Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны


Турма КДБ, спадарожнікавы здымак

Турма КДБ, спадарожнікавы здымак

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

21 студзеня, пятніца

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Прачынацца не хацелася. Я ведаю, што будзе праз гадзіну, празь дзьве, празь пяць. І гэта не натхняе. На душы нейкая безнадзейнасьць і абыякавасьць. Ці можна да гэтага прывыкнуць? Ня ведаю. Здаецца, у мяне дэпрэсія. Хацелася б памыліцца, але дыягназ, хутчэй за ўсё, правільны. Нейкі час ляжу з заплюшчанымі вачыма. Рухаюцца толькі думкі. Пад’ём, туалет, сьняданак, ранішняя паверка — усё на аўтапілёце.

Ідзём праз шыхт людзей у зялёным і чорным. Пад перастук палак. Лаўлю сябе на думцы, што ўсе глядзяць на мяне. Здаецца, разглядаюць мае слабасьці, чуюць мае сумневы. Сапраўды, яны нават ухмыляюцца. Мяне нібы апяклі кіпенем. Быццам вывернулі навыварат. Хрэн вам, пальцы правай рукі скручваюць канфігурацыю пад вядомай назвай. Зь ёй я горда ступаю да дзьвярэй дворыка для шпацыраў.

— Што, весела?

Спачатку нават не зразумеў, што сказана ў мой адрас. Відаць, думкі міжвольна выскачылі на паверхню твару, і гэты слайд не спадабаўся канваірам.

— Мне зусім добра, дзякуй за клопат.

Пры гэтым пальцы па-ранейшаму сьціснутыя ў пратэстную дулю. Напэўна, гэта выглядае па-дзіцячы, прымітыўна і трошкі па-хуліганску. Але мне цяпер хочацца хуліганіць і быць дзёрзкім.

Дыскусія з ахоўнікамі ня мела працягу. Маска адкрычалася кароткім:

— У падлогу глядзім!

«Амэрыканка» — гэта тэрыторыя, дзе настрой на працягу дня зьмяняецца, як надвор’е на Балтыйскім узмор’і
Настрой у рэжыме ручнога кіраваньня. У дворыку ядрана. На казырку няіснага акна суседняга будынка варушыцца голуб Лёлік. Зь ім мы пазнаёміліся, як толькі я першы раз выйшаў на вуліцу. Птушка варушылася ў праёме закладзенага цэглай і тынкам акна. На вышыні некалькіх мэтраў. З таго часу ці ня кожны раз я бачу на шпацыры знаёмага голуба.

Добры дзень, дружа! Птушка трасянула галавой і весела забуркавала. Удыхаю паветра так, што ў грудной клетцы робіцца цесна. Раблю дыхальную гімнастыку. Падгледзеў у Кісялёва. У яго гэта добра выходзіць.

Добрая, энэргічная музыка. Пакуль усё ходзяць па крузе, я акупаваў цэнтар падворка. Спачатку рухаюся ў такт музыцы, потым пачынаю прытанцоўваць. Разагрэўшыся, паводжу сябе, як на танцполе. Тыя, што ходзяць па крузе, заўсьміхаліся, прыпляскваюць у ладкі. Ну, Правадыр, дае! Кінуўшы позірк угару, натыкаюся на два зьдзіўленыя вокі. Усе свае думкі кантралёр выклаў на твары: «Ён, напэўна, вар’ят. Нармальны чалавек ня можа быць задаволеным і шчасьлівым у пекле. Скача! Яму што, сапраўды так весела?»

Як пазірнуў на гэты зьнявечаны зьдзіўленьнем твар, мне сапраўды зрабілася весела. Такой дыскатэкі ў маім жыцьці яшчэ не было. Скачу, значыць, жыву. Жыву, значыць, змагаюся.

«Амэрыканка» — гэта тэрыторыя, дзе настрой на працягу дня зьмяняецца, як надвор’е на Балтыйскім узмор’і. Яшчэ хвілін дзесяць таму я быў як муха ў павуціньні. Мне рэальна было хранова! Я задыхаўся ад хандры, а цяпер ад мяне прэ такой энэргетыкай, што я нават іншых здольны зараджаць.

Астатні час шпацыру прайшоў пад знакам гвалтоўнага ўсталёўваньня новых рэкордаў. У сшытку зафіксаваў выніковыя лічбы 1000 — 1000 — 500. Ува мне прачнулася самапавага, і зь ёю я правёў рэшту дня.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





22 студзеня, субота


Трэба прызнаць, гутаркі прыносяць шмат цікавага і павучальнага. Сёньня Саша Кісялёў распавёў гісторыю, якую трэба чытаць на спэцкурсе для будучых судзьдзяў, пракурораў і ўсіх, хто атрымлівае права распараджацца свабодай іншых.

Не ўяўляеш, што рабілася ў маёй стрыжанай галаве! Ад жаданьня тут жа прыдушыць гэтага гада да прагі зразумець, што кіравала ім, калі ён падпісваў паперы аб маім арышце
Аднаго дня ў камэру, дзе знаходзіўся арыштант Кісялёў, прывялі навічка. Справа звыклая. Незвычайным было тое, што ён знаў мяне. «Я прыгледзеўся да суседа і дзіву даўся, — распавядаў Саша. — Гэта быў начальнік сьледчага ўпраўленьня Камітэту дзяржкантролю Беларусі Адамовіч. Праўда, мяркуючы па месцы знаходжаньня, начальнік ужо былы. Менавіта гэты чалавек санкцыянаваў маё затрыманьне. Не ўяўляеш, што рабілася ў маёй стрыжанай галаве! Ад жаданьня тут жа прыдушыць гэтага гада да прагі зразумець, што кіравала ім, калі ён падпісваў паперы аб маім арышце.

Убачыць мяне ён ніяк не чакаў. Ды гэта ня тое слова. У першыя хвіліны яго паралізавала. На твары адначасова былі замяшаньне, зьдзіўленьне і асуджанасьць. Вось такая нечаканая сустрэча».

Тут Аляксандар узяў невялікі тайм-аўт. Напэўна, яшчэ раз праганяў у памяці тую дзіўную сустрэчу. Ну, а мне, натуральна, не цярпелася даведацца, што ж было далей.

«Ведаеш, Анатоль, у прасторы два на чатыры немагчыма ўцячы ад тых, хто побач. Ты бачыш, чуеш суседзяў ледзь не 24 гадзіны ў суткі. Ты дыхаеш адным паветрам, ясі з аднаго катла. Я тады перасіліў асабістыя крыўды. Засунуў у аддаленыя куткі душы эмоцыі і пачуцьці. Праўда, праз пару дзён ня вытрымаў і, гледзячы проста ў вочы былому высокапастаўленаму сілавіку, спытаў: „Вось гляджу на цябе і губляюся ў здагадках. Чалавек ты разумны, адукаваны і быццам бы зусім не зласьлівы. Мне важна зразумець: пра што ты тады думаў, калі падпісваў паперы, якія перавярнулі маё жыцьцё? А яшчэ жыцьцё дзясяткаў іншых людзей, а таксама іх родных. Тым больш што санкцыя на арышт грунтуецца на абсурдных дапушчэньнях. Гэта адкрыты заказ на ліквідацыю пасьпяховага бізнэсу“. Адамовіч падняў вочы і безнадзейна махнуў рукой: „Ды нічога я ня думаў. Да мяне ў гэты дзень прыехалі сябры. Я сьпяшаўся на сустрэчу і гэтую паперу падпісаў на бягу. Ня гледзячы“. — Што тут яшчэ можна дадаць, — уздыхнуў Аляксандар. — Гэта ўжо сыстэма, а значыць, у наступстваў — размах эпідэміі».

Саша сказаў таксама, што Адамовіч па-ранейшаму дзесьці тут, у «амэрыканцы».

Я яшчэ доўга пракручваў у галаве пачутае. Першае, што кідалася ў вочы, — гэта своеасаблівы стыль узаемаадносін сілавікоў. Здаецца, тут дагэтуль пануюць норавы часоў Цанавы, беларускага Лаўрэнція Берыі. Відавочна, што не выпадкова ката кінулі ў камэру да ягонай ахвяры. Не маглі ня ведаць гісторыю іх ранейшых узаемаадносін. На што разьлік? На тое, што Кісялёў у прыпадку праведнага гневу калі не задушыць, то кінецца на Адамовіча з кулакамі? Або каб даставіць былому начальніку ўпраўленьня псыхалягічныя мукі і няспынны дыскамфорт ад прысутнасьці ў адной прасторы з тым, хто мае права цябе ненавідзець?

А з другога боку, усе гэтыя людзі, якія наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаюць у стварэньні сыстэмы, робяцца спачатку яе закладнікамі, а потым і ахвярамі. Хто раней, хто пазьней. Яна іх разбэшчвае, яна іх калечыць і ўрэшце паядае. Сыстэма не папярхнецца.

