Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мастах сёньня выклікалі ў ваенкамат актывіста руху “За свабоду” Алега Пронскага. Яго хацелі неадкладна забраць у войска, але мусілі адкласьці прызыў да восені.

СЛУХАЦЬ:


Сёньня раніцай Алег Пронскі наведаў раённы ваенкамат. Позву ён атрымаў ўчора на вуліцы: спыніла незнаёмая жанчына і ўручыла, сказаў ён. Алег прадставіў у ваенкамат копію дыплёму — ён скончыў сёлета Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт — а таксама дакумэнты пра тое, што ў сваім унівэрсытэце атрымлівае паралельна другую спэцыяльнасьць і мае скончыць навучаньне толькі пры канцы году.

Пронскі: “Мяне спачатку хацелі накіроўваць на камісію, але калі паперы ўбачылі ў прызыўной, то сказалі, што яшчэ маю адтэрміноўку. І яны маюць, напэўна, разьлік забраць мяне ў зімовы прызыў. Таму выдалі мне позву зьявіцца на мэдкамісію 5 кастрычніка 2009 году, каб пасьля 30 сьнежня забраць у войска. Я так лічу”.

Алег Пронскі зазначае, што з ваенкамату яго пачалі турбаваць яшчэ ў сакавіку. А перад тым яму зьмянілі разьмеркаваньне на працу, хоць ён заявы на гэта не пісаў, і выдалі накіраваньне ў Ашмянскі раён на ўсходзе Гарадзеншчыны замест Шчучынскага.

Алегу Пронскаму пагражалі замяніць зручнае разьмеркаваньне, якое ён меў.
Раней на Алега Пронскага ціснулі, каб ён спыніў палітычную дзейнасьць, пагражалі замяніць зручнае разьмеркаваньне, якое ён меў. Ва ўнівэрсытэт нават прыходзілі дапытваць яго супрацоўнікі КДБ.

Па камэнтар пра становішча Алега Пронскага я зьвярнуўся да грамадзкага праваабаронцы, кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргея Мальчыка. Спадар Мальчык спачатку зазначыў, што Алег Пронскі — таксама актыўны ўдзельнік партыі БНФ.

Мальчык: “Улады вельмі добра прадумалі мэханізм рэпрэсій супраць моладзі. Яны ці забіраюць у войска, ці пагражаюць неспрыяльным разьмеркаваньнем. Такім чынам моладзь прымушаюць сыходзіць з палітычнай барацьбы ці зьяжджаць за межы. У любым выпадку апазыцыя страчвае свайго актыўнага прыхільніка, а ўлады вырашаюць праблему. І гэта даволі дзейсны спосаб, таму што немалая колькасьць моладзі, якая займалася грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю, — яна проста ці адышла ад дзейнасьці, бо ёсьць прыклады, калі забіраюць у войска, ці зьяжджае за мяжу вучыцца. І фактычна мы трацім актыўных людзей і трацім яшчэ інтэлект вельмі вялікі, патэнцыял моладзевы інтэлектуальны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG