Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што чытаць? “Военную газету”?"


Актывісты моладзевых арганізацый, якіх гвалтоўна забралі ў войска, чакаюць судовых вынікаў на свае заявы. Маладафронтавец Іван Шыла зноў трапіў у лязарэт, лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка ізаляваны ад сваякоў з-за карантыну ў частцы, Зьмітра Хведарука час ад часу возяць на абсьледаваньне да мэдыкаў у Менск.


Іван Шыла зноў трапіў у мэдычную частку з-за недалечанай ангіны. Нагадаем: у лютым адразу пасьля прыняцьця прысягі Іван захварэў і трапіў у шпіталь. Ангіна дала ўскладненьне – атыт. Хлопца выпісалі і накіравалі на службу. Хвароба час ад часу абвастралася. 30 сакавіка яго мусілі адвезьці ў Менск на кансультацыю ў шпіталь. Але днямі высьветлілася, што хлопец зноў трапіў у мэдсанчастку.

Былы лідэр моладзі БНФ Алесь Каліта раней трапіў у тую ж частку, дзе цяпер служыць і Іван Шыла.

Алесь Каліта
Алесь апавёў “Свабодзе”:

“Занятыя сэзонным абслугоўваньнем тэхнікі. Усе вельмі стамляюцца. Зьнімаем зімовы бруд, чысьцім усё саляркай, усе элемэнты тэхнікі, каб яны былі чыстыя, не запыленыя. Тэхніка патрабуе дагляду.

Апошнім часам вельмі шмат прыйшло лістоў ад амэрыканскіх беларусаў. З Канады атрымаў лісты, ад Сурвілы ліст з віншаваньнем 25 сакавіка. З Беларусі таксама ідуць лісты ў асноўным ад сяброў Фронту. Канешне, прыемна”.

Бацькі ня могуць наведаць Івана Шылу, бо ў частцы працягнулі карантын з-за вятранкі да 26 красавіка.

У Мазырскай вайсковай частцы, дзе служыць Франак Вячорка, таксама карантын. Адзіны таксафон не працуе, бо на КПП робяць рамонт.

Бацька Франка Вінцук Вячорка паведаміў, што будзе абскарджваць вынікі вайсковага суду, які не пагадзіўся з тым, што гвалтоўны прызыў Франка ў войска быў незаконным.

Франак Вячорка, Вінцук Вячорка
“Начальнік кардыялягічнага аддзяленьня вайсковага шпіталя публічна прызнаў, што, згодна з заключэньнем 10-ай гарадзкой бальніцы, Франак не прыдатны да службы ў войску. Я яшчэ тады на працэсе сказаў: “Занясіце, калі ласка, гэтыя словы ў пратакол”. Яны не былі занесеныя.

У пратаколе Францішку і мне ў вусны ўкладзеная абсалютна дзікая мова, якую яны, відаць, у судзе лічаць беларускай. Думаю, што нас канспіктавалі па-расейску, а потым нейкай кампутарнай праграмай як умелі, перакладалі на беларускую мову. Па-мойму, гэта можа цягнуць за сабой прызнаньне пратаколу несапраўдным”.

Першым, хто гвалтоўна трапіў у войска, быў актывіст моладзі БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка. Ён адмовіўся прымаць прысягу. Тэрмін службы Зьмітра скончыцца праз тры месяцы. Хлопца ніколі не адпускалі дадому. Сёньня яму ўпершыню далі 10-дзённы адпачынак.

Маці Зьмітра Ала Жалезьнічэнка апавяла “Свабодзе”:

Зьміцер Жалезьнічэнка разам з маці
“Я яму завезла аўдыё-тэксты. Ён хацеў вучыць ангельскую. Адабралі – “не паложана”. Кожны раз важу кніжкі яму. Сумка непад’ёмная. У асноўным кнігі па праграмаваньню. Ня ведаю, як ён займаецца без кампутара. Кніжкі па матэматыцы таксама чытае, нешта піша... Што чытаць? “Военную газету”? У яго ж сярэдні бал 9,3”.

Зьміцер Хведарук мае магчымасьць у выходныя пакідаць на пару гадзінаў разам зь іншымі салдатамі тэрыторыю вайсковай часткі.

Гаворыць маці Зьмітра Ірына Хведарук:

Зьміцер Хведарук раза з роднымі і сябрамі ў часе прысягі
“На іншых бацькоў і дзяцей ніхто не глядзіць, а на нас паказваюць пальцам, што мы не такія як усе. Нагаварылі, што бандыт, судзімы і ўсё такое... Дык хлопчык адзін першыя дзьве ночы баяўся спаць, пакуль з Дзімам не пазнаёміўся, баяўся, што той яшчэ нешта зробіць.

Ён жа нічога ў сваім жыцьці не зрабіў такога, за што, у прынцыпу, у любой нармальнай краіне чалавек быў бы вядомы”.

Тым часам дэпутаты Эўрапарлямэнту, абмяркоўваючы рэзалюцыю ў беларускім пытаньні, заступіліся за трох апазыцыянэраў, якіх з палітычных меркаваньняў гвалтоўна забралі ў войска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG