Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам


Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

31 студзеня, панядзелак

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Апошні дзень студзеня. Тут, у казэматах «амэрыканкі», слова «апошні» афарбавана прыемнымі тонамі і нясе пазытыўную сэнсавую нагрузку. Хочацца, каб усё, што адбываецца вакол цябе, было апошнім. Апошнія месяц, тыдзень, дзень знаходжаньня ў СІЗА, апошняя вячэра, апошні шпацыр. Лаўлю сябе на думцы, што жыву чаканьнем імгненьня, калі пайду адсюль. Зрэшты, зразумець няцяжка, бо думаю пра гэта ўвесь час. І думаю ня я адзін.

Я хачу сысьці. Сысьці і не вяртацца сюды ніколі. Ніколі! Ніколі не адчуваць гэтага спэцыфічнага паху «амэрыканкі», ня чуць гэтых крыкаў ашалелых ахоўнікаў. Ніколі ня бачыць гэтых чорна-зялёных масак, гэтай сеткі над галавой у дворыку для шпацыраў.

Максім ужо каторы дзень дастае з баулаў акуратна складзеныя рэчы і перакладае іх зноўку. У яго ўсё выверана і рассартавана паводле доўгага сьпісу. У кіляграмах, у штуках. З дня на дзень у яго этап. Наперадзе чатыры гады калёніі. А пакуль ён чытае нам курс зэка, які ўпершыню адпраўляецца ў зону. Матаю інфармацыю на вус. Хто ведае, што чакае мяне празь месяц-другі. СІЗА, калёнія, турма — усё гэта клясы адной школы. Школы выжываньня.

Нас пакінуў Андрэй-Пракурор. Дакладней, адбылася ратацыя. Пракурор пайшоў дадому!
А тым часам нас пакінуў Андрэй-Пракурор. Дакладней, адбылася ратацыя. Пракурор пайшоў дадому! А замест яго ў той жа дзень у камэры зьявіўся Раманоўскі Аляксандар Аляксандравіч. Чалавек з акадэмічнай бародкай.

Андрэя ў той дзень выклікалі на допыт. Але ўсё зьвялося да кароткага інфармаваньня пра новы паварот у расьсьледаваньні. Справу панізілі ў статусе. З рэспубліканскага спусьцілі на абласны ўзровень, і цяпер яе будзе весьці сьледчы Камітэту дзяржкантролю па Менскай вобласьці. Гэта можа азначаць толькі адно: справа развальваецца. Адпаведна, утрыманьне пад вартай замянілі падпіскай аб нявыезьдзе. Андрэй быў шчасьлівы! І мы адкусілі па кавалачку ягонага шчасьця.

Скарыстаў сытуацыю і напісаў у сшытку Пракурора хатні тэлефон. Я папрасіў. Ён паабяцаў. Застаецца спадзявацца, што Андрэй патэлефануе, і гэта будзе падарункам ад мяне маім любым.

Андрэй прабыў у «амэрыканцы» больш за чатыры месяцы. Яму прад’явілі сур’ёзныя абвінавачаньні ва ўкрываньні даходаў. Нібыта ён сапраўдны ўладальнiк чатырох камэрцыйных структур. Па мерках невялікага Дзяржынску зусім нішто сабе. Дакумэнтальна ж ён усяго толькі кансультант па юрыдычных пытаньнях адной структуры. Адпаведна, ніякіх фінансавых дакумэнтаў зь ягоным подпісам не існуе. Уся доказная база — на ўзроўні слоў «ну мы ж ведаем». Андрэю па-сяброўску прапанавалі выплаціць больш за 20 мільярдаў рублёў, потым зьнізілі гэтую суму да сямі. Ён упёрся і запатрабаваў прад’явіць доказы ягонай віны. Час ішоў. Тыя чакалі — гэты сядзеў. Так што, падобна, бралі на змор.

Але, відаць, цярпеньне экс-пракурора выявілася мацнейшым за чаканьні сьледчых. Да таго ж пачалося актыўнае абмеркаваньне зьмякчэньня крымінальнага перасьледу за эканамічныя злачынствы. У прэсе нават былі апублікаваныя тэзы будучай лібэралізацыі. Андрэева адвакатка перадала гэты дакумэнт, і вечарамі народ вывучаў яго з алоўкам у руках. Хутчэй за ўсё, гэта і стала галоўным аргумэнтам на карысьць разгрузкі сьледчых ізалятараў ад Андрэя і яму падобных.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




1 лютага, аўторак

Мы з Раманоўскім селі кідаць косьці. Апошнім часам гэта стала абавязковым пунктам майго распарадку дня па абедзе. Справа гэтая, трэба прызнаць, азартная і апэтытна пажырае час. Пяць белых касьцей у чорную крапінку, аркуш паперы з раскрэсьленай табліцай — і наперад! Трасеш косьці ў стуленых далонях і потым выкідаеш на вышчарбленую паверхню крэсла ці тумбачкі. А паралельна гутарым. Збольшага ні пра што звышнатуральнае, але часам трапляем на жылу цікавай тэмы. Як, напрыклад, сёньня. Слова за слова, і на язык трапіўся даволі вядомы, а дакладней — скандальна вядомы генэрал-пісьменьнік Чаргінец. Пачуўшы гэтае прозьвішча, Сан Саныч скрывіўся так, быццам яго прымусілі жаваць гнілую дзічку. Убачыўшы такую рэакцыю суразмоўцы, я мазнуў штрых да партрэта «вэтэрана аўганскай вайны»:

— Вельмі адыёзная фігура...

— Анатоль Уладзімеравіч, я з гэтым чалавекам не адну бочку алькаголю выпіў. У маёй асабістай бібліятэцы ўсе яго тварэньні з асабістымі аўтографамі пыляцца, — пры слове «тварэньні» Сан Санычаў твар прадэманстраваў рэакцыю на яшчэ адну надкушаную дзічку.

Так, здаецца, канкураваць у напісаньні партрэта Чаргінца я наўрад ці змагу: выпіваць зь ім не выпіваў, кніг ягоных ня маю.

Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец


— Надзвычай непрыемны тып, павінен вам сказаць, — працягваў разгортваць тэму Сан Саныч. — Вы ведаеце, чым ён займаўся ў Аўганістане?

— Магу толькі здагадвацца. Але пэўна ж не сядзеў у засадзе з кулямётам.

— А я не здагадваюся, я ведаю! Пастаўкамі алькаголю. У бляшанкі з-пад глыбоцкай згушчонкі закочвалі гарэлку і пастаўлялі ў Аўган. Нядрэнны, я вам скажу, бізнэс. І гэта толькі невялікая частка таго, што я ведаю.

— Алькаголь у бляшанкі з-пад згушчонкі? Ня можа быць!

— Можа, — катэгарычна адрэзаў мой суразмоўца.

Адчувалася, што некалі іх сапраўды зьвязвалі адносіны як мінімум прыяцельскія. Я глядзеў у немігучыя вочы суразмоўцы і спрабаваў зразумець: гэта сапраўды праўда ці крыўда трэснутай дружбы?

— Ды вы проста скарбонка эксклюзіўнай інфармацыі!

Дайце мне магчымасьць пабыць начальнікам карнага атрада новай улады, і вы даведаецеся столькі цікавага, што галава пойдзе кругам
Гэты камплімэнт відавочна спадабаўся Раманоўскаму, і ён агаліў кранутыя жаўцізной зубы.

— Дайце мне магчымасьць пабыць начальнікам карнага атрада новай улады, і вы даведаецеся столькі цікавага, што галава пойдзе кругам. Я гэтулькі сволачаў ведаю. Усю іх паднаготную. Працы хопіць надоўга.

— На жаль, расчарую, ня будзе ў нас такой пасады.

— Тады пракурорам ці хаця б начальнікам «амэрыканкі». Усё прыпомню, нічога не прапушчу. Памяць на дрэннае ў мяне выдатная.

— Злы вы, Аляксандар.

— А вось вы добры, але сядзім мы з вамі ў адной камэры і на адну парашу ходзім. Сьвет вакол нас такі: чалавек чалавеку — воўк. І вы альбо прыкідваецеся, што гэтага ня ведаеце, альбо жывяце ў сваім, але прыдуманым вамі ж сьвеце.

Цікавая штучка, гэты Аляксандар Раманоўскі. У меркаваньнях рэзкі, а часам настолькі катэгарычны, што размова адразу заходзіць у тупік. Думаю, раней ён дзесьці ў сілавых структурах працаваў, а потым ужо выйшаў на бізнэс-арбіту. Але, напэўна, запуск выйшаў не зусім пасьпяховы.

На ягоным твары — суровасьць, катэгарычнасьць, жорсткасьць. Праўда, акуратная сівая прафэсарская бародка крыху зьмякчае ўспрыманьне. Дый інакшы выраз часам відаць. Ня часта, але здараецца. У прыватнасьці, калі Раманоўскі чытае лісты ад дачкі, твар зьмяняецца да непазнавальнасьці. Відаць, што гэтых людзей зьвязваюць пяшчотныя пачуцьці, ня толькі роднасныя, але і сяброўскія. Дачка яшчэ школьніца. Дзіця позьняга каханьня.

Сан Саныч мае вялікую цікавасьць да Арастовіча. Недзе на беразе Менскага мора нядаўні бізнэсмэн набыў апэтытны кавалачак зямлі. Былі і, здаецца, яшчэ застаюцца пляны, каб яго ўпарадкаваць. У камэру Раманоўскі прыйшоў з інфармацыяй, што сярод палітычных ёсьць нехта Арастовіч, бясплатны кансультант па будаўніцтве. Калі Сан Саныч пазнаў у Сашу таго самага экспэрта, тут жа ўзяў яго ў абарот. Схапіў паперу і пачаў крэсьліць схемы, пляны будоўлі. Арастовіч у нас папулярны, што тут скажаш. Яго цяпер так і клічуць — Архітэктар, і інфармацыя пра яго і ягоныя бясплатныя кансультацыі ўжо вандруе па сарафанным радыё «амэрыканкі».

Вось і цяпер яны схіліліся над табурэткай з аркушыкамі, нібы над плянам найважнейшай апэрацыі. Яны ў іншым сьвеце — там, дзе будуюць, там, дзе ствараюць.

Але рэзкі крык і прыглушаны тупат за дзьвярыма вяртае ўсіх у рэальнасьць. Пачынаецца чарговая дрэсіроўка кантынгенту «Амэрыканкі». Так што будоўля пакуль адкладаецца!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





2 лютага, серада

Уцягваем Арастовіча ў сьвет азартных гульняў. І ў кіданьні касьцей яму сёньня няма роўных. Флэш, пара, дзьве пары, біг — што ні кідок, то фігура. Пачаткоўцам шанцуе! На шырокім Аляксандравым твары ёсьць дзе разьмясьціцца эмоцыям, і яны ўсе там.

У самы разгар косьцекіданьня ўварваліся «чорна-зялёныя». А перад гэтым за тым, што адбываецца ў камэры, назірала нечае вока ў жалезнай акантоўцы дзьвярэй. Сапраўды, не выпадае пазытыўным пачуцьцям разгульваць па камэрах СІЗА. Усіх пагналі ўніз. Мы дамовіліся, што з гэтага часу на чале калёны ідзе толькі Раманоўскі. Яго цяжка асядлаць і прымусіць рухацца рысьсю або галёпам. Дый сівая расьліннасьць у спалучэньні з глыбокімі зморшчынамі можа стаць падставай для паблажкі, некаторай зьніжкі на ўзрост. Вярнуўшыся з спартзалі, давялося поўзаць на карачках і зьбіраць раскіданыя па падлозе косьці. Праўда што, паскудзіць можна па-рознаму, у тым ліку і па-дробнаму.

— Трэба ж, колькі разоў ужо разьдзяюць і прыстаўляюць да сьценкі, а не магу да гэтага прывыкнуць. Калоціць усярэдзіне, і, здаецца, нават рукі дрыжаць. Як у алкаша апошняга, — Раманоўскі пільна разглядае свае далоні.

— Ну хочацца ім на нашы дупы ўзірацца, хай узіраюцца. Хоць, вядома, непрыемна, нэрвы могуць здаць у кожную хвіліну, — гэта ўжо Арастовіч выказвае свой погляд на сытуацыю.

Ну хочацца ім на нашы дупы ўзірацца, хай узіраюцца. Хоць, вядома, непрыемна, нэрвы могуць здаць у кожную хвіліну
А я падзяліўся сваім досьведам. Бо для мяне гэта не ўпершыню. З чымсьці падобным я ўжо сутыкаўся. Такія ж працэдуры робяць і на Акрэсьціна. Толькі адсюль усё, што адбывалася там, выглядае цалкам бяскрыўдным, можна сказаць, ніштаватым.

Успомнілася, як пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году нас даставілі на Акрэсьціна. Перш чым адправіць у камэру, правялі агляд. Сярод тых, хто праходзіў працэдуру абмацваньня, быў і Валеры Мазынскі. Масьціты рэжысэр бліскуча разыграў сцэнку. Як толькі ахоўнік дакранаўся да яго, ён удаваў, быццам шалёна баіцца козыту. І тады ўсьлед за Мазынскім рагаталі ўсе затрыманыя, якія стаялі ў вольных позах уздоўж сьцяны ў калідоры. Сьмяяліся і ахоўнікі.

А вось тут не да сьмеху. Нават усьміхацца ня хочацца.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





3 лютага, чацьвер

Сёньня дзень цырульніка. Сан Саныч дэманструе ўпэўненае валоданьне машынкай для стрыжкі, прынамсі на словах. У доказ прыводзіць прыклады з досьведу мінулых гадоў. Арастовіч таксама выказвае гатоўнасьць стаць удзельнікам конкурсу на званьне лепшага цырульніка камэры. Беручы пад увагу абмежаваную колькасьць кліентаў, яны згаджаюцца пабыць ня толькі экспэрымэнтатарам, але і навучальным дапаможнікам. Гэта значыць, пакажуць сябе адначасова ў дзьвюх іпастасях. Мне таксама дастаецца роля ў дзьвюх асобах — судзьдзі і гледача. Машчуся зручней на другім паверсе нараў і патрабую відовішчаў!

Аляксандры нетаропка абсталёўваюць працоўнае месца. На бэтон кладуцца дзьве глянцавыя «Саўбеліі» (трэба прызнаць, газэта шырокага ўжытку), на газэтную падложку ставіцца крэсла. Першым сядае Раманоўскі. На ягоныя худыя плечы накідаюць прасьціну. Сан Саныч настройвае машынку і паралельна інструктуе Архітэктара. Шчыра кажучы, на караткашэрстнай галаве Сан Саныча машынцы няма дзе асабліва разагнацца. Але сам працэс!

Машынка натужна паўзе па Сашавай макаўцы, за ёй застаецца глыбокая разора. Я заліваюся сьмехам. Галава, расьпілаваная напалам! Правадыр індзейцаў Архітэктар! Прапаную на гэтым стрыжку скончыць
Ну што ж, Арастовіч нядрэнна ўправіўся. Можна сказаць, асвоіў сумежную прафэсію. Пасьля выхаду зь СІЗА можа адкрываць салён-цырульню «Архітэктар».

Цяпер надыходзіць Арастовічава чарга сядаць у крэсла кліента. Ягоная хвалістая шавялюра — гэта ўжо нешта! На гэтай пляцоўцы ёсьць дзе разгарнуцца. Машынка натужна паўзе па Сашавай макаўцы, за ёй застаецца глыбокая разора.

Я заліваюся сьмехам. Галава, расьпілаваная напалам! Правадыр індзейцаў Архітэктар! Прапаную на гэтым стрыжку скончыць.

Але тут з боку калідора нэрвова забарабанілі: «Што, надта весела?»

Што хаваць, вядома, весела. Але гукі эмоцыяў давялося прыглушыць: чаго добрага, забяруць машынку, і тады ў Арастовіча на галаве так і застанецца пракос на ячменным полі.

* * *

Сёньня зрабіў генэральную прыборку ў сваёй гаспадарцы, перабраў зьмесьціва ўсіх пакетаў. Зрэшты, гэта толькі да наступнага агляду, то бок да заўтрашняга дня. Запасаў туалетнай паперы хопіць на паўгода, калі ня больш. Гэта, вядома, стратэгічны тавар, але яго колькасьць мяне палохае.

Перад абедам прынесьлі замоўленае ў спэцкрамах. У поўным аб’ёме. Выкананьне заказаў цалкам залежыць ад капрызу і настрою начальніка: ён вырашае, што пакінуць у сьпісе, а што выкрасьліць. Такая ж сытуацыя і зь перадачамі зь «Вялікай зямлі». Тут нехта з тых, хто сядзеў у адной камэры зь Дзімам Бандарэнкам, распавёў, што ў першай перадачы, якую перадалі палітвязьню, былі два агуркі і ёршык мыць посуд. Усё астатняе выкрасьлена.

Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка


Гэтым разам усё паводле сьпісу, нічога не забралі, нічога ня выключылі. Сала — нават зь мяснымі прожылкамі, смачнае да багатага сьлінааддзяленьня. А можа, гэта рэакцыя на беднасьць нашага рацыёну. Як бы там ні было, але ўжо па вячэры белы кіляграм паменшаў на траціну. Хвалебныя прамовы на адрас беларускага сала не змаўкалі да самага адбою.

* * *

Дачытаў «Белую гвардыю» Булгакава. Раман абрываецца літаральна на паўслове, далей толькі твае ўласныя здагадкі наконт таго, што сталася з галоўнымі героямі.

Уласна, гэта вельмі сугучна з маім цяперашнім становішчам. Магу толькі меркаваць і здагадвацца, што здарыцца ў недалёкай будучыні.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





4 лютага, пятніца

На ранішнім разводзе Раманоўскі замовіў сустрэчу зь лекарам. Час ішоў, а спатканьня з доктарам усё не давалі. У Сан Саныча нездаровая чырвань на твары. А калі яму дрэнна, ён ня ўмее чакаць. Спачатку ён пастукаў у дзьверы і нагадаў пра сваю просьбу, дадаўшы «калі ласка». Але калі і праз паўгадзіны не было ніякай рэакцыі, Сан Саныч забарабаніў па дзьвярах так, што рэха адгукнулася на ніжніх паверхах сьледчага ізалятара. Кантралёр Васіль паспрабаваў утаймаваць Раманоўскага, але дзе там. Слова за слова, і яны ўжо нагадвалі двух разьюшаных сабак па розныя бакі плота з калючага дроту.

— Ты ўлічы, Васіль, што ў адрозьненьне ад іх (меліся на ўвазе таварышы ў масках) я ведаю, дзе ты жывеш. Глядзі, як бы чаго ня здарылася.

Гэта была адкрытая пагроза. Як ні дзіўна, яна спрацавала. Кантралёр гучна зачыніў вечка, і хвілін празь пяць Раманоўскага запрасілі да лекара. Але Сан Саныч дэманстратыўна, не здымаючы ботаў, выцягнуўся на нарах і заявіў, што адмаўляецца ад наведваньня лекара і будзе паміраць у сваёй пасьцелі.

У гэтай сытуацыі мне падаліся цікавымі паводзіны кантралёраў. Сутыкнуўшыся з жорсткім, на мяжы адчаю, супрацівам пэнсіянэра, яны калі не спужаліся, то вырашылі лепш ня зьвязвацца. Да таго ж, па ўсім відаць, яны ведаюць, хто такі Раманоўскі ці кім ён быў насамрэч і што стаіць за ягонай пагрозай наведаць Васіля ўдома.

Сан Саныч «паміраў» вяла. Пры гэтым не забываў кожныя паўгадзіны зьвяртацца з кароткай казаньню да сваіх прыгнятальнікаў, сканчаючы яе словамі: «І хай гэта будзе на вашым сумленьні».

«Сумленьне» ў камэры больш не зьяўлялася, толькі нечае вока часьцей, чым звычайна, зазірала ўсярэдзіну. Раманоўскаму было дрэнна, але сыходзіць у іншы сьвет ён відавочна не зьбіраўся. А займеўшы ў абед свае лекі, ужо да вечара запатрабаваў ад мяне матчу-рэваншу ў косьці.

* * *

Сёньня ў мяне абноўка: зь перадачай атрымаў шлапакі. Новыя, аранжавыя. Зроблена ў Кітаі. Гэта дадае ўпэўненасьці. Не, не краіна-вытворца, а гумовыя сланцы пад падэшвай. Бо хадзіць у душавой басанож па шчыкалаткі ў вадзе, мякка кажучы, не зусім прыемна. Цяпер жа рызыка падхапіць якую заразу зьмяншаецца ў разы.

У парадку адступленьня. Нядаўна хтосьці з асабліва вострым позіркам выкалупаў з рашоткі для сьцёку вады прэзэрватыў, што стала нагодай для ажыўленай дыскусіі пра тое, каму гэта Арлоў здае ў арэнду душавую. А хутчэй за ўсё, лазьню. Дзьверы ў яе вядуць проста з нашай памывачнай. Канцлягер і прытон пад адным дахам, а дакладней, пад адным купалам. КДБ — погляд знутры.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабояў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG