Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі дэпутат: Расейская база ў Беларусі — «новая якасьць» для Польшчы


Дэпутат польскага парлямэнту Збышэк Забароўскі (Zbyszek Zaborowski) сказаў, што нядаўняе паведамленьне аб утварэньні расейскай базы зьнішчальнікаў у Беларусі азначае новую сытуацыю ў балянсе ваенна-паветраных сілаў Расеі і НАТО ў гэтай частцы Эўропы.

Адказваючы на пытаньне пра магчымую рэакцыю польскага і натаўскага бакоў на ўзьнікненьне такой базы, дэпутат Забароўскі адзначыў сярод іншага:

«Я думаю, што стварэньне гэтая авіябазы павінна выклікаць непакой, бо гэта азначае зьмену сытуацыі. Да гэтага часу не было такога тыпу расейскіх базаў у Беларусі, а былі толькі базы, у якіх дэ-факта не знаходзіліся ўзброеныя сілы — я маю на ўвазе радыёлякацыйную станцыю ў Баранавічах і вузел сувязі з падводнымі лодкамі ў Вялейцы. Расейская авіябаза ў Беларусі — гэта новая якасьць, і яна можа выклікаць заклапочанасьць як у Польшчы, так і сярод іншых краінаў-сяброў НАТО. Але я таксама думаю, што можна разглядаць гэтае запачаткаваньне рэальнага супрацоўніцтва ў галіне супрацьпаветранай абароны паміж Расеяй і Беларусьсю ў кантэксьце размоваў аб базе супрацьракетнай абароны ў Польшчы. Я думаю, што гэты кантэкст будзе прыгадваць і расейскі бок, і беларускі. Таму што працягваецца дыскусія аб пабудове базы супрацьракетнай абароны на Памор’і ў Польшчы. Ну і прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі выступіў з ідэяй узбраеньня польскіх ваенна-паветраных сілаў супрацьракетнымі сыстэмамі кароткага радыюсу дзеяньня. Хоць пакуль што гэтая ідэя знаходзіцца ўсяго на паперы».

Збышэк Забароўскі зьяўляецца дэпутатам ад Саюзу левых дэмакратаў. У Сэйме ён належыць да дэпутацкай групы, якая займаецца пытаньнямі Беларусі, і да Пастаяннай камісіі ў пытаньнях нацыянальнай абароны.

Пракамэнтаваць стварэньне расейскай авіябазы ў Беларусі мы таксама папрасілі Тадэвуша Ўрубэля (Tadeusz Wróbel), экспэрта ў вайсковых пытаньнях і журналіста польскага тыднёвіка Polska Zbrojna.

РС: Як вы ацэньваеце балянс ваенна-паветраных сілаў Расеі і НАТО ў гэтай частцы Эўропы? Чаму Расея хоча ўтварыць сваю авіябазу ў Беларусі — ці не таму, што Польшча і балтыйскія краіны маюць цяпер перавагу ў гэтых сілах?

Урубэль: Цікавае пытаньне. Расея несумненна мае менш самалётаў, чымсьці НАТО, асабліва калі браць пад увагу магутнасьць ваенна-паветраных сілаў ЗША. Але трэба нам помніць, што Расея і Беларусь ужо нейкі час працягваюць ствараць адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны саюзнай дзяржавы. Магчыма, стварэньне гэтай авіябазы зьвязанае з тым, што беларускія ваенна-паветраныя сілы цяпер апынуліся не ў найлепшай сытуацыі. Некалькі месяцаў таму зьявіліся паведамленьні, што Беларусь вельмі хоча займець новыя зьнішчальнікі з Расеі. Была гаворка, што Беларусь атрымае зьнішчальнікі Су-30, якія ў свой час вярнула Індыя. Гэта можа быць адна з прычынаў утварэньня такой авіябазы.

Ня трэба скідаць з уліку і таго, што гэта можа быць нейкая палітычная дэманстрацыя. Магчыма, гэта адказ на часовае прабываньне амэрыканскіх лётчыкаў на тэрыторыі Польшчы.

Да таго ж Расеі, як вядома, не падабаецца пабудова эўрапейскай сыстэмы супрацьракетнай абароны, якая, як яна лічыць, таксама скіраваная супраць яе. Так што прычынаў узьнікненьня такой авіябазы можа быць вельмі шмат. Пакуль што мы ня ведаем дэталяў — колькі зьнішчальнікаў будзе на гэтай базе і якога тыпу.

РС: Давайце абмяркуем дакладней аспэкт балянсу ваенна-паветраных сілаў ў гэтай частцы Эўропы. Што мае ў сваім распараджэньні Польшча, калі справа датычыць зьнішчальнікаў? Натуральна, я не пытаю ў вас пра вайсковыя сакрэты, а пра тое, што больш-менш вядома ўсім...

Урубэль: Польшча закупіла 48 сучасных зьнішчальнікаў F-16. Мы — адзіная краіна сярод новых сяброў НАТО ў Сярэдняй Эўропе, якая зрабіла такі вялізны высілак. Мы маем таксама два эскадроны постсавецкіх зьнішчальнікаў МіГ-29 — гэта 32 машыны, бо эскадрон у нас налічвае 16 самалётаў. І мы яшчэ маем эскадрон зьнішчальнікаў-бамбавікоў Су-22. Я цяпер не прыгадаю, колькі баявых самалётаў мае Беларусь, магчыма, што і крыху больш, чым Польшча, але ня ўсё зь іх, мабыць, знаходзяцца ў такім тэхнічным стане, каб выконваць баявыя заданьні. У Беларусі зьявіліся праблемы з мадэрнізацыяй вайсковых самалётаў, былі катастрофы, адна зь іх здарылася, як помнім, падчас авіяшоў у Радаме ў Польшчы.

Што тычыцца супрацьпаветранай абароны, дык Расея таксама падтрымлівае Беларусь, перадаючы ёй ракетныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны сярэдняга і кароткага радыюсу дзеяньня. Расея глядзіць на Беларусь як на свайго роду абарончы буфэр.

РС: Вы згадалі пра амэрыканскіх лётчыкаў у Польшчы. Колькі іх?

Урубэль: Польшча мае дамову з ЗША аб дысьлякацыі ў Ласку некалькіх амэрыканскіх зьнішчальнікаў і транспартных самалётаў з амэрыканскімі пілётамі на ратацыйнай аснове. Гэта сымбалічная амэрыканская прысутнасьць у Польшчы, але гэта таксама нагода для супольных вучэньняў польскіх і амэрыканскіх пілётаў.

РС: Ці думаеце, што Польшча і НАТО павінны неяк зрэагаваць на зьяўленьне такой авіябазы ў адлегласьці 200 кілямэтраў ад сваіх межаў?

Урубэль: Ня варта чакаць, што ў часы эканамічнага крызысу Злучаныя Штаты маглі б стварыць нейкую сур’ёзную авіябазу ў Польшчы. У такіх пытаньнях сёньня галоўную ролю адыгрываюць грошы, а краіны-сябры НАТО наогул абмяжоўваюць выдаткі на абарону. Я ня думаю, што тут будзе нейкая раптоўная рэакцыя з боку НАТО, але напэўна будзе маніторынг з боку альянсу.
XS
SM
MD
LG