Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Да Лукашэнкі дойдзем — трэба, каб рынак быў!”


Рынак “Чарнігаўскія рады”

Рынак “Чарнігаўскія рады”

Сёньня пасьля двухдзённага перапынку гомельскія прадпрымальнікі з рынку “Чарнігаўскія рады” вярнуліся на свае працоўныя месцы.


Уласьнік — дзяржаўнае камунальна-жыльлёвае прадпрыемства “Навабеліцкае” — зачыніў быў гэты невялікі рынак 15 сакавіка паводле патрабаваньня санітарнай службы Гомелю. Камунальнікі ня выканалі прадпісаньня санітарнай службы, вынесенага яшчэ ў 2008 годзе.

Крайнімі ў гэтай сытуацыі сталіся прадпрымальнікі. Як апавяла спадарыня Валянціна, 15 сакавіка ім не далі працаваць:

“Нам за некалькі дзён паведамілі, што рынак зачыняецца з 15 сакавіка. А мы ж тавар набралі. У нас садавіна хутка псуецца. Мы прыехалі на працу, усё было зачынена. Калі мы зайшлі на рынак, нават выклікалі супраць нас міліцыю. Такое ганеньне”.

Адбыўся стыхійны мітынг. А ўчора прадпрымальнікі хадзілі ў адміністрацыю Навабеліцкага раёну Гомеля з патрабаваньнем вярнуць іх на працоўныя месцы. Большасьць зь іх ня мае іншых сродкаў да існаваньня, апрача свайго малога бізнэсу на рынку.

Распавядае маці траіх дзяцей Сьвятлана Лабанава — яна працуе на рынку разам зь сястрою:
я заплаціла летась амаль 12 мільёнаў у бюджэт гораду ...

“Мы — простыя людзі, якія самі сабе стварылі працоўныя месцы. Мы зарабляем толькі на ўтрыманьне сваіх сем’яў. І плацім падаткі ў бюджэт. Асабіста я заплаціла летась амаль 12 мільёнаў у бюджэт гораду — гэта адзіны падатак і фіксаваны падатак на дадатковую вартасьць. Але гэта без уліку арэнднай платы, платы ў фонд сацыяльнай абароны, падаходнага падатку. Калі зачыняць рынак, мая сям’я і мая сястра — усе застануцца бяз працы, бяз сродкаў да існаваньня”.

На сустрэчы ў раённай адміністрацыі дырэктар камунальнага прадпрыемства “Навабеліцкае” Віктар Саломенны тлумачыў прадпрымальнікам, што прадпрыемства фінансуецца зь бюджэту. І зараз няма грошай, каб на патрабаваньне санслужбы правесьці на рынак водаправод і каналізацыю, зрабіць падсобныя памяшканьні, выканаць электрамантажныя працы, упарадкаваць прылеглую тэрыторыю.

Трэба звыш 300 мільёнаў рублёў. І гэтую суму ўласьнік хоча цалкам “павесіць” на прадпрымальнікаў. За іхнія грошы будзе зроблена рэканструкцыя, а камунальнаму прадпрыемству застанецца толькі атрымліваць прыбытак.

Стаць дольшчыкамі ці ўласнікамі рынку ўлады прадпрымальнікам нават не прапаноўваюць.

Прадпрымальніца:

“Дырэктар КЖРЭУП катэгарычна заяўляе, што грошай у іх няма, укладаць у рэканструкцыю няма чаго. Рынкам займацца яны ня хочуць. З майго гледзішча, гэта прыхаваны шантаж, вымаганьне грошай”.

Людміла Рамнёнак, прадпрымальніца, якая прысутнічала на ўчорашняй сустрэчы ў адміністрацыі раёну, апавяла:
Мы сябе ня лічым “дойнымі козамі”, мы — патэнцыйныя інвэстары. ...

“Не сакрэт, што рынкі ў краіне парадкуюцца з удзелам прадпрымальнікаў і іхніх капіталаў. Але ёсьць узаемны інтарэс. Мы сябе ня лічым “дойнымі козамі”, мы — патэнцыйныя інвэстары. З намі павінен быць дыялёг і хоць нейкая ўвага да нашых інтарэсаў, да нашых просьбаў, якія мы накіроўваем уладам і пісьмова, і вусна”.

Людміла Рамнёнак — другая зьлева.

На просьбу мясцовых уладаў гарадзкі цэнтар гігіены вырашыў падоўжыць тэрмін выкананьня сваіх патрабаваньняў да траўня. Таму сёньня прадпрымальнікі вярнуліся на рынак. За два дадатковыя месяцы ўласьнік мусіць упарадкаваць рынак. Іначай страцяць працу каля 40 прадпрымальнікаў. Нязручнасьцяў і пакутаў дадасца й жыхарам мікрараёну “Жамчужны”, якія балюча рэагуюць нават на часовае закрыцьцё свайго міні-рынку.

Тутэйшая гараджанка, якая назвалася Ларысай Браніславаўнай, так адазвалася на нядаўняе раптоўнае закрыцьцё рынку:
А мы што будзем рабіць? Пойдзем у краму за кіло яблык плаціць 7 тысячаў? ...

“Ладна, маладыя дзяўчаты, мамы — у іх машыны, паедуць на Цэнтральны рынак. А мы што будзем рабіць? Пойдзем у краму за кіло яблык плаціць 7 тысячаў? Паглядзіце, як там кошты падняліся! Нам бяз рынку ніяк. Калі санстанцыя хоча закрыць, няхай прыходзіць і наводзіць парадак. Уласьнік жа нічога ня робіць! Зазірніце ў крамы — пасьля працы туды нельга ўціснуцца. Нам патрэбны рынак! Да Лукашэнкі дойдзем, бо нам трэба, каб рынак тут быў!”

У абарону рынку падпісаліся ўжо каля 700 жыхароў Навабеліцкага раёну.
XS
SM
MD
LG