Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ісламскім сьвеце працягваюцца пратэсты супраць фільму «Нявіннасьць мусульманаў»


У сталіцы Аўганістану Кабуле сёньня сотні людзей узялі ўдзел у дэманстрацыі супраць зьнятага ў ЗША антыісламскага фільму «Нявіннасць мусульманаў».

Пратэстоўцы скандавалі антыамэрыканскія лёзунгі, палілі аўтамабільную гуму, кідалі камяні.

Маніфэстацыі пачаліся ва ўсходняй частцы аўганскай сталіцы, дзе разьмяшчаюцца вайсковыя базы ЗША і НАТО.

Як паведаміў шэф паліцыі Кабулу Мухамад Салангі, некаторыя з удзельнікаў акцыі пратэсту стралялі ў паліцэйскіх. Сілам бясьпекі быў дадзены загад не адкрываць у адказ агонь, каб пазьбегнуць сутыкненьняў. Прынамсі 40 супрацоўнікаў паліцыі атрымалі нязначныя раненьні.

У сталіцы Лібану Бэйруце прыхільнікі радыкальнай шыіцкай арганізацыі «Хізбулла» таксама зьбіраюцца сёньня правесьці дэманстрацыю супраць фільму «Нявіннасьць мусульманаў».

Раней з заклікам да жыхароў Лібану правесьці акцыі пратэсту зьвярнуўся лідэр «Хізбуллы» Хасан Насрала. Ён абвінаваціў ЗША ў тым, што яны пад выглядам свабоды слова патуралі дэманстрацыі гэтага фільма ў інтэрнэце.

Міністар замежных спраў Лібану Аднан Мансур паведаміў агенцтву Reuters, што ён заклікаў кіраўніка Лігі арабскіх дзяржаваў Набіля Аль-Арабі правесьці экстраную нараду на ўзроўні міністраў замежных спраў краінаў-удзельніц арганізацыі па пытаньні рэакцыі на кінастужку.

Падчас беспарадкаў у мусульманскіх краінах, выкліканых зьяўленьнем аматарскай стужкі «Нявіннасьць мусульман», загінулі 17 чалавек, у тым ліку амбасадар ЗША ў Лібіі.
XS
SM
MD
LG