных справаў пакуль ня могуць сказаць, што фотаробат, які зьявіўся ў СМІ «адпавядае асобе, якая ўчыніла злачынства».

21:23 Зь месца трагедыі перадае Іна Студзінская:

Сумны вечар у Менску. Гэта месца, дзе моладзь звычайна тусуецца, і зараз тут вельмі шмат народу, але ўсе з кветкамі, моўчкі, плачуць. Тут сапраўды мора кветак, тысячы зьнічак. Самыя розныя людзі: бабулькі, дарослыя, нефармальная моладзь. На выхадзе з мэтро пры ўнівэрсаме «Цэнтральны» -- стэнды з фатаграфіямі 12-ці загінулых, маладыя прыгожыя твары. Каля ўсіх выхадаў дзяжураць міліцыянты. Ёсьць і машына «хуткай дапамогі». Тут такая атмасфэра, што адчуваецца – гэтае гора згуртавала беларусаў.

Увайсьці і выйсьці з мэтро можна толькі на вуліцу Карла Маркса. Станцыя Купалаўская функцыянуе нармальна. Але, шчыра кажучы, людзі апасаюцца. Многія кажуць, што наўрад ці хутка змогуць спусьціцца ў мэтро.

Тым часам паўсюль у мэтро ўсталёўваюцца мэталашукальнікі і пільна даглядаюць багаж.

20:30 Фоты з акцыі
памяці ахвяраў ля станцыі мэтро "Кастрычніцкая"






20:15 Абноўлены сьпіс загінулых


Сьпіс загінулых у выніку выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году па стане на 12:00 12.04.2011 году, сайт Менгарвыканкаму.

Жанчыны:


1. Салаўёва Вольга Эдуардаўна 1983 г.н., г. Баранавічы

2. Захаркова Тацяна Ігараўна 20.11.1968 г.н. Зарэгістравана: г. Менск, вул. Кульман, 14 (інтэрнат)

3. Шагойка Ганна Віктараўна 9.10.1954 г.н. Зарэгістравана: г. Менск, вул. Бачылы, 21, кв. 219

4. Абражэй Натальля Валянцінаўна 6.11.1966 г.н. Зарэгістравана: г. Менск, вул. Ляўкова, 15, кв. 22

5. Пікулік Галіна Іванаўна, зарэгістравана: г. Менск, вул. Якубава, д. 52, кв. 6

Мужчыны:

1. Наркевіч Анатоль Уладзіміравіч 3.06.1959 г.н. Зарэгістраваны: г. Менск, вул. Сухараўская, 52, кв. 95

2. Парфунцеў Аляксандар Яўгенавіч 21.03.1954 г.н. Зарэгістраваны: г. Менск, пр. Пушкіна, 38, кв. 15

3. Капцюх Раман Васільевіч 16.03.1990 г.н. Зарэгістраваны: г. Менск, вул. Гарадзецкая, 58, кв. 241

4. Сярбаеў Сяргей Уладзіміравіч 4.11.1988 г.н. Зарэгістраваны: Менская вобласьць, Пухавіцкі раён, пгт Праўдзінскі, д. 58

5. Клімец Юрый Аляксандравіч 4.05.1987 г.н. г.Менск, вул. Сурганава, 47, корп. 4 (інтэрнат), зарэгістраваны: г. Старыя Дарогі

6. Бакан Віталь Сяргеевіч 1977 г.н. Менская вобласьць, Любанскі р-н

7. Герасімчык Сяргей Анатольевіч 17.07.1993 г.н. Зарэгістраваны: г.Менск, вул. Ляшчынскага, д. 17, кв. 140 (Навучаўся ў ПТВ г.п. Іўе Гарадзенскай вобласьці)


20:00 Рух цягнікоў на першай лініі менскага мэтро 13 красавіка не адновіцца. Пра гэта паведаміла БЕЛТА са спасылкай на прэсавую службу Менгарыканкаму. Прычына — не ўдалося завяршыць рамонтныя працы пасьля выбуху 11 красавіка.

19:55 Відэа з акцыі памяці ахвяраў ля станцыі мэтро "Кастрычніцкая"

Акцыя памяці ахвяраў трагедыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:41 0:00
Наўпроставы лінк


19:30 Да жыхароў Менску зьвярнуўся начальнік менскай міліцыі генэрал-маёр Леанід Фармагей. Ён папрасіў «не судзіць строга» супрацоўнікаў міліцыі за «магчыма жорсткія» захады бясьпекі, якія цяпер робяцца ў Менску ў сувязі з падзеямі 11 красавіка. Таксама Леанід Фармагей заклікаў паведамляць на тэлефон 102 альбо на сайт гарадзкой міліцыі інфармацыю, якая можа зацікавіць сьледчых у справе тэракту ды іншую інфармацыю ў галіне бясьпекі. Пры гэтым распаўсюджвальнікам наўмыснай дэзынфармацыі начальнік менскай міліцыі пагражае крымінальнай адказнасьцю, якая прадугледжвае 7 гадоў зьняволеньня.

19:15 Кіраўнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі інфармацыю пра закрыцьцё станцыі «Фрунзенская» для наведнікаў і праверку яе сапёрамі не пацьвердзіў, але і не абверг:

«Калі сапраўды правяраюць, значыць, быў сыгнал. Адмысловыя службы абавязаныя ўсё праверыць, нават калі сыгнал ад нядобрасумленнай крыніцы ці ад хворага чалавека. А такія цяпер сапраўды актывізаваліся».

Паводле Аляксандра Ластоўскага, за 12 красавіка ніводная інфармацыя пра выбухі ці мініраваньне не пацьвердзілася.

18:37 На Кастрычніцкую плошчу да ўваходаў у мэтро працягваюць прыходзіць людзі і ўскладаць кветкі і ставіць сьвечкі да сьцяны, на прыступкі і да стэнду з прозьвішчамі загінулых. Сярод кветак вылучаюцца вянок ад Менскага гарвыканкаму, які ўсклаў старшыня гарвыканкаму Мікалай Ладуцька, вянок ад Менскага гарсавету і вянок ад амбасады Казахстана ў Беларусі.

18:27 МУС апублікаваў абноўлены сьпіс пацярпелых, у ім 192 прозвішчы. Сьпіс зьмешаны на афіцыйным сайце МУС.

18:06 Амбасада ЗША выказала спачуваньне ў сувязі з тэрактам у менскім мэтро. «Мы самым рашучым чынам асуджаем гэты подлы і жахлівы акт. Мы жадаем усім параненым поўнага і хуткага выздараўленьня», — заявілі Інтэрфаксу ў дыпляматычным прадстаўніцтве.

18:00 На Кастрычніцкай плошчы праходзіць акцыя памяці ахвяраў выбуху ў мэтро.

Некалькі соцень чалавек сабраліся каля ўваходаў на станцыю мэтро «Кастрычніцкая». Тут стаіць стэнд зь імёнамі загіблых, да якога людзі працягваюць ставіць зьнічы і ўскладаць кветкі. Людзі ля стэнду стаяць моўчкі. Заяўлялася, што будзе праведзеная хвіліна маўчаньня у 17:55, калі 11 красавіка адбыўся выбух, але, паколькі людзі ўсё падыходзяць, то пэўнай хвіліны маўчаньня не праводзіцца.

Людзі кажуць, што прыйшлі выказаць салідарнасьць з тымі, хто пацярпеў. Яны патлумачылі, што зьвязаліся паміж сабой праз тэлефоны, праз інтэрнэт. Такім чынам, атрымалася такая неарганізаваная ўладамі самачынная акцыя салідарнасьці. Тут бачна, што хапае і супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным, і супрацоўнікаў спэцназу міліцыі. Яны сочаць за ўсім, што адбываецца. Людзей усё прыбывае. Людзі падыходзяць, стаяць і не разыходзяцца.

17:45
Генпракуратура вынесла папярэджаньне кіраўніку Руху «За свабоду» Аляксандру Мілінкевічу, журналісту Аляксандру Старыкевічу і былому супрацоўніку КДБ Валеру Костку «за распаўсюд неабгрунтаванай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў Менскім мэтрапалітэне», паведамляе БелаПАН.

«У некаторых сродках масавай інфармацыі, у тым ліку сеткі інтэрнэт, распаўсюджаныя публікацыі, зьвязаныя з трагічнымі падзеямі ў Менскім мэтрапалітэне, якія зьмяшчаюць неабгрунтаваныя зьвесткі і домыслы, якія накіраваны на дыскрэдытацыю беларускага грамадзтва і дзяржавы», — гаворыцца паведамленьні.«У мэтах недапушчэньня такіх дзеяньняў , а таксама забесьпячэньня правоў грамадзянаў на атрыманьне дакладнай інфармацыі, заснаванай на аб’ектыўных дадзеных, Генэральнай пракуратурай былі папярэджаныя шэраг асобаў, якія маюць дачыненьне да згаданых дзеяньняў».

Як адзначаецца ў паведамленьні, з папярэджаньнем названыя Мілінкевіч, Старыкевіч і Костка пагадзіліся і абавязаліся ў далейшым выключыць з сваёй дзейнасьці факты распаўсюджваньня неабгрунтаванай інфармацыі.

Аляксандар Старыкевіч паведаміў, што папярэджаньне яму вынесена за артыкул «Каму гэта выгадна?», разьмешчаны на сайце інтэрнэт-газеты «Салідарносьць»:

«Мне патэлефанавалі з пракуратуры. Гутарка была карэктная з абодвух бакоў. І цяпер для мяне некалькі дзіўная трактоўка, якая зьявілася на сайце, бо я не згаджаўся з папярэджаньнем, а прыняў яго да ведама. Я не лічу, што распаўсюджваў факты, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. У артыкуле я высоўваў толькі вэрсіі».

Зьвязацца зь Мілінкевічам і Косткам БелаПАН не ўдалося.

17:40 Актывіста Ігара Багачыка апыталі ў міліцыі адносна таго, дзе ён знаходзіўся і чым займаўся ўвечары 11 красавіка. Юнака адпусьцілі, не складаючы пратаколу. Міліцыя выклікала Багачыка на размову раніцай 12 красавіка праз тэлефон. Калі Ігар Багачык запатрабаваў даслаць яму позву, міліцыянты зрабілі гэта за пару гадзін.

Нагадаем, у 2010 годзе Ігар Багачык праходзіў па справе анархістаў, але абвінавачаньні зь яго былі зьнятыя.

17:30 Першыя пахаваньні ахвяр тэракту ў менскім мэтро адбудуцца на могілках Калодзішчы пад Менскам 13 красавіка. Гэта БелТА паведаміў дырэктар «Спэцкамбінату КБА» Мікалай Ракевіч. Колькі будзе пахавана ў гэты дзень, не паведамляецца. На гэты момант ад тэракту загінула 12 чалавек.

СЬПІС ПАЦЯРПЕЛЫХ (на сайце Мінабароны)

17:40 Новыя фота з Кастрычніцкай плошчы








16:44 Прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Пэтрас Эфтымію выказаў спачуванні беларускаму народу:

«Я хацеў бы выказаць нашы спачуванні беларускаму народу… Мы разам з народам Беларусі асуджаем гэты акт гвалту. Мы спадзяемся, што ўлады будуць забясьпечваць вяршэнства закону ў часе расьсьледаваньня гэтага інцыдэнту і што забясьпечаць бясьпеку грамадзян Беларусі».

16:20 Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан выказала спачуваньні сем’ям пацярпелых ад выбуху ў менскім мэтро.

«Я даслала свае спачуваньні сем’ям тых, хто страціў любімых або быў паранены ў выніку таго, што адбылося ў Беларусі. І мы працягваем сачыць за гэтай сытуацыяй», — заявіла Эштан.

16:00 Кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў агучыў тры вэрсіі тэракту ў мэтро. Адна зь іх ускосна зьвязаная з прэзыдэнцкімі выбарамі, перадае Інтэрфакс.

Вэрсіі:
Дэстабілізацыя абстаноўкі
Помста экстрэмісцкіх арганізацыяў
Дзеяньні хворага чалавека

«У якасьці падазраванага вызначаны адзін чалавек… Гэта мужчына ўзросту да 27 гадоў, дастаткова моцнага целаскладу, рост 175-178 см, апрануты ў карычневую куртку і карычневую шапку. Ён пакуль не затрыманы», — паведаміў кіраўнік КДБ.

«Мы не выключаем вэрсію саўдзельнікаў», — заявіў Зайцаў.

«Вэрсія найміта таксама ня выключаная», — дадаў старшыня КДБ.

Пра вэрсію «дэстабілізацыя абстаноўкі»: «Не хачу падкрэсьліваць, хто стаіць за спробамі дэстабілізацыі, але тое, што камусьці не падабаецца той лад, якім жыве беларускае грамадзтва, — гэта факт. Гэта спроба пасеяць страх, паніку і незадаволенасьць праваахоўнікамі, а значыць — і ўладай».

Другая вэрсія — гэта датычнасьць да выбуху маладых экстрэмістаў. «Ёсьць прадстаўнікі радыкальных моладзевых экстрэмісцкіх арганізацыяў. Зараз завяршаецца крымінальная справа па анархістах. Мы не выключаем, што ў адплату, у першую чаргу, КДБ маглі быць зьдзейсьненыя падобныя дзеяньні».

Гэтая вэрсія ўскосна зьвязаная зь мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі, паколькі некаторыя прадстаўнікі моладзевых арганізацый зьбіраліся ўдзельнічаць у падзеях сьнежня мінулага году.

Трэцяя вэрсія, кажа Зайцаў, — гэта ўчынак чалавека, нездаровага «ня толькі псыхічна, але і з пункту гледжаньня асабістых амбіцыяў».

«Выбуховае прыстасаваньне было кіраванае праз радыё. Паводле першых ацэнак экспэртаў, выбуховая прылада была складаная ў вырабе, зь вялікім аб’ёмам элемэнтаў, якія могуць нанесьці пашкоджаньні», — заявіў Зайцаў.

15:23 Аднавіла працу станцыя мэтро «Купалаўская» другой лініі менскага мэтро. У 13.50 цягнікі на станцыі пачалі спыняцца для пасадкі і высадкі пасажыраў. Пакуль на станцыі працуе адзін выхад — на вуліцу Карла Маркса. То бок другая лінія — «Аўтазаводзкая» — працуе на поўную сілу.

Спэцназ міліцыі даглядае пасажыраў на ўваходзе на станцыю мэтро «Каменная горка»


15:02 Манаеў: «У тых, хто давяраў уладзе, давер да прэзыдэнта пасьля выбуху толькі павялічыцца»


15:00 Міліцыя даглядае рэчы ў мінакоў на вуліцах Менску



14:44 Латыніна: «Бацьку падпальваць рэйхстаг ня трэба, у яго ўжо ўсё згарэла ў правільным кірунку»


14:25 Гумінскі зьвязвае цукар, валюту і выбух у адзін ланцуг

Віктар Гумінскі
Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі ўпэўнены, што «ўсе падзеі — 3 ліпеня, плошча, заклікі да эканамічнага байкоту, стварэньне ажыятажу вакол цукру, масла, валюты — зьвёны аднаго ланцуга».

«Наша грамадзтва ў стане даць годны адказ тым, хто ўчорашнімі дзеяньнямі хацеў яшчэ больш дэстабілізаваць грамадзтва, справакаваць нейкія дзеяньні супраць улады», — сказаў ён у інтэрвію кампаніі БелаПАН.

13:50 Жалобная служба ў Катэдральным саборы Сьвятога Духа па ахвярах выбуху ў мэтро. Набажэнства вёў мітрапаліт Філарэт.








13:45 Фота з Кастрычніцкай плошчы





13:30 Цярэшчанка: Тэракт — сьведчаньне дэстабілізацыі Беларусі

Былы кандыдат на прэзыдэнта Віктар Цярэшчанка разам з жонкай і паплечнікамі са свайго былога выбарчага штабу ўсклаў кветкі да ўваходу на станцыю мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску.

«Гэта трагедыя, гэта злачынства, арганізаванае супраць беларускага народу. На месцы загінулых і пацярпелых мог быць кожны з нас»,— заявіў спадар Цярэшчанка «Свабодзе».

У чыіх інтарэсах гэта было ўчынена, пакуль можна толькі здагадвацца, кажа ён.

Гэта сьведчаньне пэўнай нестабільнасьці, у пытаньнях ня толькі эканомікі, але і аховы грамадзкага парадку. Гэта дэстабілізацыя
«Канечне, гэта прынізіць аўтарытэт Рэспублікі Беларусь. Гэта сьведчаньне пэўнай нестабільнасьці, у пытаньнях ня толькі эканомікі, але і аховы грамадзкага парадку. Гэта дэстабілізацыя… Вельмі хацелася б, каб на гэты раз былі знойдзеныя тыя нелюдзі, якія гэта ўсё арганізавалі, і былі прыцягнутыя да адказнасьці, а не як было пасьля 3 ліпеня. Мы павінны ведаць, хто гэта зрабіў. Але гэта не нагода, каб браць адбіткі пальцаў і зноў «ператрахваць» апазыцыю».


13:26 Костка: Наступствы пакажуць, хто быў зацікаўлены ў тэракце

Былы супрацоўнік КДБ Валер Костка заклікае не сьпяшацца з высновамі наконт таго, хто стаіць за менскім тэрактам: «Патрэбен час, каб вызначыць, супраць каго быў скіраваны выбух. Цяпер, на эмоцыях, нельга рабіць нейкія высновы. Так, гэты выбух меў пэўныя мэты, але іх мы зразумеем крыху пазьней, калі пабачым, якая будзе рэакцыя, як будуць дзейнічаць улады, будзе хто браць на сябе адказнасьць ці не. Трэба зразумець, якія былі мэты і матывы арганізатараў. А гэта можна будзе зразумець, калі адбудуцца нейкія зьмены, нейкія наступствы. І па гэтых наступствах можна будзе меркаваць, хто ў іх быў зацікаўлены».

У любым выпадку апазыцыя тут блізка не стаяла, замежныя спэцслужбы таксама, перакананы Костка: «Гэта нешта ўнутранае, і што гэта такое, трэба будзе яшчэ зразумець».


13:17 Расейскі рэсурс Life News апублікаваў фатаробат падазраванага ў выбуху ў менскім мэтро.

Па інфармацыі беларускага МУС, выбух у менскім мэтро ўчыніў мужчына сярэдняга росту ў сіняй шапцы. Арыенціроўка на яго, апісаньне і фатаробаты разасланыя ва ўсе аддзяленьні міліцыі.

«Апісаньне даволі сьціслае. Гэта мужчына каўкаскай зьнешнасьці, у сіняй вязанай шапцы з высокім адваротам», — паведаміла Life News са спасылкай на беларускіх міліцыянтаў.

13:16 Лябедзька: Выбух разбурыў імідж Беларусі

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які застаецца ў статусе абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках, заклікаў улады ўключыць у сьледчую групу замежных спэцыялістаў: «Толькі тады будзе давер да гэтых расьсьледаваньняў. Ва ўлады цяпер ёсьць велізарная спакуса, нягледзячы на тое, хто стаіць за гэтым тэрактам. Калі да гэтага прыярытэтам была эканоміка, сацыяльныя праблемы, якія ў людзей былі зьвязаныя зь вялікім недаверам да ўлады, то зараз праз тэлебачаньне, праз прапаганду на першы плян выйдзе стабільнасьць, бясьпека, парадак. Ва ўмовах Беларусі гэта можа азначаць, што мы павінны ахвяраваць сваімі правамі».
У мяне было б стопрацэнтнае алібі, калі б я па-ранейшаму быў у «амэрыканцы»


Спадар Лябедзька не выключае нейкіх дзеяньняў уладаў у дачыненьні да апазыцыі ў сувязі з гэтым тэрактам.

«У мяне было б стопрацэнтнае алібі, калі б я па-ранейшаму быў у „амэрыканцы“… А так можа паўтарыцца сытуацыя 2008 году».

Анатоль Лябедзька кажа, што ў любым выпадку выбух разбурыў імідж Беларусі як спакойнай і памяркоўнай краіны.


13:00 Міліцыянты праводзяць інструктаж кандуктараў грамадзкага транспарту. Кандуктары павінны будуць пільней даглядаць пасажыраў і іх багаж, могуць нават папрасіць пасажыраў паказаць сумкі, а калі ўзьнікнуць сумневы і падазрэньні — выклікаць супрацоўнікаў міліцыі.

12:49 Міліцыя нагадвае журналістам пра адказнасьць за распаўсюджваньне панікі

12:42 У Менску затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА трох распаўсюднікаў чутак, якія сеялі паніку, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на дзяржсакратарыят Савету бясьпекі краіны.
Затрыманыя і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар за тое, што распаўсюджвалі заведама ілжывыя зьвесткі


«Усе трое — жыхары Менску — затрыманыя і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар за тое, што праз інтэрнэт-форумы і сацыяльныя інтэрнэт-сеткі распаўсюджвалі заведама ілжывыя зьвесткі пра быццам бы зьдзейсьненыя ў беларускай сталіцы тэрарыстычныя акты: выбухі ў аўтобусах, на аўта- і чыгуначным вакзалах», — паведаміла крыніца з Савету бясьпекі.

Супрацоўнікамі спэцслужбаў «ужо вызначаныя асобы яшчэ дзесяці распаўсюднікаў ілжывай інфармацыі, у самы бліжэйшы час у дачыненьні да іх будуць ужытыя адпаведныя захады».


Выбух — барбарскі акт
12:39
Ранішняе паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы пачалося з хвіліны маўчаньня ў памяць ахвяраў тэракту ў менскім мэтро. «Ад імя Асамблеі я рашуча асуджаю тэрарыстычны акт, які здарыўся ў менскім мэтро, — заявіў старшыня ПАРЭ Мэўлют Чавушаглу. — Выбух, які забраў жыцьці як мінімум 11 чалавек і траўмаваў многіх іншых, — барбарскі акт, цалкам несумяшчальны з каштоўнасьцямі, дзеля якіх працуе ПАРЭ. Я хачу выказаць нашы глыбокія спачуваньні сем’ям загінулых, а таксама салідарнасьць з усімі пацярпелымі і іх сем’ямі».

12:32 Сем’і загінулых пры выбуху ў менскім мэтро атрымаюць па 10 тысяч даляраў у эквіваленце, паведаміў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька: «Рашэньне аб аказаньні матэрыяльнай дапамогі прынята: сем’ям загінулых будзе выдзелена $10 тысяч».


12:31 Грыб: Магчымае паўтарэньне паляваньня на іншадумцаў на ўзор 2008 году

Генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб кажа, што ён згодны з тэзісам Аляксандра Лукашэнкі, што трэба шукаць тых, каму выгадны менскі тэракт. Але сьпяшацца з такімі высновамі ён не рэкамэндуе.

Мечыслаў Грыб не выключае, што ўлады, як і ў 2008 годзе, могуць выкарыстаць гэты тэракт для паляваньня на апанэнтаў улады:

«Пры нашай уладзе ўсё гэта магчыма, але гэтых апанэнтаў ужо можна па пальцах пералічыць. Усе ў турмах сядзяць ці пад хатнім арыштам. Але магчыма, што будуць зьверху ціснуць на нізы, а тыя будуць старацца нешта рабіць, нешта паказваць, дакладваць кожны дзень, што зроблена. І пры такой сьпешцы я не выключаю памылак. Сьледчая праца патрабуе дакладнасьці і разважлівасьці».

Спадар Грыб перакананы, што тэзіс пра спакой і стабільнасьць у Беларусі быў разбураны ўчарашнім тэрактам.


У школе скончыліся ўрокі, аднак дырэктар школы прыняў рашэньне не адпускаць вучняў дадому, паколькі баіцца за іхную бясьпеку
12:22
Дырэктары некаторых менскіх школаў вырашылі часова не адпускаць вучняў дадому пасьля ўрокаў. «У школе скончыліся ўрокі, аднак дырэктар школы прыняў рашэньне не адпускаць вучняў дадому, паколькі баіцца за іхную бясьпеку», — паведамілі бацькі Інтэрфаксу. Па словах навучэнцаў, адміністрацыя школы патлумачыла сваё рашэньне чуткамі пра новыя выбухі ў Менску.


12:20
Станцыю мэтро «Купалаўская» адчыняць 12 красавіка а 14 гадзіне. Першая лінія мэтро пачне працаваць 13 красавіка. Пра гэта паведаміў старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.


12:09 Спэцслужбы затрымалі некалькі чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да выбуху. Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед, кіраўнік апэратыўнай групы, якая займаецца расьсьледаваньнем выбуху.

12:00 «Наша ніва» перадала супрацоўнікам КДБ копіі фота- і відэаматэрыялаў зь месца выбуху ў менскім мэтро, паведаміў супрацоўнік «НН» Алег Гардзіенка. «Ператрусу ў нас не было. Яны папрасілі падзяліцца фота- і відэаматэрыяламі падзеяў 11 красавіка. Мы зрабілі копіі і прадставілі прадстаўнікам спэцслужбы. Супрацоўнікі КДБ пагутарылі з галоўным рэдактарам выданьня Андрэем Скурко», — распавёў спадар Гардзіенка.

11:55 Некалькі гадзін таму Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ абнародаваў дзевяць прозьвішчаў апазнаных ахвяраў тэракту ў менскім мэтро.

Аднак, як паведаміў кіраўнік прэс-службы КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч, на дадзены момант ва ўдакладненым сьпісе сем прозьвішчаў:

Абражэй Натальля Валянцінаўна, 06.11.1966 г.н.

Шагойка Ганна Віктараўна, 09.10.1954 г.н.

Капцюх Раман Васільевіч, 16.03.1990 г.н.

Сярбаеў Сяргей Уладзімеравіч, 04.11.1988 г.н.

Наркевіч Анатоль Уладзімеравіч, 03.06.1959 г.н.

Парфунцаў Аляксандар Яўгенавіч, 21.03.1954 г.н.

Захаркова Тацяна Ігараўна, 20.11.1968 г.н.


11:30 Колькасьць пацярпелых пасьля выбуху ў сталічным мэтро павялічылася да 204 чалавек. У 26 пацыентаў стан ацэньваецца як цяжкі, у 58 — сярэдняй цяжкасьці, у 67 — здавальняючы. Усяго зь месца здарэньня брыгады хуткай дапамогі даставілі 11 чалавек, астатнія зьвярталіся самастойна.

Мэдык паказвае іншародныя целы, выдаленыя ў аднаго з пацярпелых

У адным са шпіталёў Менску

11:20 Беларуская міліцыя склала фатаробаты двух меркаваных выканаўцаў выбуху ў сталічным мэтро. Фатаробаты зробленыя са слоў відавочцаў, якія зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. У падрыве менскай падземкі падазраюцца двое мужчын. Пра гэта паведаміў міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў.


11:10 Афіцыйныя структуры абвяргаюць інфармацыю пра тое, што быццам бы ў сталічным аўтобусе № 100 здарыўся выбух, паведамляе БелаПАН.

Інфармацыю пра выбух абверглі і ў дыспэтчарскай «Менсктрансу». У МНС таксама абвяргаюць інфармацыю пра выбух.

10:35
Журналіст «Нашай Нівы» Алег Гардзіенка паведаміў, што разам з супрацоўнікамі КДБ прыйшло і двое панятых. Калектыў рэдакцыі не выключае, што можа адбыцца ператрус.

10:23 Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што ў шпіталях Менску знаходзіцца 151 пацярпелы ад выбуху. 40 зь іх у цяжкім стане.
Выбуховая прылада была «відавочна самапальная, вырабленая, хутчэй за ўсё, неспрактыкаванымі ў падобных справах «майстрамі»


10:14 У офіс «Нашай Нівы» прыйшлі пяць супрацоўнікаў КДБ. «Да вас ёсьць пытаньні», — заявілі яны.

10:00 Выбухоўка выраблялася зь нетрадыцыйнага для сучасных тэрарыстаў матэрыялу — пораху.

Выбуховая прылада была «відавочна самапальная, вырабленая, хутчэй за ўсё, неспрактыкаванымі ў падобных справах «майстрамі», — лічыць экспэрт у галіне антытэрору.

Выкарыстаньне пораху «пацьвярджаецца характарам зьнешніх пашкоджаньняў на целах грамадзян. Менавіта порах дае характэрныя апёкі скуры», — адзначыў экспэрт у інтэрвію Інтэрфаксу.

9:59 Сярод загінулых ад выбуху ў мэтро — 21-гадовы Раман Капцюх, сын заслужанага майстра спорту, бронзавага прызэра Алімпійскіх гульняў і чэмпіянату сьвету ў кіданьні дыска Васіля Капцюха. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

9:46 Выбухам у менскім мэтро, магчыма, кіравалі праз радыё. Пра гэта Інтэрфаксу заявіў прадстаўнік сілавых структураў, які пажадаў застацца неназваным.

Ён кажа, што прылада была схаваная ў вялікай спартовай торбе, якую пакінулі на пэроне.

«Цяпер мы зьбіраем па кавалачках рэшткі гэтай прылады, будзем высьвятляць, які тып выбухоўкі выкарыстоўваўся», — заявіў экспэрт.

9:43 Міністар унутраных справаў Анатоль Куляшоў паведаміў, што міліцыя правярае ўвесь транспарт.

Куляшоў заявіў, што асаблівы кантроль усталяваны на мяжы Беларусі ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях.

Куляшоў кажа, што выбухоўка знаходзілася пад лавай на плятформе насупраць другога вагона, паведамляе БелТА.

Выбухоўка была начыненая мэталічнымі шарыкамі дыяметрам каля 1 см.

Магутнасць выбуху склала да 7 кг у тратылавым эквіваленце.

Пасьля выбуху ўтварылася варонка ў 80 см.

На момант выбуху на станцы знаходзілася каля 300 чалавек.

8:54 Паводле прэсавай службы Міністэрства абароны, 157 чалавек шпіталізаваныя.

8:06 Апазнаныя 8 з 12 загінулых. Першая лінія мэтро, на якой здарыўся выбух, не працуе.

Ахвяры:

Карына Андруковіч, 1971 г.н.
Ганна Шагойка, 1954 г.н.
Раман Капцюх, 1990 г.н.
Сяргей Сярбаеў,1988 г.н.
Анатоль Наркевіч, 1959 г.н.
Аляксандар Парфунцаў, 1954 г.н.
Вольга Салаўёва, 1983 г.н.
Тацяна Захаркова, 1968 г.н.

149 чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу, зь іх 22 ў цяжкім стане, паведамілі Інтэрфаксу ў Цэнтры інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі.


7:00 Карэспандэнт «Свабоды» наведаў станцыю мэтро «Кастрычніцкая».



Людзі ўшаноўваюць памяць ахвяраў выбуху кветкамі і зьнічамі


Станцыя мэтро «Кастрычніцкая» перакрытая. Уваход ахоўвае спэцназ міліцыі


У Менску працуе толькі другая лінія мэтро. Першая, на якой здарыўся выбух, закрытая «з тэхнічных прычынаў»


ТЭРАКТ У МЕНСКУ. ОНЛАЙН-РЭПАРТАЖ. ДЗЕНЬ 1

Жыхары Менску ўшанавалі ахвяраў выбуху ў мэтро

З вопраткі тых, хто загінуў, зьвінелі мабілкі

Сьведка выбуху: Выбуховая хваля прайшла і абрынулася столь менавіта там, дзе эскалятар

Колькасьць ахвяраў выбуху ў мэтро дасягнула 12 чалавек

КДБ заяўляе, што мае інфармацыю пра выканаўцу выбуху

11 красавіка на станцы мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску адбыўся выбух. Загінула 12 чалавек, 149 паранена.

Выступаючы на экстранай нарадзе, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Я хачу сказаць, мужыкі, што нам кінуты сур’ёзны выклік. І патрэбны адэкватны адказ. І гэты адказ павінен быць знойдзены. Спакойнага жыцьця нам не дадуць. Я вас пра гэта папярэджваў. Не хачу нагадваць сёньня, хто яны, і з адказам на гэтае пытаньне прашу пасьпяшацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG