Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя кажа, што на «Славянскім базары» быў выбух


Мінулай ноччу нібыта за выкарыстаньне піратэхнічнага прыстасаваньня быў затрыманы незалежны журналіст, якому ўдалося ўцячы з-пад міліцэйскае варты.

Віцебская міліцыя сьцьвярджае, што позна ўвечары 15 ліпеня каля ратушы здарыўся выбух. Прынамсі, так было заяўлена незалежнаму журналісту, які ўжо амаль два гады не жыве ў Віцебску пасьля таго, як яго неаднаразова судзілі то за «нецэнзурную лаянку», то за «непадпарадкаваньне міліцыянтам».

Пра гэты выпадак апавёў праваабаронца Павал Левінаў:

«Затрыманьне адбылося недалёка ад летняга амфітэатру. Журналіста даставілі ў Кастрычніцкі РАУС, склалі пратакол „за зьдзяйсьненьне піратэхнічнага выбуху“. Так і невядома, дарэчы, быў такі выбух ці не — афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі пра гэта не паведамляюць».

Затрыманы катэгарычна адмаўляў сваю датычнасьць да нейкага выбуху. Яго прозьвішча Павал Левінаў просіць не называць, бо журналісту ўдалося ўцячы ад супрацоўнікаў міліцыі, якія вазілі яго на экспэртызу, каб устанавіць яго датычнасьць да выбуху. Цяпер хлопец па-за межамі дасягальнасьці віцебскіх міліцыянтаў, у тым ліку падпалкоўніка ўправы МУС Віцебскага аблвыканкаму Андрэя Іванова. Менавіта ён неаднаразова затрымліваў хлопца раней і пазнаў у твар цяпер.

Андрэй Іваноў быў таксама сярод тых, хто затрымліваў пасьля вывешваньня сьцяга на навагодняй ёлцы палітвязьня Сяргея Каваленку, а потым забараняў ахвотным праход на апошнія суды над актывістам. Вядомае і яго «неабыякавае» стаўленьне да незалежных журналістаў.
П’яны канфлікт на «Славянскім базары»
П’яны канфлікт на «Славянскім базары»

Праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што журналіста затрымалі дзеля перасьцярогі, каб у інтэрнэт ня трапілі нейкія фота- ці відэаматэрыялы нэгатыўнага зьместу пра «Славянскі базар». А такіх у апошнія дні было нямала — у тым ліку пра п’янства на фэстывалі, дзе круглыя суткі гандлююць алькаголем.

Між тым паўсюдныя міліцэйскія кардоны на тое і пастаўленыя, каб ніхто не пранёс у фэстывальны цэнтар выбуховае прыстасаваньне. Калі пры асабістым аглядзе яго немагчыма знайсьці, то навошта такія агляды ўвогуле?

Спадарыня Сьвятлана, як і многія жыхары Віцебску, абураная чэргамі перад КПП і ператрасаньнем дамскіх сумачак — праз гэта яна ўжо некалькі год ня ходзіць на фэстывальныя канцэрты:

КПП на ўваходзе ў цэнтар Віцебску.
КПП на ўваходзе ў цэнтар Віцебску.
«З прынцыповых меркаваньняў не хаджу. Калі цябе абшукваюць, лічу гэта абразай для сябе. Няма ў нас ужо такой неабходнасьці, няма столькі хуліганаў і гвалтаўнікоў, каб ладзіць такую ахову. Як у загоне гуляць — я не разумею такога задавальненьня. Па-мойму, гэта проста дэманстрацыя сілы... Канцэрты ўсе ідуць пад фанаграму, таму я не разумею, навошта плаціць такія вялікія грошы пры нашых заробках».

Фэстываль набліжаецца да заканчэньня, ужо прайшла большая частка канцэртаў, а таксама конкурсныя выступы маладых выканаўцаў. Дзеля гэтага спаборніцтва калісьці й задумваўся сам «Славянскі базар», але цяпер усё болей прапагандуюцца канцэрты «зорак».


Паводле вынікаў двух конкурсных дзён лідэр — 19-гадовы прадстаўнік Македоніі Бобан Майсоўскі. Беларускі ўдзельнік Яўген Славіч — ці то на сёмай, ці то на восьмай пазыцыі, у яго аднолькавая колькасьць балаў з прадстаўніком Армэніі. Абедзьве песьні на конкурсе прадстаўнік Беларусі выконваў па-расейску, заявіўшы, што «ў нас дзьве нацыянальныя мовы», адзначыла неабыякавая глядачка «Славянскага базару»:

«Брыдка, што наш беларускі канкурсант так не паважае беларускую мову! Ён, можа, хлопец малады, і нечага не разумее. Але ж тым, хто зь ім працаваў, хто рыхтаваў яго да конкурсу, трэба было нешта яму падказаць. Вунь кубінская сьпявачка й тая на знак павагі да краіны, у якую прыехала, прасьпявала па-беларуску! Сумняюся, што яна ўсё добра разумела, пра што сьпявала, але ж яна зрабіла гэта!»

Фэстываль «Славянскі базар у Віцебску» будзе працягвацца да 18 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG