Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея разьмесьціць сваю авіябазу ў Беларусі


Расейскі зьнішчальнік «Су-35»

Расейскі зьнішчальнік «Су-35»

Мінабароны РФ плянуе ў 2015 г. разьмясьціць у Беларусі авіябазу, першае зьвяно зьнішчальнікаў прыбудзе ўжо сёлета.

Расея заявіла пра намер у 2015 годзе разьмясьціць у Беларусі сваю авіяцыйную базу. Сёлета будзе пастаўлена першае дзяжурнае зьвяно баявых зьнішчальнікаў.

Пра гэта заявіў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы ў Менску з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы прыступаем да разгляду пляну па стварэньні тут расейскай авіяцыйнай базы з самалётамі-зьнішчальнікамі. Спадзяемся, што ў 2015 годзе тут зьявіцца авіяцыйны полк. У 2013-м мы створым авіяцыйную камэндатуру тут і паставім першае дзяжурнае зьвяно баявых зьнішчальнікаў», — цытуе Інтэрфакс кіраўніка ваеннага ведамства Расеі.

Шайгу таксама заявіў, што на пасяджэньні сумеснай калегіі Міністэрстваў абароны Расеі і Беларусі ў Менску будзе разгледжаны вялікі комплекс пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва.

Ён паведаміў, што паводле дамоўленасьці Лукашэнкі і Пуціна ўжо ў 2014 годзе Расея паставіць у Беларусь чатыры дывізіёны «С-300» для абароны паветранай прасторы.

Таксама ён паведаміў пра сумесную праграму стварэньня адзінай супрацьпаветранай абароны, якая павінна абараняць паветраныя межы і прасторы саюзнай дзяржавы.

Міністар абароны Расеі праінфармаваў, што цяпер расейскія і беларускія вайскоўцы вельмі актыўна рыхтуюцца да сумеснага вучэньня «Захад-2013», каб спраўдзіць, «наколькі мы гатовыя да сумеснага рэагаваньня на сучасныя выклікі».


Генэрал Казлоўскі: «У расейскай авіяцыйнай базы ў Беларусі будзе расейскі начальнік»


Павал Казлоўскі

Павал Казлоўскі

«Дамоўленасьць паміж Масквой і Менскам аб пастаўцы ракет „С-300“ і аб адкрыцьці ў Беларусі расейскай авіяцыйнай базы ўжо дасягнутая. Інакш не было б публічнай заявы пра гэта», — сказаў карэспандэнту «Свабоды» першы міністар абароны Рэспублікі Беларусь Павал Казлоўскі:

«Гэта робіцца для ўмацаваньня Аб’яднанай супрацьпаветранай сыстэмы дзьвюх краін. Гэта сыстэма абарончая. І таму я ня думаю, што разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі расейскіх зьнішчальнікаў і ракет „С-300“ выклікае нейкую рэакцыю альбо антырэакцыю Захаду.

Гэта мае асабістыя меркаваньні. Вось калі б замест комплексаў „С-300“, якія зьяўляюцца часткай супрацьпаветранай абароны, сюды завезьлі тактычную зброю — ракеты „Іскандэр“, то гэта была б ужо зусім іншая гісторыя».

Пытаюся ў экс-міністра абароны: хто будзе камандаваць расейскай авіяцыйнай базай на тэрыторыі Беларусі?

«Расейскай авіяцыйнай базай, як і базамі ў Баранавічах і пад Вілейкай, вядома, будуць камандаваць расейскія начальнікі. Масква іх прызначае. Там, праўда, працуюць і мясцовыя людзі, але як падсобныя рабочыя па найму. А вайсковыя разьлікі, вайсковыя каманды там расейскія».

«Значыць, яны могуць прымаць рашэньні самі, без узгадненьня зь беларускім бокам?» — удакладняю ў Паўла Казлоўскага.

«Я думаю, што такога ня будзе. Калі расейскія войскі ўвойдуць, як я гэта бачу, у склад Аб’яднаных супрацьпаветраных сілаў, то яны будуць падпарадкоўвацца ў пляне ўжываньня баявых сродкаў кіраўніцтву Аб’яднаных супрацьпаветраных сілаў, то бок той камандзе, якая будзе кіраваць Заходнім напрамкам. Гэта камандуючы беларускімі войскамі супрацьпаветранай абароны, расейскія прадстаўнікі. Схема можа быць прыкладна такой».


Генэрал Фралоў: «Празь Беларусь Расея абараняе свае дальнія рубяжы»


Валеры Фралоў

Валеры Фралоў

Ракеты «С-300», 4 дывізіёны якіх Расея плянуе разьмясьціць у Беларусі, уваходзяць у сыстэму супрацьпаветранай абароны, — тлумачыць генэрал-маёр у адстаўцы Валеры Фралоў:

«Цяпер працуюць над новымі мадыфікацыямі, але і гэтыя ракеты — вельмі сур’ёзная штука. І калі амэрыканцы спрабуюць усталяваць свае супрацьракетныя сыстэмы ў Польшчы, Чэхіі, яшчэ дзесьці, то аналягічна дзейнічае і Расея. Яна мае магчымасьць усталяваць свае ракеты ў Беларусі. І робіць гэта».

Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы ўкладаецца ў агульнае рэчышча вайсковага супрацоўніцтва Масквы і Менску, лічыць Валеры Фралоў:

«Таму што супрацьпаветраная абарона ўключае ў сябе і авіяцыю. Да таго ж у нас, у Беларусі, яны ў адной сыстэме. Таму гэта ў тым жа самым ключы, што і пастаўкі ракет „С-300“. Яны ўсе будуць выконваць агульную задачу ў рамках супрацьракетнай і супрацьавіяцыйнай абароны.

Тут усё ідзе ў прадуманым, плянавым рэжыме. Узмацняецца вайсковая групоўка, у тым ліку і з мэтай абароны на дальніх рубяжах Расеі. Тут усё лягічна.

Я думаю, што гэтая схема будзе нагадваць схему ў АДКБ, кшталту — адзіныя мэты, адзіныя задачы. Тэхнічнае абслугоўваньне, мабыць, будзе расейскае. Тут у беларусаў ня хопіць магчымасьцяў. А выкарыстоўвацца будуць адзіным камандаваньнем па адзіных задачах і мэтах. Толькі так гэта можна разглядаць».

Рымашэўскі: Расейскія базы — гэта сродак акупацыі


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі заявіў, што «разьмяшчэньне расейскіх войскаў на беларускай тэрыторыі груба супярэчыць Канстытуцыі, якая замацоўвае статус Беларусі як нэўтральнай дзяржавы».

«Застаецца невядомай цана, якую заплаціла Расея за разьмяшчэньне сваёй базы. Але відавочна, што коштам гэтых антынацыянальных рашэньняў сёньняшніх уладаў можа стаць незалежнасьць Рэспублікі Беларусь», — адзначыў палітык прэс-службе БХД.

«Расея неаднаразова пацьвярджала за апошнія дзесяцігодзьдзі, што яе базы выступаюць як сродак акупацыі той краіны, на тэрыторыі якой яны знаходзяцца. Вайна ў Грузіі — яскравае сьведчаньне гэтага. Я як сустаршыня БХД выступаю катэгарычна супраць гэтых антынацыянальных рашэньняў, бо яны супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, нацыянальным інтарэсам і пагражаюць незалежнасьці краіны», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Расея заявіла пра намер стварыць у Беларусі да 2015 году сваю авіябазу. Першыя зьнішчальнікі павінны прыбыць ужо сёлета.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG