Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

108 дзён у засьценках КДБ: цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька


Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

28 студзеня, пятніца

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Атрымаў ад Люды Гразновай перавод на 300 тысяч рублёў. Расчуліўся. Справа, вядома ж, ня ў грошах, а ва ўвазе, абазначанай некалькімі словамі. Аказваецца, простая паперка ў форме паштовага пераводу можа выклікаць эмоцыі. Трэба цаніць тых, хто побач з намі, ня толькі калі ўсё ОК, але і калі ім дрэнна, калі цяжка.

Адчуваньне, што ты ў заваленай шахце. Зьнясілены, раструшчаны, кінуты. І раптам у апраметную імглу пранікае малюпасенькі праменьчык сьвятла. І гэта дае табе сілы, веру і надзею. У слабеючых руках зьяўляецца сіла. Ты скрабеш пароду і паўзеш да сьвятла і жыцьця. І гэта ня мой пэрсанальны сэнтымэнталізм.

Побач са мной Аляксандар Арастовіч, разгублены і зьдзіўлены. А ў руках прадмет, які выклікаў гэтае зьдзіўленьне, — паведамленьне аб грашовым пераводзе. Ад незнаёмай яму жанчыны. «Якія яны ўсё ж такі малайцы!» Здаецца, зараз пырсьне на паперку сьлязой. Я яго разумею. Мы абодва ўбачылі адно і тое ж сьвятло, якое пракралася ў наша падзямельле.

* * *

Зьбіраю брудныя рэчы. Для іх прыстасаваў чорны поліэтыленавы пакет. Сартаваньне па пакетах з выкарыстаньнем каляровай гамы — гэта эўрапейскія тэхналёгіі на рэжымным аб’екце з савецкага мінулага. Заўтра паспрабую здаць у пральню. Гэтае права дэ-юрэ распаўсюджваецца на іншагародніх, не менчукоў, але дэ-факта залежыць ад таго, зь якой нагі ўстаў начальнік СІЗА. Гэта на яго імя трэба пісаць прашэньне, каб узялі ў пральню брудныя рэчы. Дарэчы, наконт любой драбніцы, будзь гэта замена лямпачкі або набыцьцё прадуктаў за свае ж грошы, трэба зьвяртацца да начальніка. Кожная чалабітная павінна нагадваць пра тваю залежнасьць і твой паднявольны статус.

* * *

Камэра — памяшканьне шматфункцыянальнае. Гэта і спальня, і кухня, і пральня, і спартзаля. Сёньня ў яе статус цырульні. Выдалі машынку для стрыжкі.

Абставіны не спрыяюць манікюру-пэдыкюру, але і апускацца да стану занядбанага калгаснага саду ня хочацца. Кажуць, некалі можна было замовіць цырульніка проста ў «амэрыканку». Пішаш заяву, і чалавек з наборам нажніц да тваіх паслуг. Адзіная ўмова — стрыжка праходзіць у прысутнасьці кантралёра, і ты ня маеш права гутарыць з цырульнікам. Але гэта ў мінулым. Сёньня можна спадзявацца толькі на спрыт калегаў па няшчасьці.

Анатоль Лябедзька пасьля вызваленьня з турмы КДБ

Анатоль Лябедзька пасьля вызваленьня з турмы КДБ

Я вырашыў не падстаўляцца пад нажніцы і брытву. Прынамсі ў агляднай будучыні. Гэта свайго кшталту экспэрымэнт па стварэньні новага іміджу. Раз ужо так склаліся абставіны, чаму б не пабыць такім, якім ня можаш быць у звычайным жыцьці?

У такі дзень ёсьць магчымасьць бачыць сябе ў люстэрку. Расьліннасьць ужо пакрыла значную тэрыторыю твару. Здаецца, гэта надае абрысу дадатковую суровасьць і жорсткасьць. А гэта якраз тое, што трэба ў маім становішчы.

Сукамэрнікі ж бяз жалю расстаюцца з валасяным покрывам. Працэс адбываецца наступным чынам. На бэтоне расьсьцілаюць газэту, на яе ставяць крэсла. Паддосьледны «кліент» з тунікай-прасьцінаю на плячах, усьмешлівы практыкант-цырульнік, машынка гудзе ў руках. Усе астатнія жыва камэнтуюць падзеі і не скупяцца на парады. Самая папулярная прычоска — бокс. Машынку выстаўляеш на двойку — і пайшоў гуляць па чэрапе. Туды-сюды.

* * *

Баюся сурочыць, але, здаецца, мае лісты даходзяць дадому. Гэтую аптымістычную выснову я зрабіў на падставе зьмесьціва перадачы. Анучныя рукавіцы, шапка, грабянец. Гэта ўсё тое, пра што я прасіў у лісьце. Дзякуй богу! Я бясконца рады хай сабе і аднабаковаму руху інфармацыі, і таму застаюся ў добрым гуморы. І ў камэры ўжо ня так зябка, і ў кашы нейкі іншы водар, які ўзбуджае яго вялікасьць апэтыт.

Зараз на шпацыры буду адчуваць сябе значна камфортней. Дагэтуль на зарадцы мусіў выкарыстоўваць скураныя пальчаткі, цяпер жа ў анучных рукавіцах будзе нашмат спрытней. Яшчэ адна шапка — добры дадатак да капюшона курткі. Грабянец — наагул рэч неабходная для маіх валасоў, якія вяртаюцца ў юнацтва.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ






29 студзеня, субота

Мэдыцынскае абслугоўваньне ў СІЗА мае сваю спэцыфіку і асаблівасьці. Лекарскі пакой — на ніжнім ярусе. Невялікія сенцы і сам кабінэт. Два сталы. Два акны. На падваконьнях парачка вазонаў. Некалькі шафаў з прэпаратамі. Кушэтка. Крэслы. Белая вага. Перасоўная шырма. На сьцяне некалькі плякатаў. Трэба прызнаць, дзіўнага зьместу. Да прыкладу, набор парадаў парадзіхам. «Амэрыканка» ніяк ня цягне на радзільнае аддзяленьне. Хутчэй тут падабенства да моргу.

Лекар — змрочны тып з гумовым тварам. На ім адзін і той жа застылы выраз. Штампоўка ліцейнага цэху. Што адчувае гэты чалавек, зразумець немагчыма. Твар не чытаецца. Ні жалю, ні раздражненьня, ніякіх эмоцыяў, нічога. Вочы, здаецца, не міргаюць і хутчэй скануюць, чым глядзяць на цябе. Ён таксама носіць свайго кшталту маску і вельмі арганічна ўпісваецца ў чорна-зялёную тканіну, у якую зацягнутыя твары ахоўнікаў. Мабыць, такім і павінен быць лекар СІЗА КДБ. Ён частка агульнага інтэр’еру. І калі ёсьць задача стварыць у чалавека, які трапіў у «амэрыканку», адчуваньне безвыходнасьці, то зь ёй ён спраўляецца бліскуча. Ужо на першай сустрэчы ў мяне зьявілася аналёгія зь лекарам канцлягера. І ў далейшым яна толькі ўмацоўвалася. Гэта тыпаж.

А вось яго асыстэнтка выбіваецца з інтэр’еру і ў гэтай чорнай зграі выглядае крыху напужанай белай варонай. Можа, гэта ўзроставае і яна яшчэ не пасьпела прасякнуцца тутэйшымі традыцыямі. Зь цягам часу людзі робяцца падобнымі да рэчаў, якія іх атачаюць.

На сьцяне некалькі плякатаў. Да прыкладу, набор парадаў парадзіхам. «Амэрыканка» ніяк ня цягне на радзільнае аддзяленьне. Хутчэй тут падабенства да моргу
Калі ж зірнуць на сытуацыю без прывязкі да майго цяперашняга становішча, то я з задавальненьнем канстатую, што тутэйшы лекар — гэта ўсё ж выключэньне, а ня правіла. Ён складае рэзкі кантраст мэдыкам, зь якімі мне давялося сутыкнуцца падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У лістападзе я мусіў легчы на апэрацыйны стол. Перасунуць дату было ніяк немагчыма, і так гэтай апэрацыі чакаў паўгода.

Сустрэлі мяне ў мэдыцынскай установе з сумесьсю зьдзіўленьня і ветлівасьці. Зьдзівіліся, што я адстаяў у агульнай чарзе. Узрадаваліся самой магчымасьці непасрэднай гутаркі. Прынамсі, мне так здалося. Кіраўнік цэнтру зладзіў гадзінную экскурсію. Трэба сказаць, паглядзець было на што. І ўбачанае на свае вочы, пачутае сваімі вушамі захапляла і натхняла. Без перабольшваньня.

Дарэчы, мяне паспрабавалі зьмясьціць у VIP-палату, супраць чаго я запярэчыў. Не таму, што сьціплы, проста ў гэтым не было ніякай неабходнасьці. Палата на чатырох — цалкам камфортная. Хоць, не схаваю, прапанову пачуць было прыемна.

На суседнім ложку ляжаў здаравенны дзяцюк. Падумалася — напэўна, спартовец. Практычна не памыліўся. Спартсмэн, але былы. Выпускнік інстытуту фізкультуры. А цяпер... капітан спэцназу. Гэта быў свайго роду маленькі сюрпрыз. Па маёй правай, праблемнай руцэ ў свой час патапталіся капітанавы калегі.

Спазназ міліцыі, ілюстрацыйнае фота

Спазназ міліцыі, ілюстрацыйнае фота



Сам кэп аказаўся зусім сабе прасунуты. З ноўтбукам у здаровай руцэ. Падзараджаўся спэцназавец навіннай стужкай «Хартыі» і «Белпартызана».

Мы абодва часова аднарукія. Ён бязь левай, я бяз правай. Гаворым пра выбары. Капітан мае намер аддаць свой голас альбо Саньнікаву, альбо Раманчуку. І тут у палату ўвайшоў, не, хутчэй укаціўся, кругляк. Твар расьпілаваны ўсьмешкай напалам, у кулачышчы — вялікая сетка з аранжавымі апэльсінамі.

Пасьля сыходу калегі капітан апэтытна зарагатаў: «Толькі наш брат мог прынесьці апэльсіны! І што мне цяпер зь імі рабіць?» — бездапаможна тыцкаў ён у аранжавыя шары белай павязкай.

Пасьля апэрацыі я быў абкружаны ўвагай і клопатам мэдпэрсаналу. Праўда, не абышлося без кур’ёзу.

Рэч у тым, што на Кастрычніцкай плошчы была заплянаваная сустрэча некалькіх кандыдатаў у прэзыдэнты з выбарцамі. Свайго кшталту рэпэтыцыя Плошчы. І тут да мяне зачасьцілі лекары. Зазіраюць у палату кожныя паўгадзіны. Спачатку я не зразумеў, у чым справа, пакуль адзін зь іх не раскрыў карты: «Анатоль Уладзіміравіч, сёньня ў горадзе акцыя, дык вы ўжо нас не падвядзіце. Да нас тут прыходзілі... Ну, самі разумееце... Адным словам, трэба, каб вы не пакідалі палату».

Так, КДБ адпякае! У мяне далонь прашытая, рука па локаць запакаваная ў жорсткую павязку. Кропельніца, прылада адводзіць кроў ад раны, абязбольвальныя ўколы. Вядома ж, я даў слова! Але, мабыць, начальства вырашыла падстрахавацца — на працягу дня галава мэдсястры, нібы зязюля ў гадзіньніку, рэгулярна зазірала ў прастору дзьвярэй і, зафіксаваўшы маю прысутнасьць у палаце, зьнікала.

Маё вымушанае знаходжаньне ў мэдыцынскай установе мела практычны працяг. У праграму кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука мы тут жа ўнесьлі пункт аб стварэньні ў кожнай вобласьці спэцыялізаваных мэдычных цэнтраў. І, трэба прызнаць, гэтая прапанова мела посьпех і падтрымку на наступных сустрэчах з выбарцамі. Прычым катэгарычную.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук



Мэдыцына можа і павінна быць адным з прыярытэтаў беларускай дзяржавы. Кваліфікацыя мэдпэрсаналу пакуль яшчэ дазваляе ставіць самыя амбітныя задачы. Можна ня толькі ліквідаваць гэтыя ганебныя чэргі ў паліклініках, але і зарабляць добрыя грошы. Пры разумнай палітыцы мэдыцына можа стаць візытоўкай Беларусі, аналягам швайцарскіх гадзіньнікаў або фінскай сыстэмы адукацыі.

Сёньня я не ўтрымаўся ад спакусы праверыць гэты пункт праграмы на сукамэрніках. Бліскучы вынік! Калі б гэта было ў пэрыяд выбарчай кампаніі, я б забраў усе галасы. Стоадсоткавая падтрымка.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




30 cтудзеня, нядзеля

І ў звычайным, будзённым жыцьці бывае па-ўсякаму. У становішчы ж вязьня СІЗА ўсякія рамкі рассоўваюцца, расьцягваюцца. Часам да стану нечаканага і нязвыклага.

Няпроста знаходзіцца ў абмежаванай прасторы чатыром-пяці мужыкам. Часьцяком зусім розным — па характары, па поглядах. Часам узьнікаюць перапалкі, здараюцца і ўспышкі гневу. Але ўсе разумеюць, што паасобку ня выжыць. І гэта аб’ядноўвае, робіць нас лепшымі, чым мы ёсьць на самой справе.

У нашым становішчы людзі робяцца шчырэйшымі. Ім хочацца выгаварыцца. Ёсьць попыт на спагаду, на разуменьне. Адчыняюцца дзьверы, у звычайным жыцьці зачыненыя для іншых. Ува мне бачаць таго, каму можна паспавядацца.

Мяне называюць Правадыром. Можа, гэта не выпадкова?
Я павінен ведаць усё. У мяне на ўсё павінен быць адказ і парада. Натуральна, я ўсяго ня ведаю. Але расчароўваць не магу. І так навокал столькі нэгатыву. Хай даруюць, але часам я хітрую. Часам прыдумляю. Галоўнае, каб даць чалавеку, які зьвярнуўся да мяне, пункт апоры, усплёск надзеі, порцыю аптымізму.

Мяне называюць Правадыром. Можа, гэта не выпадкова?

Гэтага часу было цалкам дастаткова, каб ня толькі скласьці думку пра тых, хто побач, але і сыстэматызаваць кантынгент «амэрыканкі» па групах. Па-першае, кідаецца ў вочы даволі вялікая колькасьць прадстаўнікоў бізнэсу. Відавочны доказ таго, што прадпрымальніцтва ў Беларусі — справа рызыкоўная і небясьпечная. Як правіла, гэта людзі ад трыццаці да сарака з хвосьцікам. Адукаваныя, з наборам здольнасьцяў, якія дазволілі дамагчыся немалога нават у неспрыяльных умовах беларускай рэчаіснасьці.

Другая група — гэта чыноўнікі, людзі з кіраўніцтва прадпрыемстваў. Зразумела, з прыстаўкай «экс». Нядаўнія ўладальнікі кабінэтаў на некалькі вокнаў, пэрсанальных аўто і асабістых сакратарак. Чыноўнікі — гэта людзі з прыемным мінулым, цяпершчынай, якая страшыць, і невядомай будучыняй. Асобна тут стаяць чыноўнікі ў пагонах. У асноўным МУСаўцы.

Трэцяя група — маладыя людзі, якім ледзь за дваццаць. Сядзяць на наркатычнай іголцы і падсаджваюць на яе іншых. Наконт першай часткі можна было б сказаць: чорт з вамі, а наконт другой — нашто ж вы іншых губіце? Як правіла, паводле прысуду атрымліваюць на поўную катушку. Восем-дзесяць гадоў. Але пры адсутнасьці нейкіх надзвычайных здарэньняў гады праз чатыры іх чакае воля.

І чацьвёртая група — гэта мы, «ворагі народу».

Сярод чынавенскіх пэрсанажаў я б вылучыў былога намесьніка мэра Магілёва Ўладзімера Цітка. Недурны, таварыскі на мяжы балбатлівасьці. У той жа час даволі скрытны.

Ху із містэр Ціток, я даведаўся толькі, калі мы рассталіся. Пакуль мы разам сядзелі ў чацьвёртай камэры, экс-чыноўнік граматна і прафэсійна граў ролю пакрыўджанага лёсам і ўладамі пажылога чалавека. Маўляў, прывёз на лецішча трохі пяску зь дзяржаўнага кар’еру, вось і ўсе грахі. Потым, праўда, пад настрой выціснуў зь сябе апісаньне пагоні і далейшага затрыманьня. Гадзінная аўтамабільная гонка-перасьлед па прасёлкавых дарогах. З маячкамі, віскам тармазоў і ляжаньнем на капоце. Гэтай гісторыі было дастаткова, каб засумнявацца, што ўсе праблемы — толькі ў кучы пяску.

Пры гэтым Уладзімер дэманстраваў нядрэннае веданьне агульнапалітычнай і эканамічнай сытуацыі ў краіне. Арыентаваўся ў калодзе беларускай апазыцыі. Даў зразумець, што на «ты» з нашым Валодзем Шанцавым (лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі).

Уладзімер Шанцаў

Уладзімер Шанцаў



Пасьля таго як над пяшчанымі кар’ерамі Ўладзімера Цітка была прыўзьнята заслона таямніцы, усё стала на свае месцы. Будаваў экс-чыноўнік, вядома ж, ня лецішча-хацінку, а сучасны катэдж. І, трэба разумець, ня толькі за кошт працоўных ашчаджэньняў. Зрэшты, гэта ўжо справа кампэтэнтных органаў. Магчыма, у гэтай справе, без палітычнага складніку, яны будуць бесстаронна прытрымлівацца літары закону.

Мне ж стаў зразумелы скепсіс, які Ўладзімер Ціток дэманстраваў у дачыненьні да палітычнай апазыцыі. Лягічнымі выглядалі цяпер і выказваньні ў абарону ўладнай вэртыкалі, і рэвэрансы ў бок «добрага цара». Нават у СІЗА ён заставаўся часткай той самай сыстэмы, якая спачатку яго выгадавала, а потым кінула на нары «амэрыканкі». Беларускі чыноўнік — збольшага істота баязьлівая. Яго адметная рыса — прыстасаваньне да навакольнага асяродзьдзя. У лесе ён будзе зялёны, у пустыні — жоўта-карычневы. У вадзе ў яго вырастуць жабры, пры наяўнасьці мух і камароў ён абзавядзецца хвастом.

На фірму наляцелі людзі ў масках і павезьлі з сабой больш за трыццаць чалавек. Усіх разьмясьцілі на «Валадарцы», Кісялёва адправілі ў «амэрыканку». Сярод затрыманых апынуўся і брат Аляксандра, які прыехаў пагасьцяваць да сваяка ў Беларусь. Вось такая беларуская гасьціннасьць!
Зь бізнэс-групы самае моцнае ўражаньне на мяне зрабіў Саша Кісялёў. «Алігарх», як паўжартам-паўсур’ёзна, але паважліва называюць яго ў СІЗА, аказаўся вельмі пазытыўным хлопцам. Па беларускіх мерках у Кісялёва быў прыстойны бізнэс: пастаўкі садавіны. І гэта далёка ня ўсё, чым займаўся бізнэсмэн Аляксандар Кісялёў. Асноўны профіль — стварэньне бізнэсу з нуля, а затым яго продаж. У Аляксандра расейскі пашпарт. Ён скончыў Гомельскі каапэратыўны інстытут. У Беларусі знайшоў сваю другую палавінку, і цяпер у іх чатыры дачкі. Жаночы батальён, як жартаваў Алігарх падчас нашых шчырых гутарак за кубкам гарбаты. Бацькі жывуць у Расеі. У «амэрыканцы» ўжо больш за год. На фірму наляцелі людзі ў масках і павезьлі з сабой больш за трыццаць чалавек. Усіх разьмясьцілі на «Валадарцы», Кісялёва адправілі ў «амэрыканку». Сярод затрыманых апынуўся і брат Аляксандра, які прыехаў пагасьцяваць да сваяка ў Беларусь. Вось такая беларуская гасьціннасьць!

Саша — чалавек камунікабэльны. Як высьветлілася, мы зь ім маглі пазнаёміцца раней. «Я неяк бачыў вас на аўтазапраўцы на другім кальцы. Нават хацеў падысьці павітацца, але не наважыўся. А вось цяпер абставіны зьвялі нас».

У мяне склалася думка, што з Кісялёва выбіваюць грошы. Яму адкрыта і цынічна прапануюць выкупіць свабоду. Сваю і падначаленых. Цана прыстойная — 30 мільёнаў даляраў. Аляксандар гатовы на дваццаць. Такі, на яго думку, кошт ягонага асабістага самалёта. «Прадам самалёт і разьлічуся. І не таму, што вінаваты. Хачу, каб адпусьцілі людзей, за якіх я адказваю». Але, як сьцьвярджае Аляксандар, такі фармат не задавальняе дзелавых людзей з канторы. Ідзіце і думайце, кажуць яму. Але нічога іншага прадпрымальнік прыдумаць пакуль ня змог. Больш як за год Аляксандар зьмяніў тут дванаццаць камэр. Разам мы былі два тыдні, потым яго перавялі ў трынаццатую. Можа, яна адчыніцца ў прастору, якая завецца свабодай?

Кісялёў выявіўся ня толькі цікавым, таварыскім чалавекам, але і кантрастуе з вобразам багатага расіяніна. Я такі ж, як усе, чыталася ў ягоных учынках і меркаваньнях. Ніякай распальцоўкі і бравады. Яму падабалася кухарыць. З асаблівым задавальненьнем Алігарх калдаваў над гатаваньнем салатаў. Ён стругаў, чысьціў, рэзаў, зьмешваў, саліў, перчыў. Адным словам, калдаваў! І, дзеля справядлівасьці трэба сказаць, выходзіла ў яго смачна.

У суботу Кісялёў, надзеўшы хірургічныя пальчаткі, старанна цёр халодны і вечна брудны бэтон. Ён усё рабіў грунтоўна. У свае трыццаць восем меў уласнасьць ня толькі ў Менску, але і ў Маскве і Лёндане, пасьпеў пабываць у шмат якіх кутках плянэты. У тым ліку за штурвалам асабістага самалёта. І калі мяне сукамэрнікі прасілі распавесьці пра ўнутраны сьвет беларускай і замежнай палітыкі, то Аляксандра — пра падарожжы па белым сьвеце.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала
XS
SM
MD
LG