Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведка выбуху: Выбуховая хваля прайшла і абрынулася столь менавіта там, дзе эскалятар


У выніку выбуху на станцыі "Кастрычніцкая" менскага мэтрапалітэна, паводле папярэдняй інфармацыі, сямёра чалавек загінула, каля 90 пацярпелых, зь іх 50 чалавек з раненьнямі рознай цяжкасьці дастаўленыя ў лякарні. Выбух адбыўся ў 17.55.

Пасьля выбуху рух быў перакрыты, у мэтро нікога не пускалі. Каля станцыі мэтро былі бачныя плямы крыві, вельмі моцны пах гару. Каля месца здарэньня дзесяткі карэт хуткай дапамогі і пажарныя машыны. Амапаўцы выціснулі натоўп мінакоў з Кастрычніцкай плошчы.

Сьведкі выбуху, якія выйшлі са станцыі мэтро, такое адчуваньне, перажылі шок. У маладога чалавека Аляксандра адзеньне было запэцканае цёмным пылам. Ён распавёў, што выбух адбыўся бліжэй да вагонаў, недзе каля першага-другога вагонаў. Цягнік ехаў з боку плошчы Перамогі.
Адчыніліся дзьверы і людзі пачалі выходзіць. І ў гэты момант каля першага ці другога вагона быў вялікі выбух ...

"Я спускаўся ўніз на эскалятары. Два эскалятары працавалі ўніз. Я недзе пасярэдзіне быў. Я спускаўся ўніз і ў гэты момант прыехаў цягнік з боку плошчы Перамогі. Адчыніліся дзьверы і людзі пачалі выходзіць. І ў гэты момант каля першага ці другога вагона быў вялікі выбух. Адразу полымя вялізнае. І потым паваліў дым шэрага колеру, як у мяне на пінжаку. Выбуховая хваля прайшла і абрынулася столь менавіта там, дзе эскалятар. Незразумела куды было ісьці. Сьвятла не было. Было вельмі многа дыму. Абрынулася менавіта навясная столь. Там было многа людзей на пэроне, якраз калі выходзілі людзі. Увесь пэрон быў заняты людзьмі. Чалавек дзьвесьце-трыста было. І мне сказаў чалавек, што там варонка была памерам каля мэтра".

Аляксандар кажа, што вельмі сьпяшаўся і калі б пабег да цягніка па эскалятары, то застаўся б там. Але ішоў спакойна і яму павезла.
Часткі цела адтуль выносілі. Ой,блін ...

"Было незразумела, што адбылося. Нейкая адразу паніка, усе пачалі адразу бегчы наверх, па столі, якая абвалілася. У мяне шок, я пакуль не магу. Там не прадыхнуць было. Людзей адтуль выносілі, там разарванае адзеньне, усё. Часткі цела адтуль выносілі. Ой,блін".

Спадарыня Вольга кажа, што калі прыехала электрычка з Уручча, яна знаходзілася на пэроне, чула звон разьбітага шкла.

"Я знаходзілася прама на пэроне, калі прагрымеў выбух. І ўсе рынуліся на выхад".

Вольга сама моцна не пацярпела.

"Крыху вуха заклала, можна сказаць, што параўнальна зь іншымі не. Але, я думаю, ахвяраў многа".

Бледны твар Вольгі запэцканы цёмным пылам. Як рэагавалі людзі?

"Крычалі людзі, выбух, полымя, гар, пыл вось гэты. Мне здаецца, што і эскалятар таксама пашкодзіла. Бо абломкі ляцелі цэмэнту, тынк. І дзікі смурод і нічога не відаць. У самы час пік".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG