Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча чакае дадатковай інфармацыі пра авіябазу і манэўры


Лешак Шарэпка

Лешак Шарэпка

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка адказаў на пытаньне Радыё Свабода пра рэакцыю польскага боку на рашэньне разьмясьціць расейскую авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі, непадалёк ад польскай дзяржаўнай мяжы.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка сёньня адказаў на пытаньне Радыё Свабода пра рэакцыю польскага боку на рашэньне разьмясьціць расейскую авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі, непадалёк ад польскай мяжы. Ён таксама выказаў свае меркаваньні наконт магчымага паляпшэньня дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Сёньня амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка і ягоны ізраільскі калега Ёсіф Шагал правялі сумесную канфэрэнцыю з нагоды 70-х угодкаў паўстаньня ў Варшаўскім гета. У залі польскай амбасады сабраліся навукоўцы, дыпляматы, прадстаўнікі габрэйскай супольнасьці. Скарыстаўшыся магчымасьцю, я пацікавіўся ў кіраўніка дыпляматычнай місіі Польшчы ягоным стаўленьнем да заявы аб стварэньні расейскай авіябазы ў Беларусі:

«Любая краіна можа вырашаць самастойна свае абаронныя пытаньні так, як яна гэтага хоча. Але яна павінна ўлічваць свае міжнародныя абавязаньні. У нас вельмі мала інфармацыі пра расейскую авіябазу, якую зьбіраюцца разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра беларуска-расейскія вайсковыя манэўры „Захад-2013“. І пакуль у нас вельмі мала інфармацыі, каб пра гэта грунтоўна гаварыць.

Мы падтрымліваем запыт, які ўжо зрабілі Літва і Латвія, дзеля таго, каб атрымаць болей інфармацыі наконт манэўраў. Мы ўваходзім у НАТО. І вайскоўцы ў рамках НАТО, мабыць, будуць пра гэта гаварыць».

Палітоляг Алесь Лагвінец называе камэнтар польскага амбасадара «вельмі асьцярожным»:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Зразумела, што калі адна краіна дзейнічае настолькі аднабакова, то яна выпадае з рэгіянальнага кантэксту. І такое дзеяньне скіраванае супраць іншых краінаў рэгіёну. Я думаю, што такія дзеяньні можна трактаваць як выпад на дзеяньні НАТО і дзеяньні Польшчы. Але такім рашэньнем і Расея, і Беларусь абралі шлях абвастрэньня адносінаў па пытаньнях бясьпекі са сваімі суседзямі».

Я спытаў таксама амбасадара Польшчы: ці можна казаць, што апошнім часам намеціўся трэнд да паляпшэньня дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю?

Лешак Шарэпка адказаў так:

«Мы пачалі больш інтэнсіўна кантактаваць, гаварыць, абменьвацца поглядамі безь візытаў. Але гэта яшчэ ні пра што ня сьведчыць. Я ня ведаю пра нейкія афіцыйныя заявы з Брусэлю, што мы неяк асабліва зьмянілі палітыку. Усё, што мы казалі раней аб Беларусі, застаецца і цяпер у сіле. Мы чакаем рашучых крокаў з боку ўладаў Беларусі. Аднак тое, што мы размаўляем, абменьваемся думкамі, ужо добра. Лепей размаўляць, чым рабіць іншыя рэчы».

Менск і Брусэль сапраўды цяпер на стадыі перамоваў пра дыялёг, — адзначае Алесь Лагвінец:

«Бачна, што ўладам Беларусі вельмі патрэбна неяк выправіць адносіны з Захадам. І апошні крок уладаў у выглядзе ліста Макея да дзяржсакратара — таму пацьверджаньне. Але з папярэдняй гісторыі мы ведаем, што ад словаў аб жаданьні наладзіць канструктыўныя адносіны да канкрэтных дзеяньняў у беларускіх уладаў шлях вельмі далёкі».

23 красавіка міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што Расея плянуе ў 2015 годзе разьмясьціць у Беларусі сваю авіяцыйную базу і ўжо сёлета зьбіраецца паставіць першае зьвяно баявых зьнішчальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG