Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пераможца Эўрабачаньня падтрымала Алеся Бяляцкага


Ларын і жонка Бяляцкага Натальля Пінчук.

Ларын і жонка Бяляцкага Натальля Пінчук.

Швэдзкая сьпявачка Ларын, пераможца сёлетняга Эўрабачаньня, пасьля свайго выступу ў Віцебску на Славянскім базары сустрэлася з жонкай палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальляй Пінчук, намесьнікам старшыні «Вясны» Валянцінам Стэфановічам і незалежнымі беларускімі журналістамі.

Яна выказала словы падтрымкі Алесю Бяляцкаму і іншым беларускім палітзьняволеным, падпісалася пад пэтыцыяй аб забароне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Швэдзкая зорка мараканска-бэрбэрскага паходжаньня Ларын больш за дзьве гадзіны ў швэдзкай амбасадзе гутарыла з Натальляй Пінчук, прадстаўнікамі «Вясны» і незалежных беларускіх СМІ. Яна падрабязна цікавілася ўмовамі ўтрыманьня Бяляцкага ў турме, колькасьцю беларускіх палітвязьняў, станам захаваньня правоў чалавека, свабодай выказваньняў у Беларусі, леташнімі «маўклівымі пратэстамі».
Аўтограф Ларын для чытачоў Свабоды

Аўтограф Ларын для чытачоў Свабоды


У Натальлі Пінчук яна падрабязна распытвала пра справу Бяляцкага і жыцьцё сям’і пасьля арышту, захаплялася мужнасьцю Алеся і Натальлі. Натальля Пінчук распавядала ёй:

«Ужо хутка, праз 20 дзён, будзе год, як Алесь у зьняволеньні. Гэты год быў цяжкі. Зараз ён у Бабруйскай калёніі, яму створаныя даволі цяжкія маральна-псыхалягічныя ўмовы».

Выслухаўшы Натальлю, Ларын назвала яе «вельмі моцнай жанчынай»:

«Я разумею, чаму Алесь вас кахае... Я вельмі спадзяюся, што ўсё наладзіцца, што яго як найхутчэй выпусьцяць, жадаю гэтага ад шчырага сэрца. Вельмі шкада, што такая цудоўная сям’я разлучаная, сын у адным месцы, маці ў другім, а бацька ў турме. Але вы змагаецеся за правільныя рэчы».

Ларын распавяла, што яна шмат даведалася пра Беларусь ад швэдзкіх праваабаронцаў, а таксама ад сваіх фанаў, якія пісалі ёй пра Беларусь у сацыяльных сетках:

«Я была шчасьлівая даведацца, што ёсьць так шмат людзей, якія хочуць дапамагчы, якія могуць дапамагчы. Ім толькі патрэбная інфармацыя пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і пра тое, якім чынам яны могуць паспрыяць ёй».
Аўтограф Ларын для Алеся Бяляцкага: «Дарагі Алесь! Трымайся свайго сэрца і розуму. Гэта тваё»

Аўтограф Ларын для Алеся Бяляцкага: «Дарагі Алесь! Трымайся свайго сэрца і розуму. Гэта тваё»


Ларын распавяла, што ў яе не было страху перад прыездам у Беларусь.Яе бацькі родам з Марока, яна бачыла беднасьць, карупцыю, парушэньне правоў чалавека, розныя магчымасьці для мужчын і жанчын. Атрымаўшы запрашэньне выступіць у Віцебску на «Славянскім базары», Ларын усё ж доўга думала, ці ехаць у краіну, дзе парушаюцца правы чалавека. Але выбар зрабіла на карысьць аматараў яе творчасьці:

«Тут ёсьць людзі, якім падабаецца мая музыка. Калі б я не прыехала, гэта было б непавагай да іх. Таму я і прыехала выступіць з гэтай сцэны, каб падзяліцца тым, што маю. А па-другое, я прыехала, каб выказаць сваю думку, таму што я вольны чалавек, і я гэта раблю».


Ларын з ахвотай падпісалася пад пэтыцыяй з заклікам скасаваць сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Яна сардэчна абняла Натальлю Пінчук, выказала шмат цёплых пажаданьняў беларусам, і перш за ўсё — свабоды.
Ларын падпісвае зварот аб забароне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Ларын падпісвае зварот аб забароне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі


Жонка Бяляцкага Натальля Пінчук была рада нечаканай сустрэчы са швэдзкай зоркай:

«У мяне ад Ларын вялікія ўражаньні. Яна па-чалавечы пранікнёная дзяўчына, сапраўды зацікаўленая ў дапамозе і ў падтрымцы, якую можа зрабіць».

Намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч таксама адзначыў вялікую цікавасьць швэдзкай сьпявачкі да сытуацыі ў Беларусі:

«Думаю, што гэта яе асабістая грамадзянская пазыцыя, і ня толькі па Беларусі. Вядома, што падчас Эўрабачаньня ў Баку Ларын сустракалася з азэрбайджанскімі праваабаронцамі і выказвала ім падтрымку ў іхнай дзейнасьці. Нам прыемна, што яна выказала жаданьне сустрэцца з намі. Гэта была яе ініцыятыва».
Валянцін Стэфановіч і Ларын

Валянцін Стэфановіч і Ларын


Ларын знайшла ў Менску і Віцебску новых прыхільнікаў сваёй творчасьці і абяцала ім, што яе новы дыск зьявіцца ў верасьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG