Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — база, заўтра — ядзерная зброя?


Расея заявіла пра намер разьмясьціць у Беларусі ў 2015 годзе авіяцыйную базу. Як гэта пагражае сувэрэнітэту краіны?

У якой ступені вайсковы інтарэс Крамля абумоўлівае падтрымку ім Аляксандра Лукашэнкі? Ці маюць рацыю тыя, хто не выключае вяртаньня на тэрыторыю Беларусі ядзернай зброі?

Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Свабода бяз гальштукаў» абмяркоўваюць вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін і супрацоўнікі беларускай Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.


Фрагмэнт дыскусіі:

Навумчык: Спадар Алесін калісьці пісаў, што ў расейскім генштабе генэралы з жахам уяўляюць сытуацыю, пры якой Менск адмовіўся б ад вайсковага супрацоўніцтва з Масквой. Сапраўды, на адлегласьці ад Воршы да Масквы (калі выключыць сыстэму СПА) фактычна няма ніякай дывізіі. Гіпатэтычна ўявім, што Беларусь заявіла: «мы ідзем у НАТО», і што пайшлі на Маскву НАТАўскія танкі — дык выглядае, што на ўсёй гэтай адлегласьці не было б ніводнага расейскага салдата, акрамя «пацешнага» крамлёўскага палка, салдаты якога ходзяць каля маўзалея. Фактычна, танкі спыніла б хіба толькі тое, што стварыла праблему ў 1812 годзе для Напалеона, а ў 1941 — для Гудэрыяна: дрэнныя расейскія дарогі. Ці сапраўды — Беларусь адзіны для Масквы шчыт?

Алесін: Трэба ўдакладніць, што калі сыходзіць з пазыцыі сучасных вайсковых тэарэтыкаў, дык танкі, канешне, сёньня на Маскву ня пойдуць. Але тое, што Беларусь зьяўляецца і пляцдармам, і шчытом Расеі і Масквы — гэта абсалютная праўда. І найперш гэта тычыцца супрацьпаветранай абароны. Калі гіпатэтычна НАТО выйшла б на рубеж Смаленску — там да Масквы 300 кілямэтраў — гэтая адлегласьць нават тым сілам СПА, якія цяпер прыкрываюць Маскву, не пакідае магчымасьці перахапіць высокадакладную зброю (крылатыя ракеты), якія маглі б быць выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі ў бок Масквы і Цэнтральнага прамысловага раёну. Таму для Расеі жыцьцёва важны рубеж СПА на тэрыторыі Беларусі.

Навумчык: І калі б Беларусь у вайсковым сэнсе адвярнулася ад Расеі і павярнулася да НАТО — дык для Крамля каштавала б вялізных сродкаў паставіць такі шчыт ля Масквы?

Алесін: Так. Расейскія вайсковыя тэарэтыкі кажуць пра дзясяткі мільярдаў даляраў. Але думаю, што нават і ў гэтым выпадку было б цяжка забясьпечыць з высокай ступеньню верагоднасьці перахоп усіх крылатых ракет.

Навумчык: Плюс яшчэ і час — гэта ж робіцца не за адзін дзень і нават не за адзін год.

Алесін: Абсалютна дакладна. Нейкі час спатрэбіцца, каб прывесьці ў дзеяньне ўсю гэтую сыстэму.

Навумчык: Юры, дык выглядае, што ня Пуцін фінансуе рэжым Лукашэнкі, а наадварот — Лукашэнка выратоўвае вялізныя сродкі Расеі, якія вызваляюцца ад стварэньня гэтага шчыта. Ці вы згодны з тым, што Пуцін (альбо нехта іншы, хто будзе ў Крамлі) будзе трымаць Лукашэнку пры якіх заўгодна сытуацыях, пакуль вайсковая дактрына Беларусі будзе палягаць у рэчышчы інтарэсаў Расеі?

Дракахруст: Так, у гэтым сэнсе — сапраўды, Лукашэнка, дарэчы, шмат разоў пра гэта казаў, што «мы ж вам забясьпечваем шчыт, у вас жа за Воршай нічога няма». Сапраўды, гэта ягоныя козыры. Магчыма, расейцы лічаць — а куды яму асабліва дзецца? Козыраў няшмат. Расейцы даюць канкрэтныя рэчы — зьніжкі, доступ на свой рынак. Ну а што Беларусь можа даць? Прыватызацыю — не, Лукашэнка гэтага ня хоча. Таму — дае нейкія саступкі ў сфэры абароны.

Поўнае відэа - пазьней на сайце svaboda.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG