Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

108 дзён у засьценках КДБ: зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом


Рабочыя мыюць фасад цэнтральнага буджынку КДБ у Менску

Рабочыя мыюць фасад цэнтральнага буджынку КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

18 студзеня, аўторак

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Завесы на дзьвярах заскрыгаталі, і ў праёме ўспыхнуў аранжавы факел матэрыі. Потым яго засланілі сьвежагабляваныя дошкі драўлянага насьцілу. Праз імгненьне дзьверы, яшчэ раз усхліпнуўшы, канчаткова зачыніліся за чалавекам у чорным бэрэце і яркай куртцы. Навічок, абвешаны торбамі, назваўся добра пастаўленым голасам: «Аляксандар».

Ды гэта ж Аляксандар Арастовіч! Бач ты, якая нечаканасьць! Мы замерлі ў абдымках. Ляпалі адзін аднаго па лапатках. Убачыць Сашу я ніяк не чакаў. Падобна, што ён мяне таксама. Фігуранты адной гучнай справы і ў адной камэры — гэта з звышгранічнага. Пагатоў, як значыцца ў абвінавачаньні, паводле папярэдняй змовы рыхтавалі захоп улады.

Нашу гутарку магла спыніць толькі каманда «Адбой!» Што ні кажы, а знайсьці роднасную душу ў гэтым падзямельлі страшэнна прыемна.

Перш за ўсё вярнуліся ў ноч з 19 на 20 сьнежня. У Сашы на вуснах усьмешка, а ў вачах зімовая замець. Яму хацелася выгаварыцца.

— Мне патэлефанаваў Мікалай (Статкевіч), папрасіў, каб забраў яго з плошчы. Узялі таксі. Ля чыгуначнага вакзалу нас заблякавалі машынамі. Сьпераду і ззаду. З салёна выцягнулі ўсіх, уключна з таксістам. Малацілі палкамі без разбору. Памятаю толькі, што закрыў твар рукамі. Ачуняў ужо ў аўтазаку. Адвезьлі на Акрэсьціна. Доўга трымалі ў машыне. Людзей там — як селядцоў у бочцы. Камусьці стала дрэнна. Галовы пабітыя, адзеньне парванае. Але на кожны рух, слоўны пратэст рэагавалі імгненна — дубінкай і кулаком. Не цырымоніліся. Усіх пад адну палку, і жанчын, і старых, і маладых. Было страшна і вусьцішна. Дзікі зьвер, і той не заўсёды такі агрэсіўны і злосны, як тыя людзі ў чорным камуфляжы. Мне здаецца, яны былі чымсьці нашпігаваныя, бо нармальны чалавек такім быць ня можа.
З салёна выцягнулі ўсіх, уключна з таксістам. Малацілі палкамі без разбору. Памятаю толькі, што закрыў твар рукамі. Ачуняў ужо ў аўтазаку

Праз пару дзён на Акрэсьціна мяне наведалі сьледчыя, і вось я тут. Сам ня ведаю, нашто і чаму. Першыя дні не знаходзіў сабе месца. У прэзыдэнцкай кампаніі я, бадай, толькі лічыўся. Мікалай папрасіў быць даверанай асобай. Па старой дружбе адмовіць я яму ня мог, але часу сур’ёзна займацца выбарамі не было, бо спраў на сваёй працы па горла. Як ты, Анатоль, думаеш, колькі нас яшчэ тут пратрымаюць? Я толькі цяпер пачаў памалу ачувацца ад благіх думак і прадчуваньняў. Нават паліграф пагадзіўся прайсьці.

Саша пазіраў на мяне з надзеяй. Я ня стаў яго расчароўваць. Ляпнуў па плячы і выдаў порцыю аптымізму са сваіх трохі ўжо вычарпаных радовішчаў.

— Нават не сумнявайся, у цябе ўсё будзе добра. Зразумела, што цябе ўзялі як дадатак да Мікалая. Але калі ўсё ідзе так, як ты кажаш, і немагчыма выявіць сьляды тваёй прысутнасьці ў кампаніі, то ім давядзецца цябе адпусьціць. Хутчэй за ўсё, знойдуць каго-небудзь, хто рэальна працаваў у зьвязцы са Статкевічам. Табе проста не пашанцавала. Ня ў тым месцы апынуўся 19 сьнежня. Яны, вядома, беспрынцыповыя стварэньні, але ва ўсім ёсьць мяжа. Да таго ж, у адрозьненьне ад мяне, цябе няма ў сьпісе асабістых ворагаў Лукашэнкі.

Усё гэта было сказана ўпэўнена і, здаецца, зрабіла на калегу належнае ўражаньне. Аляксандар павесялеў. Тут жа для ўсёй аўдыторыі распавёў гісторыю з свайго выкладчыцкага жыцьця. Трохі пошлую. Сарваў сьмех.

— Вы сапраўды дацэнт? — спытаў недаверліва Аляксандар.

— А дацэнты што, ня людзі? — рагатнуў Арастовіч і па-гаспадарску прымераў драўляны насьціл на становішча «сон».

На душы запанаваў поўны штыль. Запхнуў захутанае ў адзежыны цела ў самаробны спальнік. Сон павінен быць хуткім.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





19 студзеня, серада


Мяне вышмаргнулі з камэры. У галаве ніякіх пытаньняў. Ні куды, ні навошта, ні чаму. Гэта ў першыя дні ў «амэрыканцы» я абвострана рэагаваў літаральна на ўсё. Спрабаваў угадаць, што там, за наступным паваротам калідора, за зачыненымі дзьвярыма, за маскай твару насупраць. Цяпер жа ня тое каб усё роўна, але ўжо без хваравітага напружаньня і лішняй узбуджанасьці. Напэўна, абрастаю ахоўным панцырам. На самой справе толькі надзвычайныя сытуацыі дапамагаюць нам зразумець, дзе сапраўды праходзяць межы нашых магчымасьцяў і наколькі наша слоўная самаацэнка супадае з тым, што мы робім ці, наадварот, ня робім у экстрэмальных умовах.

Зьнешні выгляд незнаёмца спрыяў даверліваму фармату гутаркі. Каб ня гэты кабінэт...
Адразу па абедзе вышмаргнулі з камэры. Вядуць моўчкі. І гэта ўжо нязвыкла. Здаецца, гэта чарговы візыт да Арлова. Так, вось і дзьверы знаёмага кабінэту. У калідоры здымаюць кайданкі, і ўсё бяз звыклага тузаньня, штурханьня. Уваходжу. Перада мной высокі сухарлявы чалавек у дыхтоўным шэрым гарнітуры. Кароткі вожык пасыпаны мукой сівізны. Шырокі лоб, правільныя рысы твару. Трэба прызнаць, сустрэў бы недзе ў буціку ці рэстаране — адазваўся б усьмешкай на паўусьмешку, якая агаляе моцныя белыя зубы. Зьнешні выгляд незнаёмца спрыяў даверліваму фармату гутаркі. Каб ня гэты кабінэт...

— Анатоль Уладзіміравіч, добры вечар. Мяне завуць...

Яго імя і імя па бацьку праляцелі міма, тут шмат што несапраўднае. А вось наступная фраза падалася мне сапраўды цікавай і вартай увагі:

— У камітэце я адказваю за аналітыку, і, ня буду хаваць, мне вельмі цікава пагаварыць з вамі. Праўда, вы можаце адмовіцца ад гэтай гутаркі. Гэта ваша права. І гэтая гутарка не для пратаколу.

Вычэквальны позірк.

— Ды мне, шчыра кажучы, усё роўна, дзе бавіць час. Але, па-першае, тут хоць цяплей. Па-другое, я ніколі не кажу таго, чаго не хачу казаць. Але, ня буду хаваць, вы мяне заінтрыгавалі словам «аналітыка». На мой погляд, гэта рэч, якая ніяк не стасуецца з тым, што адбываецца на практыцы.

Незнаёмец зноў усьміхнуўся. Размашыста, як у ведамасьці за прэмію.

— Можа, гарбаты ці кавы?

— Не, дзякуй.

— Я шчыра спадзяюся, што наша гутарка будзе зьмястоўнаю. Да самога сьледзтва я ня маю ніякага дачыненьня. Гэта не прадмет нашай гутаркі. Таму я прапанаваў бы іншыя тэмы для размовы. Ня буду хаваць, мы зазнаем калясальны ціск з боку Расеі. І пагрозы сувэрэнітэту краіны як ніколі вялікія. Пасьля выбараў сур’ёзна сапсаваліся адносіны з Захадам, і Расея не прамінула гэтым скарыстацца. Як вы разумееце, у першую чаргу яе ўвага накіраваная на нашу ўласнасьць. У нас нават ня просяць прадаць, ад нас гэтага патрабуюць. Вам можа здацца дзіўнай мая заява пра неабходнасьць аб’яднаць намаганьні ўсіх, хто хоча жыць у незалежнай краіне. І тых, хто пры ўладзе, і тых, хто ў апазыцыі. Нам усім павінна быць неабыякава, што здарыцца зь Беларусьсю заўтра.

Мы зазнаем калясальны ціск з боку Расеі. І пагрозы сувэрэнітэту краіны як ніколі вялікія
Пад гэтай заявай я сапраўды гатовы быў паставіць свой аўтограф, у чым шчыра і прызнаўся. «Аналітык» (так я пра сябе акрэсьліў свайго суразмоўцу) задаволена кіўнуў кароткім вожыкам сівізны.

З боку гэта, напэўна, выглядала як мілая гутарка двух старых знаёмых. Заядлых рыбакоў ці шалёна захопленых лесам грыбнікоў. «Аналітык» прадэманстраваў нядрэннае веданьне гісторыі. Ён добра арыентаваўся ў падзеях. Пры гэтым на стале ніякіх папер з пазнакамі. Чалавек або добра падрыхтаваўся да гэтай сустрэчы, або сапраўды займаецца аналітыкай. Размова ў асноўным тычылася рызыкаў і пагрозаў сувэрэнітэту Беларусі. З акцэнтам на тое, што разумныя людзі, незалежна ад палітычных поглядаў і прыхільнасьцяў, павінны думаць пра будучыню.

Новы знаёмы згарнуў размову акуратна і элегантна:

— Ня буду больш стамляць вас. На першы раз досыць, але калі вы ня супраць, я хацеў бы вярнуцца да нашай гутаркі.

— У мяне шмат свабодных вечароў. Галоўнае, каб тэма была зьмястоўная.

— Можа, у вас ёсьць нейкія асабістыя просьбы?

Пытаньне засьпела мяне зьнянацку. Адказаў машынальна:

— Ды якія просьбы ў такім райскім кутку? Зрэшты, газэты б не зашкодзілі.

— У вас няма прэсы? — шчырае зьдзіўленьне. — Ну, вырашым, вырашым гэтае пытаньне.

Пакуль мяне вярталі ў камэру, я паглыбіўся ў аналіз прамінулай сустрэчы. Што б гэта ўсё азначала? Зьнешне ўсё выглядала прыстойна і нават інтэлігентна. Ні запалохваньняў горшым, ні намёкаў на «ўсё можа быць», ні спакушэньняў свабодай. Цалкам цывілізаваная размова з чалавекам, неабыякавым да лёсу краіны. Але чым больш аддаляўся ад кабінэту, тым цьверазейшы рабіўся мой мозг.

Стоп, бацюхна, не расслабляцца! Новы знаёмы казаў тое, што не выклікала алергіі і непрыманьня. Гэта і было яго задачай. Ён сьвядома ствараў кантраст з тымі, з кім даводзіцца кантактаваць штодзённа, кругласутачна. Навошта і дзеля чаго? Пабачым, што запяе «аналітык» наступным разам. А што гэты наступны раз будзе, я ўжо не сумняваўся. Толькі што мне прадэманстравалі зусім іншую мадэль паводзінаў і пазыцыянаваньня. Адчувалася, што гэта птушка высокага палёту. Чалавек калі не з кіраўніцтва камітэту, то з суседняга зь імі кабінэту.

На ўваходзе ў камэру падумалася: дзе ты яшчэ, Анатоль, пагутарыш з гэтымі хлопцамі? Гэта нават забаўна, сутыкнуцца зь імі твар у твар. Інтэлектуальны двубой калі не за жыцьцё і не за свабоду, то за права чалавекам звацца.

Гаварыць з сукамэрнікамі пра сустрэчу не хацелася. Дый, хутчэй за ўсё, запіс тут жа трапіць на экран «аналітыка». А даваць пажытак для аналізу майго ўспрыманьня сустрэчы было ня варта. Таму адбрахаўся чаргой кароткіх фразаў пра сустрэчу-пустышку з начальнікам СІЗА. Праўда, сказаў, што ў камэры, магчыма, зьявіцца прэса.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





20 студзеня, чацьвер


Чацьвер — цырульны дзень. Ёсьць магчымасьць убачыць сябе ў люстэрку, атрымаць доступ да кіпяцільніка і, адпаведна, да гарачай вады. Пакуль сукамэрнікі заказваюць адзін аднаму «мадэльныя стрыжкі», я абзавёўся гарлачыкам гарачай вады. Агрызкам мыла намыліў шчаціньне. Любата! Малыя радасьці вязьняў падзямельля. Гляджуся ў аскепак люстэрка. Жменя сьнегу на скронях. Кавалак лёду ў вачах. Ці то пастарэў, ці то ўзмужнеў. А можа, проста даўно не сустракаўся са сваім адлюстраваньнем.

На мясцовай арыштанцкай біржы мой аўтарытэт падрос яшчэ больш. Пацан сказаў — пацан дамогся
У Аляксандру Арастовічу знайшоў вельмі добрага спарынг-партнэра для фізычнага гвалту над арганізмам. Ён зь першых хвілін жыва рэагаваў на маю фізіятэрапію. У першы дзень гэта была слоўная рэакцыя, а цяпер ужо пасьля пад’ёму мы працуем у чатыры рукі, махаем чатырма ніжнімі канцавінамі і прэсінгуем брушны прэс.

Перад прыёмам падмарожанай бульбы і перасоленага селядца ў акенца далі стос газэт. «Саўбелія», «Звязда», «Рэспубліка», «Камсамолка». На мясцовай арыштанцкай біржы мой аўтарытэт падрос яшчэ больш. Пацан сказаў — пацан дамогся. Праўда, як выявілася, «Камсамолку» папярэдне пачытаў цэнзар. Не без наступстваў. Першая старонка зеўрала пустотамі. Два матэрыялы былі выразаныя, даўшы падставу для вячэрняй дыскусіі пра тое, што ж адцялі нажніцы. Сышліся на думцы, што гэта была інфармацыя пра фігурантаў гучнай палітычнай справы. Я таксама не выключаю, што артыкулы маглі тычыцца пазыцыі і ацэнак міжнародных арганізацый. У любым выпадку гэта нешта аптымістычнае для палітвязьняў «амэрыканкі» і ня вельмі прыемнае для ўлады.

Калідоры турмы КДБ

Калідоры турмы КДБ



Адразу па вячэры ў расчыненую прастору кармушкі зазірнуў сам начальнік СІЗА. Зьява надзвычай рэдкая. З пацучынай ухмылкай на тонкіх вуснах Арлоў адшукаў у турэмным паўзмроку мяне і ўрачыста працягнуў два аркушы фармату А4: «Прачытайце!» Створка бразнула. Гэта была інтэрнэт-раздрукоўка, зь якой вынікала, што сёньня Лукашэнка правёў «нараду па ўнутрыпалітычных пытаньнях». «Супраць нашай дзяржавы была арганізаваная змова. Спансіравалі яе замежныя спэцслужбы, а ролю выканаўцаў адвялі мясцовым адшчапенцам і жулікам ад палітыкі, — вяшчаў Лукашэнка. — Я вымушаны сёньня сказаць аб тым, што ўсе праграмы і вялізная частка грошай ішлі зь Нямеччыны і Польшчы або празь Нямеччыну і Польшчу. Там жа пісаліся і праграмы зрынаньня канстытуцыйнага ладу. І гэта ня выдумка спэцслужбаў».

Інфармацыя быццам бы сьвежая, але з тухлінкаю. Здаецца, я ўжо гэта чуў. Прычым не аднойчы. Калі рэтрансьляваць напісанае на сябе, то рэфлексія нэгатыўная.

Праўда што, адмаўляць наяўнасьць праграмы бессэнсоўна. Толькі ў нас, да прыкладу, яна называлася «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі». І сярод тых, хто яе ствараў, шліфаваў, сапраўды былі людзі з польскімі каранямі. Прынамсі адзін — кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук. А вось немцаў заўважана не было. І, мушу прызнаць, праграма «Мільён новых працоўных месцаў» аказалася вельмі прывабнай для выбарца. І калі ва ўспрыманьні ўлады гэта плян зрынаньня канстытуцыйнага ладу, то насельнікам «Чырвонага дома» пара пакаваць чамаданы. А вось бюджэтам кампаніі, на жаль, пахваліцца не магу. І калі Лукашэнка на свае выбары нахабна і бессаромна марнаваў грошы беларускага падаткаплатніка, то мы маглі разьлічваць толькі на сродкі, выдзеленыя праз ЦВК, і ахвяраваньні сваіх прыхільнікаў. Ніякіх левых або чужаземных рэсурсаў! І калі б было інакш, я быў бы ня ў статусе закладніка, а ў становішчы арыштанта з пухлай справай і доўгім тэрмінам.

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка



Перададзены мне тэкст быў ня толькі цікавы, але і інфарматыўны. Так, я даведаўся, хто асабіста ўпёк мяне ў ізалятар. Лукашэнка заявіў: «Ніякіх дзеяньняў па навядзеньні парадку ў краіне праваахоўныя органы не прадпрымалі, ня робяць і ня будуць прадпрымаць бяз санкцыі прэзыдэнта». Хто б у гэтым сумняваўся! Мне, чалавеку са сьпісу асабістых ворагаў Лукашэнкі, пазьбегнуць арышту было немагчыма. Я гэта разумею! Я не кандыдат у прэзыдэнты. Не кіраўнік выбарчага штабу. Але я асабісты вораг кіраўніка, і гэтага дастаткова. Гэтая частка тэксту нічога пазытыўнага для мяне не зьмяшчала.

Ну, і самае галоўнае. Мабыць, дзеля гэтых радкоў Арлоў і зьявіўся да мяне ў камэру. «Я хачу сказаць, што мы не крыважэрныя. І лёс тых, хто цяпер арыштаваны, выключна ў іхніх руках, — сказаў Лукашэнка. — Тут ні пры чым ні сілавыя структуры, ні прэзыдэнт. Толькі ў іхніх руках. Хочуць сядзець у сьледчым ізалятары — хай сядзяць. Хочуць быць са сваімі сем’ямі — гэта таксама ад іх залежыць. Гэта не праблема. Яна вырашаецца сёньня сьледчымі органамі, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Але ня толькі ў сьледчых органаў, але і ў краіны ў цэлым ёсьць шэраг пытаньняў, на якія мы чакаем ад іх адказу. І сядзець у сьледчым ізалятары, як мышы пад венікам, і думаць, што заўтра амэрыканцы або эўрапейцы прыйдуць і вызваляць іх, беспэрспэктыўна».

Ад гэтай часткі пасланьня адкрыта пахла шантажом. Нават ня пахла, а сьмярдзела
Ад гэтай часткі пасланьня адкрыта пахла шантажом. Нават ня пахла, а сьмярдзела. Шантаж — улюбёны занятак гаспадара «Чырвонага дома». Маўляў, прызнайцеся, што вы нямецкія ці польскія агенты, і валіце на ўсе чатыры бакі. Толькі зрабіце гэта публічна, а лепш на тэлекамэру. Уладам трэба апраўданьне крывавага пабоішча, арганізаванага на плошчы Незалежнасьці ў ноч з 19 на 20 сьнежня, яны шукаюць апраўданьня ўсяго гэтага прававога бязьмежжа, у якое акунулі Беларусь. Ім неабходна пераканаць краіну і яе грамадзян у сваёй праўдзе. А дзеля гэтага трэба наша пакаяньне і прызнаньне.

Так, тыя, хто гатовы каяцца і поўзаць на каленях, напэўна, тут не затрымаюцца. А што рабіць табе, сябар Анатоль? Зрэшты, выбар невялікі. Адціскацца па тысячы разоў. Пісаць вершы. Успамінаць мінулае. Думаць пра будучыню. І заставацца самім сабой. Бо да таго, як мы ўсе тут апынуліся, кожны з нас гаварыў правільныя словы! Хто больш, хто менш. Хто гучней, хто цішэй. Але ўсе. З нас расплёсквалася мужнасьць, выпірала годнасьць. З кандыдатаў у прэзыдэнты можна было пісаць партрэты для галерэі герояў. Карціна алеем у поўны рост! Вось зараз і трэба будзе высьветліць, хто ёсьць хто на самой справе. Раз гэтыя цяжкасьці нам пасланыя, значыць, іх трэба пераадолець. Альбо перайсьці ў іншую лігу — дзе гуляюць па іншых правілах.

Папера пайшла па руках. Народ ацэньвальна зацокаў языкамі. Ды тут чорным па белым апісаны сцэнар твайго вызваленьня, Правадыр (я не выключэньне, да мяне таксама прыляпілася мянушка). Ну што ж, людзі ўмеюць чытаць паміж радкоў.

Вось такі ён быў, гэты студзеньскі дзень — інфармацыйна насычаны.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра
XS
SM
MD
LG