***

Сёньня шкарпэткамыйны дзень. Сумясьціў паход у душ з пральнай працэдурай. Дзеля гэтага прыхапіў з сабой пакет зь нясьвежымі шкарпэткамі. У гарачай вадзе мыць — адна асалода. І цяпер цэлых шэсьць пар упрыгожваюць маё лежала, як гірлянда навагоднюю ёлку. Дні два як мінімум будуць сохнуць. А то і больш.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





23 студзеня, нядзеля


У нядзелі сваё нясьпешнае варушэньне. Мне здаецца, што па выходных нават маскі гарлаюць неяк працяжней і жаласьней. Але з правіла бываюць выключэньні. Цяперашняя зьмена вырашыла ажывіць запаволена-нудны дзень.

Шпацыр стаўся чарговым кашмарам. Апынуўшыся ў дворыку, разьбіліся на групкі па інтарэсах. Я заняў месца ля аранжавай лаўкі. Зрабіў расьцяжку, упёрся кулакамі ў зямлю. І тут зьверху па плячах, як бізуном, ударылі камандай: «Устаць!»

Узьняў вочы ўгару. Адтуль мяне сьвідравалі дзьве злыя адтуліны. Баптыст!

— Усім хадзіць па крузе!

— На якой падставе?

— Таму што так хачу я.

— У нас што, ужо няма права займацца фізкультурай?

— У вас тут наогул няма ніякіх правоў.

Баптыст вытрымаў паўзу і дадаў злосьці ў голасе:

— Я апошні раз папярэджваю: усім хадзіць па крузе! Ніякіх заняткаў. У адваротным выпадку да вас будуць ужытыя спэцсродкі.

Маска, якая зьявілася побач з кантралёрам, павінна была надаць вагі пагрозе, якая толькі што прагучала. Мы мусілі пашыхтавацца ў патыліцу адзін аднаму. Настрой быў паршывы. Нікога не цягнула на размовы, толькі на лаянку. Тая і чулася час ад часу. Дзьве гадзіны, як ідыёты, маршыравалі адзін за адным. Як толькі спыняліся, тут жа зьверху сыпаліся пагрозы і папярэджаньні. Хвілін празь пятнаццаць кругавога хаджэньня курцы акупавалі куток і зацягнуліся першай зацяжкай. І тут жа прарэзьлівы крык зьверху:

— Усім працягнуць рух! Ніякіх перакураў!

Хвілін празь пяць тытунёвы бунт быў здушаны патокамі адкрытых абразаў і пагрозаў.

І, вядома ж, нам зладзілі вучэбна-паказальнае вяртаньне ў камэру. Паравозік чалавечых целаў толькі пасьпяваў разагнацца, як маска наперадзе сэмафорыла: стоп! І нас, як статак, гналі назад. Паганятыя ці то пасьля бурнай суботы, ці то проста ад дрэннага настрою былі ў стане падвышанай узбудлівасьці з усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.

Затое па вяртаньні ў камэру я пачаў зацята наганяць скрадзены час зарадкі. Да першых кропель поту, якія скаціліся па шчаціньні. Потым, агаліўшыся па пояс, мыюся, абліваюся халоднай вадой з крана, ручніком расьціраю цела да чырвані. Здорава!

Хтосьці часьцей, чым звычайна, зазірае ў вочка. Я адчуваю, я ведаю, што гэта Баптыст. Наша завочная дуэль працягваецца. І я буду ў ёй пераможцам!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ






24 студзеня, панядзелак


— Пытаньні ёсьць? — дзяжурнае пытаньне дзяжурнага. Без інтанацыяў, аднымі вуснамі.

— Ёсьць!

Я вырашыў змагацца за права займацца на шпацыры фізкультурай. Пакуль словам. Гэта тое мізэрнае, што яшчэ засталося, чаго яшчэ не адабралі.

Капітан замёр на паўразвароце.

— Ну, — незадаволена варухнуліся тонкія вусны.

— На падставе чаго ўведзена забарона на заняткі фізкультурай падчас шпацыру? Чаму мы павінны хадзіць па крузе, як асуджаныя? Чаму ў камэры курыць можна, а на вуліцы забаронена?

Капітан моўчкі праглынуў пачутае. Здаецца, зашмат пытаньняў адразу. Рыпнуўшы абцасамі, разьвярнуўся і ўжо на выхадзе, гледзячы ў дзьверы, буркнуў:

— Разьбяромся.

Праз гадзіну пагналі на шпацыр. Як толькі дзьверы зачыніліся, разбрыліся па кутках трэцяга дворыка. Мы з Аляксандрам замахалі рукамі і нагамі, астатнія заляскалі запальнічкамі. Хвіліна, другая, пятая... Зьверху ніякай рэакцыі. Значыць, усё ж такі вырашылі абсурд не ўзмацняць. Гэта была маленькая, але перамога. І ад усьведамленьня гэтага на душы зрабілася цяплей.

Вернутым правам на фізіятэрапію скарыстаўся да другога і трэцяга поту.

Унутраны дворык турмы КДБ

Унутраны дворык турмы КДБ



Пасьля абеду, пакуль не прыйшлі «добрыя людзі», выцягнуў з-пад матраца сваю бібліятэку. Вяду паралельнае чытаньне. Маркес і Булгакаў — добры кактэйль. Насычаны. Інтрыгуе. Праўда, не задавальняе прагу чытаньня —толькі яе ўзмацняе.

* * *

Мае калегі лічаць вас непапраўным і таму беспэрспэктыўным
З інфармацыяй усё па-ранейшаму. Устойліва дрэнна. Вось ужо колькі часу працягваюцца бескантактныя адносіны з адвакатам. А значыць, няма і сувязі зь «Вялікай зямлёй». Усё закаркавана з адмысловай пільнасьцю. Даводзіцца лавіць любыя шоргаты, урыўкі чутак, абрыўкі слоў. Нешта пралічваецца з афіцыйнай прэсы. Калі-нікалі ў кармушку зваліцца то «Саўбелія», то «Рэспубліка». Бывае, нешта выскачыць у блёк навінаў на FM-станцыі, пакуль мы топчам брудны сьнег у дворыку.

Па абедзе павялі на сустрэчу з тым, каго, калі шчыра, бачыць зусім ня хочацца. Гаворка пра начальніка СІЗА. Але што зробіш, калі ў яго жаданьне зусім супрацьлеглае. Праўда, я не іду, мяне вядуць.

Цікаваю выйшла гэтая сустрэча. Зь першых хвілін здалося, што Арлоў быў нечым заклапочаны. Перад маім прыходам ён разглядаў нейкія паперы. Можа, нечы рапарт ці нейкую даведку. Некалькі старонак тэксту палкоўнік адклаў убок, а сам перайшоў да століка для гутаркі.

— Гарбаты? — Прапанова адтуль.

Адмоўны ківок галавы адсюль.

— Гарбатка, ведаеце, заўсёды добра. Для здароўя. А за здароўем трэба сачыць. Вось на волі ўсе былі здаровыя, усе ў прэзыдэнты хацелі. А як толькі трошкі прыціснулі, усё адразу хворымі сталі. — Тут палкоўнік прыпыніўся і тут жа паправіўся: — Ну, вас гэта ня тычыцца. Мне дакладваюць, вы рэгулярна займаецеся фізкультурай і нават іншых уцягваеце.

— Гэта як у каго выходзіць. Не санаторый усё ж.

— Так, пэўна не санаторый.

Аднак тэму здаровага ладу жыцьця палкоўнік працягваць ня стаў і рэзка перайшоў да спраў асабістых.

— Вам трэба думаць пра будучыню. Бо вы ж не самотны халасьцяк. Ваша жонка, ваш сын чакаюць вас. І я ўяўляю, як перажываюць вашы бацькі. Яны, здаецца, жывуць у Стаўпецкім раёне?

Хоча паказаць сваю дасьведчанасьць?

— Вы, уласна, на што намякаеце?

— Ды ні на што. Мае калегі лічаць вас непапраўным і таму беспэрспэктыўным. Так што ніякіх падтэкстаў.

Твар насупраць мяне агарнуўся задуменнасьцю. На імгненьне. Потым, звузіўшы вочы да мілімэтровай шчылінкі, палкоўнік спытаў амаль шэптам:

— А што вы можаце зрабіць, знаходзячыся тут, калі з вашымі роднымі нешта здарыцца?

Здаецца, яму захацелася чарговым разам пабыць у халаце псыхіятра.

— Але калі-небудзь я ўсё роўна выйду адсюль! Нэльсан Мандэла праз 25 гадоў, але выйшаў на волю. Думаю, у мяне гэта атрымаецца значна раней... Чуеце?

— Што? — начальнік зьлёгку насьцярожыўся.

— Сыстэма трашчыць па швах.

Мая колкая заўвага не спадабалася Арлову. Тонкія вусны пагрозьліва надзьмуліся:

— І што вы зробіце, калі ўсё ўжо адбудзецца? Потым можна будзе толькі шкадаваць аб дапушчаных памылках.

— Уласнымі зубамі горла перагрызу таму, хто зробіць балюча маёй жонцы, майму сыну, маім бацькам.

Уласнымі зубамі горла перагрызу таму, хто зробіць балюча маёй жонцы, майму сыну, маім бацькам
Я таксама перайшоў на шэпт. Ён здаваўся мне зьмяіным шыпеньнем. У роце перасохла. Я з зайздрасьцю кінуў позірк на кубак палкоўніка зь недапітай вадкасьцю.

Начальнік пільна глядзеў мне ў вочы. Ёсьць такая форма гутаркі — вачыма. Калі суразмоўцы разумеюць адзін аднаго без усялякіх слоў. Гэтая частка размовы не для друку...

— Так, вы, напэўна, сапраўды непэрспэктыўны, — сказана так, што нельга зразумець, ці то гэта расчараваньне, ці то камплімэнт.

На гэтым, уласна, усё і скончылася. Мяне павялі.

Але гутарка зачапіла за жывое. І калі гэта было мэтай Арлова, то ён яе дасягнуў. У галаве куча бязладных думак. Прыкладаю намаганьні, каб усё раскласьці па паліцах. Занятак не з прыемных. Нічога добрага ад гэтых хлопцаў чакаць не выпадае. Трэба быць рэалістам.

Блізкія сваякі папрасілі не прыяжджаць на пахаваньне майго роднага дзядзькі. Паводле іхняй вэрсіі, мая прысутнасьць магла паўплываць на становішча родзіча, які займаў салідны пост у адным дзяржаўным ведамстве
Так. Чаго чакаць, што можа здарыцца? Могуць пасадзіць на суткі сына. Фармальныя падставы ёсьць: 19-га быў на Плошчы. Зрэшты, і раней яны моцна не турбавалі сябе пошукам прававых падстаў, каб прыцягнуць каго да адказнасьці. Цяпер і пагатоў. Вунь дзьверы высадзілі без аніякіх ордэраў. Калі яго пасадзяць, то калегі Арлова наведаюцца і на Акрэсьціна. Будуць прэсінгаваць, шантажаваць. Нават ня ведаю, як будзе паводзіць сябе Арцём. Сьвятлана звар’яцее, застаўшыся ў адзіноце! Два сядзельцы для сям’і з трох чалавек — гэта ўжо занадта. Для бацькоў гэта яшчэ адна дадатковая траўма. Яны ўжо ў тым веку, калі душэўныя косьці і храсткі не зрастаюцца.

Так, здаецца, Арцём — самае слабое месца. На працы ў Сьвятланы наўрад ці стануць нешта рабіць. Гэта нічога істотнага ня дасьць. Матэрыяльна будзе цяжка, але выкараскаюцца. Спадзяюся на салідарнасьць калегаў, сяброў, сваякоў. У такіх сытуацыях робіцца ясна, у якім ты рэальным асяродзьдзі. Што і хто вакол цябе, людзкія адносіны ці кляака. Калі ўсё добра — твой тэлефон не змаўкае, у сенцах увесь час нехта таўчэцца. А як толькі задажджыцца, ахвотных падставіць парасон ня так ужо і шмат. Але пра кожнага зь іх можна сказаць без сумневу: гэта мой сябар!

З сваякамі таксама няпроста, а часьцяком і яшчэ больш складана. У адрозьненьне ад сяброў і прыяцеляў, іх не выбіраюць. У маім жыцьці была сытуацыя, калі блізкія сваякі папрасілі не прыяжджаць на пахаваньне майго роднага дзядзькі. Дзіўная просьба, праўда? Паводле іхняй вэрсіі, мая прысутнасьць магла паўплываць на становішча родзіча, які займаў салідны пост у адным дзяржаўным ведамстве. Пасьля гэтага сямейнае фота было разарвана напалам. Бацька як чалавек прынцыпаў адразу адсек гэтую сваяцкую галіну ад свайго жыцьця.

Але для мяне ў гэтай сытуацыі ня ўсё так відавочна. Мае прэтэнзіі ўсё ж не да сваякоў, дакладней — ня толькі да іх. Я абвінавачваю сыстэму: яна — сапраўдная прычына таго, што адбылося. Паводзіны сваякоў — гэта ўсяго толькі вынік. Але ўсё роўна дзіка! Усё роўна брыдка! Усё роўна агідна! І ўжо адно гэта матывуе не сядзець склаўшы рукі, не назіраць абыякава за тым, што вакол нас.

Чорт, зноў успамінамі разьвярэдзіў душу.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом
XS
SM
MD
LG