Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: чырвоная паласа, біяграфія пабояў, фільм пра фонд Маршала


Цэнтральны будынак КДБ у Менску

Цэнтральны будынак КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

25 студзеня, аўторак

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
У камэру праціснуўся Ганс. Для яго гэта заўсёды праблема: як сваё вялікае, грузнае цела занесьці ў прастору дзьвярэй, якія дрэнна адчыняюцца. На твары дзяжурнага напружаньне. Значыць, на ранішняй лятучцы ў начальніка абмяркоўвалася чарговае паскудзтва. Прадчуваньні не падманулі.

Ільсьняныя Гансавы шчокі пакрытыя барвовымі плямамі. Кантралёр кантралёраў быў рашучы і сек прастору кароткімі, як аўтаматная чарга, фразамі:

— Зь сёньняшняга дня ўводзіцца новае правіла. Камэра дзеліцца чырвонай паласой на дзьве часткі. Як толькі ключ устаўлены ў замочную шчыліну, вы павінны неадкладна прайсьці за чырвоную лінію. Калі не пасьпелі, гэта будзе лічыцца парушэньнем рэжыму і да вас могуць быць ужытыя спэцыяльныя сродкі ўзьдзеяньня. Зразумела?

Адказ яго не цікавіў. Ён тут жа павярнуўся ўкормленай патыліцай, па якой сьлізгала зьдзіўленьне чатырох пар вачэй.

Так, трэба аддаць належнае Арлову. Начальнік СІЗА нястомны ў генэраваньні праблемаў для сваіх паддосьледных. Яго прызначэньне на пасаду ад самага пачатку не выглядала выпадковым. Пражытыя ў «амэрыканцы» дні толькі пацьвярджаюць гэтую здагадку.

Прыкладна праз паўгадзіны нас вывелі ў бліжэйшы туалет. Па вяртаньні насы ўлавілі рэзкі і непрыемны пах фарбы. Ярка-чырвоная паласа шырынёй сем-восем сантымэтраў дзяліла камэру на дзьве часткі. Крывавая метка на чорна-бруднай бэтоннай падлозе глядзелася злавесна. Вось яна, лінія новых узаемаадносін. Цяпер мы заўсёды на адлегласьці адзін ад аднаго. Можа, гэта мера засьцярогі? Каб зубы ахвяраў не ўчапіліся ў горла сваіх катаў? Ці каб насаглотка ня плюнула ў фізіяномію, схаваную за чорна-зялёным сукном маскі? Хто ведае, дзе тая нябачная рыса, за якой сканчаецца цярпеньне і пачынаецца нянавісьць. І ня проста нянавісьць пачуцьцяў, а нянавісьць дзеяньняў. Але, хутчэй за ўсё, гэта дадатковы сродак узьдзеяньня на псыхіку, якую штодня расхістваюць і правакуюць на самапаяданьне.

У камэру ўкаціўся чорна-зялёны клубок, ашчацініўшыся гумовымі палкамі. І зноў нам незалік. Мы не пасьпелі. Не таму што не маглі, а таму што не хацелі
І тут жа пачалася праверка засваеньня новых правілаў. У замочнай шчыліне хруснуў ключ. На парозе чорны сылюэт. Да ўсіх нас можна было ўжываць спэцсродкі, бо ніхто ня кінуўся на злом карку за разьдзяляльную рысу. Каб зваліцца зь верхняй паліцы, усунуць ногі ў абутак і перанесьці цела за чырвоную рысу, трэба час і, самае галоўнае, жаданьне. А мы адразу дамовіліся, што выконваем загад Ганса без усялякага фанатызму і лішняга імпэту.

— Вы што, не зразумелі? — маска паказвала зьдзіўленьне на мяжы зь недаўменьнем.

— Вам нешта незразумела? — гэта ўжо наяжджаў чалавек у чорным.

Улічваючы, што я стаяў бліжэй за ўсіх да трэнэра па пераадольваньні чырвонай паласы, трэба было неяк рэагаваць.

— Не разумею, — выдыхнуў я па-беларуску.

Пераход на беларускую — даволі эфэктыўны спосаб самаабароны. Ужо выпрабавана.

— Я зараз дадаткова растлумачу тым, хто не зразумеў, — у голасе недвухсэнсоўна гучала пагроза.

— Калі ласка, — мне нічога не заставалася, як дэманстраваць абыякава-спакойнае стаўленьне да пагрозаў.

Гэтым, аднак, усё і скончылася. Маскі і кантралёры сышлі. Але гадзіны праз паўтары — новая спроба. У камэру ўкаціўся чорна-зялёны клубок, ашчацініўшыся гумовымі палкамі. І зноў нам незалік. Мы не пасьпелі. Не таму што не маглі, а таму што не хацелі. Менавіта цяпер вырашаецца, якім будзе практычнае выкананьне новай дырэктывы. Здаецца, на нас махнулі рукой. Як на беспэрспэктыўных.

Але тут адчыніліся дзьверы, і ў праёме зьявіўся кантралёр Лысы. Усе пачалі валіцца з нараў, як куры з жэрдак. Першая рэакцыя: зусім, маўляў, пашалелі са сваімі рэпэтыцыямі. Але заўважаем ля ног кантралёра груду пакетаў. Гэта значыць, што ў камэры маленькае сьвята. Больш за тое, выявілася, што два пакеты — мне. Гэта як кампэнсацыя за сапсаваны дзень! Адзін пакет — з прадуктамі, у другім — чыстая бялізна, ручнік, а яшчэ пальчаткі, грабянец, шапка. Расьпісваюся за атрыманую перадачу. Раблю гэта аўтаматычна, не зацыкліваючыся на штуках, грамах, пазначаных у паперы.

Першае, што зрабіў, — апрабаваў плястыкавы грабянец. Сеў на халодны зэдлік і пачаў расчэсваць валасы. Зьдзічэлыя, непаслухмяныя, як зарасьнікі хмызьняку. Направа-налева. Уверх-уніз. Нават вочы заплюшчыў ад асалоды. Напэўна, так чуецца наш кот Цімка, калі па ягоных шаўкавістых баках гуляе скрабок. Вось яно, маленькае чарадзейства! Людзі, вы можаце атрымліваць задавальненьне ад самой будзённай працэдуры. Трэба толькі па ёй засумаваць. У звычайнай сытуацыі мы робаты, аўтаматы. У незвычайнай — зусім іншая вастрыня ўспрыманьня. Тут наагул усё іншае!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





26 студзеня, серада


Першая раніца з чырвонай паласой. Новая зьмена «чорна-зялёных» пачала на паўтона гучней і на паўашчэра зласьней. Відавочны доказ, што ёсьць жорсткая ўстаноўка на дрэсіроўку кантынгенту СІЗА па пераадольваньні паласы. Належала замацаваць учорашнія навыкі. Да абеду нам зладзілі пяць рэпэтыцыяў. Кашмар!

* * *

Камунікацыяў з адвакатам няма зь мінулага году. Відавочная прыкмета кропкавай, мэтанакіраванай інфармацыйнай блякады. Катаваньні бываюць розныя. І тут я ўжо прайшоў, пераадолеў, асіліў шмат што. Але катаваньне адсутнасьцю інфармацыі — адно з самых вытанчаных. І для мяне гэта вельмі балюча. У галаву пачынаюць лезьці самыя ідыёцкія, самыя агідныя думкі. Яны як чарвякі, як саранча. Кішаць, скачуць. Ты іх душыш, адкідаеш, але гэта нашэсьце цэлага полчышча.

Калі на ўсё гэта накласьці дэпрэсіўнае сьвятло, катаваньні холадам, шумавы прэс з боку «зондэркаманды» ў масках, перамяшчэньне «ластаўкай», расьцяжкі ля «сьцены гвалту» ў спартзалі, правакаваньне на бескантрольныя эмоцыі... Усё гэта зьмяшчаецца ў адно кароткае, але ёмістае слова — кашмар.

Упершыню мяне мэтанакіравана зьбілі ў пад’езьдзе ўласнага дома зімой 1996-га
Я гатовы да таго, што ў дачыненьні да мяне будуць ужытыя фізычныя катаваньні. Было ўжо некалькі сытуацыяў, калі ўсё вісела на валаску. Пакуль абышлося высьпяткамі ды падштурхоўваньнямі. Праўда, і гэта ўжо фізычнае ўзьдзеяньне і гвалт. У мяне быў час, каб падумаць над стратэгіяй паводзін. Што мяне стрымлівае ад рэагаваньня на правакацыі? Нават ня ведаю. Спрацоўваюць нейкія ўнутраныя стрымліваньні і процівагі.

Ня выключана, што на кожнага з нас існуе дасье. Хутчэй за ўсё, так і ёсьць. І, напэўна, мае каты сёе-тое ведаюць зь мінулага маіх узаемаадносін зь сілавікамі. Я трапляў пад раздачу ня раз і ня два.

Упершыню мяне мэтанакіравана зьбілі ў пад’езьдзе ўласнага дома зімой 1996-га. Зайшоў у пад’езд, выклікаў ліфт. Падняўся на трэці паверх, адчыніў дыплямат і пачаў даставаць ключы ад дзьвярэй. У гэты час створкі ліфта расчыніліся, і я толькі пасьпеў заўважыць дзьве постаці ў цёмных вязаных шапках, насунутых да самых вачэй. У наступнае імгненьне ўваччу пацямнела, потым яшчэ некалькі ўдараў, і тупат ног па лесьвіцы чорнага ходу. На шум выскачылі сусед і мае сямейнікі. З носа і разьбітай губы лілася кроў. Прыехала міліцыя. Распачалі крымінальную справу, якая натуральным чынам здохла зь цягам часу. Мне не дапамаглі ні статус дэпутата парлямэнту, ні даволі ляяльнае стаўленьне сьледчых. Азнаёміўшыся з маімі публікацыямі «Мафія ад улады» ў газэце «Свободные новости», яны адкрыта сказалі, што мяне «заказалі» зьверху. Тыя, хто быў фігурантам гэтых самых артыкулаў. Хтосьці палічыў, што такая форма зносін найбольш эфэктыўная, каб я зачахліў асадку. У адказ паслаў сваю «Мафію ад улады — 3», а потым і чацьвёртую публікацыю. Найлепшая абарона для палітыка — публічнасьць. Гэтае правіла я грунтоўна засвоіў яшчэ ў першыя гады свайго дэпутацтва і няўхільна яго прытрымліваюся.

Празь некаторы час нешта падобнае паўтарылася. Потым яшчэ. Самыя балючыя наступствы — пасьля акцыі пратэсту супраць рэфэрэндуму аб падаўжэньні паўнамоцтваў Лукашэнкі. У той вечар на мяне было адкрыта сапраўднае паляваньне. Спэцназаўцы ў цывільным зацягнулі мяне ў «Патыё-піцу», што каля ГУМа. Некалькі чалавек павалілі мяне на падлогу і спрабавалі надзець кайданкі, а іншыя блякавалі дзьверы, не пускаючы людзей усярэдзіну. На вуліцы сабраўся нейкі натоўп. Потым мяне па падлозе пацягнулі на кухню. Там раптам аднекуль з боку службовага ўваходу зьявіўся Падабед, сталічны жандар, начальнік спэцназу. Па яго камандзе мяне паднялі на дыбкі. «Ну што, сука, дабегаўся?» Спэцназавец некалькі разоў наводмаш ударыў мяне па твары. Апрытомнеў я ў машыне, справа і зьлева — людзі ў цывільным. Прывезьлі ў Ленінскі РУУС. Пакой у сутарэньні быў напханы людзьмі.

Галава гула, цела ныла. Побач апынуўся Статкевіч. Відаць, выглядаў я зусім ніякава. Мяне завялі ў туалет, там мяне званітавала. Мясцовыя міліцыянты забегалі і вырашылі выклікаць хуткую дапамогу. Тыдзень я праляжаў у бальніцы са страсеньнем мозгу, гематомамі на нырках, расколінамі рэбраў.

Прызнаюся, я ня з тых, хто, атрымаўшы па шчацэ, тут жа падстаўляе другую. Мяне так выхоўвалі мае бацькі, простыя вясковыя людзі: калі кагосьці крыўдзяць, не трэба рабіць выгляд, што ты ня чуеш ці ня бачыш. Калі на адным з «Чарнобыльскіх шляхоў» невядомы ў цывільным на маіх вачах ударыў жанчыну, я адказаў яму тым жа. Як выявілася, гэта быў афіцэр спэцназу. Ня ведаю, наколькі гэта правільна, але ведаю іншае: калі не рэагаваць на хамства і гвалт, то гэта спараджае ўсёдазволенасьць.

* * *

Сёньня на аднаго прыемнага суразмоўцу паменела. Пайшоў Саша Кісялёў. Яго павялі па абедзе. Расставаліся зь непрыхаваным сумам.

Калідоры турмы КДБ

Калідоры турмы КДБ



Самыя сэйсмаўстойлівыя міжлюдзкія адносіны выбудоўваюцца ў экстрэмальных сытуацыях. Перад гэтым нас з Сашам прагналі праз асабісты агляд. Праўда, разьвялі ў розныя месцы. Мяне — у спартзалю, яго — у «пакой цішыні». Барада зноў правакаваў на эмоцыі. Мне здаецца, ён увесь час шукае зачэпкі, каб завязаць бойку. Але я ўжо навучыўся адэкватна рэагаваць на падзеі. Галоўнае — не мітусіцца. Загады фільтрую. Крычаць «Бяжы!» — я іду. Па баках не разглядаюся, усё роўна нічога цікавага. На шумавыя спэцэфэкты ўжо зусім не зьвяртаю ўвагі. Разьдзяюся і адзяюся без трапятаньняў. Прысядаю, пакуль ім не надакучыць. Стаю ля сьценкі, пакуль ня знудзяцца.

Фізыкай мяне дадзець немагчыма. Здаецца, гэта зразумелі амаль усе. Вось толькі Барада не сунімаецца. Дый сярод кантралёраў ёсьць некалькі асабліва заклапочаных.

Дарэчы, пра «ціхі пакой». Гэта такая асаблівая камэра ў сутарэньні, дзе і душавая. У ёй усё павысьцілана тоўстымі матамі — падлога, сьцены, столь. Усё ў сьветла-карычневым колеры. Ніякіх вокнаў, нават закратаваных цёмных. Наколькі я разумею, гэта «пакой спатканьняў» для асаблівых пастаяльцаў. Вонкі адсюль нічога, акрамя цішыні, не вылятае. З чалавекам можна рабіць усё што заўгодна, і ён сам з сабой можа рабіць, што заманецца. Ізаляцыя ідэальная. Глуха, як у танку. Зрабіць сабе калецтва практычна немагчыма.

Пасьля каманды «з рэчамі на выхад» Саша трэніраваным рухам згарнуў пасьцельныя рэчы, акуратна склаў сваё майно ў сумкі. На твары спакой чалавека, які накіроўваўся ўжо ў трынаццатую па ліку камэру «амэрыканкі». Вось толькі звыклая шырачэзная ўсьмешка адсьвечвае непадробным сумам. І праўда ж сумна.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ






27 студзеня, чацьвер


Шостая раніцы. З гарызантальнага становішча перайшлі ў вэртыкальную стойку. Паўдня на нагах. Яшчэ гэтулькі ж седзячы. І тое, і другое не заўсёды прыемна. Асабліва калі стаіш галышом каля «сьцены катаваньняў» у спартзалі. Або сядзіш, чакаючы прыходу масак.

Раз няма кiна, давайце хоць мітынг правядзем. Анатоль, паагітуйце нас, каб мы прагаласавалі за праграму вашай партыі
Шостая вечара. Усе лепшыя месцы занятыя. Усе позіркі зьвернутыя да кропкі вышэй дзьвярэй, на невялічкі тэлеэкран. У нядаўнім мінулым на гэты час прыпадаў гарантаваны прагляд ТБ. Потым фармат памяняўся. Замест беларускага ТБ пускалі DVD з загадзя падрыхтаванымі тэлепраграмамі. Апошнія пару вечароў — увогуле нічога. Дробныя паскудзтвы таксама непрыемна казычуць нэрвы. Аднастайнасьць прыгнятае. Вось і сёньня экран сьняжыў і шумеў, не пакідаючы ніякіх шанцаў на тое, што можна будзе нешта ўбачыць.

Але, здаецца, мы знайшлі эфэктыўны сродак супрацьдзеяньня. Гэта здарылася мэтадам выпадковага тыку. Учора, гледзячы ў сьляпы экран, Максім знарок гучна прапанаваў:

— Раз няма кiна, давайце хоць мітынг правядзем. Анатоль, паагітуйце нас, каб мы прагаласавалі за праграму вашай партыі.

Я не прымусіў доўга сябе ўгаворваць. Мая кароткая, але палкая прамова пра заганы і хібы цяперашняй сыстэмы, пра тое, як уладкаваць Беларусь, трэба разумець, зрабіла ўражаньне ня толькі на сукамэрнікаў. Хвілін празь дзесяць тэлевізар загаварыў.

Сёньня рушым шляхам, пракладзеным учора. Толькі гэтым разам у якасьці заказчыка выступае Андрэй-Пракурор. Тэма: «У колькі абыходзіцца беларуская ўлада падаткаплатніку?» Паглыбіцца ў статыстыку не пасьпеў — па экране паплылі тытры чарговага дакумэнтальнага фільму пра ворагаў беларускага народу. Чым сёньня будуць паласкаць мазгі? Нас чакала шмат цікавага пра дзейнасьць разьмешчанага ў Гарміш-Партэнкірхэне амэрыканскага Цэнтру імя Маршала па праблемах бясьпекі. Апавядалі прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі, якія там жа і праходзілі стажыроўку. Фільм быў нафаршыраваны нарэзкай з фразаў беларускіх афіцэраў і прыперчаны камэнтарамі закадравага голасу. Гэтым прадуктам нас і частавалі. Фільм выкрываў хітры і падступны Захад, які запрашае вайскоўцаў з краін постсавецкай прасторы і выцягвае зь іх глыбінныя сакрэты, а то і ўвогуле спрабуе зацягнуць у сеткі, хітрамудра расстаўленыя прафэсійнымі вярбоўнікамі.

Фінал быў адпаведны. Памочнік міністра абароны Беларусі ў генэральскім званьні (прозьвішча непрыкметна праскочыла ў тытрах) заклікаў тэлегледачоў быць пільнымі. Бо ў цэнтры — о жах! — стажыраваліся Лябедзька са Статкевічам. Самае цікавае, што казаў гэта выпускнік Цэнтру Маршала.

Народ тут жа скіраваў позіркі ў мой куток. Пасьля селядца на вячэру ўсім хацелася «дэсэрту», то бок смачнага аповеду пра нешта незвычайнае. Я меўся выступіць у ролі экспэрта, які прыпадымае заслону таямніцы над гэтым загадкавым цэнтрам. Прыйшлося вярнуцца ў далёкі 1997 год, калі нас зь нябожчыкам Генадзем Карпенкам запрасілі ў Нямеччыну на двухтыднёвыя курсы вышэйшых чыноўнікаў.

Генадзь Карпенка

Генадзь Карпенка



Толькі мы і былі ў статусе апазыцыі, а астатнія краіны прадстаўлялі дзейныя генэралы, высокапастаўленыя чыноўнікі МЗСаў. Гэта былі першыя курсы такога ўзроўню. Сярод лектараў — міністры, вядучыя экспэрты ў сфэры бясьпекі з Францыі, Бэльгіі, Расеі. Сам генэрал Кларк, камандуючы войскамі НАТО ў Эўропе, чытаў нам лекцыю. Дарэчы, як выявілася, чалавек зь беларускімі каранямі.

Гарміш-Партэнкірхэн — незвычайна прыгожае месца. Райскі куток! Горы пакрытыя зялёнай шавялюрай лясоў, гаючае паветра, утульныя сымпатычныя дамкі мясцовых жыхароў.

Сёньня яго аблюбавалі ня толькі вайскоўцы, але і расейскія алігархі.

Я абмаляваў хараство прыроды, расказаў пра тых, з кім пашчасьціла пазнаёміцца ў Гармішы, пра дыскусіі на сустрэчах і занятках. Мае сукамэрнікі аказаліся вельмі ўдзячнымі слухачамі. Згодна з прынцыпам «апэтыт прыходзіць падчас яды», жыва праглынуўшы «дэсэрт», яны запатрабавалі дабаўкі. А паколькі пустэчу часу трэба было чымсьці запаўняць, я пераказаў другую сэрыю прыгодаў, якая мела дачыненьне да тэмы Цэнтру Маршала.

Не пасьпеў націснуць на кнопку сыгналізацыі, як з двух прыпаркаваных побач аўтамабіляў выскачылі людзі ў чорным камуфляжы і масках. Пасьпеў падумаць: ну, гэта па маю душу. І не памыліўся
Гэта здарылася 5 лістапада 2002 году ў Менску. Я выйшаў з амбасады ЗША, дзе толькі што сустрэўся з кіраўніком дыпмісіі гэтай краіны Майклам Козакам. Уключыў тэлефон, набраў нумар офіса і, не сьпяшаючыся, пабрыў уніз да Старажоўскай. Размаўляючы, падышоў да сваёй машыны, але не пасьпеў націснуць на кнопку сыгналізацыі, як з двух прыпаркаваных побач аўтамабіляў выскачылі людзі ў чорным камуфляжы і масках. Пасьпеў падумаць: ну, гэта па маю душу. І не памыліўся. Праз імгненьне мяне ўжо трымалі пад рукі. Тут жа перада мной замаячыў старшы, у цывільным і з адкрытым забралам, махнуў перад вачыма сюды-туды нейкі корачкай, і мяне тут жа пачалі ўпакоўваць. Я ледзь пасьпеў крыкнуць у слухаўку, што мяне затрымалі невядомыя. Мой тэлефон тут жа апынуўся ў чужой кішэні. Спробы атрымаць тлумачэньні наконт таго, што адбываецца, разьбіліся аб сьцяну маўчаньня. «Хутка ўсё даведаецеся» — адзіная фраза-рэакцыя.

Калі мы заехалі ў двор будынкаў на Камсамольскай, я ажыў душой. Вось ужо ня думаў, што буду радавацца дастаўцы ў КДБ. Але, прынамсі, гэта хоць не Паўлічэнкавы сокалы з «эскадрону сьмерці», а, хутчэй за ўсё, спэцыялісты па барацьбе з тэрарызмам з «Альфы». Відаць, падзарабляюць на затрыманьні палітычных.

Мяне заводзяць у будынак, потым у кабінэт. Вызваляюць ад кайданкаў. Стацыянарная відэакамэра насупраць тарашчыцца проста ў вочы. Побач чалавек у сінім кіцелі з капітанскімі пагонамі. Ён разгортвае ўбраную ў чорную скуру тэчку, у якой ляжаць аркушы з аддрукаваным тэкстам. Афіцэр чытае тэкст афіцыйнага папярэджаньня КДБ грамадзяніну Лябедзьку. Калі апусьціць канстатацыйную частку, то вэрдыкт наступны: я папярэджаны, што калі ня стану на шлях выпраўленьня, то ў дачыненьні да мяне будзе ўзбуджаны крымінальны перасьлед паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэксу «Здрада дзяржаве». Пакараньне неслабое, аж да сьмяротнай кары. Мне прапаноўваюць расьпісацца, што я азнаёмлены з папярэджаньнем. Я адмаўляюся. Афіцэр робіць пазнаку і ўручае мне некалькі аркушыкаў зь пячаткай унізе. Па заканчэньні працэдуры выводзяць на вуліцу і пакідаюць сам-насам з думкамі. Яшчэ раз перачытваю копію дакумэнту. У пратаколе зафіксаваны час вынясеньня папярэджаньня — 16.59, супрацоўнік КДБ — капітан Аляксандар Чупахін. Лухта сабачая! Мне ставяць у віну, што я сустракаюся з прадстаўнікамі пасольстваў, місіі АБСЭ. Аказваецца, тое, што я праходзіў двухтыднёвую стажыроўку ў Эўрапейскім цэнтры па пытаньнях бясьпекі імя Дж. Маршала, — таксама хаджэньне па краі Крымінальнага кодэксу. Далей ідзе спасылка на нібыта распаўсюджаную ў інтэрнэце заяву Статкевіча пра фінансаваньне, якое я атрымліваю ў амэрыканскім пасольстве. У інтэрнэт выплюхваецца шмат чаго. Там можна разьмясьціць што заўгодна і ад імя каго заўгодна.

Перачытваю яшчэ раз, і абсурд набывае абрысы нейкай лягічнасьці. Гэта тэст на псыхалягічную ўстойлівасьць. Як мінімум казычуць нэрвы. Хоць, калі шчыра, ад словазлучэньня «сьмяротная кара» пахне дрэнна, нават калі ты і ня перад цаглянай сьцяной з кулявымі сколамi. Пакуль дабраўся да аўтамабіля, умацаваўся ў думцы, што адзіная эфэктыўная абарона — публічнасьць. Думкі матэрыялізаваліся ў дзеяньні. Іду ў суд! Рашуча і ўпэўнена.

Тое, што я праходзіў двухтыднёвую стажыроўку ў Эўрапейскім цэнтры па пытаньнях бясьпекі імя Дж. Маршала, — таксама хаджэньне па краі Крымінальнага кодэксу
Суд я, вядома, ня выйграў, але задавальненьне атрымаў немалое. Прысутны ў судовым пасяджэньні прадстаўнік КДБ зь нецярплівасьцю пазіраў на гадзіньнік, чакаючы, калі гэтая прыкрая для яго дзея скончыцца. На ўсе мае аргумэнты і заявы ён паўтараў адну-адзіную фразу: «Гэта апэратыўная інфармацыя, яна ня можа быць раскрытая ў судзе». Але ніякай дзяржаўнай таямніцы ў ніводным з эпізодаў не праглядалася. Папярэджаньне зьляпілі ня дзеля разгляду па сутнасьці ў судзе, а дзеля адпаведнага ўзьдзеяньня на Лябедзьку і тых, хто ў нэўтральнай зоне паміж апазыцыйнай дзейнасьцю і кухняй. Я падаў у суд сьпіс з больш як шасьцідзесяці прозьвішчаў супрацоўнікаў беларускага Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны, якія прайшлі стажыроўку ў тым самым злашчасным Цэнтры Маршала. І, у адрозьненьне ад апазыцыянэра Лябедзькі, яны сапраўды мелі доступ да дзяржаўных таямніц і сакрэтаў. Вось жа, паводле лёгікі КДБ, ім усім таксама трэба выносіць папярэджаньні, каб чаго ня здарылася.

З статуту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, зарэгістраванага Міністэрствам юстыцыі, вынікала, што старшыня партыі, то бок я, ажыцьцяўляе кантакты як унутры краіны, так і за яе межамі. Місія АБСЭ або пасольства — гэта не масонская лёжа і ня філія Аль-Каіды. Гэтыя арганізацыі і структуры легальна працуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У матэрыялы суду легла і заява Мікалая Статкевіча пра тое, што ніякіх зьвестак ён у інтэрнэце не распаўсюджваў і што гэта чыстай вады правакацыя.

Права і здаровы розум былі на маім баку, а вось судзьдзя — на іншым, там, дзе працавала тэлефоннае права. Афіцыйнае папярэджаньне КДБ засталося вісець на мне кайданамі. Трэба разумець, пры неабходнасьці яго выцягнуць з дна шуфляды. Змахнуць пыл і, паклаўшы на стол зь зялёным сукном, скажуць: ну што, спадар Лябедзька, даскакаўся? Не зьдзіўлюся, калі яно нейкім бокам вылезе ў маёй цяперашняй справе. Бо не выпадкова сьледчы ледзь не на першым допыце прадэманстраваў кадры маёй паездкі ў Тбілісі. Пры адсутнасьці якіх-колечы доказаў маёй віны ў падзеях 19 сьнежня яе будуць шукаць без прывязкі да часу і тэмы.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны
XS
SM
MD
LG