пятніца, 10 лютага 2012, Менск 00:48

Грамадзтва

Франку Вячорку пагражаюць крымінальнай справай

Камандаваньне вайсковай часткі, дзе служыць Франак Вячорка, пакарала хлопца двума пазачарговымі нарадамі і паведаміла перад салдатамі, што супраць Франка будзе распачата крымінальная справа за дыскрэдытацыю войска.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Нагодай стала публікацыя дзёньніка навабранца ў інтэрнэце. У частцы забаранілі недзяржаўную прэсу. Зьмітру Хведаруку таксама забаранілі чытаць “Нашу Ніву”. Тым часам Іван Шыла чакае судовага паседжаньня ў сваёй справе.

Франак Вячорка пазбаўлены звальненьня і ня можа сам распавесьці пра падзеі, якія адбыліся літаральна пару дзён таму. Ягоны бацька Вінцук Вячорка абураны дзеяньнямі вайскоўцаў, да якіх раней прэтэнзій не выказваў.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

Франак Вячорка і Вінцук Вячорка
“Мне шкада, што менавіта ўзброеныя сілы, менавіта камандаваньне вайсковай часткі становяцца на шлях рэпрэсій у дачыненьні да ўнутрана свабоднага салдата, бо дагэтуль я казаў, што прызыў быў незаконны, што яго арганізоўвалі спэцслужбы і рэжым, але прэтэнзій уласна да арміі няма і быць ня можа.

Але, калі цяпер пачынаецца цяпер такое цкаваньне, то я, відавочна, буду гаварыць інакш”.

Вінцук Вячорка адзначыў адзіны станоўчы момант: салдаты выказалі Франку маральную падтрымку.

Вайскоўцы забралі ў Франка з пошты сьвежы нумар газэты “Наша Ніва”. Ягоны бацька абураны тым, што хлопца спрабуюць цалкам ізаляваць, пазбавіўшы ня толькі кантактаў са сваякамі і сябрамі, але й крыніцаў інфармацыі.

“Начальнік штаба батальёну маёр Капыловіч заявіў Франку, што незалежная прэса ёсьць антыдзяржаўнае і яе чытаньне і знаходжаньне ва ўзброеных сілах забароненае.

Нягледзячы на тое, што былі выпісаныя і “Народная Воля”, і “Наша Ніва”, і “Газэта Слонімская”, і “Белорусы и рынок”, і “Новы час”, наўрад ці яны патрапяць на салдацкія і афіцэрскія вочы”.

У Франка Вячоркі па-ранейшаму праблемы з сэрцам і ціскам. Франак настаяў, каб яму зрабілі ўльтрагукавое абсьледаваньне, але яму не далі азнаёміцца з заключэньнем.

Раней у 10-ым клінічным шпіталі Франку паставілі дыягназ, згодна зь якім нельга служыць у войску. Гэта пацьвердзіў і вайсковы мэдык на судовым паседжаньні. Ён толькі спаслаўся на адсутнасьць апаратуры для такой дыягностыкі ў вайсковым шпіталі.

Сваякі Франка будуць намагацца, каб яго абсьледавалі спэцыялісты-кардыёлягі і далі кваліфікаванае заключэньне.

Зьміцер Хведарук
Зьмітра Хведарука выпісалі з мэдычнай частцы. Ад пачатку сваёй службы ён практычна ўвесь час знаходзіцца то ў шпіталі, то ў санчастцы, то ў мэдычнай роце. Мэдыкі яму зрабілі апэрацыю і выявілі некалькі хваробаў. Але ў апошні дзень абсьледаваньня, калі мэдыкі мусілі вынесьці вэрдыкт наконт прыдатнасьці Зьмітра да вайсковай службы, маладафронтаўцы сустрэлі ў калідоры старых знаёмцаў – супрацоўнікаў КДБ, якія “курыруюць” “Малады фронт”.

Маці Зьмітра Ірына Хведарук так пракамэнтавала заключэньне мэдыкаў аб тым, што яе сын прыдатны да вайсковай службы.

“Не, ну, каб у адзін дзень сустрэць трох супрацоўнікаў гэтай паважанай арганізацыі на тэрыторыі шпіталя!.. Перад ВВК зноў здарылася наведваньне.

Можна, канешне, дапусьціць, што ўсіх іх сяброў паклалі ў шпіталь адначасова. Бываюць жа розныя цуды ў гэтым сьвеце”.

Зьмітру таксама забаранілі чытаць недзяржаўныя газэты. Цяпер іх выцягваюць зь ягонай асабістай пошты.

Іван Шыла
У справе Івана Шылы дагэтуль не прызначана дата судовага паседжаньня на ягоную заяву аб незаконнасьці гвалтоўнага вайсковага прызыву.

Тым часам заяву Зьмітра Хведарука разгледзелі ў Першамайскім судзе Менску, а заяву Франка Вячоркі – у міжгарнізонным вайсковым судзе.

12 траўня а 10 раніцы пачнецца разгляд касацыйнай скаргі Франка Вячоркі ў вайсковым судзе што на вуліцы Азгура,4.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Tamara Горад:: Pastavy
09.05.2009 21:31
Трымайцеся, хлопцы!Калі можаце быць у нашай краіне ўнутрана свабоднай асобай, то
будучыня за вамі.

Імя:: Лёкса Горад:: Салігорск
10.05.2009 01:02
А мне не даходзяць лісты ад Шылы..

Імя:: Вінцук Цішко Горад:: Маладэчна
10.05.2009 16:31
Вячорка маладшы - вялікая фігура на палітычнай арэне Беларусі. Таму думаю, што да крымінальнай справы не дойдзе. А ў вогуле, не адзін ён такі... У тым жа Менску ці нават Маладэчна хапае проста не згодных з "БАЦЬКАМ" моладзі, якой пагражае ці войска, ці справа... Так што хлопцы, трымайцеся. Наша справа СВЯТАЯ! Перамога будзе за намі......

Імя:: worf Горад:: Минск
10.05.2009 18:00
Держитесь хлопцы, всего полтора года служить...

Імя:: АРТ Горад:: Х
10.05.2009 20:09
Трымайся,Франак!вельмі паважаем за сьмеласьць і вытрымку!Ведай,з табою ў думках многія!Няхай тваё слова вольнае лунае над Беларуссю.Мы спадзяемся,Франак,-наш час яшчэ настане.Ён ,гэты дзень,яшчэ настане,і ачуняе старана...Галоўнае,ты ,Франак,беражы сваё жыццё ды здароўе.І не давай таптаць свой чалавечы гонар.Помні,ты прыклад для ўсіх сумленных беларусаў.

Імя:: Alex Горад:: Litva
11.05.2009 08:31
Войска - самая закрытая сістэма. Нязьменная й вельмі нялюбячая нейкія зьмены. 1,5 гады выкінутыя з жыцця, ізаляцыя амаль што поўная. А тут хлопцы з інтэрнэтам на "ты" нейкія газэты чытаюць... нейкае сваё меркаванне маюць... контра нейкая - "как бы чего не вышло..." - гэта самае страшкае для айцоў-камандыраў. Галоўнае, каб іх(хлопцаў) не пакінулі без увагі і падтрымкі сябры ды СМІ, а то могуць на "дызелі" згнаіць. Прыпішуць "неуставные отношенія" - і труба. Трымайцеся! P.S."...не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі..."

Імя:: Міхась
11.05.2009 11:12
Сапраўдным беларусам цяжка служіць у акупацыйным войску. Што гэта за беларускае войска -- дзе нават слова па-беларуску не пачуеш? Гэта войска ахоўван не народ, а дыктатара! ТРЫМАЙЦЕСЯ!

Імя:: eisernWolf Горад:: Miensk
11.05.2009 12:51
>>не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі

Быў я тут надоечы на Гомельшчыне. Там беларускай наогул не валодаюць. Вось нават прымітыўныя словы кшталту "мяжа". Глуха. Слухаць слухаюць, а адказаць "у такт" нічога ня могуць. Робяць выгляд, што разумеюць і балбочуць штосьці сваё па-расейску... Нічога, жывыя. :)