Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: “Ня зьнізяць арэндную плату — шапку здымем і каля царквы станем”


Рынак «Рытм»
Рынак «Рытм»

Сёньня прадпрымальнікі Рэчыцы, якія працуюць на рынку «Рытм», стыхійна спынілі працу й накіраваліся ў райвыканкам. Яны пратэстуюць супраць высокай арэнднай платы. У зьвязку зь вялікімі падаткамі гэта, па сутнасьці, разбурае індывідуальны бізнэс.


Яшчэ нядаўна на рынку «Гандлёвыя рады» ў мікрараёне «Рытм» працавалі паўсотні прадпрымальнікаў. Цяпер іх удвая меней — толькі 23. Дый тыя зьбіраюцца згортваць працу.

Гаворыць прадпрымальніца Ганна:

«Калі ня зьнізяць арэндную плату й не прыбяруць гэты бардэль вакол рынку, мы будзем закрывацца. У нас лічыцца прыватнае прадпрыемства, і мы будзем закрывацца. Шапку здымем і каля царквы станем».

Каляжанку падтрымлівае спадарыня Натальля:

«Арэнда дарагая! На „Славянскім рынку“ атрымліваецца таньней, тут нашмат даражэй. Нявыгадна».

Зраніцы прадпрымальнікі яшчэ працавалі.
Але неўзабаве зачыніліся.

За 6 квадратных мэтраў ралеты на «Рытме» цяпер плацяць штомесяц амаль 300 тысяч рублёў арэнднай платы, альбо 46 тысяч 200 рублёў за квадратны мэтар. На Цэнтральным і «Славянскім» рынках той жа квадратны мэтар прадпрымальнікам абыходзіцца ў 14-18 тысяч.

Галіна Зьвяртоўская
«Гандлёвыя рады» ў спальным мікрараёне «Рытм» належаць прыватнаму прадпрыемству «Дыямант-Цэнтар». Ягоная дырэктарка Галіна Зьвяртоўская тлумачыць, што ня можа зьнізіць арэндную плату, бо сёлета мясцовыя ўлады паднялі ажно ў чатыры з паловай разы плату за зямлю, на якой стаяць ралеты прадпрымальнікаў:

«У нас была арэнда зямлі 622 даляры — за гэты вось участачак 9 сотак, які належыць „Дыямант-Цэнтру“ і які мы арандуем. З гэтага году арэнда ўчастка складае 2790 даляраў на год. Зямля не каштуе столькі — яна не прыносіць такія даходы. Я ж золата тут не здабываю. І нафты тут няма».

Каб разабрацца ў «мясцовай бухгальтэрыі», прадпрымальнікі й падаліся ў райвыканкам. Папярэднія паходы паасобку выніку ня мелі. Таму сёньня яны выправіліся ўсе разам.

На замок — і ў райвыканкам.
Гандаль скончыўся.

Прадпрымальнікі меліся распавесьці пра свае беды старшыні райвыканкаму Пятру Шостаку. Аднак ён даручыў выслухаць іх начальніцы аддзелу кіраваньня дзяржмаёмасьцю Натальлі Дашкевіч. Яна й распавяла, што на «Рытме» арэндная плата для прадпрымальнікаў узгоднена з павышальным каэфіцыентам 3,3 ад сярэдняй платы ў горадзе.

Плата ж за зямлю зыходзіць зь яе кадастравай вартасьці. А рашэньне наконт павышэньня платы рынку «Рытм» прымаў раённы савет дэпутатаў.

Такое тлумачэньне не задаволіла прадпрымальнікаў, і яны дамагліся сустрэчы з намесьнікам старшыні райвыканкаму Вячаславам Памалейкам.

Апошні параіў прадпрымальнікам падрыхтаваць разьлікі, каб было бачна, як зьменшыцца арэндная плата за месца, калі будзе, напрыклад, зьніжана плата за зямлю. Так што вырашальныя раўнды перамоваў з уласьнікам рынку «Рытм» і мясцовымі ўладамі ў прадпрымальнікаў яшчэ наперадзе.

У райвыканкам.
У прыёмнай старшыні райвыканкаму.

Алег Шабетнік
Рэчыцкі лідэр грамадзкага руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Алег Шабетнік лічыць, што мясцовыя ўлады — відаць, з-за крызісу — недальнабачна падвысілі плату за зямлю:

«Крызыс нас закрануў. Людзям стала складана плаціць арэнду, падаткі. На „Рытме“ колькасьць працоўных скарацілася на 20 чалавек. А 20 прадпрымальнікаў — гэта 12 мільёнаў рублёў падаткаў на месяц. Столькі мы плацім за арэнду зямлі, але за ўвесь год.

Мясцовыя ўлады вырашылі атрымаць лепш гэтыя 12 мільёнаў у мясцовы бюджэт. А калі б працавалі людзі, рэспубліканскі бюджэт меў бы на год 130 мільёнаў рублёў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG