Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое прызыўнікоў-апазыцыянэраў Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук спрабавалі даказаць у судзе, што іх забралі ў войска незаконна. Суд у справе Івана Шылы дагэтуль не прызначаны. Назіральнікі лічаць, што вайскоўцы і прызыўнікі сталі закладнікамі палітычна матываванага загаду і судовыя разгляды не будуць на баку гвалтоўна забраных у войска апазыцыянэраў.


Іван Шыла адзіны з трох прызыўнікоў-апазыцыянэраў, справа якога дагэтуль не разглядалася ў судовай інстанцыі. Івана, як і Франка Вячорку і Зьмітра Хведарука за два дня да заканчэньня прызыўной кампаніі гвалтоўна схапілі міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным.

Усе трое хлопцаў пасьля прыняцьця прысягі трапілі ў шпіталі. Мэдыкі вайсковых частак самі далі ім накіраваньне на абсьледаваньне з-за праблемаў са здароўем. Іван цяпер ходзіць у нарады і нясе, як іншыя салдаты службу.

Ягоны бацька Ўладзімер Шыла непакоіцца, што заяву Івана на гвалтоўны без мэдычнага абсьледаваньня прызыў перакідваюць з аднаго суда ў іншы.

Уладзімер Шыла
“Справа знаходзіцца ў Беларускім вайсковым судзе. Але там ёсьць адпаведная рэзалюцыя на запыт менскага абласнога суду аб дадатковай праверцы. Яны яе зноў накіруюць у менскі абласны суд. Мяне гэта зьдзіўляе, бо менскі абласны суд не зьяўляецца больш высокай судовай інстанцыяй для беларускага вайсковага суду. Справа там была і яны маглі добра зь ёй азнаёміцца.

Але тым ня менш вось такія дзіўныя нейкія гульні. Учора мне вусна ў беларускім вайсковым судзе паведамілі, што справа знаходзіцца ў Бабруйскім міжгарнізоным вайсковым судзе”.

Маці Зьмітра Хведарука 15 і 16 красавіка прадстаўляла ў судзе Першамайскага раёну інтарэсы свайго сына. Яна абураная паводзінамі судзьдзі Натальлі Петух, якая выдаліла з судовай залі некалькі чалавек, якія прыйшлі падтрымаць актывіста, але нават на просьбу адвакатцы не зрабіла заўвагі вайскоўцам, якія рагаталі і зьедліва адказвалі на пытаньні.

На судзе быў чалавек у цывільным, які назіраў за працэсам. На другі дзень суду ўсіх прысутных пачалі здымаць на відэакамэру. Калі ж маладафронтавец Алесь Любянчук пачаў у адказ здымаць апэратара і чалавека ў цывільным, яго адразу затрымалі. У міліцыі зьнішчылі запіс. Ірына Хведарук лічыць гэта яшчэ адным доказам таго, што справа яе сына палітычная.

Ірына Хведарук разам з сынам каля будынка суду
“Такая зьедлівая задаволеная ўхмылка на твары чалавека, які прадстаўляў таямнічыя органы. Калі настаў такі момант, што пытаньні іх сталі раздражняць і яны разумелі, што ня вельмі добра выглядаюць са сваімі адказамі, калі твар раённага ваенкома пачырванеў, а потым і гарадзкога таксама, стаў цёмны вайсковы мэдык, такая ж задаволеная ўхмылка ў гэтага грамадзяніна... Бо ён не пры справах”.

Франак Вячорка пакуль не азнаёміўся з матэрыяламі справы, паводле якой міжгарнізонны суд адмовіўся прызнаць, што вайскоўцы і мэдыкі парушылі заканадаўчыя нормы падчас гвалтоўнага прызыву старшыні моладзі БНФ на вайсковую службу. У Мазырскай частцы скончыўся абвешчаны карантын. Да таго ж, адрамантавалі таксафон на КПП. Цяпер Франак з дазволу камандаваньня часткі будзе мець магчымасьць тэлефанаваць сваім сябрам.

Франак Вячорка разам з бацькам Вінцуком у залі суду
“У яго ідзе руцінная служба. Праўда, скардзіцца на здароўе, на ціск і на сэрца. Гэта звычайныя ягоныя жыцьцёвыя праблемы. Таму я ўсё ж мяркую, што камандаваньне мусіць прыняць рашэньне на ягонае паўторнае і вельмі сур’ёзнае абсьледаваньне, калі яны рэальна дбаюць пра здароўе сваіх салдатаў”.

Бацькі Франка наведаюць яго ў нядзелю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG