Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура: Забароны фільма «Нявіннасьць мусульман» пакуль няма


Рэспубліканская пракуратура не плянуе захадаў, накіраваных на забарону фільма «Нявіннасьць мусульман», што ўжо зроблена ў шэрагу мусульманскіх краін і ў Расеі.

Ці будзе забаронены фільм «Нявіннасьць мусульман» у Беларусі? Прэсавы сакратар Рэспубліканскай пракуратуры Пётар Кісялёў адказаў на пытаньне Радыё Свабода:

«Ніякіх рухаў у бок забароны гэтага фільму ў нас пакуль не было. Тут добра ведаюць пра гэты фільм, наш адказны супрацоўнік спадар Радзівонаў выступаў на ОНТ пра гэта, пра экстрэмізм. Гэта было недзе тыдзень таму. Ведаюць, але пакуль да мяне нічога не даводзілі, каб нейкія былі ініцыятывы ці яшчэ што».

1 кастрычніка Цьвярскі суд Масквы на запыт Генпракуратуры Расеі прызнаў экстрэмісцкім фільм «Нявіннасьць мусульманаў» і забараніў яго распаўсюд у Расеі. Паведамлялася, што цалкам судовае рашэньне будзе агалошанае 5 кастрычніка. Раней самаробную стужку амэрыканскага прадусэра Накулы Басілі Накулы забаранілі Індыя, Эгіпет, Лібія і Малайзія.

Шмат у якіх краінах адбыліся масавыя забурэньні мусульманаў, якія палічылі, што фільм абражае прарока Мухамэда. У Лібіі пры нападзе на будынак консульства ЗША ў горадзе Бэнгазі быў забіты амбасадар ЗША Крыс Стывэнс. Што думаюць мусульмане Беларусі пра скандальны фільм?

Муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Абу-Бэкір Шабановіч мяркуе, што Беларусі патрэбны закон, паводле якога магчыма было б забараняць фільмы, якія распальваюць рэлігійную варожасьць. Спадар Шабановіч паведаміў «Свабодзе», што кіраўніцтва аб’яднаньня ўжо зрабіла захады, скіраваныя на забарону гэтага канкрэтнага фільма, але не назваў інстанцыю, у якую зьвярталіся беларускія мусульмане:

Магчыма, такі фільм будзе заблякаваны і ў нас ...

«Мы ўжо выходзілі на органы і прасілі, каб было так і так. Магчыма, такі фільм будзе заблякаваны і ў нас. Ня буду ўдакладняць, куды мы зьвярталіся, але майце на ўвазе, што мы былі занепакоеныя гэтым фільмам і зьвярталіся. Хоць неафіцыйна і праз тэлефон, але такі зварот быў, і мы спадзяемся, што гэтага ня будзе. Як і ў Расеі».

Сёлета ў ліпені ў Расеі быў прыняты закон «Аб рэестры забароненых сайтаў», паводле якога ствараецца сьпіс дамэнных імёнаў і сеткавых адрасоў сайтаў, на якіх распаўсюджваецца інфармацыя, прызнаная судамі забароненай. Закон уступіць у сілу 1 лістапада. Інтэрнэт-рэсурс YouTube ужо заявіў, што выдаліць расейскамоўную вэрсію фільма «Нявіннасьць мусульман». У Беларусі паглядзець фільм у інтэрнэце яшчэ магчыма.

Кінакрытык Максім Жбанкоў нагадаў пра дзейнасьць пры Мінкульце Беларусі экспэртнай камісіі, якая перакрывае пэўным фільмам шлях на экраны кінатэатраў. Але ўвогуле спадар Жбанкоў мяркуе, што забаронамі змагацца з ксэнафобіяй немагчыма:

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў
«Палітыка блякаваньня непажаданых стужак у фармаце кінапракату ёсьць. Але ў фармаце рэальнага распаўсюду гэта зараз немагчыма. Па-першае, таму што ёсьць бясконцыя сеткавыя крыніцы, па-другое, ёсьць пірацкая дзейнасьць. Калі ў свой час былі спрэчкі вакол фільму „Акупацыя“, сам фільм абсалютна вольна распаўсюджваўся на пірацкіх і на ліцэнзійных маскоўскіх дысках. Калі былі спрэчкі вакол „Коду Да Вінчы“, калі касьцёл пратэставаў, то зноў усе ахвотныя пасьпяхова паглядзелі фільм празь сеціва ці празь пірацкія дыскі. То бок стоадсоткавага блякаваньня непажаданага аўдыёвізуальнага кантэнту зараз проста няма, дый ня можа быць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG