Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Славянскі базар»: усе пайшлі на кірмаш


Музычны фэстываль «Славянскі базар» у Віцебску, які распачаўся 12 ліпеня, цяжка лічыць выключна культурніцкім мерапрыемствам. Бо гэта ня толькі канцэрты, але яшчэ й гандаль спажывецкімі таварамі на цэнтральных вуліцах, і бясконцыя шэрагі вулічных кавярняў, і ўрэшце — «Задзьвінскі кірмаш» — бадай што самае папулярнае месца ў горадзе.


У выходны дзень шмат хто з жыхароў Віцебску накіраваўся ў цэнтар гораду. Але большасьць цікавіць не мастацкая самадзейнасьць, удзельнікі якой выступаюць на канцэртных пляцоўках. І нават не магчымасьць паесьці шашлыку на сьвежым паветры ў вулічнай кавярні пад любы алькагольны напой.



Жыхароў Віцебску і гасьцей выбіць «Задзьвінскі кірмаш» — тэрыторыя на беразе Дзьвіны, дзе раней ладзіўся продаж разнастайных вырабаў — і вытворчасьці саматужных майстроў, і прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў.

Каб патрапіць сюды, трэба прайсьці пільны агляд міліцэйскага нараду: кожнаму паводзяць па бакох мэталяшукальнікам ды правераць зьмесьціва сумак. Тут жа, на століку, загадаюць пакінуць падазроныя прадметы, сярод якіх — пара бляшанак з дзіцячым харчаваньнем, пакет малака, нейкія гігіенічныя прылады.

«Слоікі з клубніцамі там стаяць — нельга таксама. Можа, нехта зь лецішча ехаў?» — дзівіцца нейкая спадарыня.

Людзі ходзяць па шэрагах, разглядаюць разнастайныя сувэніры — вырабы з керамікі, дрэва, шкла... Але купляюць мала. Сапраўдных пакупнікоў шмат толькі там, дзе гандлююць практычным таварам, а не забаўкамі: адзеньнем, абуткам, а яшчэ лекамі — нейкімі бальзамамі і націркамі паводле рэцэптаў народнай мэдыцыны, якія абяцаюць вярнуць здароўе.



Спадар Павал прадае вырабы са скуры. На канцэрты «Славянскага базару» ён ня ходзіць, але і гандлем цягам усяго дня шмат заробіць не ўдаецца:

«Сёлета зусім няма замежнікаў! А беларусы толькі паглядзяць, спытаюць кошт, і ўсё. Асабліва дзеці: скандал, „мама, купі!“ Калі нешта таннае, то мы дорым. А так, калі нешта бяруць — то гэта расейцы. Раней замежнікі прыязджалі цэлымі групамі, шукалі нешта самі, а цяпер адны беларусы, якія толькі глядзяць, а каб купіць — нуль!»

Між тым шмат хто з майстроў спадзяваўся і на прыбытак у замежнай валюце, і на іншую дапамогу. Самадзейны мастак Ігар Каперскі з Жодзіна займаецца выпальваньнем па дрэве, і каля сваіх твораў усталяваў аб’яву «Маю патрэбу ў арганізацыі маіх выставаў у Беларусі і за яе межамі»:

«У мяне выставы былі ў Менску, а далей — нікуды! Гэта называецца „пантаграфія“ — выпальваньне па дрэве. Але ў пераліку Міністэрства культуры такога віду мастацкай творчасьці няма. Таму, калі я сюды афармляўся, мяне запісала як індывідуальнага прадпрымальніка — гандляра нехарчовымі таварамі. Во гэтая карціна — „нехарчовыя тавары“, хаця я раблю гэта ўласнымі рукамі. Во так у нас у Беларусі»...

Адна з працаў Ігара Каперскага — выява Ўладзімера Пуціна. Але і на такі «рэклямны ход» рэакцыі няма: зладзіць выставу ў Расею пакуль ніхто не прапанаваў.



Яшчэ адзін гандляр — Валянцін Масьлюкоў зь Менску. Ён прадае ўласныя кнігі.

«Во гэтая — 100 тысяч, а гэтая — 60. Ад Віцебска ніякіх уражаньняў, бо не магу прайсьціся нават па горадзе, сяджу во тут. Разглядаю людзей. Людзі прыгожыя, мне падабаецца на людзей глядзець!»

Людзей на віцебскіх вуліцах зранку ня так шмат, а вот пад вечар народу паболей. Горад жыве пераважна начным жыцьцём: нехта глядзіць канцэрт, а нехта хоча проста прайсьціся па горадзе.

Сёлетні фэстываль адрозьніваецца ад папярэдніх куды большай колькасьцю харчовых «кропак», дзе круглыя суткі гандлююць алькаголем. Увечары аматары сьпіртовых напояў ад душы частуюцца, а ўночы іх затрымлівае міліцыя. Гэта стала галоўным заняткам міліцэйскіх патрулёў, сфармаваных ня толькі зь віцебскіх супрацоўнікаў МУС — іхных калегаў зьвезьлі на «Славянскі базар» з усяе вобласьці, і ўся міліцыя падчас фэстывалю працуе ў надзвычайным рэжыме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG